З УСІХ СТАРОН
Фухiмор пайшоў дамоў
Пазаўчора прэзыдэнт Пэру Альбэрта Фухiморы зрабiў выдатны падарунак свайму народу – абвясьцiў датэрмiновыя выбары ды запэўнiў, што сам у iх удзельнiчаць ня будзе. У дадатак да гэтага прэзыдэнт паабяцаў спынiць працу Нацыянальнай службы выведкі, якую вiнавацяць у хабарнiцтве ды подкупе апазыцыйных палiтыкаў.
Фухiморы кiруе Пэру ўжо дзясяты год. За гэты час прафэсар аграномii пэруанскага Нацыянальнага Аграрнага Ўнiвэрсытэту пасьпеў увесьцi ў краiне жорсткую дыктатуру, наладзiць рэфэрэндум ды разьвесьцiся з жонкай, якая перайшла ў апазыцыю. У красавiку 1997 году ўвесь сьвет абышлi кадры, дзе маленькi пэруанскi японец, апрануты ў бронекамiзэльку, наступае нагой на труп забiтага тэрарыста пасьля штурму ўрадавым спэцназам японскай амбасады ў сталiцы краiны. Здавалася, што гэты чалавек, якi сеў у прэзыдэнцкае крэсла “ўсур’ёз i надоўга”, застанецца ў iм яшчэ шмат год, улiчваючы тое, што з дапамогай марыянэткавага Кангрэсу ён можа лёгка дамагацца дадатковых тэрмiнаў прэзыдэнцтва. У траўнi гэтага году пайшоў трэцi тэрмiн ягонага знаходжаньня на пасадзе, хоць пэруанская канстытуцыя прадугледжвае толькi два. I вось – нечаканая заява па тэлебачаньнi. Мабыць, факты мацнейшыя за самых моцных палiтыкаў: на вiдэакасэце, якую ўпершыню пабачылi за тыдзень да сэнсацыйнае заявы Фухiморы, відаць, як Уладыміра Мантэсынас, шэф Нацыянальнай службы выведкі, дае хабар (15 000 даляраў) апазыцыйнаму кангрэсмэну Люiсу Альбэрта Куры, каб перацягнуць яго на пазыцыi ўраду. Зрабiлася зразумелым, чаму некалькi пэруанскiх парлямэнтарыяў нечакана перабеглi на бок прэзыдэнта, якi здолеў дзякуючы iхнай падтрымцы ўзяць пад свой кантроль парлямэнцкую большасьць. Хабар даўно зрабiўся звычайным iнструмэнтам палiтыкi ў Пэру. Алехандра Таледа, галоўны апанэнт Фухiморы, даводзiць, што менавiта пэруанскiя спэцслужбы арганізавалі брудную перадвыбарчую кампанiю Фухiморы, першым этапам якой быў збор (дакладней – купля) подпiсаў для вылучэньня ягонай кандыдатуры, а другiм – ганьбаваньне апазыцыi.
Адразу пасьля заявы сотнi людзей сышлiся пад муры прэзыдэнцкага палацу ў Лiме, патрабуючы тэрмiновай адстаўкi ягонага галоўнага жыхара.
Ёсьць, аднак, нешта падазронае ў той лёгкай усьмешцы прэзыдэнта Пэру, зь якой ён фактычна абвясьцiў пра сваю паразу. Апазыцыйныя пэруанскiя палiтыкi сумняваюцца, што сыход Фухiморы нешта сур’ёзна зьменiць. Iх больш цiкавiць ягонае абяцаньне навесьцi парадак у спэцслужбах. Гэта гучыць нашмат менш рэальна, чым сыход Фухіморы з палітыкі. Небясьпека ў тым, што месца прэзыдэнта можа заняць той самы Уладыміра Мантэсынас, шэры генэрал пэруанскага ўраду. Менавiта ён распрацаваў выбарчую стратэгiю Фухiморы, якая дазволiла таму застацца на трэцi тэрмiн. Менавiта ён набiрае людзей у вышэйшае армейскае кiраўнiцтва. Чарговы пэруанскi дыктатар? Як той казаў, бяда за бядою, як рыба за вадою.
Алесь Кудрыцкi
Гісторыя як дубіна ў перадвыбарчай барацьбе
Літоўскі Сойм прыняў пастанову аб прызнаньні юрыдычнае сілы за актам незалежнасьці часовага ўраду Літвы 1941 году, што выклікала скандал у самой Літве і сэнсацыйныя інтэрпрэтацыі за межамі краіны. Маўляў, Сойм апраўдаў галакост — масавае зьнішчэньне жыдоў.
