Nicht Wahl!

 

Лідэр «Грамадзянскага форуму» У.Навасяд за кампанію ўвогуле разам зь вядомымі аматарамі палітыкі і расейскага краснага пісьменства А.Фядутам і В.Абрамавай наўпрост падпісаў ліст да эўраарганізацыяў з просьбай даслаць назіральнікаў на выбары. Маўляў, прызнайце, калі ласка, Лукашэнку, каб змагло нарэшце адбыцца законнае зьліцьцё Беларусі з радзімай найлепшага краснага пісьменства на сьвеце.

Апошняе большасьць дэлегатаў зьезду палічыла сапраўднай здрадай Бацькаўшчыны і зьнявагай партыі. Лідэр гомельскіх «грамадзянаў» Ю.Варонежцаў заклікаў выключыць з партыі ўсіх, хто пайшоў на выбары, але не на зьезьдзе («замнога чэсьці»), а на пярвічках, і яго падтрымала воплескамі ладная частка дэлегатаў. У рэгіёнах людзі, не разбэшчаныя заігрываньнямі ўладаў, лепш разумеюць нерэальнасьць дабіцца мінімальнай сумленнасьці «вэртыкалі» на гэтых выбарах.

У сваім дакладзе Анатоль Лябедзька падрабязна спыніўся на тым, якую небясьпеку для беларускай незалежнасьці нёс бы ўдзел апазыцыі ў гэтых выбарах і легітымізацыя безуладнай «палаты». Ён апавёў пра высілкі І.Іванова, міністра замежных справаў Расеі, і Я.Прымакова, яе неафіцыйнага эмісара, у справе легітымізацыі іх. Першы разаслаў лісты ўсім краінам-сябрам АБСЭ напярэдадні Венскай нарады, а другі меў адмысловае спатканьне з Г.Салянам, даючы з боку Расеі гарантыі свабоднасьці будучых выбараў. Раз Расея і Лукашэнка адчуваюць такі дыскамфорт ад непрызнаньня выбараў законнымі, раз яны робяць такія нечуваныя высілкі, каб толькі Эўропа даслала афіцыйных назіральнікаў у кастрычніку, значыць, трэба і далей рабіць усё, каб такога не адбылося, нельга іграць па правілах уладаў і Расеі. Ён скрытыкаваў спробы ўладаў зацягнуць апазыцыю на выбары любымі мэтадамі, ня грэбуючы нават фальшаваньнем перакладу рашэньня Венскай нарады: той, які зьявіўся ў МЗС, перакручвае арыгінал на карысьць уладаў.

А.Лябедзька адкінуў думку, тыражаваную афіцыйнымі СМІ, нібыта ў шэрагах апазыцыі адбыўся раскол. Раскол ідзе толькі ў «Народнай Грамадзе», адкуль пачынаюць бегчы актывісты, заявіў ён, а астатнія пяць партыяў Каардынацыйнае Рады выступаюць адзіным фронтам. Што ўвосені, на думку аб’яднаных грамадзянаў, мае ператварыцца ў адзіную Дэмакратычную Кааліцыю за перамены, якая б і вылучыла адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Амаль усе выступоўцы падтрымалі А.Лябедзьку. Павал Данэйка, якому спэцслужбы сулілі цімала дабротаў, абы ён толькі вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах, заявіў: «Нам прапануюць выбары па прызначэньні, калі ў парлямэнт прапусьцяць пэўную колькасьць дэпутатаў і ад апазыцыі, але толькі тых, якіх прызначыць улада. Калі мы прымаем гэтую прапанову, мы пагаджаемся з адсутнасьцю права выбару для народу назаўжды». Яго прадоўжыла Людміла Гразнова: «Легітымізуючы палату, мы ставім крыж на незалежнасьці Беларусі». І «нельга здаваць Кудзінава і Клімава, нельга дараваць Захаранку і Ганчара, недаравальна было б перад арыштаванымі і катаванымі 25 сакавіка».

Зь іншага боку асобныя выступоўцы, у прыватнасьці намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Цярэня, безумоўна далучаючыся да адмовы ўдзельнічаць у выбарах, выказвалі сумневы наконт тактыкі актыўнага байкоту, прапануючы проста ігнараваць парлямэнцкую валтузьню.

Сярод дэлегатаў таксама гучала незадавальненьне ідэяй асабліва моцнай агітацыі супраць выбараў у тых акругах, дзе балятуюцца незалежныя кандыдаты дэмакратычнай арыентацыі. Гэта, гаварылі ў кулюарах, моцна пацешыла б Лукашэнку, каб дэмакраты біліся паміж сабой, забываючыся на супольнага праціўніка. Гэтага ўрэшце і дабіваюцца ўрадавыя СМІ, нацкоўваючы адных на адных. Як прыклад прыводзілі суботні выступ М.Статкевіча ў «Панараме», накіраваны якраз выключна супраць сваіх жа.

Такая засьцярога знайшла свой выраз у рэзалюцыі зьезду, якая прадугледжвае ў час кампаніі «актыўнага байкоту» «супрацьдзейнічаць тым кандыдатам, што падтрымліваюць рэжым». Значыць, апазыцыя глушыць пачатковыя эмоцыі, кіруецца розумам, не паддаецца на пад’юджваньні звонку і, найхутчэй, адновіць сваё адзінства неўзабаве па парлямэнцкай кампаніі.

Фінал зьезду быў прымірэнчы. Васіль Шлындзікаў узяў назад свае словы пра магчымы сыход з партыі. Зьезд даслаў таксама С.Багданкевічу ліст з выражэньнямі павагі і заклікам заставацца на пасадзе ганаровага старшыні (той замест зьезду паехаў на міжнародную канфэрэнцыю ў Польшчу). А сяброўства ў партыі Навасяда было проста прыпыненае. Затое А.Лябедзька дазволіў сабе зачытаць прыкры ліст ад У.Навасяда, А.Фядуты і В.Абрамавай у АБСЭ. Пры зачытваньні У.Навасяд з крыкам «Да ўраньё гэта ўсё» выбег з залі…

І ня дужа пісьменныя прамовы выступоўцаў, і іх трохі «сальныя» жарцікі, і прафэсійны склад тых людзей, якіх прымалі ў партыю на зьезьдзе (настаўнік гісторыі, вартаўнік, сакратарка паліклінікі, электраманцёр, дырэктар малога прадпрыемства, Васіль Якавенка…), і куцаватая беларуская мова А.Лябедзькі падчас фармальнай часткі зьезду, дый сам выгляд дэлегатаў сьведчыў пра тое, што ніякая АГП цяпер не лібэральная, а звычайная правая народная партыя. Яна мела стаць партыяй эманцыпаванай намэнклятуры, прадпрымальнікаў і інтэлігенцыі. Але самастойную намэнклятуру Лукашэнка раздушыў, прадпрымальнікі – мізэрная ў Беларусі група, а інтэлігенцыя застаецца верная безумоўна нацыянальнаму БНФ. Таму АГП аказваецца разначыннай і ня менш народнай, чым Народныя Франты і Народныя Грамады. Значыць, нішто, апроч падкопаў з варожага лягеру, не перашкаджае цяпер ідэалягічна аб’яднаньню апазыцыі ў адзіную партыю. І нішто больш не апраўдвае прамаруджваньня з гэтым. Калі б новы народны фронт «Беларусь – у Эўропу» паўстаў за паўгоду перад гэтымі парлямэнцкімі выбарамі, ён меў бы ўсе шанцы перамагчы ўжо на іх. Калі ён не паўстане за паўгоду перад прэзыдэнцкімі, ён прагаўроніць і тыя.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0