ВОДГУКІ

 

Украіна мае падобныя праблемы

Ужо тры месяцы як я заходжу раз на тыдзень на Вашу старонку ў Iнтэрнэце, каб пачытаць чарговы нумар газэты. Праз Сусьветнае Павучыньне чытаю па-польску Wprost, па-ангельску The Times і вас па-беларуску. Аказваецца, чытаць і пісаць па-беларуску вельмі проста, калі ведаеш расейскую і ўкраінскую мовы.

Спачатку я ўспрымаў карцiны жыцьця «пад Лукашэнкам» як нейкую экзотыку: чырвоныя сьцягi на савецкiх сьвятах, дэманстрацыi процi аўтарытарнага рэжыму. Аднак, калi прыглядзецца больш уважліва, дык Украiна мае падобныя праблемы. Нам таксама трэба змагацца за запраўдную незалежнасьць, перадусiм эканамiчную. Пытаньне адраджэньня мовы вельмi важлiвае для нашай краiны, дзе шмат людзей карыстаецца расейскай альбо «суржыкам» (па-вашаму трасянкай).

Цераз Вашу старонку я знайшоў шмат цiкавага ў беларускiм Iнтэрнэце. Чытаў часопіс «Arche», аднак яго матар’ялы грузяцца вельмi павольна, а часта ўвогуле «завiсаюць». Хацелася б пабачыць часопіс у папяровым выглядзе. На «Беларускай Палiчцы» знайшоў вялiкiя артыкулы пра мову, гiсторыю. Найбольш цікаўлюся Вялікім Княствам Лiтоўскiм: у цяперашніх украiнскіх крынiцах яшчэ не далі ацэнкі гэтаму пэрыяду гiсторыi, незразумела, што гэта была за дзяржава. Са свайго боку хачу параiць беларускiм iнтэрнэтчыкам адрас часопіса, якi добра пiша пра жыцьцё ўва Ўкраiне – «Політика і Культура», або папросту «ПіК»: www.pic.com.ua.

Зычу Вам посьпехаў на Нiве нацыянальнага адраджэньня. Жыве Беларусь! Слава Україні!

Iгар Булыга
(21 год, праграмiст), Кiеў

 

Стварэньне ўнівэрсытэту аб’яднае нацыю

Шмат у чым згодны з артыкулам сп.Дынька наконт ТБМаўскага праекту «Нацыянальны Ўнівэрсытэт», асабліва ў частцы перасьцярог пра тое, што ініцыятыву ў яго стварэньні можа перахапіць дзяржава. Ёсьць усе падставы чакаць, што ўсё атрымаецца «як заўжды». Беларуская нацыяналістычная каза, паўпарціўшыся, вяртаецца да дзяржаўнага возу. Але ініцыятыўная група што б ні рабіла, якія б цуды мэнэджмэнту і грантгантынгу ні дэманстравала, наўрад ці здолее падмяніць сабой паўнамаштабную грамадзянскую ініцыятыву. А нешта ня бачна, каб энтузіязм у беларускім грамадзтве з нагоды стварэньня БНУ віраваў. Дзякуй тым, хто паставіў подпісы пад пэтыцыяй у ягоную падтрымку, але наша дзяржава дужа добра навучылася накіроўваць энэргію такіх подпісаў на глябальнае пацяпленьне. Ну, яшчэ тузін пэтыцыяў…

Стварэньне Нацыянальнага Ўнівэрсытэту магло б стаць справай, якая аб’яднае нацыю. Хацелася б сказаць не «магло б», а «мусіць», але хто каму што «мусіць» у эпоху трыюмфу лібэральнага касмапалітызму?

Многія з нас «гуляюць у беларушчыну» крыху не ўсур’ёз, пакідаючы сёе-тое з душэўных і інтэлектуальных высілкаў «на чорны дзень». Вядома, цяпер не дзевятнаццатае стагодзьдзе. Калі што якое, дык хто за нас перагледзіць 500 каналаў спадарожнікавае ТВ, аблазіць увесь Інтэрнэт, зробіць татуіроўку ў салёне «Ў лісы»? Гэтак яно надзейней будзе – праз пасьлядоўны асабісты геданізм набліжаць поўную і непазьбежную перамогу Дзіўнага Новага Сьвету. Мо гэта нам толькі падаецца, што Беларусь — адсталая краіна. На самой справе яна яшчэ якая перадавая. Мо таму тутака й не патрэбныя ніякія нацыянальныя ўнівэрсытэты. Хлеб ё, Pepsi ё, вайны няма.

