MAGNIFICAT logo

З 20 па 24 чэрвеня ў Глыбокім, Удзеле, Мосары й Івесі пройдзе ІІІ Міжнародны каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat’2007».

Заснавальнікамі фэсту зьяўляюцца Віцебская рымска-каталіцкая дыяцэзія, каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «Signis‑Беларусь», рэдакцыя часопіса «Дыялёг» і студыя «Стопкадр».

Як падкрэсьліў старшыня фэсту Юры Гарулёў, сёлета праграма надзвычай моцная. Калі на папярэднія фэстывалі браліся ўсе стужкі, дасланыя на конкурс, то сёлета з 54 стужак і тэлепраграм было адабрана толькі 43. Прадстаўлена 14 краін: Беларусь, Баўгарыя, Італія, Канада, Літва, Мэксыка, Польшча, Расея, Славакія, Украіна, Францыя, Харватыя, Швайцарыя, Эквадор.

Традыцыйна вельмі моцную і прадстаўнічую частку конкурсных стужак складаюць фільмы, прысьвечаныя безабаронным і слабым людзям: інвалідам, хворым, дзецям: беларускія стужкі «Божыя людзі» і «Не я адна», расейскі фільм «Крышталёвы хлопчык», славацкая карціна «Анёлы».

Грунтоўнае дакумэнтальнае расьсьледаванне цуду пададзена ў італьянскай стужцы «У Сыракузах, дзе Марыя плакала». Пра цуды гаворыцца і ў беларускіх тэлеперадачах «Цуды і знакі» і «Ірына Дзянісава» Галіны Адамовіч.

Жыцьцё чалавека само сьведчыць пра Хрыста, як у італьянскай стужцы «Мужнасьць цішыні. Айцец Плачыда Картэза», харвацкім фільме «Шляхамі памяці», расейскай карціне «Паміж небам і зямлёй» ці беларускай стужцы «Паэма веры» пра інака Мікалая (Алега Бембеля).

Інтэлектуальнай сэнсацыяй зьяўляецца канадская карціна «Шлях Маклюэна. У пошуках ісціны». У ёй распавядаецца пра каталіцкі падмурак ідэй слыннага мэдыйнага філёзафа, які адкрыў, што «мэдыі ёсьць паведамленьнем».

Вострыя сацыяльныя праблемы закранаюцца ў балгарскім фільме пра цыганоў «Народжаныя з праху». Швайцарская карціна распавядае пра «Сьвятароў на пенсіі», а пра творчасьць выхаванца езуітаў Яна Баршчэўскага гаворыцца ў беларускім фільме «Летуценьнік». Тэлеперадача «Прытулак душы» расказвае пра сьвятыні Будслава й Шэметава.

А стужка «Руская сястрычка з абацтва Сыльванэс» увогуле можа лічыцца сымбалем фэстывалю. Яна зробленая беларускім рэжысэрам у Францыі і распавядае, як дамініканскія манахі пабудавалі… рускую драўляную царкву.

Польскі фільм «Горад на рацэ Чорнага Цмока» распавядае пра каталіцкую місію ў расейскім Благавешчанску. Яшчэ адна польская карціна «Апошні сьведка» распавядае пра чалавека, які выжыў пасьля Катынскай трагедыі. Адразу некалькі польскіх стужак прысьвечаны Папам Рымскім, Бэнэдыкту XVI і Яну Паўлу ІІ: «Скрыжаваньні. Пакаленьне Яна Паўла ІІ», «Разьлічваю на вас». Што да карціны «Вясёлка. Бэнэдыкт XVI у Польшчы», то яна, бадай, ня мае аналягаў па колькасьці апэратараў: імі станавіліся самі ўдзельнікі сустрэчы з пантыфікам.

Расейскі фільм «Гэта я, Апакаліпсіс» закранае тэму Апакаліпсісу й незвычайны сваім мантажом.

Сюрпрызам адкрыцьця кінафэсту станецца пазаконкурсны паказ стужкі Казіміра Сьвёнтэка «Чар прыроды», якую ён зьняў за часамі, калі быў ксяндзом.

Уваход на ўсе паказы свабодны.

Глядзі таксама:
Праграма фэстывалю з анонсамі фільмаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?