Наша і ня наша самадзейнасьць

Недзяржаўныя арганізацыі адказваюць на ціск уладаў умацаваньнем сваёй супольнасьці

 

Я належу да таго пакаленьня, якое яшчэ зьведала акцябрацкія сходы, піянэрскія гальштукі і камсамол. Сяброўства ў гэтых арганізацыях лічылася ганаровым і абавязковым для ўсіх, хто хацеў атрымаць адукацыю і працягваць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. Калі я паступала ва ўнівэрсытэт, памятаю, у анкеце трэ было запаўняць адпаведны радок. Нас усіх зьдзівіла, што на наш курс прынялі двух некамсамольцаў – гэта была вялікая рэдкасьць, якую хутка выправілі, амаль адразу абавязаўшы навасьпечаных студэнтаў стаць сябрамі «ўсесаюзнага ленінскага».

Прайшло больш за дзесяць гадоў з таго часу, і мы неяк разважалі пра значэньне ўдзелу ў камсамоле з Адамам Глёбусам. Ён распавёў мне гісторыю пра свайго сябра-мастака Гену Хацкевіча, які, як і Глёбус, вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Паколькі Гена вызначаўся бясспрэчнымі здольнасьцямі, на ягоную бессаюзную сутнасьць заплюшчылі вочы, і ён стаў студэнтам. Таленавіты і энэргічны Гена выступіў з ініцыятывай ладзіць студэнцкія выставы і арганізоўваць іншыя цікавыя імпрэзы. Яго падтрымала кіраўніцтва інстытуту і ў хуткім часе праца закіпела. Усё атрымлівалася найлепшым чынам, і ўсьцешаныя актыўнасьцю маладога мастака інстытуцкія начальнікі прапанавалі яму ўзначаліць студэнцкі камсамол, бо, на іх думку, толькі камсамольцы маглі быць самымі-самымі і толькі пад сьцягам гэтай маладзёвай арганізацыі, як здавалася, маглі рэалізоўвацца падобныя ініцыятывы. Гена даў згоду – чаго ня зробіш дзеля спаўненьня жаданьняў. Цягнулася гэта больш за год, а потым да інстытуцкага камсамольскага лідэра падышлі з пытаньнем – нешта мы ня можам знайсьці вашай уліковай карткі. «А яе й няма», – адказаў Хацкевіч. Такога падману і зьдзеку са сьвятой камсамольскай справы сьцярпець не маглі – Гену выключылі з інстытуту (праўда, праз год узнавілі, бо – талент!).

Так было пару дзесяцігодзьдзяў таму. А што сёньня? Тут нам прыйдзецца зьмяніць танальнасьць размовы.

Фактычна па распадзе савецкай сыстэмы захавалася сытуацыя, калі частка грамадзкіх арганізацыяў застаюцца прыдзяржаўнымі, як раней, напрыклад, камсамол, які лічыўся грамадзкай арганізацыяй, а на самой справе зьяўляўся дзяржаўнай структурай. Гэтая ж сытуацыя заставалася і да прыходу да ўлады А.Лукашэнкі. Першы беларускі прэзыдэнт апроч захаваньня старых структураў стварыў яшчэ й аналягічныя ім цалкам свае, напрыклад, замест камсамолу — БПСМ (вядомы як «лукамол»).

Узьнікненьне падобных псэўдаграмадзкіх аб’яднаньняў — тыповы атрыбут нават не аўтарытарнага, а таталітарнага грамадзтва. Яны ствараюцца ўладай і існуюць дзеля абслугоўваньня ідэалёгіі. Адпаведна, такім арганізацыям аказвалася і аказваецца падтрымка і ўсялякае спрыяньне. Ім выдзяляюцца сродкі з нацыянальнага бюджэту, значыць, усе мы, падаткаплатнікі краіны, іх фінансуем са сваёй кішэні – акцэптуем мы іхную палітыку ці не. Калі сябрам адной маладзёвай арганізацыі дзяржава забясьпечвае 15% скідкі ў хімчыстках (можа, таму, што яны пэцкаюцца, уступаючы ў гэты свой саюз?), дык менш ляяльную моладзь чакаюць ганеньні і ўціск – ці гэта не правакаваньне ціхай грамадзянскай вайны?

Іншы прыклад. У Беларусі амаль каля ўсіх раённых аддзяленьняў міліцыі створаныя нібыта грамадзкія арганізацыі, «Фонд «Ахова», «Фонд «Шчыт і меч» і г.д. Многія ўладальнікі машынаў у Менску сутыкаліся зь неабходнасьцю заплаціць пэўную суму грамадзкай арганізацыі, створанай пры аддзяленьні міліцыі, калі хочаш атрымаць нумар. Тое самае прыгаджаецца пры атрыманьні, напрыклад, дазволу на атрыманьне пячаткі пры рэгістрацыі фірмы. Такога кшталту паборы незаконныя, але яны ёсьць, і іх ні падаткавыя інспэкцыі і ніякі чорт не бярэ. У адрозьненьне, напрыклад, ад гомельскіх «Грамадзкіх ініцыятываў» (ачольваных Віктарам Карняенкам), якія за апошнія паўтары гады падаткавікі правяралі 7(!) разоў.

