Сабачыя гісторыі

 

Адзін сабака ўтапіўся ў сажалцы. Граждан бачыў, як гэта здарылася, і сам пайшоў у міліцыю, дзе напісаў: «Прашу ва ўсім, што здарылася ў сажалцы, лічыць вінаватай Гражданку. Я зь ёй катэгарычна ня згодны, бо яна пяць гадоў і тры месяцы назад пазычыла ў мяне сто рублёў на прапой і не аддала. На гэтым застаюся верным ідэям, якім навучыўся ў Карла і Маркса».

Адзін сабака сустрэў Граждана ў спартыўным комплексе «Спартак». А Граждан яму і кажа: «Тут мяне паважаюць. Тапачкі далі!»

Адзін сабака лавіў рыбу. Ішоў Граждан побач і трапіў на кручок.

Аднаму сабаку захацелася жыць добра. Граждан ня даў.

Адзін сабака паехаў у вёску. Сьледам на ровары прыехаў Граждан і ноччу па вёсцы расклеіў улёткі з заклікам галасаваць за саюз мяча і арала.

Аднаго сабаку вылучылі на прэмію. Граждан даведаўся пра гэта і напісаў просьбу: «У сувязі з тым, што я Граждан, прашу даць мне званьне заслужанага дзеяча культуры!»

Аднаму сабаку сучка прызналася ў каханьні. Граждан лавіў мышэй і вучыў іх брахаць на сабак.

Адкуль зьявіўся адзін сабака — ніхто ня ведае. А Граждан хваліцца, што ў яго бацька быў, і ён ледзь выжыў пад час бамбардзіроўкі кароўніка сіламі НАТА.

Там, дзе зьбіраюцца Гражданы, аднаму сабаку няма чаго рабіць.

Да аднаго сабакі прыходзілі цімураўцы, а да Граждана Паўлік Марозаў.

Калі аднаму сабаку насыпалі солі на хвост, ён быў задаволены, даведаўшыся, што гэта зрабіў Граждан.

У аднаго сабакі быў сябар Граждан. Сабака нікому пра гэта не казаў. Граждан хацеў пахваліцца, але баяўся, што ніхто не паверыць.

Адзін сабака курыў «Прыму». Граждан купляў «Мальбара», а пасьля еў бульбу і думаў павесіцца.

Пры адным сабаку служыў Граждан. Сабака меў ордэн, а ў Граждана быў мэдаль за добрыя паводзіны на пажары Масквы.

Адзін сабака быў добраахвотнікам у арміі Пілсудзкага. Граждан ляжаў на печы і чакаў канца сьвету.

Аднаму сабаку выбілі з рук серп і молат. Граждан схапіў серп і молат і зрабіў зь іх молат і серп.

За аднаго сабаку хацелі выйсьці замуж усе, хто мог. Граждан быў першым жаніхом, якому прыслалі гарбуз, зь якім ён спаў цэлую зіму.

Аднаму сабаку заўсёды сумна. Граждан, нават калі бывае адзін, ведае, што трэба піць на гэтым сьвеце, бо на тым нічога не дадуць.

Калі адзін сабака ляцеў на самалёце, Граждан залазіў на дрэва і крычаў: «Мама, а я лётчыка люблю!»


 

Ад Гражданоў

У аднаго Граждана прозьвішча было «Сабака». А сабака сказаў яму: «Калі б у мяне прозьвішча было «Граждан», я б павесіўся». І павесіўся.

Адзін сабака лічыў сябе патрыётам і пеў «Інтэрнацыянал». А Граждан быў шпегам трох выведак і ненавідзеў жыдоў.

Адзін сабака паехаў за мяжу. А вярнуўся Гражданом.

Параілі аднаму сабаку напісаць данос на суседа. А сабака адказаў: «Пісаць даносы — мой гражданскі абавязак».

Адзін сабака бегаў днём з запаленым ліхтаром па вуліцах і шукаў Граждана.

Адзін Граждан пісаў сабачыя гісторыі. А сабакі пра гэта нічога ня ведалі і ведаць не хацелі.

Пайшоў аднойчы Граждан у краму. А там адны сабакі ў гражданскім.

Адзін Граждан вывучыў сабачую мову. Даведаўся пра гэта сабака і абурыўся: «У нас кто як хаціт, той так і гаўкае».

Alex зь Менску

 

Аднойчы сабака захацеў пайсьці ў цырульню. Але перадумаў, бо лепш цёпла, чым голым хадзіць.

Адзін сабака паспрачаўся з уладай. І яму не далі есьці.

У казках сабака заўсёды разумны. А Граждан — усялякі.

