Пушкін — дзецям

Алесь Пушкін размаляваў беларускі дзіцячы садок

 

Найноўшы твор мастака Алеся Пушкіна прысьвечаны выхаванцам беларускай групы дзіцячага садка №314 (што ў дварах за кнігарняй “Маладосьць”, на вул.Багдановіча).

У пятніцу 22 верасьня дзеткі адзначылі сваё першае сьвята — адкрыцьцё групкі. Зь віншаваньнямі прыйшлі ня толькі іхныя ж бацькі (сярод якіх шмат вядомых і паважаных у Беларусі людзей), але й патэнцыйная зьмена (меншыя беларускамоўныя дзеці), журналісты, братчыкі Праваслаўнага брацтва беларускай моладзі імя Кастуся Астроскага, а таксама шасьціклясьнікі з 89 школы Менску, якія вучацца па праграме “Этнашкола”. Дарэчы, брацтву праваслаўнай моладзі выхавацелі групкі заўдзячваюць рамонт садка і падрыхтоўку сьвята. Асобны дзякуй кажуць яны фірме “Эўравіта”, вытворцу шакаляду “Тэравіта”, што падсаладзіла дзятве жыцьцё.

Што да Алеся Пушкіна, дык на сьвяце мастак ня мог стрымаць захапленьня. Гэта ж колькі ў адным месцы сабралася беларускіх дзетак! Свой падарунак ён прадставіў праз два дні. Прыйшла чарга захапляцца дзеткам. На пляцоўку беларускай групкі пацягнуліся дэлегацыі дзетак і выхавацеляў з усяго садку.

Чароўны пэндзаль мастака ператварыў звыродлівы цагляны гараж у казачны горад зь вежамі й замкамі, а на “саўковую” кафляную альтанку пасяліў прыўкраснага рыцара. На дэльтапляне рыцаранятка ўзьнялося над Беларусяй ды кліча па рацыі сяброў на дапамогу: ня ўсё ладзіцца ў роднай дзяржаве. Ды пакуль не зьвяліся рыцараняты, Беларусь пад надзейнай аховай.

Ахвочыя паглядзець на новыя творы вядомага мастака могуць заходзіць у госьці да беларускіх дашкалятаў. А калі з сабою вы прынясеце якую цацку (апроч мяккіх) ці кнігу (апроч расейскіх), беларускамоўныя дзеткі скажуць (тыя зь іх, хто ўжо ўмее размаўляць) — “вялікі дзякуй”.

Крысьціна Пучынская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0