Ня зловіш!

 

Акцыі пад лёзунгамі “Не — выбарчаму фарсу” і “Сёньня Мілошавіч — заўтра Лукашэнка” сабралі ўва ўсёй краіне 10 тысяч чалавек, хоць толькі ў 9 гарадах з
23-х, дзе былі пададзеныя заяўкі, улады дазволілі мітынгі.

 

Самая масавая акцыя адбылася ў Берасьці — на стадыёне сабралася больш за 1500 чалавек. У Горадні, як паведаміў Сяргей Максімовіч, на плошчы перад гарвыканкамам сабралася больш за 1000 выбарцаў. Пасьля выступаў С.Домаша, В.Вячоркі і А.Дабравольскага адбылося імправізаванае шэсьце да сядзібы БНФ. Больш за 500 чалавек сабраў мітынг у баранавіцкім парку. 1200 чалавек выйшлі на вуліцы ў Гомелі.

Нешматлікай была акцыя ў Лідзе, але тутака ўлады самі справакавалі несанкцыянаванае шэсьце 60 чалавек пад бел-чырвона-белым сьцягам, вымусіўшы людзей прайсьці ад забароненага месца правядзеньня мітынгу да дазволенага. Сярод выступоўцаў былі госьці зь Менску А.Цынкевіч і В.Сіўчык, а таксама нікому не вядомая жанчына, якая, амаль не закранаючы палітычнае тэматыкі, вельмі прыгожа гаварыла пра гонар беларускае мовы. Лідзкі мітынг быў багаты на затрыманьні — 5 чалавек, у тым ліку старшыні лідзкіх БНФ і “Народнае Грамады”, а таксама адзін чалавек за дзень да мітынгу — “за расклейваньне ўлётак”. Меў рацыю бэнэфіст, арганізатар мітынгу, калі прыехаў на акцыю на ровары — пасьля ўсе мы назіралі, як міліцыянты бегаюць за ім, каб “скласьці пратакол”. Аднак не злавілі.

У Віцебску, дзе на мітынг сабраліся 500 чалавек, было затрымана сямёра, у Салігорску — трое, зь іх двое менчукоў, у Рагачове ўлады забаранілі акцыю, а мікрааўтобус з гасьцямі зь Менску нават не ўпусьцілі ў горад. Аб агульнай колькасьці затрыманых казаць пакуль рана — арышты працягваюцца. Напрыклад, як паведамляе нам наш магілёўскі карэспандэнт Сымон Глазштэйн, там на несанкцыянаваны мітынг сабралася каля 100 чалавек і амаль столькі ж міліцыянтаў. Падчас акцыі нікога не затрымалі, але пасьля АМАП ачапіў управу БНФ, і колькі чалавек затрымаюць — пакуль невядома.

А тое, што людзей было не так многа, як хацелася б — дык гэта толькі з-за таго, што беларусы ў адборачным матчы чэмпіянату сьвету па футболе прайгралі палякам зь лікам 1:3. Людзі расчараваныя… Дык змагаймася за іншую ўладу — пры гэтай мы ня выйграем.

Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0