Колькі ў нашай краіне нацыянальна сьвядомых габрэяў ці пасьлядоўнікаў юдаізму? Прынамсі, дастаткова, каб мець свае, незалежныя ад нашай сацыялістычнай дзяржавы, школы, коледжы і ўнівэрсытэты. Наўрад ці сьвядомых беларусаў менш, чым габрэяў. А сярод іх, у сваю чаргу, напрыклад, нямала каталікоў. Але ці магчыма ўявіць, каб, напрыклад, каталіцкі Касьцёл у Беларусі выступіў ініцыятарам стварэньня сьвецкіх каталіцкіх навучальных установаў, аўтаномных ад дзяржавы? Наўрад ці. Галоўны дэфіцыт – не дэфіцыт фінансаў, але рэсурсу салідарнасьці. Яе ніхто ні зь якой Эўропы не прывязе, і ніякі правадыр ёй не навучыць. Чаму ў свой час косаўскія альбанцы здолелі перажыць забарону свайго Прыштынскага ўнівэрсытэту сэрбскімі ўладамі, стварыўшы яго нанава ў падпольлі? Бо яны барбары і галаварэзы, вядома! Цывілізаваныя ж народы, да якіх мы, бясспрэчна, належым, калі начальства камандуе «разысьціся!», цывілізавана разыходзяцца.

Чаму б усёй сьвядомай беларускай прэсе не ініцыяваць шырокую і доўгатэрміновую дыскусію пра тое, якім мусіць быць сапраўды нацыянальны беларускі ўнівэрсытэт? ТБМаўскай ініцыятыўнай групе трэба як мага часьцей ладзіць сэмінары, канфэрэнцыі, апытаньні грамадзкай думкі. Прычым унівэрсытэт – гэта толькі надводная частка айсбэргу праблемаў. Гутарку так ці йнакш трэба весьці пра ўсю сыстэму адукацыі, якая б магла забясьпечыць выжываньне беларускай супольнасьці незалежна ад таго, які рэжым усталяваўся ў дзяржаве. Напрыклад, чаму ТБМ, надаючы столькі ўвагі змаганьню за колькасьць беларускіх школаў, нібыта й не заўважае, па якіх падручніках дзеці ў тых школах навучаюцца мовы й літаратуры? Тое, што выступае ў гэтых падручніках атрыбутамі «беларускасьці», здольнае толькі прышчапіць большасьці гарадзкіх вучняў трывалую пагарду да сваёй краіны.

Ня можа быць, каб пасьлядоўнасьць і настойлівасьць у змаганьні за нацыянальны ўнівэрсытэт не далі плёну. Калі яго ўдасца стварыць, гэта будзе першай вялікай рэальнай перамогай пасьля столькіх гадоў прыніжэньняў. А калі ня ўдасца, дык наўрад ці беларуская нацыя (ці лепш сказаць – ініцыятыўная група па яе стварэньні?) здолее калісьці выкараскацца з «патэнцыйнай ямы».

Алесь Белы, Менск

 

І будзем жыць!

Адказваю на ліст Алесі Шэймановіч.

Перадусім трэба адзначыць, што ўсебеларускі зьезд прайшоў па найгоршым варыянце, які толькі можа быць. Ды й ці Ўсебеларускі зьезд? У нашай вёсачцы, у суседніх вёсках і нават у райцэнтры ніхто нават ня ведае, што быў такі зьезд. Але сёньня я хачу закрануць іншую тэму. Шаноўная Алеся, я думаю, што аголенасьць і сэксуальная заклапочанасьць – гэта не адно і тое ж.

Я маю прыгожае цела зь вельмі добра акрэсьленымі формамі (ці вабнотамі). Мне ўжо 42 гады, а выглядаю міаладзейшай за 30. Мае дачушкі выглядаюць таксама добра. А за ўсім гэтым – карпатлівая праца. Цяжкая! Я мяркую, што цела катэгарычна нельга песьціць. А вось пакуты яму неабходныя. Цяжкія пакуты – на мяжы магчымасьцяў – выдатна загартоўваюць цела, нэрвы, розум. Вось наша сямейка пэрыядычна трывае такія выпрабаваньні. Некалькі прыкладаў. Узімку некалькі разоў робім выпрабаваньні (цяжкія) цела на працягу 3-х дзён запар. Перадусім, ствараецца адпаведны псыхалягічны настрой.

