Спорт

 

Не лупіце скуры зь незабітага кенгуру

Міністар спорту Яўген Ворсін абвясьціў, што мэта беларусаў – выступіць ня горш, чым на гульнях у амэрыканскай Атлянце (15 мэдалёў, зь якіх толькі адзін залаты)

15 верасьня пад шум хваляў Ціхага акіяну ў Сыднэі адкрыюцца ХХVII летнія Алімпійскія гульні.

Беларуская дэлегацыя ў Сыднэі складае 235 чалавек. Наіўны той, хто думае, што ўсе яны – спартоўцы. Непасрэдных удзельнікаў алімпійскага сьвята – каля 140. Астатнія месцы займаюць трэнэры (у тым ліку два трэнэры-псыхолягі), масажысты (чамусьці толькі чатыры чалавекі), міністар спорту Яўген Ворсін са сьвітай ды значны дэсант спартовых журналістаў. Цікава, што ў Сыднэй адляцелі ўсе людзі з рэдакцыі спартовых праграмаў БТ, якія валодаюць беларускай мовай, бо менавіта так тлумачаць факт расейскамоўнага і да таго ж бяздарнага рэпартажу аб футбольным матчы Беларусь—Валія на БТ. Але й галава прэсавага дэсанту ў Сыднэі — Уладзімер Навіцкі — даўно ўжо зьдзекуецца з роднай мовы, амаль кожны выхад у эфір аздабляючы сваім улюбёным «дасі» ў трэцяй асобе будучага часу. Спадар Навіцкі, трэцяя асоба дзеяслова даць – дасьць! Але вернемся бліжэй да справаў спартовых.

Алімпійскіх ліцэнзіяў — дазволаў заявіцца на спаборніцтвы – беларусы атрымалі ажно 198! Аднак НАК вырашыў, што ў Аўстралію паедуць толькі тыя, хто мае шанец на прыстойнае месца. А вось маладыя спартоўцы застануцца дома, так і не адчуўшы смак алімпійскага пораху. Здавалася б, усё ясна – няма чаго марнаваць грошы на баляст. Але рэч у тым, што квіткі на радзіму кенгуру ды пражываньне там спартоўцаў спансаруе Міжнародны алімпійскі камітэт, а за кожнага выстаўленага атлета краіна-ўдзельніца атрымлівае яшчэ 1200 вечназялёных талераў. Гэтыя некалькі дзясяткаў тысячаў «грыноў» так і просяцца, каб іх уклалі ў дзіцячы спорт, дзе трэнэры ледзь не на грамадзкіх пачатках выхоўваюць нашу спартовую будучыню. Пра іх можна было б паклапаціцца ў першую чаргу, а не пра тое, каб у Сыднэй зьлётала «спартовая журналістка» Інга Хрушчова.

Алімпіец нумар адзін папярэдзіў спартоўцаў падчас цырымоніі провадаў алімпійскай дэлегацыі: «Народ заждаўся палажыцельнага рызультата». Перафразаваць гэтыя словы можна і так: «Ня будзе выніку – адкручу галаву!» Трэба сказаць, што начальнік краіны прапагандуе палітыку ня толькі бізуна. За посьпехі на сыднэйскіх стадыёнах беларусам абяцаная і неблагая моркаўка: уладальніку залатога мэдаля — 60 000 даляраў, срэбнага – 40 000, бронзавага – 22 500. Акрамя таго, ільготныя цэны на жытло ў новазбудаваным алімпійскім комплексе ў Менску. Ці будзе гэтага дастаткова для добрага выступу беларусаў у Сыднэі?

Богусь Біятлянёнак

 


 

Рэкорды будуць

У некаторых відах спорту больш за 90% спыартоўцаў, што маюць выступаць у Сыднэі, ужываюць допінг

Гэта сьцьвярджаецца ў 107-старонкавым дакладзе, зробленым для ўраду ЗША Нацыянальнай камісіяй па праблемах ужываньня ў спорце забароненых сродкаў. Зусім нядаўна кіраўнік Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Хуан Антонія Самаранч паабяцаў, што гульні ў Сыднэі будуць першымі «чыстымі» гульнямі. Але амэрыканская камісія закідае МАКу тое, што ён не змагаецца з допінгам усур’ёз. «Ніхто ў алімпійскім руху не ўхваляе допінгу адкрыта, але той факт, што допінг непераможны, прымаецца. Апроч таго, у большасьці краінаў з пачуцьця патрыятызму на допінг, ужываны «сваімі» спартоўцамі, глядзяць скрозь пальцы».

