Глёбус у часопісе «Аrche»

 

Бронзаўка

Андрэй Савіцкі

Адам Глёбус нагадвае мне бронзаўку — ёсьць такі жук, бліскучы, цяжэнькі. На яго вельмі цікава глядзець, але чамусьці гідка браць у рукі. Гэты жук да людзей дэманстратыўна абыякавы — у адрозненьне, прыкладам, ад вясёленькай божай кароўкі. Цяжка сказаць, наколькі супастаўныя літаратура і энтамалёгія, але ад тэкстаў Глёбуса застаецца адчуваньне не зусім чалавечага бачаньня сьвету. Ня тое, каб узвышанага — анёльскага! дэманскага! — не, БІЯЛЯГІЧНА не зусім чалавечага.

Адаму Глёбусу «выпала жыць у цікавы гістарычны час». І цяпер ужо няма розьніцы, быў бы ён добрым лягерным дзясятнікам ці дрэнным сакратаром партарганізацыі Саюзу Пісьменьнікаў, калі б жыў у зусім іншую гістарычную эпоху. Адзінае правіла гульні цяпер — гэта гульня бяз правілаў. І чалавек Уладзімер Адамчык, і пісьменьнік Адам Глёбус гэта і разумее, і здольны ажыцьцявіць — як у жыцьці, так і ў працах, мастацкіх працах. Хоць, між іншым, называць Глёбуса пісьменьнікам ня хочацца — насуперак ягонаму жаданьню. Для мяне ён мастак — ня толькі па старой памяці, але і паводле тыпу вобразнага мысленьня.

Паводле ARCHE-Адам Глёбус

 

Дэманічны мэтафарыст

Ян Максімюк

Выданьне «Дамавікамэрону», адной з найцікавейшых зьяваў у беларускай прозе 90-х, прайшло амаль незаўважанае. Толькі орган Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» назваў кнігу агіднай, а самога аўтара аднёс да каршуноў, якія жыруюць на найпадлейшых інстынктах постсавецкай публікі, што прагне чарнухі і парнухі пасьля доўгага прымусовага чытацкага посту.

Больш несправядлівую ацэнку «Дамавікамэрону» і Глёбуса — беларускамоўнага пісьменьніка — і прыдумаць цяжка.

Відавочна, «Дамавікамэрон» выкарыстоўвае эратычна-сэксуальныя матывы настолькі шчыра і беспасярэдне, што можа вымагаць пэўных агаворак ня толькі ў беларускага чытача, які ня меў ніякага ўзору такой літаратуры на сваёй мове, але і ў звычайнага польскага чытача, які мае багаты выбар літаратуры «на гэтую тэму», як у перакладах, гэтак і ў айчынным пісьменстве. Прынцып, што «ў Савецкім Саюзе сэксу няма», які ўмацоўваўся дзесяцігодзьдзямі, падрыхтаваў грунт для аўтаматычнай грамадзкай рэакцыі ў Беларусі: закрананьне сэксуальнай тэматыкі, не зьвязанай з натуральнай рэпрадукцыяй, зьяўляецца праявай маральнага разлажэньня, калі не парнаграфіі. Гэта набыты ўмоўны рэфлекс, які выступае незалежна ад розуму.

Я перакананы, што нельга сур’ёзна абгрунтаваць і тую тэзу, быццам мэта аўтара ў «Дамавікамэроне» была выклікаць сэксуальнае ўзбуджэньне ў чытача, інакш кажучы, пад літаратурнай шыльдай працягці парнаграфію. У такім сэнсе нашмат больш парнаграфічнымі будуць жаночыя раманы, нягледзячы на тое, што тэхналёгія іхнай вытворчасці выключае выкарыстаньне пэўных даслоўнасьцяў і сцэнаў тыпу hard core. Але інтэнцыі soft-core’авых жаночых раманаў несумненна больш непрыстойныя, чым даслоўнасьці Глёбуса.

