Людміла Рублеўская

Тое, чаго ня купіш

У старой Беларусі рынкавая плошча разьдзяляла касьцёл, царкву і сынагогу і адначасна аб’ядноўвала іх. На кірмаш прыходзілі ўсе. Рынак — сэрца гораду, якое гоніць залатую кроў па артэрыях вуліц і завулкаў, забясьпечвае сьвежы прыток з прадмесьцяў і далёкіх краінаў. Месца абмену таварам і інфармацыяй. Навіны з усяго сьвету зьбіраюцца тут, на рынку.

Але часта рынак мяняў сваё аблічча. Захопнікі ператваралі яго ў месца публічных экзэкуцыяў. Інквізытары палілі ведзьмакоў і крамольныя кнігі. Падчас эпідэмій туды сьцягвалі трупы і яшчэ жывых хворых, раскладаючы абапал вогнішчы зь лекавых зёлак. На рынку зьбіралі даверлівы люд прамоўцы розных перакананьняў… І замест коней ды яблыкаў купляліся і прадаваліся жыцьцё і сьмерць, целы і душы.

Як у сэрцы адначасова пераганяецца і атручаная вэнозная, і сьвежая артэрыяльная кроў, так і на рынку сустракаецца шчодрасьць і сквапнасьць, багацьце і галеча, безабароннасьць і бязьлітаснасьць. Нідзе, мабыць, няма такой цяжкой аўры, як на вялікім рынку.

На месцы сёньняшняй Камароўкі ў Менску некалі прасьціраўся балоцісты Камароўскі выган. Менавіта там у 1910 годзе меўся адбыцца першы на тутэйшай зямельцы палёт на аэрапляне. Відовішча прыцягнула шматлікіх гледачоў, білеты раскупілі. Але калі аэраплян быў гатовы ўзьляцець, на лётнае поле выбегла бабулька з кадзілам і пачала хрысьціць “нячыстую сілу”. Натоўп кінуўся за ёю — адны на бабку, другія на “анцыхрыста”. Дваіх экзарцыстаў забіла прапэлерам. Пабожнасьць перамагла: машыну, спароджаную чалавечай гардыняй, паламалі, а кіроўцу-гастралёра зьбілі да паўсьмерці. А ня лётай, раз Бог крылаў ня даў…

 

ёньня на другім паверсе Камароўкі прадаюць вясельныя ўборы. Быццам белыя прывіды мешчукоўскага шчасьця са штучнага турэцкага шоўку, сьвецяцца праз вокны разьвешаныя на мэталёвых распорках сукенкі, расшытыя апэрэтачнымі блішчынкамі. А штучны шоўк робяць з нафты… Чорнай нафты…

Насупраць вясельнага царства Камароўкі, таксама на другім паверсе — праваслаўная крамка. Крыжыкі, абразкі, жыцьці сьвятых… Знаёмы сьвятар кажа, што нельга прадаваць сьвятыя прадметы побач зь мясам… Але прадаюць. А ўнізе, на першым паверсе, сястра ў белай хустцы зьбірае грошы на храм. Людзі сьпяшаюць купіць, прадаць ці адабраць, абцякаюць яе, нібыта маленькі востраў. А яна стаіць нерухома і чытае Сьвятое Пісаньне і нават не заўважае, ці кідаюць грошы ў ейную пушку.

Гандаль — занятак чалавека. Прырода не гандлюе. Яна толькі мяняе жыцьцё на жыцьцё. Бог стварыў усё непаўторным, незаменным… Але сам быў ацэнены і прададзены…

У нашым жыцьці ўсё менш таго, што ня можа быць куплена. Ці можа ня быць куплена. І яно робіцца для большасьці ўсё менш патрэбным.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0