У Вільні ні для кога не сакрэт, што скандал гэты задуманы і інсьпіраваны з Масквы. Ён ня першы ў шэрагу падобных «антысэміцкіх» скандалаў у кампаніі дыскрэдытацыі Літвы перад яе ўступленьнем у NATO і Эўразьвяз. Да таго ж пастанова Сойму прымалася пры адсутнасьці найбольш адказных функцыянэраў парлямэнту — старшыні В.Ландсбэргіса і ягонага аднапартыйца, старшыні соймавага камітэту правоў чалавека Э.Зынгерыса. Да матываў прыняцьця пастановы дамешваюцца і інтрыгі перад хуткімі выбарамі новага Сойму. Праціўнікі кіруючых сёньня кансэрватараў разьдзімаюць скандал пра «антысэміцкую выхадку» ландсбэргістаў. Левыя і «ружовыя» ірвуцца да ўлады і гэткім чынам ловяць сваю рыбку ў перадвыбарчай мутнай вадзе. Агульнавядома, што за гэтымі кандыдатамі стаяць маскоўскія грошы, якія яны мусяць адрабляць, гуляючы ў маскоўскіх «п’есах». Калі ўлічыць усе гэтыя матывацыі, стане зразумела, адкуль скандал у самой Літве і шум за яе межамі.
Што да сутнасьці справы, дык гэта тая гістарычная праблема, разабрацца зь якой мусяць найперш самі літоўцы. Да прыкладу, прэзыдэнт Валдас Адамкус назваў пастанову сойму памылкай, маўляў, «гэтая пастанова ўжо нарабіла шмат шкоды і міжнароднаму прэстыжу Літвы (на што і была найперш разьлічаная. — А.К.), і міру ды згодзе ў грамадзтве». Адамкус дадаў, што гісторыю нельга пісаць законамі. Але калі Ландсбэргіс і Зынгерыс папрасілі прэзыдэнта накласьці на пастанову вэта, Адамкус адмовіўся, сказаўшы, што «толькі наклаўшы вэта, немагчыма выправіць зробленую Соймам памылку. Гэта можа быць зроблена толькі ў працэсе асэнсаваньня гэтай памылкі грамадзтвам і палітычнымі партыямі».
Каб асэнсоўваць, трэба вывучаць гісторыю. 23 чэрвеня 1941 году паўстанцкі часовы ўрад Літвы зачытаў праз Ковенскае радыё заяву пра аднаўленьне незалежнасьці. Гэтая заява, якой Сойм і надаў цяпер юрыдычную сілу, была паводле зьместу не шырэйшая за сваю назву — абвяшчала незалежнасьць, і толькі. Прычынай дэбатаў стаў сам часовы ўрад — яго дзеяньні і дакумэнты. Напрыклад, тэлеграма Гітлеру пра тое, што «геній Гітлера прызначыў літоўскаму народу ўдзельнічаць у ягоным пераможным паходзе за зьнішчэньне юдаізму, бальшавізму і плютакратыі». (Дзеля параўнаньня варта прыгадаць тэлеграму кайзэру — галоўны пункт нападак на БНР.) А яшчэ — менавіта 23 чэрвеня 1941 году асацыюецца з пачаткам зьнішчэньня літоўскіх габрэяў, — дадае газэта «Lietuvos Rytas». Газэта «Lietuvos Zinios» друкуе артыкул «Сьвінства» з наступнымі высновамі: «Прыняўшы гэты закон, Літоўская Рэспубліка ўзяла на сябе адказнасьць за вынішчэньне 90% жыдоўства краіны пад час другой сусьветнай вайны».
Словам, у Літве не бракуе асуджальнікаў генацыду і антысэмітызму. У гэтым сэнсе краіна выглядае застрахаванаю ад рэцыдываў найгоршай гісторыі. Вы скажаце — наколькі тыя асуджальнікі шчырыя? Ды настолькі ж, наколькі маленькая Літва магла б спарадзіць які-небудзь свой уласны экспансіянізм без удзелу краінаў-суседак.
Што да скандалу і шуму, дык іх трэба разглядаць найперш як брудныя перадвыбарчыя і геапалітычныя тэхналёгіі. І галасы прыхільнікаў соймавае пастановы, якія кажуць, што гаворка ідзе выключна пра дэклярацыю незалежнасьці, што той часовы ўрад не падтрымаў генацыду габрэяў і празь месяц быў за гэта разагнаны немцамі — тонуць у шматгалосьсі абураных лаўцоў мандатаў. Аглядальнік газэты «Respublika» Каўзонас ці не адзіны наважыўся сказаць некалькі добрых словаў пра дзейнасьць таго ўраду: «Прыняцьцё такога акту не павінна было б асабліва зьдзіўляць грамадзтва, бо Фронт Актывістаў Літвы, галоўны арганізатар чэрвеньскага паўстаньня 1941 году, сапраўды ўчыніў вялікі подзьвіг, яшчэ недастаткова ўзважаны і ацэнены гісторыяй (...) Часовая Рада Міністраў выканала неверагодную працу, адбудаваўшы бальшыню дзяржаўных структураў».
