З УСІХ СТАРОН


 

Мэханізм рэвалюцыі

 

30 верасьня, субота, вечар.

Фэдэральная выбарчая камiсiя прызначае другi тур галасаваньня, у якiм павiнны ўдзельнiчаць Воіслаў Каштунiца ды Слабадан Мiлошавiч. Краіна адказвае на гэта страйкамі на шэрагу прадпрыемстваў. Паслужлівае сэрбскае “БТ” заклікае ўрад замянiць страйкоўцаў беспрацоўнымi ўцекачамi з Косава.

 

2 кастрычнiка, панядзелак.

7.00—9.00 Поўны паралюш грамадзкага транспарту ў сэрбскай сталiцы — застрайкавалi кiроўцы, у тым ліку і таксісты. Праўда, толькi на дзьве гадзiны, каб не выклiкаць у сталiцы поўнага хаосу. Аўтобусы блякуюць масты, вулiцы перакрытыя легкавiкамi і кантэйнэрамi для сьмецьця. Палiцыянты здымаюць нумары з аўтамабiляў, людзi бясстрашна адкручваюць нумары з палiцэйскiх машынаў.

11.00 Бялградзкiя школьнікі зьбiраюцца на пляцах перад школай Сьвятога Савы ды школай №6, каб потым далучыцца да студэнтаў, якiя ўжо мiтынгуюць ля факультэту фiлязофii Бялградзкага ўнiвэрсытэту. Да iх далучацца настаўнiкi, якiя ўчора сьледам за сваiмі вучнямі вырашылi падтрымаць агульны страйк. Сьпяваючы “Слабадан, уратуй Сэрбiю ды забi сябе”, натоўп (5000 чалавек) перакрывае вулiцу Васiна.

13.40 Некалькi тысяч чалавек iдуць маршам у Бялградзе ад плошчы Рэспублiкi да Фэдэральнага iнстытуту статыстыкi, каб запатрабаваць ад ягоных кiраўнiкоў абвяшчэньня сапраўдных вынiкаў выбараў. Наперадзе — лідэры апазыцыi ды барабаншчыкi. Каля 3500 шахцёраў Калубары чацьвёрты дзень страйкуюць пад зямлёй.

Журналiсты ды iншыя супрацоўнiкi афiцыйных сэрбскiх мэдыяў патрабуюць ад сваiх кiраўнiкоў пачаць даваць праўдзiвую iнфармацыю. Такую пэтыцыю падпісваюць 50 супрацоўнікаў бялградзкай “Палітыкі” — сэрбскага аналяга “Советской Белоруссіі”.

Мiлошавiч праз тэлевiзiю кажа, што апазыцыю аплочвае NATO, а перад Каштунiцай у той самы час расступаецца кардон спэцназу, каб даць яму паразмаўляць з шахцёрамi Калубары. Калубарцы самi кормяць тых спэцназаўцаў, бо палiцэйскае кiраўнiцтва забылася выдаць iм ежу ды ваду. Небаракi-палiцыянты просяць шахцёраў трымацца да апошняга. Каштунiца працягвае паездку па краiне, а ў Швайцарыi замарожаныя банкаўскiя рахункi наблiжаных да Мiлошавiча асобаў.

 

3 кастрычнiка, аўторак.

15.00 У Бялградзе пачаўся “падвойны” марш — дзьве грамады па некалькi тысячаў чалавек рушылi рознымi шляхамi да Фэдэральнага бюро статыстыкi ды Югаслаўскага банку, каб распытацца ў кiраўнiкоў гэтых установаў пра iхныя махiнацыi.

16.20 Палiцыя спыняе 5000 студэнтаў ды школьнiкаў у цэнтры Бялграду. Але ў той жа дзень з кiраўнiцтва бялградзкай палiцыi звальняюцца 92 чалавекi. У 200-тысячным горадзе Крагуевацы Каштунiцу вiтаюць 55 тысяч месьцiчаў.

 

4 кастрычнiка, серада.

