Рачкаўскас даў задні ход

Пасол Гаркун спрабуе адстаяць беларускія клясы Вісагінаса

 

У мястэчку Вісагінас, што пры Ігналінскай АЭС, ля самае беларускае мяжы, жывуць тысячы беларусаў. Да нядаўняга часу тут дзеялі 4 беларускамоўныя клясы ў Вісагінскай сярэдняй школе “Атэйцес”. Але зараз ім пагражае закрыцьцё. Распараджэньнем мэра гораду, лібэрала Вітаўтаса Рачкаўскаса, ад 15 верасьня беларускае школьніцтва тут мусіць быць зьліквідавана.

У адказ на гэта беларусы Літвы пагражаюць пікетамі. Згуртаваньне беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Літве распаўсюдзіла ў СМІ заяву за подпісам прэзыдэнта Згуртаваньня, сп.Лявона Мурашкі, у якой выказаны рашучы пратэст. У заяве гаворыцца, што беларусы, складаючы значную частку жыхароў Вісагінаса, ня могуць пагадзіцца з рашэньнем мэра Рачкаўскаса.

У мінулую сераду, 27 верасьня, з гэтай нагоды памежны горад наведаў амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімер Гаркун. Падчас сустрэчы з мэрам Вісагінаса была дасягнутая дамоўленасьць пра адкліканьне ягонага распараджэньня. Сп.Рачкаўскас запэўніў Гаркуна, што на наступную раніцу, да 10-й гадзіны, ён верне ўсё назад.

Аднак наступнае раніцы мэр, склікаўшы Раду самакіраваньня, прыняў наступнае рашэньне: 1-ю і 3-ю клясы аб’яднаць, 5-ю пакінуць, а 7-ую злучыць з расейскай клясаю. Гэта ніяк не адпавядае жаданьням беларускае грамады, уціскае правы дзяцей і іхных бацькоў. У зьвязку з чым пры канцы гэтага тыдня, напярэдадні выбараў у Сойм Літвы, беларусы плянуюць разгарнуць акцыі пратэсту.

Кропку тут ставіць рана. Беларусы змогуць адыграцца ў палітычна напружаны для Літвы момант і яшчэ гучней нагадаць пра сваё існаваньне ў краі.

Генрых Рамашкевіч, Вільня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0