Зьміцер Бартосік

Дзесяць гадоў на права перапіскі

1 верасьня 2000 году мусіў цалкам уступіць у сілу Закон аб мовах

 

Гэта значыць, што мы павінны былі б жыць у зьмененай краіне — беларускамоўнай і, верагодна, дэмакратычнай, арыентаванай на Эўропу, без калгасаў, з усеагульнай пашанай да прыватнае ўласнасьці, а значыць, і з рэстытуцыяй, калі экспрапрыяваная маёмасьць была б вернутая колішнім гаспадарам. Беларускамоўныя адукацыя, абслуга, дзяржаўны апарат — а менавіта такімі яны мусілі стаць пасьля поўнага ўступленьня Закона ў сілу — і не прадугледжвалі іншага разьвіцьця агульнага ляндшафту краіны. Ну сапраўды, беларуская мова тут павінна была адыграць ня столькі нават фармальную ролю, колькі псыха-лінгвістычную. Бо цяжка ўявіць сабе вэтэрана-сталініста, які б афармляў свае штампы-сэнтэнцыі ў беларускую моўную абалонку. Або — прарасейскае рабалепства афіцыйнай праваслаўнай царквы, якое б выказвалася шчырымі беларускімі словамі. Ды й тыя сэлектарныя нарады зь іхнай непачцівасьцю да ўзросту і досьведу ўдзельнікаў, чынавенскім хамствам... Беларушчына мусіла зьмяніць традыцыйны савецкі лад дачыненьняў, заснаваны на вялікай і малой хлусьні, бо тая хлусьня, якую неяк прыладкаваліся перакладаць на гэткую ж хлусьлівую наркомаўку (якой ніхто зь перакладчыкаў у жыцьці й не карыстаўся), надта б тырчала пры перакладзе на жывую мову. Тут бы выявілася, да прыкладу, і розная эмацыйная афарбаванасьць беларускае і расейскае лексыкі. Прыблізна так, як гэта можна назіраць у Польшчы або ў Літве, дзе, скажам, расейскія псэўдапатрыятычныя выказваньні пра чачэнскіх бандытаў у перакладзе на польскую або літоўскую страчваюць свой накал і гучаць недарэчна і непераканаўча. Як непераканаўча гучаць і папулісцкія выказваньні Лукашэнкі, пераказаныя жывымі беларускімі словамі.

Але закон аб мовах, на ўступленьне якога ў поўную сілу адводзілася 10 гадоў і які мусіў такі запрацаваць 1 верасьня сёлета, у сілу не ўступіў. Верагодна таму і не ўступіў, што інакш было б зьмененае палітычнае, культурнае, а нават і эканамічнае аблічча краіны. Зь іншага боку, ягоная параза пераканала нас, што без такога закону, бяз мовы Беларусь ніколі ня вырвецца з чэпкіх абдымкаў постсавецкае стагнацыі. Менавіта мова — наш шанец разьвітацца зь мінулым і зрабіць крок у будучыню.

Неўступленьне ў сілу беларускага Закону аб мовах стала прычынай і вынікам нашага цывілізацыйнага адставаньня ад суседзяў, якія даўно пераадолелі многія заганы савецкага паўнявольніцкага быту. Чаму ж так здарылася і што адбылося з самым законам, куды прапала ягоная юрыдычная сіла? Пра гэта пойдзе гаворка ў сёньняшнім нумары «НН».

Наўрад ці здагадваліся дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІ скліканьня, якія ў студзені 1990 году прымалі Закон аб мовах у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, што першымі, хто пацерпіць ад іхнай прагрэсіўнай ініцыятывы, будуць узбэкі. Так, так, канкрэтныя ўзбэкі ў адной з вайскова-будаўнічых частак, што дысьлякаваліся ў Волагдзе, і дзе я праходзіў сваю тэрміновую службу. У так званых «страйбатах» не было дзедаўшчыны. Пераважала «зямляцтва» — парадак, пры якім панавалі тыя, чыя нацыя пераважала ў казарме. Дзякуй Богу, апошні год маёй службы прыпаў на «беларускую ўласьць». Менавіта так гэта называлася.