Каштунiца адмаўляецца ехаць у Расею, бо мае важнейшыя справы ва ўласнай краiне. Палiцыя пачынае прыбiраць барыкады, людзi самi сядаюць на дарогi замест машынаў. У вёсцы Басьняк людзi перакрылi мост — леглi на iм, нягледзячы на залеву. Палiцыянты пачалi зьбiваць iх дубiнкамi, але потым адступiлiся, бо зьбегліся вяскоўцы. Вёска тая мiтынгуе ўжо цэлы тыдзень. Судзьдзя бялградзкага мунiцыпальнага суду Нябойша Сімэўнавiч адмовiўся засудзiць двух лiдэраў апазыцыi ды адзiнаццаць шахцёраў. Справу перадалi iншаму судзьдзю, адданаму рэжыму. У Бялградзе да вечара мiтынгуе каля 100 000 чалавек.

 

5 кастрычнiка, чацьвер.

Ранiца. З розных бакоў у Бялград рухаюцца аўтобусы зь людзьмi. Палiцыя ня ў стане iх спынiць. Кардоны прарываюць, машыны, якiмi ўлады перакрываюць шлях да Бялграду, перакульваюць. На аўто замест нумароў шыльдачкi з надпiсам “Дзе мой голас?”. Даўжыня калёны, што рухаецца з поўдня краіны – каля 50 км. Пасьля перамоваў палiцыя прапускае калёну ў горад.

Разам з усiмi страйкуюць 300 супрацоўнiкаў дзяржаўнага тэлебачаньня. У будынку тэлецэнтру знаходзiцца палiцыя, перад уваходам стаяць армейскiя джыпы. Расея працягвае падтрымліваць Мілошавіча, лічачы, што пратэсты ўрэшце захлынуцца, як і ў 1997 годзе.

14.00 Канстытуцыйны суд вырашае ануляваць вынiкi першага туру і прызначыць перавыбары на наступны год, пакідаючы Мілошавіча пры ўладзе на неакрэсьлены тэрмін. Гэтае нечаканае рашэньне выклікае выбух абурэньня сярод дэманстрантаў на вуліцах Бялграду.

15.00 Пачынаецца грандыёзны мiтынг пратэсту перад будынкам сэрбскага парлямэнту. Генэрал Вук Абрадавіч першым кідае заклік увайсьці ў будынак парлямэнту, дзе, паводле Канстытуцыі, мусіць адбывацца прысяга прэзыдэнта. Пара соцень зухаў слухаюцца закліку. Ім насустрач з будынку выскоквае 50 паліцыянтаў. Ззаду грамада разгружае прыгнаны з адной зь вёсак грузавiк з камянямі. Кiраўнiкi мiтынгу просяць ня кiдаць камянёў у палiцыю. Натоўп напірае ззаду на пярэдніх.

15.50 Людзі прарвалі першы кардон і дасягнулі ўваходу ў будынак парлямэнту. Прамовы перарываюцца, плошча адно скандуе “гатоў е” — “яму гамон”. З Скупшчыны выпускаюць газ, што прымушае дэманстрантаў адступіць зь лесьвіцы на плошчу. У бок парлямэнту зноў ляцяць камянi. Дзьве газавыя шашкi трапляюць у сярэдзiну натоўпу, людзi крычаць “назад дарогі няма!”, а некалькi дзясяткаў самых адчайных высаджваюць дзьверы ў будынак, з вокнаў якога ўжо iдзе дым. У гэты час на вулiцах гораду знаходзiцца каля мільёна чалавек.

Група людзей зь іншага боку мітынгу кіруецца на штурм будынка тэлевiзii, адкуль дыктары ўсьцяж перадаюць у этэр пра “хаос і беспарадкі, арганізаваныя наймітамі Захаду”. Дэманстранты прыганяюць вялізарны жоўты бульдозэр. Машына-волат ідзе ў наступ. Ахоўнікі будынка ў адчаі выпускаюць па баявым бульдозэры чаргу з аўтамата, якая, аднак, нічым ня шкодзіць мэталёвай фартэцыі. Дзьверы і вокны першага паверху выбітыя, людзі празь іх залазяць усярэдзіну. Празь нейкі час паліцыянты добраахвотна выходзяць з тэлецэнтру ды пачынаюць братацца з маніфэстантамі.

