Чорныя казкі

 

Апошні «ўвал»

Аднаго салдата родзічы забралі ва «ўвал» на пару дзянёчкаў. Па яго яны прыехалі на «пікапе» — легкавіку з будкаю. Месца ў кабіне было, ясная рэч, толькі на двух чалавек, і салдацік мусіў паехаць у будцы, што яму не было навіною. Пакуль машына прыехала ў прызначаны пункт, салдат памёр ад выкідных газаў, што пападалі ў буду дзеля таго, што ў глушаку і днішчы былі дзіркі.

 

Фатальная анучка

Нейкі салдацік быў пасыльным. Ішоў ён неяк дарогай, нёс вестку. А акурат пачыналіся грымоты. Дажджу не было, таму пасыльны мерна крочыў сваёй дарогаю, адчуваючы, як яму муляе анучка, разматаўшыся ў боце. Салдат спыніўся, але ледзьве ён пачаў перамотваць анучку, як бліснула маланка, спаліўшы бядачу ўмэнт.

 

Мама!

Паводле нестатутных ўзвычаеньняў, салдат мусіў аддаваць сваю «палучку» «дзядам». Аднак ён чуў быў, як «дзяды» адмовіліся забіраць грошыкі ў ваякі, у якога не было мамы. Вось жа і падумаў ён у роспачы: «Шэнціць! Эх, каб жа і ў мяне не было мамы!» Наступным днём яму прыйшла тэлеграма, дзе паведамлялася, што яго маці загінула, трапіўшы пад цягнік.

 

Патрульны

Адзін салдат заступіў быў на патруль і мусіў стаяць ля варотаў падразьдзяленьня. Уначы ён пачуў за варотамі нейкі шоргат і глянуў у адмысловае вочка на дзьвярох. Тым часам зламысны жартаўнік тыркануў у вочка сталовы шампур — і забіў патрульнага.

 

Вуж для жыдоўкі

Адзін мужчынка разам зь сям’ёю здымаў паўхаты ў жыдоўкі. А той уздумалася выгнаць іх з кватэры за колькі месяцаў перад зімой. Мужчынка й так, і гэтак спрабаваў угаварыць гаспадыню, але ўсё дарма. Расказаў ён пра злыбяду нейкаму свайму родзічу, які працаваў на лесараспрацоўках. Той і ўзяўся ўмалёгаць жыдоўку. Спаймаўшы ў лесе вужа, ён прывёз паўзуна ў горад ды праз фортку запусьціў у жыдоўскую хату. Ураньні, адчуўшы нейкую прысутнасьць на ўлоньні, жанчына зь лямантам падхапілася. Суседзі ж ёй цьвердзілі, што вужыная праява была караю за выгнаных з хаты проці зімы людзёў. Жыдоўка вярнула тую сям’ю, але не перастала хвалявацца, аж покуль саўсім не папсавалася розумам.

 

Такія казкі спараджае жыцьцё салдатаў тэрміновай службы, адарванае і ад шэрай будзённасьці, і ад усякай рэальнасьці.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0