Люцыян Жалігоўскі

 

Люцыян Мечыслаў Рафал Жалігоўскі нарадзіўся 19 кастрычніка 1865 г. у Ашмяне ў сям’і, што выводзіла свой радавод з ХVI ст. Бацька Люцыяна, Густаў Жалігоўскі, разам з жонкай і двума братамі браў удзел у Паўстаньні 1863 г. Расейскія акупанты выкрылі яго і выслалі разам з жонкай у Сібір, а маёнтак сканфіскавалі на карысьць Імпэрыі. Люцыян выхоўваўся ў Жупранах (Ашмяншчына), у Багушэвіцкіх месцах, у сваёй цёткі Кацярыны. Бацькі, а пасьля цётка выхавалі юнака на цьвёрдага краёўца, што ўважаў сябе за жыхара Рэчы Паспалітай ліцьвінскага паходжаньня. Жалігоўскі адзначаў, што ў ягоных дзіцячых гульнях з аднагодкамі заўжды прысутнічалі такія назвы, як Грунвальд, Кірхгольм, Сіняя Вада.

Пасьля Віленскай клясычнай гімназіі юнак скончыў Рыскую вайсковую школу юнкераў, служыў у Кацярынадары. Вайсковая кар’ера была, аднак, сапсаваная падчас аднаго з афіцэрскіх раўтаў: Жалігоўскі адмовіўся прамовіць тост за тагачаснага імпэратара Аляксандра ІІІ. Яго аддалі пад афіцэрскі суд гонару. Суд апраўдаў маладога афіцэра, аднак усе наступныя гады ён зазнаваў цяжкасьці ў прасоўваньні па службе.

Толькі І сусьветная вайна дала праявіцца ягонай мужнасьці й таленту палкаводца. За праяўленую доблесьць ён быў узнагароджаны ордэнамі сьвятой Ганны 3-й і 2-й ступеняў, сьвятога Станіслава 2-й ступені, сьвятога Ўладзімера 4-й ступені зь мячамі, сьвятога Юр’я. У 1915 г. яму надаецца годнасьць палкоўніка і даручаецца камандаваньне 261-м пяхотным палком. На чале гэтай вайсковай фармацыі Л.Жалігоўскі браў удзел у баях у Карпатах, дзе ваяваў супроць легіянэраў Юзафа Пілсудзкага, што знаходзіліся на нямецкай службе. Жалігоўскі ў адрозьненьне ад Пілсудзкага верыў, што па заканчэньні вайны Расея дасьць Польшчы незалежнасьць. Таму, калі ў студзені 1917 г. пры расейскай арміі была створаная Дывізія польскіх стральцоў, палкоўнік Жалігоўскі далучаецца да яе.

У 1918—1919 гг. ён ваюе на баку генэрала Дзянікіна пры францускім інтэрвэнцыйным корпусе ў Бэсарабіі. У 1919 г. ён канчаткова пакідае расейскую армію і пераходзіць на службу да новай Польшчы. Пілсудзкі прызначае яго камандуючым польскімі войскамі на ўсходзе, і Жалігоўскі зьдзяйсьняе даўнюю мару: фармуе дывізію з ураджэнцаў Беларусі, названую Літоўска-беларускай. Улетку 1920 г. жаўнеры Жалігоўскага адыгралі ключавую ролю ў абароне польскай сталіцы ад бальшавікоў. Менавіта яны авалодалі местам Радзімін, разамкнуўшы савецкі фронт.

Са здабыцьцём Сярэдняй Літвы рэйтынг Люцыяна Жалігоўскага рэзка падвысіўся. Для Польшчы ён стаў нацыянальным героем, для Летувы – найгоршым злом.

У 1924 г. Пілсудзкі надаў Люцыяну Жалігоўскаму годнасьць генэрала броні (найвышэйшая генэральская годнасьць у Польшчы). У 1925 г. ён быў прызначаны міністрам унутраных спраў, і дзякуючы ягонай пазыцыі Юзаф Пілсудзкі здолеў зьдзейсьніць пераварот 12 траўня 1926 г. і ўсталяваць аўтарытарную дыктатуру. Пазьней Жалігоўскі дакараў сябе за ўдзел у гэтай авантуры, крытыкуючы Начальніка дзяржавы ў публіцыстычных артыкулах. “Ён багата зрабіў для Польшчы, але цяпер захварэў на манію велічы, цяпер ён чалавек ні вялікі, ні мудры. Якія вынікі даў пераварот? Напачатку было соймаўладзьдзе, а цяпер кліка ваенных, цяпер запанавала бяспраўе, улада сілы”.

Паступова Жалігоўскі перайшоў у лягер апазыцыі. У 1935 г. ён быў абраны ў сэнат і скарыстоўваў там сэнацкую трыбуну для крытыкі ўраду. Люцыян Жалігоўскі быў адзіным сэнатарам, хто рэзка выступіў супраць перасьледу беларускіх дзеячаў у канцы 30-х: закрыцьця “Беларускай крыніцы”, перасьледу Адама Станкевіча і Адольфа Клімовіча, высяленьня беларускіх ксяндзоў-марыянаў з Друі.

У 1939 г. з пачаткам акупацыі Польшчы нямецкімі войскамі 74-гадовы Люцыян Жалігоўскі выехаў у Вялікабрытанію. На эміграцыі ён быў прыхільнікам супрацоўніцтва з СССР. Па сканчэньні вайны Жалігоўскі выступіў з адозвай да палякаў, дзе заклікаў іх вяртацца ў сацыялістычную Польшчу. У 1947 г. вырашалася пытаньне пра вяртаньне самога Жалігоўскага, але за некалькі дзён да пераезду ў Варшаву генэрал памёр.

Алесь Хацкевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0