Алесь Чобат

Бронза па-беларуску

 

Бяруць беларусы мэдаль за мэдалём у тым Сыднэі. І ўсё бронза выходзіць. Як толькі беларус, так і бронза. Альбо — як толькі каму бронзу, то беларусу. Ня ведаю, чаму так. Суседка Маня кажа, што гэта нашых спэцыяльна засуджваюць, бо Лукашэнкі ня любяць. Бо ён за народ, а тыя імпэрыялісты нашага народу ня любяць. Бо народ наш “крэпка любіць савецку ўласьць”. А сусед Франак, рэкецір з базару, кажа, што нашы самі надта са скуры ня лезуць — каб моцна “не расстрайвацца”. Бо — як не дадуць табе за бронзу дваццаці тысячаў абяцаных даляраў, то гэта палова бяды. А як не дадуць табе за золата сарака тысяч абяцаных даляраў, то гэта ўжо бяда-а… І якая бяда!

Так простыя людзі кажуць. А народ, як вядома, ніколі не памыляецца.

Ведама, аналітыкі левыя і правыя па-іншаму аналізуюць. Ну, ня можа спорт разьвівацца пад таталітарным рэжымам — толькі пад дэмакратычным можа. Альбо — зашмат чыноўнікаў у той Сыднэй панаехала. А на масажыстаў, лекараў, матак і жонак грошай не хапіла. Альбо яшчэ — што ж гэта за даляры абяцаныя, сьмеху варта! Вось каб плацілі, як у Амэрыцы ці хоць у Італіі якой… Альбо яшчэ сьмяшней — патрыятызм на карані задушаны, бо ні сьцяга сапраўднага, ні гімну. Вось каб страляў падпалкоўнік Басінскі пад бел-чырвона-белым, то ня бронзу са срэбрам, а чыстае золата адстраляў бы…

Так нацыянальна сьвядомыя людзі кажуць. Нацыя. А нацыя, як вядома, ніколі не памыляецца.

А мне здаецца, што там не краіны “змагаюцца”, а алімпійцы спаборнічаюць. Людзі. І шмат каму тая Алімпіяда будзе адна за ўсё жыцьцё. І трапіць туды мог ня кожны. І гэта ўжо падзея і посьпех. Для чалавека. А стаць на подыюм! Мэдаль атрымаць! Чаму гэта “залаты” пераможца, а “бронзавы” прызэр?! Бронзавы пераможца Алімпіяды! І канец з кропкай! Гляджу цяпер польскае TV, там і зь пятым, і зь сёмым месцам віншуюць, бо то палякі. Хоць і залатых мэдалёў маюць ажно чатыры… Хіба з нашага “бронзавага суму” савецкі чалавек палез. Гэта яму захацелася ўсё пад сябе заграбаць. Усё мала было…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0