З усёй краіны

 

У Берасьці ваююць з украінцамі

Берасьцейскi гарвыканкам пачаў жорсткую барацьбу з украiнскiмi гандлярамi, якiя прадаюць танны харч у не прыстасаваных для гэтага месцах, найперш на пэроне станцыi «Берасьце-Палескае», куды прыходзяць дызэлi з Украiны. Ды што там, украінскія малако, мяса, тварог прадаюцца ў Берасьці ледзь не на кожным рагу. Гарвыканкам выдаў спэцыяльнае распараджэньне, каб міліцыя прымала жорсткiя меры па спыненьні недазволенага гандлю.

 

Гардзінную фабрыку купіць не жадаеце?

Недабудаваныя карпусы Магiлёўскай гардзiннай фабрыкi будуць выстаўленыя для продажу на аўкцыёне. Будаўнiцтва яе (называцца яна мелася «Стужка») пачалося ў 1993 годзе на сродкi з рэспублiканскага бюджэту i за крэдыт 5 мiльёнаў нямецкiх марак. Але так нічога й не змаглі дабудаваць. Цяпер будова займае 10 га зямлi, плошча асноўных вытворчых карпусоў — 44 тысячы кв.м. Ацэначная цана фабрыкi — 974 458 450 рублёў. Пачатковая цана таргоў — 478 936 137 руб. Аўкцыён адбудзецца празь месяц.

 

Новы заказьнік — «Пякалінскі»

Утвораны новы рэспубліканскі біялягічны заказьнік — «Пякалінскі», на тэрыторыі Смалявіцкага лясгасу. Плошча ягоная – прыкладна 3 на 7 кілямэтраў. На сёньня ў Беларусі мы маем 92 рэспубліканскія заказьнікі, зь іх 19 — гідралягічныя, 22 — ляндшафтныя і 51 — біялагічны.

Паводле БелаПАН

 

Піць зь Дзьвіны ня хочам

Гэтым летам з-за працяглых дажджоў пітная вада ў Полацку як ніколі кепская. З году ў год у горадзе пераносіцца будаўніцтва артэзіянскага водазабору, таму палачане па-ранейшаму п’юць ваду зь Дзьвіны. Прычым самі тутэйшыя камунальнікі прызнаюцца, што ачышчальная станцыя полацкага «Водаканалу» не разьлічаная на апрацоўку вады такой кепскай якасьці. Таму 26 жніўня ў Полацку адбыўся экалягічны мітынг. На адным з плякатаў было напісана: «Пакуль Лукашэнка будуе палацы, ня будзе грошай на чыстую ваду». Пікетоўшчыкі зьвярнуліся да мясцовых уладаў з патрабаваньнем вырашыць урэшце праблему зь пітной вадой, а таксама навесьці парадак на вуліцах і ў дварах пасьля газыфікацыі гораду. За два апошнія гады Полацак бязьлітасна перакапалі, але траншэі пазасыпалі абы-як, а добраўпарадкаваньнем ніхто так і не заняўся.

В.К.

 

Вячорка віншуе

Рэдакцыя «НН» атрымала віншаваньне сп. В.Вячоркі з нагоды дзявятай гадавіны з таго дня, як 25 жніўня 1991 году Дэклярацыі «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі» быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону.

«Тысячы людзей на пляцах і вуліцах Менску ў тыя памятныя жнівеньскія дні пасьля краху маскоўскага камунаімпэрскага путчу дамагаліся – і дамагліся – ад Вярхоўнага Савету гэтага эпахальнага кроку, — гаворыцца ў віншаваньні. — Апошнія дзесяць гадоў ХХ стагодзьдзя нашая краіна існуе як незалежная. За гэты час каштоўнасьць незалежнасьці стала бясспрэчнай для бальшыні беларускага народу, за дзесяць год вырасла новае пакаленьне беларускай моладзі, якая бачыць месца Беларусі ў шэрагу цывілізаваных краінаў сьвету». Незалежнасьць, гаворыцца ў лісьце кіраўніка Вячоркавага БНФ, стане падмуркам пабудовы лепшай Беларусі.