Але гістарычныя тонкасьці не заўсёды важныя для актуальнай палітычнай спрэчкі, у якой гісторыя выкарыстоўваецца як дубіна. І задача такой спрэчкі — не разабрацца ў гісторыі, да чаго заклікае прэзыдэнт Адамкус, а выйграць уладу. Нават цаною прэстыжу сваёй краіны. Пра гэта кажуць найбольш аўтарытэтныя літоўскія палітыкі, якія разумеюць, адкуль растуць ногі чарговага скандалу, і з асуджэньнем ставяцца як да пастановы Сойму, так і да яе крытыкаў.
Алесь Кебік, Вільня
Крымінальны сакратар
Швайцарскі судзьдзя сьцьвярджае, што ў беларуска-расейскім саюзе сакратаруе хабарнік
Жэнэўскі судзьдзя Даніэль Дэво мае доказы таго, што былы кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Ельцына Павал Барадзін атрымаў ад швайцарскай будаўнічай фірмы “Мабэтэкс”, што займалася рамонтам Крамля, хабар пад $25 млн. Швайцарская фірма, каб атрымаць паплатную замову, паводле зьвестак пракуратуры, заплаціла розным асобам больш за $60 млн. хабару. Кошт кантракту дасягаў амаль паўмільярда даляраў. Сама менш 25 мільёнаў трапіла на рахункі Барадзіна альбо ягоных дачкі й зяця. Як кажа сп.Дэво, які пацьвердзіў сапраўднасьць дакумэнтаў, апублікаваных раней у СМІ, мэханізм хабарніцтва выглядаў наступным чынам – грошы выплочвала фірма “Лайтстар”, што належыць блізкаму супольніку ўласьніка “Мабэтэксу”, а дзеля асьцярожнасьці іх прапускалі праз банкі Цюрыху, Жэнэвы, востраву Мэн, Насаў, Кіпру, Гернсы.
Нібыта не адзін толькі Барадзін узбагаціўся на панаўленьні цьвярдыні расейскага імпэрыялізму – у сьпісе “пасярэднікаў” фігуруюць дзясяткі прозьвішчаў. Сярод іх і дачка Ельцына, што пару месяцаў карысталася крэдытнай карткай, якая забясьпечвалася праз адзін з рахункаў “Мабэтэксу”. Праўда, самі швайцарскія абаронцы закону сумняюцца, ці ўдасца калі закончыць гэтае сьледзтва, а расейскі пракурор М.Волкаў (ужо чацьверты расейскі пракурор, што працуе над гэтай справай; у мінулым месяцы ён падаў у адстаўку) наагул сказаў, што “ня ў стане працаваць так, як хацеў бы”. Усе ягоныя папярэднікі ў гэтай справе альбо самі падавалі ў адстаўку, альбо іх туды адпраўлялі.
Адказы на ўсе пытаньні несумненна ведае сам Барадзін, але, хоць ужо каторы месяц над ім вісіць санкцыя на арышт, ён застаецца афіцыйнай асобай і выконвае абавязкі выканаўчага сакратара саюзу Беларусі й Расеі.
Сяргей Радштэйн
Дзядзька Антось у Думе
Я знайшоў пацьверджаньне таму, што ў Маскве ёсьць месца, дзе пануе законнасьць, і няма месцаў, куды б не пралезла камэрцыя. Вялiзарны будынак яшчэ савецкiх часоў па адрасе Ахотны рад, 2. Думаю, што нават ня толькi простым сьмяротным (“электарату”), але й некаторым журналiстам уваход сюды проста забаронены. Аднак твой сябра Дзядзька Антось усё ж патрапiў туды. Думаю, што маё кароткае апавяданьне будзе даволi цiкавым для цябе, тым больш што мая вандроўка ў Дзяржаўную Думу Расейскае Фэдэрацыi адбылася ў дзень адкрыцьця асеньняй сэсii.
Маскоўскi час 9 гадзiн 53 хвiлiны. Пад’езд нумар два. Штурхаю ад сябе масiўныя дзьверы. I вось ён - заканадаўчы орган, бязглуздыя законы якога кiруюць жыцьцём расейцаў. Праходжу кантроль, ахоўнiк доўга глядзiць у незнаёмы пашпарт, мэталяшукальнiк i г.д. Хоць можна зазначыць, што любую iнфармацыю даволi лёгка як занесьцi ў Думу, так i вынесьцi (я без праблемаў пранёс i вынес з будынку свой ноўтбук). Так, зараз трэба падняцца на балькон для гасьцей, прайсьцi яшчэ адзiн пост аховы. Усё, зараз можна будзе паназiраць за працаю народных абраньнiкаў.