17.30 Парлямэнт месцамі гарыць, палаюць машыны, прыпаркаваныя ля яго. Падпальвалі правакатары і дэклясаваныя элемэнты сярод саміх дэманстрантаў. З вакон будынку парлямэнту выкiдаюць тысячы бюлетэняў для галасаваньня ды партрэты Мiлошавiча — супраціў спэцатрадаў, што абаранялі яго, канчаткова згас. З будынку выносяць параненых дэманстрантаў і паліцыянтаў.

17.50 Гарыць будынак тэлевiзii, якi ўжо пакiнула палiцыя. Група дэманстрантаў па-зьверску зьбівае знойдзенага кіраўніка тэлебачаньня.

18.00 У такіх умовах кiраўнiкi апазыцыi вырашаюць узяць на сябе адказнасьць за краіну. Галоўныя задачы — склікаць парлямэнт, які паводле канстытуцыі можа прыняць прысягу Каштуніцы, не дапусьціць сутыкненьняў сілаў правапарадку з дэманстрантамі, унікнуць актаў помсты і рабаваньня ў сталіцы, пераняць кіраваньне дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, ня даць былому кіраўніцтву раскрасьці дзяржаўную скарбонку, а таксама стварыць часовы ўрад і прызначыць кіраўнікоў Бялграду. Нарэшце дазвоньваюцца да кіраўніцтва арміі. Бялградзкая тэлевізія тымчасам спыняе трансьляцыю клясычнай музыкі. На экранах надпіс: “Надае свабоднае радыё і тэлебачаньне Сэрбіі”.

18.57 Пажар у парлямэнце пагасілі. Сотнi тысяч людзей на плошчы чакаюць прамовы новага прэзыдэнта – Воiслава Каштунiцы.

19.00 Каштунiца зьвяртаецца да свайго народу са словамі: “Гэта наш горад, наш Бялград, наша Сэрбiя i наша перамога”. Усю адказнасьць за апошнія беды ў краіне ён ускладае на Мілошавіча. “Гэта ён праводзіў антысэрбскую, а ў апошні час спрэс праальбанскую палітыку, бо з-за ягонай палітыкі замежныя войскі апынуліся ў Косаве, нашай зямлі”. “Мы нічога не патрабуем, не патрэбныя нам ані Масква, ані Вашынгтон. Сэрбія паўстала. Тая Сэрбія, якая разам зь сяброўскімі народамі Эўропы — грэкамі, французамі, нарвэжцамі ды іншымі — рушыць у новую будучыню, будзе тым, чым заўжды была — гонарам Эўропы”. Япіскап Атанасіе перадае яму блаславеньне сэрбскага патрыярха Паўла.

21.20 У цэнтры Бялграду 50 байцоў антытэрарыстычнага зьвязу паліцыі абдымаюцца зь мітынгоўцамі, пакідаўшы шаломы. Прыходзяць зьвесткі пра ахвяры – перад будынкам Скупшчыны грузавіком раздушыла дзяўчыну, стары памёр ад сардэчнага прыступу, больш за сотню атрымалі розныя пашкоджаньні. Робіцца вядома, што Іван Стамбаліч, былы прэзыдэнт Сэрбіі, які таямніча зьнік некалькі тыдняў таму, знайшоўся ў вязьніцы. Надзвычайная сэсія скупшчыны Бялграду прызначае новага мэра сталіцы.

 

5-6 кастрычніка, ноч.

Каштуніца ўпершыню прамаўляе на нацыянальным тэлебачаньні. Ён віншуе сэрбаў ды абрынаецца на Мілошавіча, які “быў здольны паразумецца ў Дэйтане або з найгоршымі ворагамі нашага народу, але няздольны параіцца з уласным народам, які думаў інакш”. Каштуніца кажа, што Сэрбія згубіць свой гонар, калі забудзецца на натаўскія бамбардаваньні, крытыкуе трыбунал у Гаазе, які патрабуе выдачы Мілошавіча.

 

6 кастрычніка, пятніца.

Расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў ляціць дахаты, каб перадаць Пуціну словы Каштуніцы: “Я глыбока ўпэўнены, што гэта апошні раз, калі міжнародная супольнасьць ды сяброўскія краіны кшталту Расеі спрабуюць вырашаць нашыя ўнутраныя праблемы”. З набліжэньнем вечара тлум на бялградзкіх вуліцах пакрысе меншае. Народ сваю справу зрабіў. Чарга за Каштуніцам.

Падрыхтаваў
Алесь Кудрыцкі


 

Беларусь для Мілошавіча — ня схоў

Падзеі ў Сэрбіі камэнтуе лідэр БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка

 

Вінцук Вячорка: Апошнія падзеі ў Бялградзе могуць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі толькі станоўча. Камэнтары рэжыму ў стылі савецкае прапаганды разгубленыя й спалоханыя. Найважнейшыя для нас тутака два моманты: па-першае – зьмены ў псыхалёгіі людзей, якія глядзяць розныя каналы й бачаць, што ніводзін дыктатар ня вечны й яго можна перамагчы: і на выбарах, і на вуліцы; па-другое – апошнім праблемным месцам на карце Эўропы засталася Беларусь. Лёс Мілошавіча мае паказаць эўрапейскім палітыкам: няма чаго штучна падаўжаць лёс Лукашэнкі.

У нас была дамова з сэрбскімі дэмакратамі пра спаборніцтва – хто раней адправіць свайго дыктатара. Яны перамаглі. Віншаваньні мы паслалі. Натуральна, будзем пільна вывучаць іхны досьвед.

 

– Ці верыце Вы ў нацыянальную рэвалюцыю – гэткую, што адбылася ў Сэрбіі?

– Гісторыя па-ўсякаму паварочваецца, і часам, бывае, энэргія канцэнтруецца ў слушны час і ў слушным месцы. Але, безумоўна, дзеля ведамых рыс нацыянальнага характару нашага народу магчымасьць паўтору сэрбскага сцэнару ў нас менш праўдападобная.

 

– А якое палітыкі можна спадзявацца ад Воіслава Каштуніцы ў дачыненьні да Беларусі?

– Ён невядомы палітык, і ў разе зь ім будзе хутчэй варыянт Кучмы – адны лёзунгі цяпер, але карэкцыя ў бок Эўропы – заўтра. “Саюзу” ж Беларусі й Югаславіі загадана доўга жыць.

 

– А самой Югаславіі?

– Практычна Югаславіі ўжо няма. Здаецца, што й Чарнагорыя ўрэшце скарыстаецца з рэальнага шанцу аднавіць сваю незалежнасьць. Можа быць узьняты статус Ваяводзіны да рэспублікі, каб Сэрбіі было з чаго натхняцца, але аднаўленьня колішняе, гэтак званае “новае”, Югаславіі ўжо ніколі не адбудзецца.

 

– Як Вы мяркуеце, Беларусь можа прытуліць Мілошавіча?

— Калі ўцячэ ў Беларусь, то адразу па зьмене сытуацыі ў Беларусі новая ўлада здасьць яго Гааскаму трыбуналу. Таму Беларусь для Мілошавіча ня лепшы схоў.

Упершыню за пяць гадоў ёсьць прадуманая стратэгія й тактыка задзіночанай апазыцыі. “Марш Свабоды–ІІІ” быў досыць моцнай акцыяй. Зрэшты, маршы й акцыі – не самамэта. Галоўнае – фінальны выйгрыш, бо лічыць будзем тады, калі Лукашэнка сыдзе ці ня сыдзе. “Марш Свабоды – ІІІ” быў складнікам нашае паўтарагодняе кампаніі. Нам было важна правесьці яго мірна й насьмеліць людзей у рэгіёнах зладзіць свае масавыя акцыі. 8 кастрычніка адбылася якасна новая падзея: у 22 гарадох сынхронныя акцыі рознага кшталту пад агульным тытулам “Усебеларускі Марш Свабоды”. 14 кастрычніка, у суботу, што папярэднічацьме лукашэнкаўскаму выбарчаму фарсу, мы зладзім у Менску акцыю пад назовам “Заўтра – байкот”. Збор а 15-й гадзіне ля галоўнага ўваходу ў Акадэмію Навук.

Гутарыў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0