БІБЛІЯТЭКА


 

Гутарка двох суседаў

(Замест рэцэнзіі на кнігу: Анталёгія беларускай эпітафіі.
Укладальнік, аўтар прадмовы і артыкулаў Анатоль Кудласевіч. — Менск: Ураджай, 2000.)

Ці чуў, Васілевіч, выдавецтва «Ураджай» новую кнігу па-беларуску выдала!

— Няўжо, Рыгор Аляксандравіч, пра пчолы?

— Не, не ўгадаў.

— Ну, то можа для жанчын, пра кветкі?

— Iзноў не ўгадаў.

— Пра абрэзку дрэваў, гэтага, чэха, няйначай пераклалі на нашу мову?

— Дурніца ты, Васілевіч! Яны кніжкі пра кветкі, пчолы ці па якой іншай гаспадарцы заўсёды па-расейску друкуюць, альбо з Масквы гатовыя прывозяць.

— Дык а ўсё ж, якая кніжка?

— «Анталёгія беларускай эпітафіі».

— ???

— Гэта надпісы на помніках і вершы пра сьмерць. Увогуле надпісы на помніках належаць да жанру пахавальнай эпіграфікі, а вершы пра сьмерць у пераважнай большасьці сваёй эпітафіямі не зьяўляюцца, але складальнік «Анталёгіі» Анатоль Кудласевіч усё, што пра сьмерць калі чытаў, сабраў пад адну вокладку. Часам нават адразу й не здагадаесься чаму. Вось вершык адзін, там яшчэ й аўтара «... тоска по Дмитрию Донскому тихо заворочалась в груди» (арк. 157), а канчаецца:

«Помоги ты, поле Куликово,

Выжить нам

и выздороветь нам!»

I гэта беларуская эпітафія!? — дык тут жа пра «выжыць» і «выздаравець» — а як жа нябожчык, прабач, выздаравее? Хіба што дабратворны ўплыў расейскага поля...

— ...

— Слухай, анталёгія — значыцца, сабраньне твораў з розных часоў і розных аўтараў?

— Гэта так. Укладальнік зьбіраў эпітафіі ад найдаўнейшых часоў і да самых блізкіх, хаця сьціпла і пачаў ён і скончыў сваімі вершамі.

— Ну, бачыш, значыць, ня толькі вучоны чалавек, але яшчэ й вершы піша...

— Наконт ягонай вучонасьці, Васілевіч, ніякіх ілюзіяў. Шпарыць, братка, ён у эпіграфе: «Мы ня псы, а патомкі славян» (стар. 12) і тлумачыць ніжэй: «Кніга Вялеса» лічыцца агульнай для ўсходнеславянскіх народаў, таму яна па праву і ёсьць самы старажытны літаратурны тэкст...» (стар. 38).

— Бачыш як, першым словам «лічыцца», а другім ужо «і па праву ёсьць»...

— А хто так лічыць, Васілевіч! Анатоль Кудласевіч і не ўспамінае артыкула ленінградзкага вучонага, доктара філялягічных навук Алега Тварагова ў «Трудах Отдела древнерусской литературы» Пушкінскага дому (Творогов О.В. «Велесова книга»//ТОДРЛ. Т. 43. Л., 1990. С.170-254) аб тым, што Вялесава кніга — літаратурная падробка сярэдзіны XX стагодзьдзя — можа не чытаў, а можа акадэмічная навука яму, як кажуць, да таго самага месца — ён і сам троху вучоны...

— Але й ты, Рыгор Аляксандравіч, хоць і кнігалюб, але ж у эпітафіях, можна сказаць, ня петрыш...

— А Анатоль Кудласевіч, што, петрыць? Вось недзе «сабраў» ён Пахвалу Ефрасіньні Полацкай пяра Кірылы Тураўскага! Ды за такую знаходку яму б акадэміка, Героя Беларусі, і мэдаль Францішка Скарыны на шыю! Не пісаў Кірыла Тураўскі гэтае Пахвалы! — «... Блажен возраст твой, Еуфросиние достохвальная!...» — маўляў, ты з 12-га стагодзьдзя і я з 12-га стагодзьдзя...

— А можа, Рыгор Аляксандравіч, гэта Анатоль Кудласевіч сам напісаў, пад барочныя вершы Сімяона Полацкага «злабаў», як музыканты кажуць?