 

Чыноўніцкі водгук на Лукашэнкаў заклік

Магілёўскі аблвыканкам абвесьціў, што пачынае на вёсцы ледзьве не аграрную рэформу. Дасьведчаныя апаратчыкі тамака ведаюць, што дастаткова модна перафарбаваць старое, і гэтае старое выглядае дужа модна. А.Лукашэнка запатрабаваў далейшага разьвіцьця сельскай гаспадаркі, чыноўнікі мамэнтам зарыентаваліся. «Рашучыя зьмены» датычаць толькі таго, што пару гаспадарак прызнаюць банкрутамі і праз аўкцыён прададуць, а, фактычна, прымацуюць да больш пасьпяховых, і ўсё. Астатнія меры дужа традыцыйныя: выканкам выдаткуе гаспадаркам дадатковыя грошы на ачыстку палёў ад пустазельля, на падрыхтоўку жывёлагадоўчых памяшканьняў да зімы, пачаткова гэтыя самыя грошы з тых самых калгасаў выпампаваўшы. Ну і, вядома, праверыць працу кадраў. Што тут новага, скажэце?

 

Віно з гароднінавага заводу

Быхаўскі кансэрвава-гароднінавы завод выпускае тое, што і іншыя прадпрыемствы гэткага кшталту: зялёны гарошак, салянку з капусты, кансэрваваныя агуркі і сокі. Але гэтая прадукцыя на сёньня ня дужа прыбытковая. Нашыя людзі і самі ўсё навучыліся «закатваць» у банкі. Таму завод адчыніў вінны цэх. У гэтым годзе ён распачынае выраб славутых яшчэ з савецкіх часоў «пладова-выгадных» вінаў з чарніцаў, клубніцаў, парэчак, яблыкаў. Якасьць падобнага прадукту ў гурманаў заўжды выклікала заўвагі. Затое ў бюджэце — папаўненьне.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Супраць жабрацтва

Віцебскія сацыял-дэмакраты з партыі Статкевіча 25 жніўня арганізавалі пікет у цэнтры гораду пад лёзунгам «Партыя сацыял-дэмакратаў — супраць зьбядненьня народу». Удзел у пікеце ўзялі таксама бэнэфісты, прадпрымальнікі і актывісты няўрадавых арганізацыяў. Пікетоўцы трымалі плякаты: «Мне ня трэба такі «бацька», лепей буду сіратом», «Ураджай зьбіраем, але ў кішэнях нічога ня маем», «Саша! Хакеем сыты ня будзеш».

Юрась Корбан, Віцебск

 

9 верасьня на Крапівенскім полі

9 верасня ў 15.15 на чыгуначным вакзале Воршы актывiсты мясцовых няўрадавых арганiзацыяў будуць сустракаць госьці, якiя прыбудуць на Дзень беларускай вайсковай славы. Сьвята на Крапiвенскiм полi пачнецца з урачыстай iмшы ў памяць пра герояў, якую адслужыць ксёндз Аршанскага касьцёла Сьв. Язэпа. Упершыню сёлета пройдзе i праваслаўнае набажэнства, паколькi Канстанцiн Астроскi быў праваслаўным. Мастак Алесь Пушкiн прадставiць свой пэрфоманс «Аршанская даўнiна», якi ўлады забаранiлi паказваць у Наваградку. Усю ноч будуць гарэць вогнiшчы i гучаць песьнi. На сьвяце выступяць фальклёрная група Аляксея Галiча, беларускiя барды Андрэй Мельнiкаў, Iгар Мухiн, Павал Пастухоў, Сяргей Кулагiн, Сяргей Мiнскевiч, Эдуард Акулiн, Вольга Цярэшчанка, Вiктар Шалкевiч, Зьмiцер Бартосiк. Прыбудуць на Крапiвенскае поле i ўдзельнiкi клюбаў «Рыцары Вялiкага Княства» зь Менску i «Жалезныя ваўкi» з Наваполацку, якiя правядуць традыцыйны рыцарскi турнiр.

Б.Т.

 

8 верасьня на плошчы Перамогі

Юры Хадыка й Віктар Івашкевіч падалі заяўку на правядзеньне 8 верасьня традыцыйнага сьвята Дня беларускай вайсковай славы. Сёлета сьвяткаваньне мае пачацца маляўнічай працэдурай ускладаньня кветак да помніка Перамогі з 18-й да 18.30. Потым, як плянуюць заяўнікі, пройдзе шэсьце ўдзельнікаў сьвята да помніка Янку Купалу і адбудзецца ўскладаньне кветак ля помніку. Пасьля мае быць канцэрт.

Б.Т.