Глёбус ступіў у зону, якой раней не наведваў ніводзін зь беларускіх пісьменьнікаў, і падрабязна апісаў сваё падарожжа. Здаецца, апісаньне тутака — дакладнае слова, бо людзі, што ў курсе справы, без усялякіх сумненьняў сьцьвярджаюць, што ня менш за 80% гісторыяў, апаведзеных у «Дамавікамэроне», здарыліся на самай справе ці то з удзелам аўтара, ці то яго знаёмых, якія пасьля апавялі яму пра свае прыгоды (натуральна, калі выжылі). (Астатнія 20% гісторыяў адносяцца да такіх выпадкаў, у якіх ніводзін сьведка ня выжыў.)

Уключэньне ў кантэкст менскіх эратычна-сэксуальных гісторыяў (дый ня толькі такіх) цэлага легіёну беларускіх дэманаў, д’яблаў і русалак некаму можа падацца залішне адвольным і штучным, арыентаваным на дасягненьне сумнеўных эстэтычных мэтаў. Хачу рашуча запярэчыць. Няма нічога больш літаратурна і жыцьцёва апраўданага, чым такое намаганьне ў стасунку да Менску. Бо Менск — той горад, дзе genius loci не ўвасобіўся ні ў Големa, ні ў Цмока Вавэльскага. Ён быў заселены зборышчам лесавікоў, палевікоў, хутаў, вупыроў, русалак і кадукоў з балатоў, азёраў, лугоў, рэк, бароў, урочышчаў і гаёў блакітнавокай Беларусі. Уся гэтая чартаўшчына асела ў горадзе разам зь перасяленцамі зь вёсак, якія прынесьлі ў сталіцу свой напалову паганскі сьветапогляд разам зь сялянскімі забабонамі, прымхамі і страхамі. Таму дэманічная мэтафара Глёбуса ў адносінах да беларускага эратызму ёсьць трапнай і адэкватнай.

Паводле ARCHE-Адам Глёбус

 

Погляд дзіцяці

Пятро Васючэнка

Згадайце, зь якой бессаромнасьцю нас разглядаюць дзеці. Яны ўважліва й бесцырымонна абмерваюць нас позіркам, зважаюць на кожную загану, кожную хібіну ў нашым абліччы. Дарослыя ад гэтага позірку часам угінаюцца й курчацца. Можна падумаць, што дзеці самыя бездакорныя, але гэта ня так. Бездакорным можна назваць хіба гэты дапытлівы бессаромны позірк.

Глёбус у шэрагу твораў праяўляе гэткую ж дзяціную цікаўнасьць. Самаагаленьне бяз сораму – таксама прыкмета інфантыльнасьці. «Толькі не гавары маёй маме», — на ўсялякі выпадак просіць «я-герой» Глёбуса, бо мама, пэўна, некаторыя рэчы не ўхваліла б. «Дамавікамэрон», трэба думаць, трэба хаваць не адно ад дзетак, але й ад строгай мамы. Але ж дзеці любяць назіраць за дарослымі, у тым ліку й за дарослымі ў спачывальні. Глёбусаў герой-назіральнік паводзіць сябе часам як ліхі чэхаўскі хлопчык, enfant terrible.

У шэрагу аповедаў герой Глёбуса згадвае сваё маленства. Ён то адпачывае ў Артэку, то забівае ката (апошняе на мяжы літаратурнага фолу).

Зь нядаўняга часу назіральны герой Глёбуса ўзяў на сябе місію літаратурнага кантралёра1, што выкрывае чужыя грахі й грашкі. Пры гэтым закранаюцца рэальныя асобы зь беларускага культурніцкага бамонду.

Падобны герой бегаў калісь па старонках «Вожыка» і наколваў на свае іголкі савецкіх грахаводнікаў.

Вобраз маралізатара ў гэтых аповедах сам крыху камічны – як Чорт з «Камэдыі» Марашэўскага, што навучае Дзёмку, як трэба жыць.

З гэтае нагоды калегі трывожацца за творчы лёс самога Глёбуса: маўляў, цяжка рухацца далей з такой ношкай – наколатай на вілы чалавечай недасканаласьцю. Але ж гэтую ношку лёгка й скінуць...

Нехта ўзьвядзе Глёбуса ў ранг «культавай постаці» — як раней рабілі пісьменьніка «народным», нехта абурыцца ім, але першы й другі сьпярша яго прачытаюць.

Паводле ARCHE-Адам Глёбус

 

1 Некалі «Тутэйшыя» друкавалі сваё выданьне «Кантроль».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0