— Ня ведаю, Васілевіч, можа складальнік музыку любіць і ня толькі пахавальную. Часам выдаецца, што ў яго любоў да аптымізму і нескладаных, так бы казаць, рыфмаў. Вось глянь, напрыклад, сярод «беларускіх эпітафіяў» якія радкі ўпадабаў ён для анталёгіі (Арк. 192):

Над Минском рассветы звенят,

Весенние ветры летят,

Любимых любимые ждут,

И новые песни поют.

— Дык гэта ж жанчына сачыніла, Алёна Пяхота. А можа яна чалавек прыгожы?.. Можа ён зь ёй разам на могілкі і ў бібліятэкі хадзіў матэрыялы для анталёгіі зьбіраць?

— Ня ведаю — сам, ці з кім, але хадзіў на могілкі зьбіраць эпітафіі А.Кудласевіч увесь час нейкім дзіўным маршрутам. Напрыклад, у нас у Ракаве могліцы: налева ад дарогі — каталіцкія, направа — праваслаўныя. Хай бы калі ўкладальнік «Анталёгіі беларускай эпітафіі» на левыя завярнуў! Убачыў бы ён шмат эпітафіяў па-польску, гэта ж таксама нашы людзі, ракаўскія беларусы пахаваныя. Ну, за польскім часам у школе, ці ў касьцёле, ад прысланых ксянзоў, да пальшчызны прызвычаіліся — што ж іх — забвенію прадаць? Ня бачыць ва ўпор, як Анатоль Кудласевіч ня бачыць? А такіх могілак па Беларусі ад Берасьця да Вільні ды ад Беластоку да Смаленску...

— А можа, Рыгор Аляксандравіч, той Анатоль Кудласевіч лацінкай чытаць ня ўмее?

— Ён можа і ня ўмее. Але ж нехта ўмее — хай папросіць, хто ўмее, дапаможа.

Між іншым, на жыдоўскіх могілках у Наваградку і па-беларуску, і па-ангельску, і на іўрыце пра сваіх нябожчыкаў, што ад XIV ст. на тым узгорачку хаваюцца, старыя наваградзкія жыды эпітафію напісалі і на камені высеклі. I нябожчыкам павага, і людзям з рознай адукацыяй памяць, і для зьбіральніка эпітафіяў матэрыял... але ня бачыў таго помніка А.Кудласевіч ці за беларускі не прызнаў...

— Бачыш, Васілевіч, каб, як той казаў, быў бы розум, ды чалавек сваёй справай бы займаўся... Па старых цэрквах ды касьцёлах беларускіх шмат плітаў намагільных з надпісамі пазаставалася. Некаторыя зь іх нават у кнігах перадрукаваныя. Напрыклад, наваградзкая: адзінаццаць мясцовых шляхцічаў на вайну з туркамі ў 1624 годзе пад Хацім паехалі, а адзін толькі вярнуўся... Дык ён сваім баявым таварышам помнік паставіў і добрае слова напісаў — выбілі гэтую эпітафію на чорнай мармуровай дошцы на лацінскай мове — дасёньня захавалася. (Пластыка Беларусі XII-XVIII ст. Аўтар і ўкладальнік Н.Высоцкая Менск, «Беларусь», 1983. С. 165) — Хіба ж ня годна такі помнік уключыць у Анталёгію беларускай эпітафіі? А радзівілаўскія эпітафіі зь нясьвіскага касьцёлу?

У «Анталёгіі...» адна спроба згадаць такога кшталту помнік ёсьць: камень, на якім выбіта «Господи помози рабу своему Борису» з XII ст. Гэты камень быў межавым знакам, але воляй А.Кудласевіча трапіў у «Анталёгію...эпітафіі». А побач у кнізе тэкст на 800 гадоў маладзейшы:

Подвиги ваши бессмертны в веках,

Вечно живые вы в наших сердцах!

— Ну, для ўкладальніка храналёгія — справа не асабліва патрэбная, хаця й шкада. Калі па парадку, тады і чытаць ляпей і знайсьці лягчэй.