 

ТБМ зьвярнуўся да спартоўцаў

У рэдакцыю паступіў зварот да беларускіх алімпійцаў, які прыняло Таварыства Беларускай Мовы. ТБМ нагадвае спартоўцам, якім выпала адстойваць гонар Бацькаўшчыны ў далёкай Аўстраліі, з наступнымі словамі: «Спартовыя традыцыі беларусаў сягаюць у часы Полацкага княства, калі быў закладзены падмурак сучасным відам спорту, а выява старажытнага герба «Пагоня» сымбалізавала ня толькі вайсковую спрактыкаванасьць, але і спартыўныя здольнасьці нашых продкаў». ТБМ зычыць юнакам і дзяўчатам, каб у далёкай Аўстраліі, найвышэйшая гара якой названая ў гонар нашага земляка і змагара за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны Тадэвуша Касьцюшкі, у іх заўжды быў з сабою «кавалачак Радзімы», які б надаваў сілы ў спаборніцтвах. «Няхай жа такой часьцінкай стане наша з вамі родная беларуская мова, — прапануе ТБМ. — Спадзяемся, што кожнае сказанае вамі і вашымі трэнэрамі беларускае слоўка, прасьпяваная родная песьня нададуць упэўненасьці і веры ў змаганьні за гонар нашай краіны».

ТБМ, гаворыцца ў лісьце, чакае ад алімпійцаў цудоўных вынікаў на Алімпійскіх гульнях у Сыднэі. «Жыве беларуская мова! Жыве беларускі спорт! Жыве Беларусь!» – гэтак канчаецца зварот.

А вось беларуская дыяспара ў Аўстраліі, як вядома, вырашыла не падтрымліваць афіцыйных кантактаў зь беларускай дэлегацыяй у знак пратэсту супраць антыбеларускай палітыкі менскіх уладаў і прыцясьненьняў дэмакратыі ў Беларусі і заклікала ў выпадку, калі А.Лукашэнка завітае ў Аўстралію, прымаць яго не як кіраўніка дзяржавы, а як кіраўніка НАК, з-за таго, што тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся ў 1999 годзе.

Б.Т.

 

Памяць пра рэстаўратара

25 жніўня ў Полацкім музэі кнігадруку адбылося адкрыцьцё выставы, прысьвечанай памяці аўтара праекту рэстаўрацыі Сафійскага сабору Валер’я Сьлюнчанкі. Восем гадоў таму яго ня стала, але ў Полацку ягонага імя не забылі. Выстава прысьвечаная 55-годзьдзю архітэктара, рэстаўратара, графіка, фатографа, паэта. У экспазыцыі малюнкі, пераважна беларускіх архітэктурных помнікаў, выцінанкі, фотаздымкі, фрагмэнты праекту рэстаўрацыі Сафійскага сабору, тэксты вершаў. Палачане ўдзячныя Сьлюнчанку за любоў да іх роднай Сафійкі. Сьлюнчанка быў родам з Браншчыны, але лепшыя гады жыцьця правёў у зямлі крывічоў. Акрамя Сафійскага сабору, Сьлюнчанка — аўтар праектаў рэстаўрацыі Каложы, маёнтку Багушэвіча ў Кушлянах, касьцёла Сьв.Станіслава ў Магілёве. Узгадаць этапы «адраджэньня» Сафіі дапамаглі слайды. Гучаў і голас самаго рэстаўратара – магнітная стужка захавала некалькі песень у яго выкананьні.

Васіль Кроква, Полацак

 

Шагал, Шагал

Спадабалася на Эдынбурскім фэстывалі мастацтваў «вялікапышная дзявятка» актораў Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа са сваім спэктаклем «Шагал, Шагал» паводле п’есы Ўладзімера Драздова. 10 сцэнаў з жыцьця самага вядомага ў сьвеце віцябляніна пераадолелі моўны бар’ер і прымусілі журы Edinburgh Fringe, аднаго з самых прэстыжных штогадовых тэатральных конкурсаў, прысудзіць адно з чатырох першых месцаў землякам Шагала.

Станоўчыя, а часам проста захопленыя рэцэнзіі абышлі старонкі Scotsman, Guardian, The Herald. Пастаноўка віцяблянаў – адзіная у кампаніі англасаксонскіх ляўрэатаў: тры іншыя прадстаўленыя трупамі з Шатляндыі, Англіі і ЗША. Беларускія тэатральныя трупы і мастакі, дзякуючы падтрымцы вядомага шатляндзка-італьянскага мэцэната Рычарда Дэмарка, ужо ня першы раз прыяжджаюць у Эдынбург, але такі посьпех – першы ў гісторыі нашай краіны. Праўда, калі зазірнуць глыбей у гісторыю, высьветліцца, што традыцыя Эдынбурскага фэстывалю мастацтваў, які стаў агульнаэўрапейскім з 1946 году, была закладзеная яшчэ ў першай палове ХІХ стагодзьдзя былым віленчуком Фэліксам Яневічам – адзіным на той час прафэсійным музыкам у шатляндзкай сталіцы. Шмат хто з крытыкаў і гледачоў, апроч бліскучай ігры актораў і цудоўнай кампазыцыі, адзначыў і прыгожую мэлёдыку беларускай мовы, якую ня так часта пачуеш у старым Эдынбургу.

