Адам Глёбус
На роўным месцы
Аўтапартрэтнае апавяданьне
Курортная раніца. Ідылія. Замовіў каву й думаю: з цукрам піць ці без. Ня выпіў. Разьліў на белы стол і сабе на шорты, і на майку. І цукарніцу разьвярнуў. А ўсё з-за восаў, іх процьма наляцела. Ну, не зусім процьма, а так, пара-тройка зунзоніла над маімі каленьмі, над каваю, над цукрам. Я іх хацеў адагнаць, і гарачая кава апякла мне жывот. Каб не парэзаны сярэдні палец на правай руцэ, я б іх спрытна адагнаў і папіў бы кавы. Ну, ды Бог зь ёй, з каваю. І з восамі я не люблю змагацца. Чым больш іх ганяеш, тым больш нахабна яны да цябе лезуць, а калі адганяць іх мяккімі рукамі — адлятаюць. Восы разумныя і любяць кроў. І прыляцелі яны на пах маёй крыві. У мяне парэзаны палец, як ужо казаў, і чатыры драпіны на левай далоні. Іх мала і можна палічыць. А вось драпіны на левым сьцягне я лічыць не зьбіраюся, іх шмат. Усё сьцягно, як падранае зьвярынымі кіпцямі. У доўгіх драпінах і пісягах. Страшна глядзець. І калені ў драпінах і ранах, нібыта хто сякераю пацюкаў. Глыбакавата пасек. Калені мне галяндкі плястырам заляпілі. Спачатку мяне лекавалі галяндкі, а потым п’яныя літоўкі, бо галяндкі настойвалі, каб я пайшоў у лякарню. Я паслухаўся й пайшоў. Усё гэтае залепліваньне, замазваньне зялёнкаю, прамываньне перакісьсю каштавала 21 літ, але калі я сказаў, што мне без патрэбы, літоўкі задаволіліся 20 літамі. Я спытаўся ў іх, ці можна мне купацца ў моры. Яны сказалі, можна. Гаварылі яны павольна-павольна. І не таму, што мовы славянскай ня ведалі, а таму, што былі ўшчэнт п’яныя. Раніца, панядзелак, а доктаркі добра так прынялі, бо ў іх, ты разумееш, сьвята — дзень узьнясеньня Божай Маці Марыі на неба. Сьветлы такі дзень, і можна піць на працы, ніхто не асудзіць. І я не асуджаю. Хоча чалавек піць — шклянку яму ў руку. І як можна кепскае думаць пра жанчын, а тым больш пра жанчын, якія цябе лекуюць, і якія сказалі, што калена зашываць ня трэба. Зрасьцецца само. Яны доктаркі, ім лепш відаць. Праўда, і галяндка сказала, што яна доктарка. І выглядала яна на сапраўдную доктарку. Усе чатыры жанчыны выглядалі на доктарак і былі ў тым узросьце, калі так адразу й ня скажаш, займаюцца яны сэксам, ці ўжо пакінулі сябраваць з Эротам. А вось з мастацтвам яны ўсе сябруюць. Тая, што мазала зялёнкаю, так і сказала: зараз намалюю табе карціну-татуіроўку, вельмі модна хадзіць па пляжы з татуіроўкамі. Выдатны твор у яе атрымаўся. Можаш мне адсекчы нагу да калена, калі памылюся. Але ні ў кога на ўсім Балтыйскім моры няма такіх мастацкіх драпінаў, як у мяне. Галяндкі не малявалі, як літоўкі. Яны мылі раны антысэптыкам для вачэй, нейкі новы безалькагольны антысэптык. Мне нават і не пякло. І плястыр у іх быў выдатны, цялеснага колеру ў чорныя бубачкі. Наогул у іх быў вялікі ручнік з кішэнямі, поўны розных лекаў. У мяне меўся просьценькі ручнік, і я яго ўвесь перапэцкаў у сваю кроў. А галяндцы — багатыя людзі, прыехалі ў Ніду на вялізным фургоне, сядзелі сабе, сьнедалі, а тут — я ўвесь у крыві. Сапсаваў ім сьняданак. А можа і не сапсаваў, бо дактары да крыві прывучаныя. А вось сваю раніцу я сапсаваў адназначна, калі нырнуў зь пірса. Я ж ня ведаў, што за трыццаць мэтраў ад берага вады будзе крышку вышэй майго пабітага калена. Да пірсаў жа мусяць падплываць караблі, ну, не караблі, дык чаўны. Добра, што не галавой скокнуў, а плазам. Каб галавою — капец. Дно — камяні ў ракаўках. Гэтыя паскудныя ракаўкі і падралі-парэзалі маё неразумнае цела. Галяндкі ўсё ўшчувалі… Тут жа ніхто не купаецца, тут такая брудная вада. На іх ушчуваньні я пацікавіўся, ці ня будзе ў мяне заражэньня крыві ад такой гнілой вады. Запэўнілі, што ня будзе. Але чаму Вы наважыліся нырнуць менавіта тут? А дзе ж мне было скакаць, калі менавіта ў гэтым месцы боўтнуўся ў ваду мой тэлефончык. Я яго так любіў, як роднага. Акуратненькі, хамэліёнчык, і гук быў выдатны. Брат мне падарыў адмысловую зашчапку, каб тэлефон чапляўся на пас. Ну я й чапляў. Вельмі зручна, калі тэлефон на пасе, адно кепска, як нахілісься, ён зрэдку адчэпліваўся. Так і здарылася мінулай ноччу. Прыехаў я ў Ніду ўвечары, пакуль засяліўся, распакаваўся, павячэраў — сьцямнела. Але ж хацелася на мора глянуць. Вось і трэба было глядзець. Дык не. Палез памацаць ваду. Ці цёплая, ці можна ўранку пакупацца. Пакупаўся. Цяпер трэба ісьці калена прамываць і перавязваць. Зараз-зараз пайду. Толькі спачатку вазьму запаскуджаны крывёю ручнік і заб’ю гэтую надакучлівую асу.
Ніда. Жнівень 2000 году