БТ вачыма беларуса

 

Псэўдадэбаты

 

З гэтага тыдня пачынаецца новы «круты» тэлепраект. «Супэрдэмакратычныя перадвыбарчыя тэледэбаты кандыдатаў у дэпутаты» з «прасунутай моладзьдзю», як гаварылася ў анонсе. Мы ўбачым размовы ў студыі – пытаньні вядучага, прамовы кандыдатаў, пытаньні з залі ды ўстаўкі запісаных на вуліцы апытаньняў. У першай праграме будуць размаўляць, як моладзь на выбары зацягнуць.

Удзельнічаць у дэбатах будуць толькі прадстаўнікі тых партыяў, што вылучылі сваіх кандыдатаў на выбарах – камуністы двух гатункаў, аграрыі, сацыял-спартоўцы, рэспубліканцы, патрыёты і сацыял-дэмакраты таксама двух гатункаў, прычым удзел Статкевіча пад пытаньнем, а рэальны супернік Лукашэнкі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах лібэрал-дэмакрат Гайдукевіч удзельнічаць адмовіўся. Ніводную сапраўды апазыцыйную партыю да ўдзелу ў дэбатах не дапускаюць. У студыі будзе толькі моладзь – як звычайна, журфакаўцы, прадстаўнікі клюбаў па інтарэсах, камсамольцы, а найбольш — курсанты вайсковых і міліцэйскіх установаў ды РНЕшнікі. Журналістам недзяржаўных, «апазыцыйных», як той выражаецца, СМІ, уваход у студыю забаронены.

У выніку праграма будзе дыялёгам адных марыянэтак з другімі марыянэткамі ў зададзенай форме. Ад перадвыбарчай барацьбы ў эфіры гэта будзе гэтак жа далёка, як сяброўскія нам Куба з Кітаем — ад Рады Эўропы. Ну, можа і задасьць хто з моладзі пару вострых пытаньняў, але наўрад ці здолее зрабіць гэта сур’ёзна, абгрунтавана. Ды ня факт, што хто-небудзь, акрамя прысутных на запісе, тое пытаньне ды адказ пачуюць. Бо дэбаты – вось беларускі народны маразм! – пойдуць у запісу, а не ўжывую.

Што гэта ўвогуле за тэледэбаты, калі яны — у запісу?! Цікавасьць такіх дэбатаў для гледача, які хацеў бы з гэтымі выбарамі для сябе разабрацца, можна параўнаць зь цікавасьцю гледача францускіх праграмаў да спосабу здабычы марскіх агуркоў, пра што нам у суботу доўга распавядалі ў перадачы каналу СFI.

Паўстае пытаньне — які сэнс тады ад таго тэлешоў — чарговага прамываньня мазгоў народу пад дэмакратычнаю шыльдаю?

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0