— Заканчваецца «Анталёгія...» перадрукаваньнем часткі вершаваных радкоў і проста надпісаў з падземнага пераходу мэтро «Няміга». Помніш, Васілевіч, там трагедыя адбылася, шмат маладых загінула. Анатоль Кудласевіч надпісы з граматычнымі памылкамі перапісаў і памылкі тыя так растлумачыў, што пра эпітафію, як жанр, ужо й забыцца можна — спрэс філязофія. Хоць тут можа і дарэчы было б успомніць, што некалі эпітафіі дзяцей у школе вучылі пісаць. Так, напрыклад, у 1625 годзе любчанская друкарня выдала працы вучняў Слуцкай школы «Monu-mentum exeqvale Suprem. Honoribus Generosi ac Magnifici viri Domin. Georgii Kapa-szczewski...». Пасьля кароткага ўступу рэктара Слуцкай школы Андрэя Мусонiя, у гэтай кніжачцы творчыя работы «студыёзусаў» на зададзеную тэму — эпітафіі вядомаму ў Слуцку чалавеку, мэцэнату школы — надрукаваны: «in memoriam судзьдзі Георгiю Капашчэўскаму». Сярод аўтараў студэнты Самуiл Галаўчынскi, Iван Абрагамовiч, Аляксандар Бянец-кi, Мiхал Каляда, Еранiм Станкевiч, Пётра Ранiшоўскi, Габрыэль Зыгровiй, Iван Тышкевiч i Iван Дабранскi. Ва ўсіх вершах — зварот да нябожчыка Георгія Капашчэўскага, за адным выключэньнем: Аляксандар Бянецкі зьвярнуўся «Ad Sluciam» — да Слуцку. Паэтычныя практыкаваньні маладых случакоў з гекзамэтрам і лацінскай мовай — хай ня вельмі складныя, але жывыя сьведчаньні эпохі — цікавыя й сёньня. Гэта лаціна, падобная скарэй да клясычнай, чым да сярэднявечнай, а мастацтва барока дазваляе аўтарам такія пасажы, якія ў іншыя часы палічылі б за блюзьнерства, напрыклад: «Дыке святая»: «святой» названая багіня грэцкага паганскага пантэону. Дзеля прыкладу я тут табе верш Аляксандра Бянецкага «Да Слуцку» ў перакладзе пецярбурскага беларусіста Валерыя Антонава прыгадаю:

Калі ты, Слуцак, пад арктычным сузор’ем славутны,
Калі ты лічыш сябе дыядэмай саміх Радзівілаў,
Калі, багаты на землі і золата поўны, квітнееш,
Першы сярод зайздросных суседзяў тваіх —
Засьцеражыся ж; пашаны, заслугі, трыумфы,
Вартыя рымскіх часоў, ты, ганарлівец, пакінь.
Большую славы і лепшую гонару частку ты страціў
Сёньня, прыгнечаны горам, над трунай ахоўцы свайго
Высакароднага, хто перад прынцэпса тварам,
Як і бліжэйшых паміж, да Фэміды падобны стаяў,
Што ў трыбуналах, узьняўшы бясстрасныя шалі,
Зло і бязьвіннасьць дакладна паказвае ўсім.
Так ён, нязломны, пражыў лепшыя тэрміны часу
Тут, у табе, Слуцак — гадаванец багоў.
Помні, о горад шчасьлівы, пра сьціпласьць у справах вышэйшых,
Годнасьць і сілу свае не стаўляй напаказ.
Калі настануць у мурах і літасць, і Дыке сьвятая,
Тым пераможам адным, Слуцак, табе я кажу!

— Файная эпітафія, хоць школьнік пісаў, і старая — больш як 350 гадоў ёй. Але ты, Рыгор Аляксандравіч, шмат крытыкі навёў на новую кніжку выдавецтва «Ураджай». Няўжо зусім яна нічога нявартая?

— Ды не, Васілевіч. Хоць пра хібы яе і да вечара стоячы не раскажаш, але ж прачытаў я гэтую кніжку на адным, можна сказаць, дыханьні. Важная гэта бо тэма для нацыянальнай культуры — памінаньне сваіх нябожчыкаў. Айчына наша — усё ж ня тое, аб чым піша ўкладальнік у сваім заключным, праграмным, трэба думаць, вершы: «Эх, ты мая раздубрава, Айчына-Ваўчыная!» (стар.218). Тады і кнігу трэба было б назваць «Анталёгія Айчынна-Ваўчыных эпітафіяў». А якой павінна быць «Анталёгія беларускай эпітафіі» трэба яшчэ падумаць. Можа мы з табой, Васілевіч, пра гэта калі й пагаворым. Хаця ў любым выпадку печкай, ад якой мы будзем скакаць, застанецца кніга, якую склаў Анатоль Кудласевіч.

Гутарку двох суседаў падслухаў і запісаў стары Алесь Шкнай.

 


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Віленскія замкі / Аўтар-складальнік З.Вайцяховіч. -- Менск, 2000. -- 20 с., іл. -- (Замкі Беларусі). -- Наклад 200 ас.

