ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ «ВЯСНА»

Мы зьвяртаемся да беларускіх грамадзянаў з заклікам не прызнаваць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году і ўсялякімі законнымі сродкамі дабівацца іх адмены

Кампанія па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 сакавіка 2006 года праходзіла ў атмасферы нагнятаньня страху і няспынных рэпрэсіяў з боку ўладаў у адносінах да беларускага грамадзтва, грамадзкіх і палітычных актывістаў.

Беларускія ўлады выбралі найгоршы сцэнар правядзеньня выбараў.

На актывістаў штабоў дэмакратычных кандыдатаў аказваўся беспрэцэндэнты ўціск.

У перыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбарчай кампаніі беларускімі ўладамі было ўзбуджана 16 крымінальных справаў супраць 21 грамадзкага і палітычнага актывіста, прадстаўнікоў штабоў дэмакратычных кандыдатаў, няўрадавых арганізацыяў і моладзевых рухаў, 8 з іх знаходзіцца ў зьняволеньні.

Улады ўсяляк перашкаджалі правядзенню сустрэчаў дэмакратычных кандыдатаў з беларускімі грамадзянамі. У парушэньне закона аб выбарах, колькасьць такіх сустрэчаў была рэзка абмежаваная, арганізатары і ўдзельнікі арыштоўваліся і асуджаліся.

Так, 9 сакавіка на 15 сутак арышту судом Маскоўскага раёна Мінска быў асуджаны Вінцук Вячорка, намесьнік кіраўніка штабу і давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча, лідэр Партыі БНФ. Яго абвінавацілі ў парушэньні артыкула 167.1 Адміністрацыйнага кодэксу -- арганізацыя несанкцыянавага сходу.

За некалькі дзён перад выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне пракацілася хваля арыштаў актывістаў штабоў дэмакратычных кандыдатаў. Ім прад’яўляліся абсурдныя абвінавачваньні “у дробным хуліганстве” ці “непадпарадкаваньні законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі” . Перад днём галасаваньня адбылося інтэрнаваньне кіраўнікоў рэгіянальных штабоў.

Так, былі арыштаваныя і асуджаныя кіраўнікі абласных штабоў кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча: Уладзімір Шанцаў і Рыгор Костусеў у Магілёве, Уладзімір Кацора ў Гомелі, Хрыстафор Жаляпаў у Віцебску, Юрась Губарэвіч у Брэсьце. Усяго было інтэрнавана больш за сто асобаў.

Пад час усёй кампаніі ў адрас дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў выбарчай кампаніі з боку ўладаў сыпаліся непрыхаваныя пагрозы ва ўзбуджэньні супраць іх крымінальных справаў. Яны абвінавачваліся ў “арганізацыі масавых беспарадкаў”, у “злосным хуліганстве”, у “дэстабілізацыі грамадзкай сітуацыі ў краіне”. Больш таго, 16 сакавіка вышэйшыя службовыя асобы краіны: старшыня КГБ, генеральны пракурор і міністр унутраных спраў выступілі з абсурднай заявай аб падрыхтоўцы ў краіне дзяржаўнага перавароту, КДБ распачаў крымінальную справу па артыкуле 290 Крымінальнага кодэкса «пагроза здзяйсьненьня тэрарыстычнага акту», а ўдзельнікі плануемай 19 сакавіка дэмакратычнымі кандыдатамі ў прэзідэнты мірнай акцыі былі названыя тэрарыстамі. У іхні бок сыпаліся пагрозы зьняволеньня ад 8 гадоў зьняволеньня і нават да сьмяротнага пакараньня.

Ня гледзячы на заўвагі АБСЕ, датычныя атмасферы вольнасьці ў грамадзтве і доступу грамадзянаў Беларусі да аб’ектыўнай інфармацыі, якія настойліва агучваліся на працягу апошніх гадоў, у перыяд перад выбарамі беларускія ўлады рэзка звузілі магчымасьці беларускага грамадзтва атрымліваць незалежную інфармацыю. Так, з 2004 году было зачынена 20 незалежных газетаў, а з пачатку 2006 году 16 газетаў былі абмежаваныя ў магчымасьці друку на тэрыторыі краіны і распаўсюду праз падпіску і продаж праз сетку Белсаюздруку і Белпошты. У дзень выбараў былі заблакаваныя незалежныя інфармацыяныя сайты.

Пад час выбараў наклады легальна зарэгістраваных газетаў дэмакратычнага накірунку, якія давалі аб’ектыўную інфармацыю пра выбарчы працэс, неаднаразова канфіскоўваліся. Паўсюдна ствараліся перашкоды для распаўсюду дазволенай па законе аб выбарах інфармацыі пра дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты, а грамадзяне, якія распаўсюджвалі такога чыну інфармацыю, прадстаўнікі штабоў дэмакратычных кандыдатаў затрымліваліся міліцыяй і караліся судамі. Міліцыяй у Віцебскай вобласьці былі затрыманыя тры наклады газеты «Народная воля”, а менская міліцыя канфіскавала шматтысячны наклад газеты “Товариш” з альтэрнатыўнай інфармацыяй пра выбарчую кампанію.

Трэба адзначыць, што выбарчыя камісіі амаль цалкам былі сфармаваныя з прадстаўнікоў улады і дзяржаўных прадпрыемстваў, а ў дні папярэдняга галасаваньня ішоў непрыхаваны ўціск на студэнтаў, работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, работнікаў міліцыі і вайскоўцаў. Іх прымушалі прагаласаваць датэрмінова. Пад час галасаваньня назіральнікі паўсюдна выдаляліся з участкаў. Яны ня мелі магчымасьці атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра вынікі выбараў. Такім чынам, былі сфармаваныя ўсе ўмовы для фальсіфікацыі вынікаў выбараў з боку беларускіх уладаў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбываліся на фоне масавых рэпрэсіяў грамадзкіх і палітычных актывістаў, адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі, а таксама культываваньня ў грамадзтве атмасферы страху. У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўляе аб тым, што гэтыя выбары не адпавядаюць асноўным прынцыпам: свабоды, дэмакратычнасьці і празрыстасьці, а вынікі выбараў ні ў якай меры не адлюстроўваюць сапраўднае волевыяўленьне беларускага народа.

Удзел А. Лукашэнкі ў выбарах насіў нелегітымны харакатар і яго далейшае знаходжаньне на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зьяўлеяцца незаконным.

Мы зьвяртаемся да беларускіх грамадзянаў з заклікам не прызнаваць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году і ўсялякімі законнымі сродкамі дабівацца іх адмены.

Мы зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці з заклікам асудзіць “выбарчы фарс”, праведзены беларускімі ўладамі, не падтрымліваць ніякіх кантактаў з узурпатарамі ўлады ў Беларусі.

Мінск, 20.03.2006 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0