Беларуская культура чакае свайго Бальцаровіча

 

Ад беларускіх мастакоў, што працуюць на парыскіх галерэйшчыкаў, тры гады таму я пачуў навіну пра вядомага беларускага мастака Барыса Заборава, які напачатку 80-х зьехаў у Парыж, дзе зрабіў сабе прыстойную кар’еру. Маўляў, у Заборава цяпер праблемы – ягоныя карціны перасталі набываць, а зьменшыць кошты ён ня можа, інакш ягонае імя дэвальвуецца. Падніжка коштаў выкліча самую звычайную пэрсанальную інфляцыю – пару дзясяткаў гадоў французы за немалыя грошы набывалі карціны мастака (на Захадзе набываюць добрыя творы не для эстэтычнага задавальненьня, а перадусім дзеля ўкладаньня грошай). На сапраўдныя шэдэўры кошты мусяць толькі расьці. Ня цяжка ўявіць, што скажа і пачне рабіць уладальнік карцінаў Заборава, які ўбачыць у галерэі новыя творы мастака, але за ніжэйшыя кошты. Ён панясе свае карціны ў галерэі і будзе імкнуцца найхутчэй прадаць, каб вярнуць хоць нейкія грошы. Таму на мастацкім рынку можа зьявіцца адразу шмат твораў Заборава. А калі ствараюцца вялікія прапановы, тады рэзка зьмяншаецца попыт, і кошты на «тавар» яшчэ больш падаюць. Як на біржы з каштоўнымі паперамі. У выніку – крах для мастака!

Мне здаецца, што беларуская культура і ў тым ліку літаратура (напэўна, у першую чаргу) перажылі апошнімі гадаму інфляцыю падобнага кшталту, нават гіпэрінфляцыю. Ужываю эканамічны тэрмін, бо чуем яго з мас-мэдыяў штодзень і, здаецца, ён стаўся пэўным знакам (таўром) нашага часу. У падобнай справе словам не дапаможаш. Колькі б Забораў ні даваў інтэрвію і не тлумачыў, што зьменшыў кошты, бо жыцьцё бесьперапынку патрабуе грошай – утрымоўваць вялікую мастэрню, самому жыць і г.д., колькі б ні пераконваў — ад таго, што зьменшыў, ён жа ня стаў горшым, колькі б ні тлумачыў і не шукаў спагады, гэтыя апраўданьні-плачы яму нічым бы не дапамаглі. Значыць, трэба шукаць іншых шляхоў, магчымасьцяў, ствараць іншую парадыгму. Бо ніхто ня хоча губляць сваіх грошай. Ёсьць правілы гульні ў вялікім арт-бізнэсе, і будзь ласкавы іх прытрымлівацца. Сапраўдны мастак як бы не належыць сам сабе. Ён — частка таго міту, што стварыў і стварае штохвіліны. Калі гэты міт рэспэктабэльны, сур’ёзны, заможны урэшце-рэшт, які паважаюць усе і паўсюль, каб ня зьнік ён як вада ў пясок, падтрымлівай яго да канца, мацуй у сонечны дзень і залеву. Праўда, гісторыі вядомая безьліч мітаў, пабудаваных на пэрманэнтных папойках-пагулянках. Але, як сьведчыць гісторыя, ніколі падобныя міты не былі з карысьцю скарыстаныя іх стваральнікамі.

Сёньня нам патрэбныя стваральныя, трывалыя, канкурэнтаздольныя міты. Каб застацца.

Шмат маіх знаёмых, далёкіх ад мастацтва, з пасьмешкай казалі мне, маўляў, ведаю я вашых пісьменьнікаў, вартыя жалю людзі. І апавядаюць якія-небудзь падрабязнасьці зь літарацкіх лёсаў або пра выпадкі, якім былі сьведкамі. Беларускія пісьменьнікі катастрафічна зьменшылі кошты свайго гонару. У выніку — імгненна ўсю беларускую літаратуру захліснула хваля страшэннай, разбуральнай інфляцыі. І справа не ў грашах – колькі каштуюць беларускія кнігі. Справа ня ў колькасьці выдаваных кніг. Ня ўсё ацэньваецца грашыма. Справа ў страце грамадзкай павагі.

За што ўрэше паважаць? За ныцьцё ў друку? За галечу і нэндзу? За няздольнасьць зрабіць нешта ўласным высілкам? За варажнечу міжсобку? За няўменьне падтрымаць сапраўднае, вартае? За нежаданьне шукаць іншых шляхоў і магчымасьцяў?

Узгадайма, нават у самыя цяжкія гады, калі сапраўды не было чаго есьці, беларуская інтэлігенцыя — Ластоўскі, Луцкевіч, Смоліч etс — не выходзілі на вуліцу без ахайнага гарнітуру, чыстай кашулі, гальштука і капелюша. Гэтыя людзі разумелі сваю місію.

Лепшы мэтад барацьбы з інфляцыяй – шокавая тэрапія. Беларуская культура чакае свайго Бальцэровіча.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0