Гальшанскі замак / Аўтар-складальнік З.Вайцяховіч. -- Менск, 2000. -- 20 с., іл. -- (Замкі Беларусі). -- Наклад 200 ас.

Адна па аднэй выйшлі дзьве кнігі, што распачынаюць вялікую сэрыю, аналягаў якой яшчэ не было ў гісторыі беларускае кнігавыдавецкае справы. Сэрыя мае ахапіць усе беларускія замкі, што існавалі ці дагэтуль захаваліся на этнаграфічным абшары краю. Кнігі выходзіцьмуць па дзьве ў залежнасьці ад распаўсюду папярэдніх. Зьміцер Вайцяховіч, аўтар ідэі й праекту выданьня сэрыі, кажа, што пачаў выдаваць гэтыя кнігі незнарок: «У часе аднэй з вандровак у Гальшаны дырэктарка тамтэйшага музэю паскардзілася на малую колькасьць выяваў замку, што меліся ў музэі, і я вырашыў дапамагчы ёй з ілюстрацыямі, а паколькі зацікаўленасьць у айчыннай гісторыі ёсьць у значна большае колькасьці людзей, дык вырашыў паціху выдаваць кніжыцы, прысьвечаныя асобным помнікам нашае даўніны». У разе пасьпяховага ажыцьцяўленьня сэрыі «Замкі Беларусі» Зьміцер Вайцяховіч абяцае распачаць сэрыю кніг з рэпрадукцыямі партрэтаў гістарычных асоб, а гэтаксама іншыя. Варта зацеміць, што бальшыня ілюстрацыяў, зьмешчаных у кнігах, наўрад ці вядомая нават некаторым спэцыялістам, таму можна меркаваць, кніга зацікавіць ня толькі аматараў. Наконт набыцьця выданьняў сэрыі трэба зьвяртацца на тэлефон у Менску: 231-94-05, гэтаксама кнігі неўзабаве можна будзе адшукаць на выставах у менскіх сядзібах БНФ і ТБМ.

А.Аркуш. Выпрабаваньне развоем: Эсэ, артыкулы, гутаркі, інтэрвію / Прадмова В.Акудовіча. — Полацак: Выдавецкая суполка «Полацкае ляда», 2000. — 92 с. — Наклад 100 ас. — (Літаратурныя штудыі).

У кнігу ўвайшлі тэксты, што ў апошняе дзесяцігодзьдзе выйшлі з-пад пяра палачаніна Алеся Аркуша й друкаваліся ў газэтах «Наша Ніва», «Літаратура і мастацтва», «Культура» ды іншых выданьнях. Наконт набыцьця кнігі менчуком трэба зьвяртацца ў сядзібу БНФ на вул. Варвашэні, 8 (тэл. 284-50-12).

Запісы Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Выпуск 19. — Нью-Ёрк, Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 1999. — 284 с.

У гэтым выпуску «Запісаў» друкуюцца матар’ялы апошніх дасьледзін амэрыканскіх беларусаў зь беларускае гісторыі й культуры. Сярод найцікавейшых тэкстаў: поўная публікацыя працы Васіля Захаркі «Галоўныя моманты беларускага руху», вартасьць якое ў сьведчаньнях аўтара як відавочцы падзей, зьвязаных з паўстаньнем беларускае дзяржаўнасьці ў ХХ ст., Зьміцер Саўка ад гэтага нумару «Запісаў» пачынае друкаваць праект «Стараславянска-беларускага слоўніка» (словы на літару «б»), працягвае свае публікацыі пра беларускіх жыдоў В.Зайка.

А.Ляховіч. Мэтадычныя рэкамэндацыі для апрацаваньня сацыялягічных дадзеных па раёне для раённае партыйнае суполкі. — Менск, Цэнтар палітычнай адукацыі, 2000. — 12 с.

Кніга прызначана для палітычных дзеячоў, а набыць яе можна ўсяго за 20 рублёў у менскай сядзібе БНФ.

Наполним музыкой сердца: Сборник стихов современных русских поэтов / Составители и авторы предисловия В.Бехтина и С.Черник. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000. — 303 с. — (Школьная библиотека). — Наклад 26944 ас. ISBN 985-02-0015-4

Зборнік вершаў сучасных расейскіх паэтаў склалі творы клясыкаў бардаўскае песьні — Валадзіміра Высоцкага, Юр’я Візбара, Аляксандра Галіча, Булата Акуджавы.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0