Маскоўскi час 9 гадзiн 57 хвiлiн, да паседжаньня засталося ўсяго 3 хвiлiны. Дэпутаты, якiя ня бачылiся пад час летнiх вакацыяў, вiтаюць адзiн аднаго, цалуюцца, абдымаюцца — як простыя людзi, добрыя знаёмыя, але праз тры хвiлiны пачнецца праца, палiтычныя погляды i партыйная дысцыплiна зноўку зробяць зь iх амаль сьмяротных ворагаў. Але гэта праз тры хвiлiны, а пакуль што можна агледзецца.
Шчыра кажучы, балькон для гасьцей i балькон для журналiстаў збудавалi неяк не зусiм зручна, бо паловы залi проста не вiдаць, калi сядзiш; ну, пэўна ж, у першы раз можна i пастаяць. Сама заля знутры здаецца не такой вялiкаю, як у тэлебачаньнi. Нефармальна яна падзелена згодна з палiтычнымі поглядамі: левыя — зьлева, правыя — справа, цэнтрысты - пасяродку, дэпутаты, што не ўваходзяць нi ў якую з фракцыяў — ззаду.
Маскоўскi час 10 гадзiн 00 хвiлiн. Гучыць гiмн, дэпутаты слухаюць стоячы. Напэўна, гэта адзiны момант, калi яны трохi асэнсоўваюць увесь гонар i цяжар сваёй працы. Сьпiкер вiтае ўсiх, вiншуе з пачаткам працы i прапаноўвае пачаць паседжаньне з хвiлiны маўчаньня па людзях, што загiнулi на “Курску”.
Маскоўскi час 10 гадзiн 02 хвiлiны. Пачатак руціны — рэгiстрацыя прысутных. Ня ведаю, як там у Нацыянальным Сходзе, а ў Дзяржаўнай Думе абраньнiкi не пазбаўленыя, на маю думку, амаль дзiцячых i гогалеўскiх недахопаў: галасаваньне “мертвых душаў” (адсутных) — гэта справа звычайная. Далей строга рэглямэнтаваныя выступы па парадку дня, усё спакойна, сур’ёзна ды сумна. Але вось дэпутат ад Чачэнii Гаджы Махачаў прапануе зьняць з пасады вiцэ-сьпiкера “Адольфа Вольфавiча” за рэзкiя выпады ў бок перш за ўсё чачэнцаў на несанкцыянаваным мiтынгу на Пушкiнскай плошчы пасьля тэракту. I пачынаецца першы думскi скандал — звычайная сварка памiж Махачавым i Жырыноўскiм. “Ужывую” яно глядзiцца неяк цiкавей i весялей, хоць нiчога новага не адбылося. Лаянка працягвалася нават пры выключаных мiкрафонах, але пацiху згасла. Вынiкi: Махачаў паабяцаў пакінуць Жырыноўскага без галавы, на што Жырыноўскi паабяцаў i далей “хаяць недачалавекаў”.
Маскоўскi час 10 гадзiн 29 хвiлiн. Паседжаньне працягваецца. Думская дысцыплiна — вiдавочна штука хiсткая: дэпутаты ходзяць па залi, паварочваюцца да сьпікера Селязьнёва, размаўляюць па тэлефонах, а вось, спазьніўшыся, зьяўляецца Зюганаў… Дзецi малыя й непаслухмяныя!!!
Маскоўскi час 10 гадзiн 30 хвiлiн. Прыходзiць ахоўнiк i паведамляе, што дазволены мне час скончыўся. Пакiдаю залю паседжаньняў. Але яшчэ можна пагуляць па самой Думе, прайсьцiся па памяшканьнях фракцыяў, зазiрнуць у прэс-цэнтар, i, вядома, у буфэт (знакамiтая танная думская сталоўка адчыняецца толькi пад час абеду). У буфэце мяне зьдзiвiлi некалькi рэчаў: па-першае, рэклямная акцыя прадукцыi маркi “Чарнагалоўка” — ад простых мiнэральнай вады i газаваных напояў да гарэлкi (камэрцыя), па-другое, Дума, напэўна, адзiная ўстанова, у якой пiва, як гэта i запiсана ў законе, ня лiчыцца алькагольным напоем (законнасьць).
Маскоўскi час 10 гадзiн 47 хвiлiн. Пакiдаю будынак Думы. Было цiкава, але чамусьцi непрыемна.
Твой Дзядзька Антось, Масква