Алесь Белы

 

Кніжны праект «Наддзьвіньня»

Напрыканцы жніўня ў наваполацкай друкарні выйдзе зборнік полацкай паэткі Надзеі Салодкай «Я ішла да сябе». Да гэтай, можна сказаць, афіцыйнай кнігі (з ISBN і штрых-кодам) спадарыня Надзея выдавала сябе выключна самвыдатам, робячы свае зборнікі на ўласным кампутары. Рэдактарам кнігі выступіла іншая полацкая паэтка Лера Сом, яна ж напісала да зборніка прадмову. За апошні час на вершы Салодкай кампазытарамі Захлеўным і Капланавым было напісана больш за дзесяць песень. Зборнік «Я ішла да сябе», паэтка выдае яго за ўласны кошт, стане першай кнігай з заплянаванай сэрыі полацкага літаб’яднаньня «Наддзьвіньне». Сёлета яшчэ выйдзе чатыры кнігі.

Васіль Кроква

 

Басалыга ў Сьветлагорску

У карціннай галерэі Сьветлагорску адкрылася выстава твораў Уладзімера Басалыгі. На выставе — дзьве сэрыі ягонай графікі: «Помнікі дойлідзтва» і «Мова наша родная». У першай сэрыі аўтар прапаноўвае гледачу выявы значных помнікаў айчыннай архітэктуры. У другой аўтар малюе адну зь літараў беларускага альфабэту сярод выяваў дзеячоў беларускай гісторыі і культуры, сярод нацыянальных сымбаляў, тыповых прадстаўнікоў нашай флёры і фаўны, пэйзажаў. Выстава будзе экспанавацца да сярэдзіны кастрычніка.

Паводле БелаПАН

 

Полацкія арганы

20 жніўня ў Сафійскім саборы адбыўся канцэрт менскага арганіста і сьпевака Ўладзімера Неўдаха і полацкай арганісткі Ксеніі Пагарэлай. Неўдах з 1995 году вучыцца ва ўнівэрсытэце музыкі ў аўстрыйскім горадзе Грац. Летась у Беларусі выйшла ягоная манаграфія «Беларуская арганная культура ў кантэксьце эўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу». Арганіст штогод прыяжджае ў Полацак, каб даць канцэрт у славутай Сафійцы. Кожны ягоны выступ выклікае ў мясцовых аматараў музыкі зацікаўленьне. Кажуць, што Неўдах, адзіны ў Беларусі арганіст эўрапейскай школы. У Аўстрыі Неўдах працягвае вывучаць гісторыю беларускай арганнай культуры, балазе, некранутых беларускімі дасьледчыкамі крыніцаў у сусьветнай сталіцы музыкі, Вене, шмат. Арганіст абяцае напісаць на тэму беларускага аргана новую кнігу, будзе ў ёй і разьдзел пра Полацак, бо па самых сьціплых падліках у горадзе на Дзьвіне ў 18 ст. гралі на пяці-шасьці тутэйшых арганах, акрамя таго, у езуіцкай акадэміі была музычная бурса, а значыць, былі і ўласныя кампазытары.

У гэты ж самы дзень Неўдах граў на службе ў полацкім касьцёле Сьв. Андрэя Баболі.

Васіль Кроква

 

Беларускія садок і школа ў цэнтры Менску

Важную інфармацыю паведамілі нам у гарадзкім Бацькоўскім камітэце, што дзейнічае пры ТБМ.

У 23-й школе Менску (гэта на пр.Скарыны каля пл.Якуба Коласа) не стае некалькі дзяцей у беларускую першую (падрыхтоўчую) клясу (на сёньня 12 заяваў замест 15). Між тым, кляса вельмі добрая, мала таго, што ў цэнтры, дык яшчэ і з вывучэньнем ангельскай мовы зь першага году навучаньня. Менавіта яе стварылі на просьбу ТБМ, якое непакоілася, што ў цэнтры сталіцы няма беларускіх школаў. Хто выбірае для шасьцілетак школу, вядзеце сюды.

Аналягічная сытуацыя ў добрым дзіцячым садку № 314, што на Багдановіча, 68а (у двары дому, дзе кнігарня «Маладосьць»). Там у беларускую групу (для дзетак 2-4 гадоў) на сёньня 13 заяваў замест 15. Таксама зьвяртайцеся. Даведацца можна праз тэлефон 283-24-10.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0