Газэты й часопісы на нацыянальных мовах прыходзілі ў частку хоць і са спазьненьнем, але рэгулярна. У пачатку сьнежня прыйшла й тая «Звязда», дзе быў надрукаваны «Закон аб мовах». На маё немалое зьдзіўленьне, газэта сярод «бульбашоў» карысталася надзвычайнай папулярнасьцю. Раптам высьветлілася, што мае расейскамоўныя саслужбоўцы з Магілёўшчыны й Віцебшчыны ведаюць даволі шмат беларускіх словаў. А дваццаціпяцігадовы сяржант Толік Тумашэўскі з Воршы, акрамя высачэзнага росту й прыхільнасьці да алькаголю, вылучаецца яшчэ й немалым дарам пэдагогікі. Менавіта ён і наладзіў бясплатныя ўрокі беларускай мовы для «воінаў Ісламу». Ужо праз тыдзень сярэднеазіяты ведалі сэнс такіх словаў, як ануча і «калы ласка, запалка, таварыша сяржант».

Наша служба кацілася да канца, і любая навіна з дому ўспрымалася намі ў крыху гіпэртрафаваным выглядзе. Памятаю тыя дэмбэльскія дыскусіі. «Дык што, калі вернемся, там ўжо усе па-беларуску базараць?» «Ды не. Па закону ж усе даўжны гаварыць толькі ў двухтысячным». «А, ну тагда нічаго. Да двухтысячнага яшчо жыць і жыць...» Ён здаваўся такім далёкім і загадкавым, той двухтысячны, дзе ўсё будзе так фантастычна й незнаёма. А тое, што ў Беларусі ўсе будуць гаварыць па-свойму, нам, дарэчы, не здавалася фантастыкай.

На маю просьбу той час узгадвае старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў:

— Справа ў тым, што к гэтаму часу людзі ўспрымалі ўсё станоўча. Таму што хваля адраджэньня пачалася раней, дзесьці з восемдзесят восьмага году. Ужо адбыліся стотысячныя мітынгі БНФ. Ужо былі тысячы адраджэнцаў, якія на вуліцах размаўлялі па-беларуску. Быў нават рух нацыянал-камуністаў на чале зь Пятром Краўчанкам, калі партыйныя арганізацыі пераводзіліся на беларускую мову. Таму людзі ўспрынялі Закон у асноўным станоўча. Тым больш, ня трэба забываць, што ў межах СССР адбылася перабудова, і многія рэспублікі ўжо прынялі адпаведныя законы. І людзі ведалі. Таму прыхільнікаў было намнога больш, чым адмоўнікаў. Камуністы наладзілі грамадзкае абмеркаваньне Закона аб мовах, думаючы, што яно праваліцца. Паступіла, па-мойму, чатырнаццаць альбо пятнаццаць тысяч лістоў грамадзян, і аказалася, што працэнтаў восемдзесят «за», а працэнтаў дваццаць «супраць». І гэта быў козыр для дэпутатаў. Так што народ к гэтаму закону быў гатовы. Тым больш, што закон быў даволі слабы, даволі памяркоўны. Усе нашыя суседзі давалі пяць гадоў, а мы давалі дзесяць. Наш закон быў самым мяккім з усіх законаў СССР. Чаму радыкальная інтэлігенцыя і была супраць, напрыклад. Я й сам лічыў, што зашмат дзесяць гадоў. Трэба пяць-шэсьць. І цяпер так лічу. Каб далі менш, хутчэй бы за гэтыя пяць гадоў беларусізаваліся.

