З усёй краіны

 

Расплата за кватэру

Рэзкі рост камунальных плацяжоў

З 9—11 верасьня кватэрная плата, цана газу і электрычнасьці ды памер большасьці камунальных плацяжоў вырасьлі на 30—50%. Такога рэзкага скачку Беларусь ня ведала даўно. Зарплату таксама маюць падвысіць – але толькі з кастрычніцкай. А за кватэру плаціць прыйдзецца ўжо пры канцы верасьня, а ў кастрычніку, з уключэньнем ацяпленьня, тая плата складзе суму, роўную недзе чвэрці настаўніцкага заробку. Урад паступова касуе датацыі на камунальныя паслугі насельніцтву, перакладаючы на ягоныя плечы цяжар росту цэнаў на вуглевадародныя энэрганосьбіты на сусьветным рынку. Пры гэтым свабоды прыватнай ініцыятыве дадзена не было, не лібэралізаваны гандаль, ня зьнішчаная манаполія дзяржавы на рынку камунальных паслуг, не атрыманыя крэдыты МВФ, з дапамогаю якіх насельніцтву можна было б кампэнсаваць выдаткі росту плацяжоў. Карацей, урад Ярмошына дзейнічае такім сама чынам, як урад Ракоўскага ў Польшчы часоў Ярузэльскага. Што й казаць, сумнеўная стратэгія!

Безадказны эканамічны і замежнапалітычны курс праводзілі ўрады А.Лукашэнкі, а расплочвацца — хочуць, каб народ расплочваўся.

Ад новай падвышкі кватэрнае платы заплача не адна хатняя гаспадыня. Бо чым плаціць?

А гаспадары мацюкаюцца. Бэнзын зноў падаражэў. 95-ты каштуе ўжо болей за 500 тыс. рублёў. Вось і пражыві!

Б.Т.

 

Мсьціслаўшчына пусьцее

Суворыя лічбы дынамікі зьменаў дэмаграфічнага становішча ў Мсьціслаўскім раёне ў паваенны пэрыяд былі агучаныя загадчыкам раённага аддзелу статыстыкі Тамарай Мураўёвай. Першы перапіс насельніцтва, які праводзіўся ў Беларусі пасьля сканчэньня другой сусьветнай вайны, паказаў, што на Мсьціслаўшчыне жыло 50300 чалавек. Гэта было ў 1959 годзе. Праз 11 гадоў, у 1970-м, насельніцтва Мсьціслаўшчыны зьменшылася да 43800 чалавек. Падчас перапісу 1979 году высьветлілася, што засталося толькі 35600 мсьціслаўцаў, а ў 1989-м і ўвогуле — 32300. І, нарэшце, на люты 1999 году ў Мсьціслаўскім раёне жылі 31600 чалавек.

Пусьцее ўсход Беларусі.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Звольнілі за сена

Начальнік Клімавіцкай раённай статыстычнай управы Міхаіл Марфель стаў ахвярай кампаніі па нарыхтоўцы сена. Тутэйшыя выканкамы павыдавалі сёлета абавязковыя для супрацоўнікаў дзяржаўных і недзяржаўных установаў нормы па нарыхтоўцы сена. Дык вось, ня выканаў загаду начальнік Клімавіцкай раённай статыстычнай управы. Ён замест абавязковых 2 тонаў здаў 1985 кг. І яго рашэньнем уладаў звольнілі. Як лічыць магілёўскі праваабаронца Ўладзімер Краўчанка, акрамя відавочнага цемрашальства самой нормы, калі людзей пераўтвараюць у фактычных дзяржаўных парабкаў, ёсьць у звальненьні і цалкам канкрэтнае парушэньне працоўнага заканадаўства. Чалавека ня могуць прымушаць да таго, што не зьяўляецца ягоным службовым абавязкам. Марфель разам з праваабаронцамі зьбіраецца пазмагацца за свой чалавечы і прафэсійны гонар.

 

«Да жынкі»

Амаль 60 мільёнаў рублёў выдаткоўваюць урад і Магілёўскі аблвыканкам на правядзеньне шклоўскіх дажынак. У Шклоў, дзе жыве ягоная жонка Галіна Радзівонаўна, прыедзе сам Лукашэнка.

 

У Магілёве забаронены продаж кукурузы

Старых бабулек, якія кукурузу прадаюць, зрабілі вінаватымі ў тым, што ў калгасах раскрадаецца кукурузны ўраджай. Міхаіл Дражын, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму, выдаў спэцыяльнае распараджэньне, паводле якога забараняецца продаж кукурузы з рук. Міліцыі загадана бабулек-прадавачак затрымліваць і штрафаваць. Вараная кукуруза карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў магілёўцаў.

 

Дзьве цаны на кроў

У Магілёўскай вобласьці станцыя пераліваньня крыві ўстанавіла дзьве цаны на кроў. Ёсьць, так бы мовіць, першы гатунак, а ёсьць другі. Працоўны за кроў атрымлівае, як і раней, паўтары мінімалкі плюс яшчэ на харчаванне за два дні. А вось у беспрацоўных кроў таньнейшая. Цяпер ім гэтыя 1,5 мінімалкі ня плоцяць. На думку дзяржаўных кантралёраў, якія дамагліся, каб такое сталася, лягічна, што, калі чалавек не працуе, падаткаў ня плоціць, дык і бюджэт ня мусіць празьмерна траціцца на ягоную кроў. У выніку чарга на донарства скарацілася ўдвая. А кантралёры, відаць, спадзяваліся, што беларусы робяцца донарамі з рамантычных памкненьняў...