Увечары распранаемся. Адключаю электрычнасьць (у хаце). На працягу 3-х дзён – поўная адмова ад дасягненьняў цывілізацыі. Сьпім у клеці, якая перад пакутай ацяпляецца. Ложкі – даволі шурпатыя дошкі, пакладзеныя гарызантальна. Іншыя пасьцельныя рэчы не выкарыстоўваюцца. Пад час пакуты (на працягу 3-х дзён запар) поўнасьцю агаляемся – выпрабаваньне целаў халодным паветрам, сьнегам, ледзяною вадою. Раніцаю прачынаемся і робім руханку, абціраньне сьнегам, купаньне ў рэчцы і г.д., але тэрмін выкананьня працэдураў павялічаны. Першы дзень пакут – поўнае адмаўленьне ад ужываньня вады і ежы – выпрабаваньне целаў голадам. Выконваем мэдытацыю ў лесе (у прыгожым месцы), купаньне ў сьнезе. І выконваем дробныя гаспадарчыя працы. Балазе, у вёсцы зімою п’юць так, што ім не да нас. Таму можна абысьціся бяз вопраткі.

Другі дзень пакуты – амаль тое самае. Раніцай сьнеданьне – кубак вады са студні і дзьве скібкі хлеба. Абед – кубак вады і тры скібкі хлеба. Вячэра – кубак вады і скібачка хлеба.

Трэцяя ноч у клеці – яшчэ адно выпрабаваньне. Ужо даволі халодна, бо яна два дні не ацяплялася. Затое целы выпрабоўваюцца нават ноччу.

Трэці дзень пакуты – ізноў поўнае адмаўленьне ад ужываньня вады і ежы. Раніцаю робім вельмі інтэнсыўныя фізычныя практыкаваньні і таксама ў сярэдзіне дня. І ўсё тое, што і ў першыя два дні.

Увечары пакута скончаная. Дарэчы, пад час выпрабаваньняў пакутуюць целы, а душы, наадварот, знаходзяцца на ўздыме. Выдатны псыхалягічны настрой, усьмешкі, жарты. Затое як добра мы выглядаем. І ніякіх хваробаў.

Летам працы на вёсцы вельмі шмат. Але знаходзім час для ўдасканаленьня целаў. Зразумела, праз пакуты. Гэта спэцыяльныя практыкаваньні, якія выконваюцца ў крапіве, качаньне ў расе. Загартоўка гарачым сонцам. Пры гэтым інтэнсыўна выконваюцца ёгаўскія практыкаваньні і не ўжываецца вада. Спэцыяльныя практыкаваньні каля мурашніку. Выконваюць у ляжачым стане, у сьпякотнае надвор’е. Мурашы абавязкова бегаюць па целах, а гарачыя сонечныя промні ўзмацняюць пакуту. Пасьля гэтага бяжым на рэчку, і пасьля такое добрае адчуваньне, што й не апісаць…

Як вынікае з гэтага, даволі шмат часу наша сям’я праводзіць у аголеным стане. І дзе, шаноўная Алеся, ты ўбачыла тут сэксуальную заклапочанасьць? Ня ведаю, якія радасьці прэзэнтуюць беларускі, якія пераспалі з усімі маладымі хлапцамі ў навакольлі. А старшыня мясцовага калгасу, які мае 5 (пяць) палюбоўніц (усе замужнія)? А калгасныя спэцыялісты? А п’янкі мясцовага раённага кіраўніцтва? Абавязковы элемэнт такіх гулянак – голыя настаўніцы (маладыя) мясцовае школы. А потым такая асоба, на 20 гадоў маладзейшая за мяне, увальваецца ў хату (праз зубы: «Дабрыдзень!»), усчыняе лямант і пачынае вучыць таго, чаго і сама ня ведае.

Ня думаю, што сучасныя беларускі (мо лепш тубылькі?) будуць з павагаю ставіцца да традыцыяў іншых народаў. Як мясцовае кіраўніцтва загадае, так і зробяць.

Таму лепш быць шэраю мышкаю. Калі я падам прозьвішча і назву вёскі, дык мяне зьядуць, загоняць у псыхлякарню, дзе сапраўды зробяць вар’яткаю. Бо лад жыцьця нашай сям’і адрозьніваецца ад жыцьця навакольных людзей. Тутэйшых, тубыльцаў, насельнікаў? Ня ведаю. Толькі і беларускага, што трасянка.

А так наша сям’я абасобленая ад вёскі. Былы хутар. Вёска патанула ў п’янстве, а мы жывём! І будзем жыць!

