Юры Грыбоўскі

Таўро няслаўя на змагарох з гітлерызмам

 

На працягу ўсяго паваеннага часу пра ўдзел беларусаў у другой сусьветнай вайне на баку заходніх хаўрусьнікаў анічога не гаварылася. Радзіма не знайшла ніякай іншай падзякі гэтым вайскоўцам, якія пры канцы 40-х павярталіся ў Беларусь, як кайданы і высылка. Гэта адбылося ўначы з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году, калі з тэрыторыі БССР органамі МГБ былі арыштаваныя і вывезеныя ў Іркуцкую вобласьць былыя жаўнеры войскаў альянтаў. Гэткая ж акцыя савецкіх карных органаў была праведзеная ў суседняй Віленшчыне, дзе такі лёс напаткаў сорак жыхароў. Разам з вайскоўцамі былі выселеныя іхныя сем’і. Да далёкага Іркуцку шмат хто гэтак і не даехаў, сканаўшы па дарозе.

Трагічную падзею звыкла называюць высылкай «андэрсаўцаў». Пасьля дамовы паміж польскім эмігранцкім урадам Уладыслава Сікорскага і савецкім ад 23 жніўня 1941 году аб стварэньні на тэрыторыі Савецкага Саюзу Польскага Войска зь ліку польскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў савецкіх лягерах яшчэ зь верасьнёўскай кампаніі 1939 году, у шэрагі наваствораных частак патрапіла надта шмат жаўнераў беларускага паходжаньня. Нягледзячы на сваё няпольскае паходжаньне, яны, з мэтай хутчэй пазбавіцца перасьледу савецкіх карных органаў, на правох былых грамадзянаў ІІ Рэчы Паспалітай, рынуліся ў Армію Андэрса. Сярод іх быў недзе і брат Ларысы Геніюш — Аркадзь Міклашэўскі, які загінуў у Італіі ў ліпені 1944 году падчас баёў на Адрыятычным узьбярэжжы, а не пад Монтэ-Касына — як уважалася раней. Паводле зьвестак саміх удзельнікаў і сьведкаў, беларусы складалі ня менш як 30% ад агульнай колькасьці асабовага складу Польскага Войска ў СССР. У складзе Арміі Андэрса нашы землякі прайшлі праз Ірак, Палестыну, Эгіпет, а таксама баёвае хрышчэньне ў славутай італьянскай кампаніі, скончыўшы свой баёвы шлях у 1946 годзе ў Ангельшчыне. Каля трохсот нашых суайчыньнікаў палеглі ў часе бітвы за Монтэ-Касына. У 1951 годзе мясцовыя вайсковыя могілкі наведаў тагачасны прэзыдэнт Рады БНР інжынэр Мікола Абрамчык і ўшанаваў памяць палеглых землякоў.

Менавіта былыя вайскоўцы з войска заходніх хаўрусьнікаў сталіся на эміграцыі стрыжнем, вакол якога пачаў яднацца беларускі вайсковы рух па-за межамі Беларусі. Бо ж некаторыя беларусы знаходзіліся ў складзе адной з элітных частак, вартавой роце пры камандаваньні Польскага Войска на Сярэднім Усходзе, як, напрыклад, ураджэнец Лідчыны Браніслаў Качалка. Жаўнеры-беларусы адрозьніваліся сваім гераізмам і зацятасьцю ў часе бітваў.

Сярод вывезеных у Іркуцкую вобласць у 1951 годзе ёсьць шмат вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у баёвых дзеяньнях ня толькі ў Італіі, але і ў Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах. Абставіны, якія закінулі простых беларускіх сялян у Заходнюю Эўропу і прымусілі апрануць вопратку брытанскага жаўнера — розныя.

Па-першае, частка беларусаў апынулася ў ліку асобаў, якія ў Пэрсіі былі ўвосень 1942 году вылучаныя і накіраваныя на Брытанскія выспы дзеля папаўненьня і фармаваньня Польскіх Збройных Сілаў, якія кватараваліся ў Вялікай Брытаніі. Тамака большасьць зь іх накіраваныя ў 1-ю Панцырную дывізію і 1-ю Брыгаду стральцоў, якія ўдзельнічалі ў баёх па вызваленьні краінаў Заходняе Эўропы.

Іншая частка беларусаў ахвотнікамі спрычыніліся да польскіх вайсковых злучэньняў пад брытанскай камандай, да вайны жывучы ў Бразыліі і Аргэнтыне. Гэта тыя, хто ў міжваенны час падаўся з Заходняй Беларусі за акіян у пошуках лепшай долі.