Далёка ня ўсе, дарэчы, ведаюць пра ролю дэпутатаў расейскай культуры ў лёсе таго закону. Сёньня, празь дзесяць гадоў некаторым фактам ды імёнам гісторыя пачынае плаціць удзячнасьцю. Для мяне, напрыклад, быў прыемным адкрыцьцём той факт, што наш Закон аб мовах, які ўжо было зьбіраліся заваліць, выратаваў актор расейскага тэатру Расьціслаў Янкоўскі. Вось што ўспамінае Алег Трусаў:

— Калі прымалі Закон аб мовах, супраць выступалі бюракраты мясцовай гадоўлі. І калі Янкоўскі выступіў — са сваім шармам — і сказаў: «Ды што вы робіце! Ды давайце прымем,» — толькі чалавек дваццаць прагаласавалі супраць. Тое самае было і ў нас, калі канчаткова прымалася канстытуцыя. Вэтэраны не хацелі галасаваць за беларускую мову — маўляў, толькі дзьве мовы. І калі выступіў іх нефармальны лідэр генэрал Гетц, які ў танку гарэў, калі вызваляў Беларусь... Ён, канечне, быў чалавек сталінскіх паглядаў, але вельмі сумленны. Ён сказаў: «Ды навошта нам раскалваць грамадзтва? Сябры, давайце прымем: дзяржаўная мова — беларуская, а расейская — мова міжнацыянальных зносін. Авацыя ў залі, і на табло дзьве трэціх. Таму і Янкоўскі, і Гетц — гэта людзі, якія вартыя таго, каб іх імёны засталіся на скрыжалях беларускага пісьменства.

На жаль, не знайшоў я цяпер у Менску Расьціслава Янкоўскага, недзе ён у адпачынку. Але нагода сустрэцца зь ім, бадай, большая за каляндарныя прывязкі. Таму гутарка адкладаецца на пазьнейшы час.

Сёньня ж, гартаючы цененькую брашурку Закона аб мовах, набытую мною адразу пасьля дэмабілізацыі, я пачуваюся нават крыху сьмешна. Як з такім, больш чым памяркоўным законам, зьбіраліся пераламіць моўны рэжым савецкай рэспублікі? Відавочна, што гэты дакумэнт быў асуджаны на паразу ў бітве з нашмат больш важкімі законамі гісторыі. Усе гэтыя юрыдычныя лазейкі кшталту «або іншая прымальная мова» не пакідалі ніякіх шанцаў прыхільнікам моўнай рэвалюцыі. Зрэшты, пачатак быў пакладзены. Мэта таксама была бачная — 1 верасьня 2000 году, калі, згодна з Законам, па-беларуску павінны былі загаварыць суды й пракуратуры. Ім чамусьці далі самы вялікі тэрмін на навучаньне — як самым тупым, ці што... Пасьля ўсіх паштамтаў, крамаў ды даведачных бюро, якім на вяртаньне сьвядомасьці даваліся першыя тры-пяць гадоў.

Сам я першага верасьня дзевяноста трэцяга году, так бы мовіць, году першай чаргі Закона аб мовах, сустрэў у горадзе Слоніме, у кампаніі са сваім расейскім кузэнам, што прыехаў паглядзець на блізкае замежжа, пакуль яно яшчэ ня стала незваротна далёкім. Зрабіўшы сабе й кузэну невялічкі падарунак у выглядзе чорнай шапачкі з доўгім брылём і белаю «Пагоняй» над ім — плён нацыяналістычнага парыву мясцовай лёгкай прамысловасьці — мы заваліліся ў мясцовую рэстарацыю «Шчара», дзе я вырашыў праверыць, як закон суадносіцца з рэальным жыцьцём. І во дзіва! Закон дзейнічаў! Немаладая савецкая афіцыянтка выдатна мяне разумела, і без памылак адказвала. На яе фразу «зараз прынясу рэшту», я адказаў ад усёй душы — «Дзякуй! Рэшты ня трэба!» Кузэн пазіраў на мяне, як на жывога амэрыканца. Сказаў толькі: «А я ведь ни хрена и не понял». «Это Белоруссия. Понял?» — адказаў я, вельмі горды за сваю краіну. Як вядома, верасень дзевяноста пятага году, калі павінна была ўступіць другая чарга Закону, быў адменены траўнем.