Гэтыя высновы з амэрыканскага дакладу датычаць і нашае краіны. Усе памятаюць, як нядаўна ўсплыло ўжываньне допінгу нашай камандай па веславаньні, не забыліся і як колькі гадоў таму папаўся на анаболіках сымбаль нашай цяжкай атлетыкі і сымпатык Зянона Пазьняка гарадзенец А.Курловіч, рэкардсмэн сьвету ў звышцяжкай вагавай катэгорыі. Гэта не перашкодзіла яму трапіць у лік 40 «слаўных беларусаў» разам зь Лявом Сапегам, каралём Панятоўскім, Пятром Клімуком і Аляксандрам Лукашэнкам на старонках агульнашкольнага дзёньніка «новага ўзору», зацьверджанага Мінадукацыі. «Золата» ня пахне?

Акурат атрымалася так, што тэрмін дыскваліфікацыі некаторых нашых спартоўцаў закончыўся перад Алімпіядай. А наагул па ўзроўні разьвіцьця індустрыі допінгу мы моцна адстаем ад сьвету.

 

Грошай бракуе і даводзілася да апошняга часу абыходзіцца савецкімі распрацоўкамі, некаторыя зь якіх паходзяць яшчэ з 60-ых. Хоць іх увогуле цяжка лічыць допінгам. Проці сучасных, напрыклад, кітайскіх распрацовак — гэта хутчэй харчовыя дабаўкі. Але ўрад сваім сакрэтным леташнім рашэньнем прыняў спэцыяльную праграму, цнатліва названую «аб мэдычнай падтрымцы спорту». Удвая прыкра, што дабро на круцельствы дае ў нас дзяржава – бярэм прыклад з Кітаю.

МАК так і не стварыў незалежнай супрацьдопінгавай камісыі. Паўсталае ж у 1999 г., дзякуючы намаганьням віцэ-прэзыдэнта МАК Д. Паўнда, Сусьветнае агенцтва па барацьбе з допінгам мае права толькі прапаноўваць рашэньні. Тымчасам, паводле амэрыканскага дакладу, МАК наагул не вядзе сталых дасьледзінаў у гэтай галіне. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што іхныя працы «абясцэньваліся з-за прамаруджваньняў з рашэньнямі і нерашучасьці найвышэйшых колаў МАК».

МАК абараняецца і заяўляе, што, маўляў, хаця «мы не сьцьвярджаем, што выйгралі вайну, але нельга і сказаць, што мы нічога ня робім. Мы блізкія да перамогі над ЕРО (эрытрапаэтынам, гармонам, што павялічвае выносьлівасьць арганізму), і мяркуем, што напалохалі дапінгоўцаў. У наступныя два гады дамо на барацьбу з допінгам $25 млн.». Але той самы прадстаўнік Алімпійскага Камітэту заявіў, што МАК ня будзе выдаткоўваць сродкаў на дасьледаваньні мэтадаў выкрыцьця выкарыстаньня гармону росту (які павялічвае масу цела й зьмяншае тлушчавую тканіну), бо, маўляў, распрацаваныя эўрапейскімі лябараторыямі тэсты задарагія і недасканалыя.

І нібы ў пацьверджаньне такога меркаваньня ў чацьвер гэны самы гармон росту аўстралійская мытня сканфіскавала ўва ўзбэцкага трэнэра. Ён ужо пакінуў Сыднэй, але спартоўцам, што ўжываюць такія сродкі, небясьпека быць выкрытымі амаль не пагражае. Гэтаксама, як і тым, хто выкарыстоўвае стэроіды (тым больш што МАК якраз зацьвердзіў нязвыкла высокі дапушчальны ўзровень утрыманьня тэстастэрону ў крыві для спартоўцаў-мужчынаў), допінг крыві (па сутнасьці, невыкрывальны) альбо заменьнікі крыві, напрыклад, штучны гемаглябін. Так што рэкорды будуць. Адзіным пудзілам стаўся тэст на эрытрапаэтын, з-за якога ад удзелу ў спаборніцтвах ужо адхілена 27 спартоўцаў з КНР.

Агідна глядзець на такі спорт — спаборніцтва тэхналёгіяў, а не людзей, бізнэс на здольнасьцях чалавечага цела.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0