За дабрамужнасьць шэраг нашых землякоў былі ганараваныя брытанскімі і польскімі вайсковымі ўзнагародамі — Зоркай вайны 1939-45, Зоркай Нямеччыны і Францыі, а таксама Панцырным знакам і рознымі дывізійнымі памяткамі. Героямі 1-ай Панцырнай Дывізіі былі беларусы Мар’ян Чаховіч з Драгічына, Станіслаў Малецкі з Ваўкавыску, Вацлаў Саўка са Шчучына, Браніслаў Бамбальскі і Станіслаў Петрашкевіч з Пастаўшчыны і шмат іншых. Cваёй крывёю яны пракладалі шлях да перамогі ў часе змаганьняў у Паўночнай Францыі, Заходняй Нямеччыне, Галяндыі і Бэльгіі зь лета 1944 году і да канца вайны — пад Арнэмам і Брусэлем, Амстэрдамам і Дусэльдорфам. З 928 дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі й Літвы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) — 29 жаўнераў 1-ай Панцырнай Дывізіі, якія ваявалі на вышэйзгаданых тэатрах баявых дзеяньняў. Астатнія — вайскоўцы 2-га польскага Корпусу, які змагаўся ў Італіі.

Акрамя беларусаў, якія служылі ў гэткага кшталту вайсковых фармаваньнях, былі й тыя, хто дбаў пра перамогу ў вайсковым лятунстве заходніх хаўрусьнікаў. Савецкія падручнікі па гісторыі пішуць пра вычыны лётнікаў Пакрышкіна альбо Кажадуба, вядомы нам Гастэла, але мала хто ведае, што пілёты-беларусы Каралеўскіх Ваенна-Паветраных сілаў змагаліся з ворагам у нябёсах Ангельшчыны, Нямеччыны, Францыі і Галяндыі. Адзін з гэткіх слынных землякоў — Язэп Дзерагоўскі, які паходзіў зь Лідзкага павету. Ён у міжваенны час служыў у польскім вайсковым лятунстве, таму апынуўся ў лістападзе 1942 году ў Вялікай Брытаніі, дзе быў скіраваны ў дывізіён зьнішчальнікаў. Пасьля вайны ён быў ганараваны Мэдалём лятунства, Мэдалём Вайны 1939-45 і інш. Наша зямлячка з Валожынчыны Амэля Жвірка ў часе вайны апынулася на Брытанскіх выспах і была ў ліку ахвотніцаў, што спрычыніліся да дапаможнай жаночай службы лятунства. На лёсах гэтых людзей магчыма правесьці параўнаньне зь яшчэ аднымі беларусамі — сябрамі Вайскова-Дапаможнай Службы Моладзі, якім давялося абслугоўваць лётніцтва Люфтвафэ. Тады, калі адныя суайчыньнікі вартавалі неба Нямеччыны ад бамбаваньняў заходніх хаўрусьнікаў у шэрагах нямецкіх зэнітчыкаў, іншыя — на брытанскіх самалётах — супрацьстаялі ім. Вось гэткі бязьлітасны віхраслуп чужацкай вайны. Пасьля вяртаньня на бацькаўшчыну рэжым не пашкадаваў анікога зь іх.

Сярод дэпартаваных нельга ня вылучыць Мікалая Ігнатоўскага з Кобрыну, які падчас другой сусьветнай вайны вярнуўся з Аргентыны, дзе да гэтага жыў, і далучыўся да Каралеўскага Ваенна-Марскога флёту, застаючыся брытанскім матросам ажно да восені 1947 году.

Вядомыя таксама моманты, калі пры вызваленьні войскамі заходніх альянтаў Францыі і Заходняй Нямеччыны ў шыхты іхных фармаваньняў уступалі беларусы зь ліку г.зв. «остарбайтэраў», вывезеных раней на прымусовыя працы, гэтак зрабіў нейкі Станіслаў Каноўскі. Даволі малавядомы факт, што ў Італіі падчас штурму ўзвышша Монтэ-Касына 2-м Польскім Корпусам у траўні 1944 году, да заходніх хаўрусьнікаў пераходзілі абаронцы — нямецкія вайскоўцы беларускага паходжаньня. Якія потым прадоўжылі свой шлях жаўнера ўжо ў шэрагах Арміі Андэрса. Варта сказаць, што гэтая дэзэрцыя была даволі масавай, паколькі немцы, ведаючы нацыянальна стракаты склад 2-га Польскага Корпусу, кідалі супроць яго адмыслова сфармаваныя беларускія і польскія легіёны.

Лёсы беларусаў, што ваявалі на заходніх франтох другой сусьветнай вайны, адрозьніваюцца. Але ў савецкай краіне яны былі непатрэбнымі, бо было дастаткова чыннага ўдзелу беларускага народу ў барацьбе з ворагам на баку адной Масквы. Больш за тое, яны разглядаліся як «носьбіты і распаўсюджвальнікі буржуазнага ладу жыцьця, шпіёны іншаземных выведак», бо працяглы час жылі ў Ангельшчыне.

Як узгадвае адзін з былых жаўнераў ПЗСЗ, капрал Язэп Жамойдзін, які прайшоў праз баі ў Італіі, на допытах прымушалі назваць сябе шпіёнам. Падчас ператрусу карнымі органамі былі сканфіскаваныя ўсе памяткі пра службу ў брытанскім войску — Памятны Крыж Монтэ-Касына, фотаздымкі службоўцаў.

Гэта толькі ўрывак з гісторыі… Гісторыі невядомага жаўнера-беларуса, пагалоскі пра якога чуліся нават у далёкай Італіі, дзе ён пакінуў на тамтэйшых вайсковых могілках блізкіх сяброў і папросту землякоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0