Пазытывы

 

Нітоўнік

 

У жыцьці часам здараюцца не заўсёды значныя, але заўсёды непрыемныя рэчы: напрыклад, калі ў поўнай цемры не трапляеш нагой на прыступку. Альбо калі накрутка, якая, здавалася, яшчэ крыху і добра прыцісне тое, што мае прыціснуць, раптам па-здрадніцку лёгка паддаецца... І рука зь нітоўнікам бездапаможна апускаецца.

Апошняе, дарэчы, не заўсёды дробязь. Ад сарванай нарэзкі да злому галавы часам адзін крок.

Дык вось, НВА з тыпова тутэйшай назвай «ВЕЛКАП»1 , якое утварылася на базе Інстытуту надзейнасьці машынаў Нацыянальнай Акадэміі Навук, вырабіла нітоўнік новае генэрацыі. Такі, што на канвэеры зборкі, прыкладам, трактараў ня зрэжа нарэзкі накрутак ніколі, бо «адчувае» аптымальны ўзровень заціску.

Ідэя новага аўтаматычнага нітоўніка ня новая, і аналягі ёсьць. Каштуе цудоўнае «нажэндзе» ў Эўропе ад трох з паловай да васьмі тысячаў даляраў. Расейскія і амэрыканскія адмыслоўцы «ў спулку» зрабілі аналяг коштам 1000 даляраў. Наша прыстасаваньне ўдвая таньнейшае за расейска-амэрыканскі прадукт.

Там, дзе ў рэчах разумеюць, ужо карыстаюцца навінкай: на Менскай і Баранавіцкай чыгунцы, Асіповіцкім агрэгатным ды Віцебскім заводзе рамонту рухавікоў. Тры супэрнітоўнікі задзейнічаныя таксама на МТЗ і яшчэ сем замоўленыя заводам.

Попыт стала пашыраецца, і некаторыя мяркуюць, што тым самым значна палепшыцца якасьць беларускай мэханазборкі. Яно так, але варта зазначыць, што пэрспэктывы новага вырабу шмат у чым залежаць таксама ад прагрэсу ягонага электроннага кампанэнту і сумяшчальнасьці апошняга з сучаснымі зборачнымі лініямі сусьветнага ўзроўню.

Гэта добра разумеюць у краёх, дзе за тэхналягічныя навінкі змагаюцца, як у нас за мандат ў Нацыянальны сход: у Нямеччыне і Сінгапуры. Фірмы з гэтых і без таго прасунутых краінаў ужо прапанавалі свае дылерскія дый іншыя паслугі ў прадстаўленьні прадукцыі ВЕЛКАПу на сусьветным рынку.

Прыемная навіна, тым ня менш, выклікае пэўныя нядобрыя асацыяцыі, накшталт штодзённага «закручваньня гаек» у нашым дзяржаўным мэханізьме, а таксама поўнага няведаньня круцільшчыкаў і заціскальшчыкаў у ім пра асаблівасьці супраціву такога таямнічага матар’ялу, як кадры...

Але гэта, мабыць, больш тычыцца псыхалёгіі, чым мэханікі і да пазытываў ня мае аніякага дачыненьня.

Міхал Залескі

 1 Каб хто яшчэ задумаўся ня толькі над назвамі рэчаў нязначных і напаўзабытых, але й над тым, што наагул ня мела імёнаў і праз тое атрымлівае імёны дурацкія (дастаткова зірнуць на шыльды нашых установаў і фірмаў). Як яно будзе, «Велкап» па-беларуску?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0