Кніжак сабака не чытае. Лістоў не атрымлівае. Няма і сяброў. Адзін Граждан.

Было ў Граждана сем сабакаў. І ўсе разумныя.

Граждан надумаўся пашырыць інфармацыйную прастору. Калі ён улез у будку, сабака яго ўкусіў.

Сабака не любіў прыдурвацца, а калі чаго не разумеў — пужаўся.

Сабака ўмеў лічыць да аднаго. У інстытуце навучылі да двух, бо білі яго два вахцёры.

Сабака ня любіць вершаў, бо жыцьцё — гэта суцэльная проза.

Сабака не любіў рыбу, бо яна так і чаплялася косткамі за горла. А Граждан любіў, бо яна маўчала большую частку жыцьця.

Месяц выцягвае сабаку за парог, а Гражданоў заганяе пад коўдру. Выйдзі, Месяц!

Сабака ня любіць раварыстаў. Яны атаясамліваюцца ў яго з прагрэсам.

У рэкляме кот брэша як сабака, а злачынца ўцякае як Граждан. Нехта ж дадумаўся!

Сэнс жыцьця сабакі — любоў да Гаспадара. А Граждана пакахае нехта іншы.

Сабака паспрабаваў гандляваць кілбасой, але не атрымалася — зьеў усю.

Сабака ня любіць міліцыянтаў і вайскоўцаў. Першыя гатовы набіць, а другія — забіць.

Сабакі ёсьць паўсюль на зямлі. Гражданы сустракаюцца значна радзей.

Пасьля сьвятаў у сабакі заўсёды баліць азадак. Бо так хочацца павітацца з кожным госьцем, аж хвост ломіць.

Сабачыя вочы — гэта ўвасабленьне сусьвету ў двух асобных пунктах.

Сабака любіў выключальнік. За канкрэтнасьць работы.

Аднойчы сабака зайшоў у «Гаспадарчыя тавары» і спытаўся, ці ёсьць у продажы Гаспадары.

Воўк таксама сабака. Толькі лясны.

Сабаку вельмі хацелася есьці. Але ён нічога ня ўмеў рабіць. Таму сядзеў і хацеў.

Вангор Вушацкі, Маладэчна

 

Адзін сабака пайшоў на Дзень Волі, а тамака — гражданы-міліцыянты без намусьнікаў ды з псамі.

Адзін сабака паводзіў сябе досыць прыстойна, не брахаў і не вылупляў язык, толькі надта ўсё вынюхваў. І Граждан здагадаўся — то таемны агент КГБ.

Адзін сабака пакрыўдзіўся на Граждана, які абражаў у лаянцы сабачую маці, сучку. Раззлаваўся дый пакусаў хама.

Аднаго сабаку прызвалі служыць у Гражданскую армію ў кіналягічны цэнтар, што ў Калодзішчах... пажыцьцёва...

Толюсь Сабакакатавіцкі, Менск

 

Адзін сабака ўпершыню пачуў дзятла. Палічыўшы яго стукі музыкай у стылі Industrial, пачаў захаплёна слухаць. А Граждан глядзеў на дзятла і бурчэў: «І навошта ён дзяўбе гэтае дрэва, усё роўна ж у тую дзірку ня ўлезе!»

Адзін сабака надта ўжо любіў віцебскую Ратушу, нават жыў у яе сутарэньнях. Падышоў аднойчы Граждан да яе і сказаў: «Ізбушка, стань к лесу задам...»

Адзін сабака прыйшоў да Зімоўскага і распавёў, як ён усё жыцьцё марыў стаць камсамольцам. «Брэшаш!» — адказаў яму Зімоўскі. Сабака пакрыўдзіўся і ўцёк. Потым высьветлілася, што гэта быў Граждан.

Адзін сабака штонядзелю дэклямаваў на вясковай плошчы вершы Максіма Багдановіча. І штонядзелю прыбягаў захаплёны Граждан, каб крыкнуць: «Маладзец! Сам пісаў?! Настаяшчы Пушкін!»

Адзін сабака ўсім казаў, што ён Робін Гуд. І да таго ж ён рабаваў Гражданоў ды шчодра адорваў бедных. «Які ты Робін Гуд? Ты — Вільгельм Тэль, вось ты хто», — сказаў Граждан і з гэтымі словамі расстраляў сабаку з кулямёту.

Адзін сабака вельмі любіў Вераніку Круглову. Нават прытомнасьць губляў, калі чуў яе сьпевы ў радыё. А Граждан сьмяяўся з Сабакі, харчаваўся гербалайфам ды зьбіраў плёткі пра Гэлю Пугачову.

Язэп, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0