Вітаўт Мартыненка

Тры гісторыі Міхася Забэйды-Суміцкага

 

На пачатку 80-х я прыйшоў у маладзёжны друк Беларусі з дыплёмам музычнага крытыка. Рок тады быў забаронены, прыходзілася пісаць найбольш пра клясыку. Гэта была бяспройгрышная тэма: клясыка — гэта сьвятое, да таго ж праверанае часам. І вось улетку 1985 году мы падрыхтавалі кампілятыўную публікацыю (паводле артыкулаў зь літоўскай, чэскай, польскай прэсы, залітаванай ужо цэнзарамі) пра жыцьцё і творчасьць Міхася Забэйды-Суміцкага. Якое ж было зьдзіўленьне, калі набраны ўжо матэрыял быў зьняты з газэтнай паласы. Галоўліт вынес катэгарычнае табу: для Беларусі гэта ня пойдзе.

Забарона публікацыі мела розгалас у колах беларускай інтэлігенцыі, і неўзабаве я даведаўся, што гэта быў не адзінкавы выпадак. На той час ужо справіў «шуфлядную дзесяцігодку» артыкул Сяргея Панізьніка пра Міхася Забэйду-Суміцкага. Вядомы беларускі паэт яшчэ ўлетку 1975 году быў у Празе — месцы апошняга прытулку геніяльнага сьпевака — і асабіста сустракаўся зь яшчэ жывым Забэйдам.

Толькі 2 чэрвеня 1990 году ўдалося апублікаваць тыя архіўныя нататкі ў музычным дадатку да «Чырвонай зьмены» — «Нотным аркушы». Публікацыя прысьвячалася 90-годзьдзю з дня народзінаў сьпевака і мела загалоўкам сымбалічную цытату зь ягонай споведзі — «Адгукніцеся, пакуль жыву».

Забэйда нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 году ў вёсцы Шэйпічы на Пружаншчыне. Двайное прозьвішча ў яго ад бацькі — Івана Забэйды зь вёскі Несьцеравічы, і маці — Аляксандры Суміцкай зь вёскі Шэйпічы. Пасьля школы ў Галоўчыцах ён паступае ў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю. Першая сусьветная вайна прыносіць у гэтую беларускую сям’ю нязвыклае дагэтуль паняцьце — бежанцы.

1915 год — гэта пакутная дарога на ўсход, у глыб загніваючай ужо імпэрыі: Менск, Смаленск, Тамбоўшчына, Пенза, Алтай.

Ён толькі чуў на пакутных дарогах бежанства, што ягоная радзіма — Беларусь — абвясьціла сваю незалежнасьць (1918). Але калі ў 1935 годзе ён зноў становіцца перад кардынальным выбарам — сусьветныя бадзяньні славутай зоркі або сыноўскае адчуваньне радзімы-маці, пытаньне вяртаньня на радзіму вырашае ўжо іншая дзяржава. Польшча. І Польшча дае дазвол. М. Забэйда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Берасьце, Горадня)…

Па вайне славуты геній сцэны застаецца жыць у Чэхаславаччыне, выступае з канцэртамі, запісваецца ў студыях, выкладае. Ён, беларус, ніколі ня меў савецкага грамадзянства, і праз гэта яму доўга не выпадала адчуць подых падсавецкай радзімы. І ўсё ж пад час Хрушчоўскай адлігі, ў 1963-ім, яго, сусьветную беларускую славутасьць, нарэшце запрасілі ў Савецкую Беларусь. Гэта быў проста фурор: аншлягі ў Менску, Горадні, Ваўкавыску, Слоніме, Магілёве, Гомелі… Дзесьці яго памятала публіка (Заходняя Беларусь), хтосьці адкрываў ягоны геній упершыню (Усход), але захапленьне было аднолькавае.

Ён так і не прыняў савецкага грамадзянства, хоць марыў пра Беларусь. Мо патыхала мярцьвячынай Савецкая Беларусь, якая захаплялася ягонымі сьпевамі, але сама ўжо забылася на родную песьню. Забылася настолькі, што па сканчэньні тае адлігі дазволіла сьцерці з сваёй памяці і гэтак славутае імя.

Я прыйшоў на гэты сьвет ужо пасьля таго хрушчоўскага раю, калі Савецкая Беларусь, згубіўшы нагавіцы, неслася да камунізму. Што мог я ведаць пра Забэйду-Суміцкага, каб дастойна ўшанаваць яго ў сваёй душы: агульнасаюзная фірма гуказапісу «Мелодия» ня выпусьціла ніводнай кружэлкі хоць з адной ягонай песьняй (а ён жа быў яшчэ й кампазытарам), а менскі «Сталінскі райпрамкамбінат» які выпускаў тут кружэлкі раней, тыражаваў прадукцыю новых гаспадароў Беларусі (Кравцова, Лядова, Силантьева, Петрова і г.д.) Але першае прафэсійнае спатканьне з забаронай, якая ляжала на лёсе генія ў гэтай краіне, дало мне накірунак пошуку.

Найбліжэйшы горад, дзе захаваліся сьляды Забэйды-Суміцкага — польскі цяпер Беласток. Там, у галоўнай управе БГКТ, я і знайшоў першы дыск, дзе славуты тэнар сьпявае ў суправаджэньні аркестру (Muza, 1965). Адрэцэнзаваўшы яго ў «Нотным Аркушы», я атрымаў шмат водгукаў, а сярод іх была і інфармацыя з Канады пра тое, што лонгплэй Забэйды-Суміцкага выдавала ў 60-х гадох яшчэ й тамтэйшая фірма «Pahonia-records». Гэта было, бадай, самае дыхтоўнае выданьне — з выдатным гукам, у зграбнай кардонавай вокладцы.

Час ішоў, а гісторыя адкрыцьця свайго Забэйды-Суміцкага не сканчалася. У пачатку 90-х малады бізнэсмэн, заснавальнік і выдавец газэты «Беларускі калекцыянэр» Уладзімер Цярохін, пачуўшы Забэйду ў маім гіт-парадзе на радыё «Свабода» (1 месца песьні «Малады дубочак» у чэрвені 1993 году), прапанаваў пазнаёміцца зь ягоным зборам дыскарарытэтаў. Аказваецца, сам Міхась Забэйда-Суміцкі прэзэнтаваў асабіста Ўладзімеру Караткевічу, а той — Станіславу Цярохіну, з рук якога ўжо прыняў спадчыну сын Уладзімер, два выданьні Забэйдавых сьпеваў ад чэшскіх фірм («Suprafon», 1968). Адзін зь іх (фармату grand) зьмяшчае 6 гішпанскіх і 6 беларускіх народных песень, а другі (фармату giant) складаецца з 17 беларускіх песень і рамансаў, у тым ліку і ўласнага твору сьпевака на вершы Максіма Танка. На абедзьвюх гэтых кружэлках нашаму земляку акампануе чэскі піяніст Альфрэд Голечак.

Гэта той нацыянальны скарб, да якога беларусы падышлі ў апошнюю чаргу, калі Забэйду ўжо ўшанаваў увесь сьвет.

Вось мы й падышлі да таго, дзеля чаго пісаўся артыкул: Забэйдаў дыск трэба перавыдаць. Сучасная тэхніка гэта дазваляе. Не адгукнуліся, пакуль жыў, дык адгукніцеся, пакуль жывяце вы. Такія песьні здольныя вярнуць нам адчуваньне народу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0