Ірэна Ікс, вёска Іграк

 

Ні Павал, ні Ляксей…

Месяц із гакам ужо, як адбыўся Сойм «Маладога Фронту», а ягоны розгалас усё не сьціхае, у тым ліку й на Вашых старонках. Вельмі хочацца ўмяшацца ў палеміку Севярынца—Шыдлоўскага, бо погляды, дэкляраваныя імі, зусім не адзінкавыя.

МФ і пасьля сыходу «апазыцыйнага блёку» ня стаўся маналітнаю арганізацыяй, і думка ягонага Старшыні зусім не адбівае агульнамаладафронтаўскіх поглядаў. Не было й выразнага разьмеркаваньня на два лягеры — прыхільнікаў Севярынца ці Шыдлоўскага — і да Сойму. Шмат хто галасаваў за таго ці другога, не падтрымліваючы яго — абы не перамог іншы. То бок, колькі б Павал ні пісаў артыкулаў пра Любоў, рухавай сілаю на Сойме была як яна, так і Нянавісьць. Нагадаю і пра 15 галасоў супраць усіх, што становіць нямалы адсотак. Сем із гэтых 15 бюлятэняў былі апушчаныя ў вурны Кальварыйскаю Радаю, старшынём якое я стаўся на Сойме.

Зьявіўшыся першым прыхільнікам менавіта гэткага чыну галасаваньня, чарговага разу пераконваюся, што не памыліўся, і «нашаніўскія» публікацыі на маладафронтаўскую тэму толькі зацьвердзілі мяне ў гэткай думцы.

Атрымаўшы перамогу на Сойме, Паша, як таго й чакалі, ірвануўся ў кар’ер. Выхваленьне нейкімі надзвычайнымі посьпехамі, асаблівымі ролямі ды звышдуховасьцяй перахлынула ўсе берагі. На хвалі ўласнае запальчывасьці ён распачаў рэклямную кампанію ў прэсе, мэтаю якое — надрукаваць у кожным незалежніцкім выданьні па праграмным артыкуле. На прыкладзе «НН» я пабачыў, як лоўка ён падмяняе ў гэткіх артыкулах паняткі ды выдае ўласнае гледзішча за агульнамаладафронтаўскае. Прымусовая хрысьціянізацыя МФ, якая ўсім ужо праела мазгі, падаецца ім за нейкі духовы пад’ём, які йдзе, як быццам бы зьнізу, усялякія гульні — за нясьвет якую важную справу. Насамрэч жа працы — мінім, раённыя Рады не атрымліваюць ад Цэнтру жаданае дапамогі, няма нават улётак, каб паклеіць іх ды заняць старых людзей а прыцягнуць новых. Мала таго, што няма падтрыманьня, дык любая ініцыятыва зьнізу падсподна душыцца, Раду ўцягваюць у інтрыгі, не даюць ёй самастойна працаваць. На жаль, Павал ня ў стане ўспрымаць любую крытыку ў свой бок, і любы апанэнт становіцца для яго праціўнікам.

А што Аляксей Шыдлоўскі, цяпер ужо былі апазыцыянэр Севярынцу? Прайграўшы на Сойме, ён сышоў, паказаўшы сваю няздольнасьць цярпець паразы. Цяперака ён зьбіраецца ствараць нейкую новую арганізацыю — што гэта, прага кіраваць пры любым раскладзе? Ня выйшла ў МФ, дык… А як жа людзі, якія былі ягонымі прыхільнікамі, але не зьбіраюцца бегаць па арганізацыях разам зь ім? Ці ня ёсьць гэта здрадай? Заміж таго, каб ствараць усё новыя арганізацыі пад пэўных людзей (колькі ўжо новастворана…), варта было лепш выстройваць уласную палітычную лінію, дапускаць меней злосьці й нецярплівасьці. Заклікалі вось людзей левае ідэалёгіі сыходзіць із МФ (нам такія, маўляў, непатрэбныя), а выйшла, што прыйшлося сыходзіць самім.

Абодва бакі ўпарта не жадаюць заўважаць сваіх дрэнных ці слабых бакоў, затое ўсе абвяшчаюць сябе элітаю. Гэта цяперака сталася ці не агульнаю хваробаю адраджэнскага Руху: кожны любіць размусольваць наконт стварэньня нацыянальнае эліты зь цьвёрдым перакананьнем, што толькі ён і такія, як ён, гэтую эліту ў сабе ўвасабляцьмуць. Куды ні зірні — паўсюль будучыя міністры, дэпутаты, князі, дырэхтары…

Вось толькі прыйсьці на канкрэтнае месца ды паспрабаваць нешта зрабіць на ім чамусьці мала хто хоча…

Сяржук Шмялёў, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0