 

У Магілёве затрымалі Фёдарава

Магілёўскія фронтаўцы каля 40 хвілінаў 8 верасьня шпацыравалі па горадзе, раздаючы ўлёткі, прысьвечаныя Дню беларускай вайсковай славы. У іх было сказана, што «ў 1514 годзе пад Воршай беларускае войска перамагло ўтрая большую 80-тысячную маскоўскую арду захопнікаў». Тое самае, сьцьвярджалася ўва ўлётцы, «будзе і з ардой Лукашэнкі». Улётка запрашала на сьвяточную імпрэзу ў сквэр 40 гадоў Перамогі, што знаходзіцца літаральна насупраць КГБ. У сквэры фронтаўцы з паўгадзіны пасьпявалі песьні і мірна разышліся. Увесь час за іх дзеяньнямі пільна назіралі з амонаўскага аўтобуса непадалёк. А Фёдарава затрымалі ў падземным пераходзе, абвінаваціўшы ў арганізацыі несанкцыяванага шэсьця і мітынгу. У пастарунку на яго склалі пратакол, які ўжо перададзены ў суд.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Кампэнсацыя дысыдэнту

Барысаўскі сацыяліст-дысыдэнт Алесь Абрамовіч дамогся матэрыяльнай кампэнсацыі за маральную шкоду ад уладаў Барысава – 200 тысячаў рублёў. Абрамовіч атрымаў 35 сутак арышту за правядзеньне трох пікетаў пратэсту супраць палітыкі ўладаў. Яго трымалі ў адной камэры з хворымі на адкрытую форму сухотаў, што вельмі небясьпечна. Вярхоўны Суд скасаваў пастанову суду Барысава пра адміністрацыйнае пакараньне за «арганізацыю несанкцыяваных пікетаў», а тады Абрамовіч зьвярнуўся з позваю ў суд пра кампэнсацыю маральнае шкоды. Справу разглядалі ў Крупскім раённым судзе, бо Абрамовіч барысаўскаму суду не давяраў. Абрамовіч патрабаваў матэрыяльнай кампэнсацыі на 700 тыс. рублёў за тры незаконныя арышты, але ў працэсе разбору павысіў суму патрабаваньняў да 100 тыс. рублёў, бо стала вядома, што адзін зь яго былых сукамэрнікаў памёр ад сухотаў, а другі ад іх цяпер лечыцца. Судзьдзя задаволіў позву часткова – на 200 тыс. рублёў. Маўляў, бюджэт Барысава невялікі, на вялікую кару там няма грошай.

Правааборончы цэнтар «Вясна»

 

Шукаюць памяшканьне для Вячоркі

Баранавіцкая суполка БНФ «Адраджэньне» вырашыла запрасіць на 20 верасьня Вінцука Вячорку дзеля сустрэчы з жыхарамі гораду. Зьвярнулася да гарвыканкаму, просячы даць дазвол на правядзеньне сустрэчы ў Доме Культуры, бо дырэктар ДК пагадзіўся, але прасіў дазвол ад улады. Улады вырашылі, што правесьці сустрэчу 20-га верасьня няма магчымасьці, нічога не тлумачачы. Сёньня «вячоркаўцы» шукаюць іншых памяшканьняў.

 

«Сьвятліца» па-беларуску

6 верасьня ў гарадзкой бібіятэцы імя Таўлая адбылася прэзэнтацыя зборніка Баранавіцкага літаратурнага аб’яднаньня «Сьвятліца» з такой самай назвай. Гэта ўжо другі зборнік гэтай арганізацыі. Першы выдалі пару гадоў таму, ён зьмяшчаў творы беларускамоўных і расейскамоўных аўтараў. У сёлетнім — толькі беларускамоўныя творы. Перад гасьцямі выступіў кіраўнік «Сьвятліцы» А.Бакач, без намаганьняў і руплівай працы якога кніга не пабачыла б сьвет. Некаторыя з аўтараў прачыталі прысутным свае творы.

Равяка Руслан, Баранавічы

 

Марачкін у Агаё

Старшыня мастацкае суполкі «Пагоня» Алесь Марачкін прыступіў да росьпісу новазбудаванае царквы Божае Маці Жыровіцкае ў амэрыканскім мястэчку Стронгсьвіл, штат Агаё. Першапачаткова плянавалася, што росьпіс сьвятыні, якая належыць Беларускай аўтакефальнай царкве, выканае Алесь Пушкін, але беларускія ўлады не далі яму дазволу на выезд у ЗША. Марачкін стварае фрэскі паводле эскізаў Пушкіна, а паводле ўласнага праекту зробіць у царкве іканастас і вітражы.

 

Радзівілы, Даўгалёвы…

У Берасьцейскім аблвыканкаме ствараецца мэмарыяльная галерэя кіраўнікоў Берасьцейшчыны, якія працавалі ў рэгіёне ад старажытнага часу да сёньняшняга дня. У яе мусяць увайсьці партрэты славутых Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, кампанія якіх аздобіць партрэт цяперашняга «вэртыкальшчыка», непапулярнага ў вобласьці Васіля Даўгалёва.

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0