Дзяржаўныя структуры Беларусі фактычна падзялілі грамадзкі сэктар на «сваіх» і «чужых». Адным грамадзкім аб’яднаньням раздаюць розныя ільготы, другім, якія хочуць існаваць незалежна ад зьменлівай дзяржаўнай ідэалёгіі, пагражаюць зьнішчэньнем. Нішчаць па-рознаму, найперш з дапамогай мераў, прадугледжаных дэкрэтам А.Лукашэнкі «Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». Згодна з гэтым дакумэнтам, забараняецца дзейнасьць незарэгістраваных структураў, у той час як ува ўсім цывілізаваным сьвеце гэта права грамадзянаў — фармалізавацца ці не. Такая ж сытуацыя раней была і ў Беларусі, дзе палова арганізацыяў мелі юрыдычны статус, а палова – не. Зараз заканадаўчымі мерамі створаныя такія ўмовы, якія забараняюць дзейнасьць і нават існаваньне любых ініцыятываў, што не атрымалі дабра органаў юстыцыі, за якімі маячыць злавесная надзаконная камісія на чале з У.Замяталінам.

Цяпер група грамадзянаў, аб’яднаных пэўным інтарэсам, якія не жадаюць быць фармальнай структурай, аўтаматычна падпадаюць пад адказнасьць згодна з Адміністрацыйным кодэксам. Нават калі яны проста зьбіраюцца разам і, напрыклад, ходзяць у вандроўкі, называючы сябе нейкай краязнаўчай групай – закон не пакідае ім такога права. З усіх бакоў беларусам пагражаюць кары і адказнасьць.

Між тым, 43% беларускіх грамадзкіх арганізацыяў увогуле не далі перарэгістравацца. Я працую ў Праваабарончым цэнтры «Вясна» і распавяду пра нашую «гісторыю». У 1998 годзе ПЦ «Вясна-96» быў зарэгістраваны як гарадзкая арганізацыя і дзейнічаў даволі актыўна. Адчуваючы пэўную небясьпеку распачатай дзяржавай кампаніі перарэгістрацыі, мы вырашылі адначасова зь перарэгістрацыяй гарадзкой распачаць рэгістрацыю рэспубліканскай арганізацыі. І гэта быў мудры крок, бо «Вясьне-96» было адмоўлена ў перарэгістрацыі дзеля зусім нязначных статутных заўваг. Тады засталася іншая «Вясна», своечасова падрыхтаваны запасны аэрадром.

Адмаўляюць у рэгістрацыі з самых розных прычынаў. Найбольш частая — немагчымасьць рэгістраваць грамадзкія арганізацыі па месцы жыхарства іхных удзельнікаў. Арганізацыя мусіць шукаць нейкі офіс для юрыдычнага адрасу, хоць людзям часам гэта зусім і не патрэбна. Чаму, напрыклад, таварыства кактусаводаў ня можа мець юрыдычнага адрасу ў жылым доме аднаго зь ягоных сяброў? Але і яны павінны шукаць юрыдычны адрас, а ў нашай краіне гэта ня так проста зрабіць.

У адмовах на рэгістрацыю іншым часам даходзіць да абсурду – арганізацыям адмаўлялі на падставе таго, прыкладам, што надзаконная замяталінская камісія палічыла людзей, заяўленых як заснавальнікі, няздольнымі выконваць тыя мэты, якія ставіць перад сабой арганізацыя. Напрыклад, такую адмову атрымаў аналітычны цэнтар на чале з аналітыкам Уладзімерам Роўдам. Абсурд? Абсурд пануе ўсюды, дзе юрыдычным органам ставяць задачу не дапамагаць грамадзкім арганізацыям у разьвіцьці, а выконваць выключна карныя функцыі.

Гэтак, увесь Менск сьмяяўся з анэкдоту: БАЖу далі папярэджаньне за тое, што на ягонай пячатцы былі словы «Грамадзкае аб’яднаньне Беларуская Асацыяцыя Журналістаў», а Фонду «Архэ» адначасова далі папярэджаньне за тое, што на ягонай пячатцы словаў «грамадзкае аб’яднаньне» не было.

З пачаткам «зачысткі» трэцяга сэктару ўсё часьцей стала гучаць назва «Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў» у сувязі з абвешчанай ёю SOS-кампаніяй, накіраванай на дапамогу грамадзкім арганізацыям ў барацьбе за права на існаваньне. Пэрыядычна згадкі пра яе можна пачуць то ад Зімоўскага, то ад нейкіх дзяржаўных чыноўнікаў. Асамблея, якую з чэрвеня ўзначаліў Алесь Бяляцкі, налічвае больш за 500 сяброў і існуе як добраахвотнае аб’яднаньне незалежных арганізацыяў, што вырашылі каардынаваць свае дзеяньні і супрацоўнічаць. Галоўнае, каб арганізацыі падзялялі асноўныя прынцыпы кааліцыі – выступалі за незалежнасьць Беларусі, рынкавыя рэформы, інтэграцыю ў Эўрапейскую супольнасьць, павагу да правоў чалавека. Частка сяброў Асамблеі не прайшлі перарэгістацыі, частка заўсёды існавала нефармальна, нават не спрабуючы рэгістравацца, паколькі для сябе гэта лічаць непатрэбным. З далучэньнем да Асамблеі недзяржаўная арганізацыя перастае быць самотнай у барацьбе за свае правы. Існаваньне такой Асамблеі – важнае вязьмо ў справе стварэньня моцнага і здольнага абараніць сябе беларускага незалежнага грамадзтва.

Супрацьстаяньне незалежнага трэцяга сэктару і існуючай беларускай дзяржавы — натуральная ў нашых умовах зьява. Жаданьне аўтарытарнай улады кантраляваць абсалютна ўсё, што адбываецца ў краіне, вынікае з боязі, што непадкантрольныя ёй ініцыятывы ператвараюць грамадзянаў краіны з рабоў усёмагутнай дзяржавы ў людзей, здольных самастойна і адказна вырашаць ейны лёс.

Тацяна Равяка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0