Даволі цяжка ўявіць карціну нашага жыцьця, калі б той закон выконваўся ўсімі. Мы б мелі ня толькі беларускамоўныя школкі й садочкі. Але і, магчыма, такія праблемы, як моўны раскол у войску, моўная дыскрымінацыя ў сфэры абслугоўваньня ці хуліганства на лінгвістычнай глебе. Што ж сталася з тым Законам? Гаворыць спадар Трусаў:

— Рэч у тым, што ён афіцыйна зьменены. Не адменены, а ў яго палата ўнесла такія зьмены, што фактычна яны яго вылегчалі. Там увялі такія дробязі, якія яго зрабілі фактычна мёртвым — «ці-або». Шыльды могуць быць ці па-беларуску, ці па-расейску. І гэтак далей. І ўставіўшы вось гэтыя рэчы, яны далі магчымасьць не ўжываць беларускую мову афіцыйна ўсім, хто ня хоча ёю карыстацца. Вось ганебная сутнасьць новых дадаткаў да старога закона. Адзінае, што нас цяпер ратуе — гэта пяцідзясяты артыкул дзейнай канстытуцыі, апошняй. Там усё ж застаўся запіс, што кожны мае права валодаць роднай мовай і гэтак далей... І калі мы з чыноўнікамі вядзём перапіску, яны нам закон дасылаюць, а мы ім дасылаем артыкул канстытуцыі й мы выйграём, бо канстытуцыя вышэй.

Гэты закон даў нам пяць гадоў. Роўна столькі, колькі было ў нас у дваццатыя гады, падчас беларусізацыі. Але за гэтыя пяць гадоў, паколькі закон прыпаў на незалежнасьць, было зроблена ў пяць ці шэсьць разоў больш, чым у тыя пяць гадоў другой паловы дваццатых. Я вам скажу статыстыку. Зь дзевяностага па дзевяноста пяты год беларускамоўных выданьняў валам было зроблена роўна столькі, колькі за чатырыста гадоў, пачынаючы ад Скарыны. Мы палічылі. У гэты час выйшлі ўнікальныя энцыкляпэдыі, выйшлі кнігі нашай эміграцыі, упершыню наша беларуская плынь злучылася. І па-трэцяе, беларуская школа вярнулася ў горад. У Менску к дзевяноста пятаму году ўжо больш паловы вучняў вучылася па-беларуску. Гэты закон зрабіў працэс адраджэньня незваротным. Вось бачым вынікі перапісу. Вазьміце вынікі да закону і пасьля. Мы атрымалі трыццаць сем працэнтаў, якія заявілі, што кожны дзень па-беларуску гавораць.

Дарэчы будзе згадаць, што менавіта законы аб мовах сталі першымі здабыткамі постсавецкіх краінаў — ужо пасьля пайшлі сувэрэнітэты і незалежнасьці, разьвітаньні з сацыялізмам. Але найперш было зьнятае тое імпэрскае прыцягненьне, расьсечаны той ланцуг, якім калёніі былі прывязаныя да імпэрскае мэтраполіі.

Усё, што адбылося ў Беларусі за гэтыя дзесяць гадоў — было толькі вяртаньнем, у якім фактычная ліквідацыя закона аб мовах стала галоўнай вяхою. Але вяртаньне не прынесла ані здабыткаў, ані адчуваньня сатысфакцыі ці якога рэваншу ні ініцыятарам, ні ўсім астатнім. Бо таго, што можа і сагравала чыесьці душы за савецкім часам — ня вернеш. А беднаваты, шэраваты, аднастайны тагачасны антураж тых пачуцьцяў — зусім ня тое, да чаго б імкнуўся хоць хто, хоць бы і самы заўзяты цемрашал. Што гэта значыць? Гэта значыць, што любы поступ для Беларусі — краіны, нацыі, чалавека — ляжыць у тым самым накірунку, куды памкнуліся былі дзесяць гадоў таму. Гэта значыць, што рана ці позна давядзецца адмяняць усё наварочанае за мінулыя пяць гадоў і пачынаць той самы шлях спачатку. І зноў галоўнай вяхою будзе аднаўленьне дзейнасьці закона аб мовах.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0