Ці не ўзвышэнцы ўваскрэсьлі?

Arche–Скарына: Аналітыка. Эсэістыка. Крытыка. Рэцэнзіі. № 6 (11), 2000. – Менск, 2000. – 80 с., іл.

 

“Беларускі інфармацыйны краявід панаўляецца пераважна празь зьнікненьне звыклых імён. На гэтым тле паўстаньне “Скарыны” выглядае надта інтрыгоўна”, – пісаў Максім Жбанкоў у расейскай газэце “Ізвестія”. Гэтае ягонае выказваньне вынесенае на вокладку чарговага нумару “тонкага” выпуску часапісу “Arche”. А побач – выказваньне Васіля Быкава з “НН”: “Я маю досыць кансэрватыўныя густы, і выданьні такога кшталту – не для мяне”.

Нешта падобнае назіралася на пачатку 1920-х гадоў. Тады “зялёныя” літаратары, прэтэндуючы на месцы “нашаніўцаў-парнасьнікаў”, рытмавалі тысячы радкоў у дзень ды ўважалі сябе за вестуноў новай эпохі, а значыцца, і гаспадароў становішча, у тым ліку і ў літаратуры. Старыя “волаты” – Купала й Колас – зусім не крыўдавалі й спакойна чакалі, калі з гарачых беларускіх хлопцаў выб’ецца колькі талковых галоваў, якія з годнасьцю прадоўжаць іхную справу, пазбавіўшыся “рэвалюцыйнага” снабізму. Паступова з 500 сяброў “Маладняка” ў 1926 годзе вылучылася “Ўзвышша”. Антон Адамовіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, Я.Пушча, К.Чорны, З.Бядуля, П.Глебка, С.Дарожны, М.Лужанін, В.Шашалевіч, Ю.Віцьбіч засталіся ў гісторыі нашага краснага пісьменства стваральнікамі новае беларускае, несярмяжнае й эўрапейскае літаратуры, кшталтаваньнікамі мовы, колькігадовыя дасягненьні якіх у галіне краснага пісьменства шмат у чым не перасягнуты дагэтуль.

Паралелі зь мінуўшчынай напрошваюцца і пры назіраньні за “Arche” ды ролі ў ім тых пераважна маладых літаратараў, якія, відавочна, ужо зьмянілі сабою і “парнасьнікаў” савецкае беларускае літаратуры, і “бум-бам-літаўцаў”-“маладнякоўцаў”. Быкаў і Барадулін – Колас і Купала сёньня: яны кансэрватары, але не замінаюць маладым.

Напрыканцы ХХ ст. беларуская літаратура, апрытомнеўшы ад паўвекавога сну, пачала свой уздым. “Arche” – гэта пачатак стварэньня замест адраджэньня літаратуры.

“Скарына” – гэта не зусім літаратура, але і не адпачынак ад літаратуры, гэта самааналіз, самаацэна праз прызму як сваіх думак, гэтак і погляду збоку. Гэта крытычны й ненарцысічны позірк на Беларусь і беларускае. Ідэалёгія “Скарыны” не ў любаваньні сваімі дасягненьнямі, а ў шуканьні заган. Такога ў гісторыі нашай пэрыёдыкі яшчэ не было. Гэта пацьвярджае і тэкст Паўла Абрамовіча “Дубавец і Ластоўскі” ў апошнім нумары часапісу.

Сяргей Дубавец, сыходзячы з таго, што беларуская савецкая літаратура ёсьць падробкаю пад нацыянальнае мастацтва, адпрэчыў яе эстэтычную вартасьць, зрабіўшы гэта як выклік старым “зубром” у лімаўскім артыкуле “Чырвоны туман”. Дубаўцовы выклік параўноўваецца з славутым крытычным артыкулам Вацлава Ластоўскага “Сплачвайце доўг”, надрукаваным у 1913 годзе ў “Нашай Ніве”. Ластоўскі казаў пра патрэбу выпрацаваньня філязафічнае канцэпцыі беларускага мастацтва й беларускага нацыянальнага руху наагул. Да гэтага ж, дарэчы, імкнуліся і “ўзвышэнцы”, дый Дубавец пры канцы стагодзьдзя. Але ці разьвязалі яны гэтую праблему? П.Абрамовіч мусіць сьцьвердзіць: “Мы бярэм дыскутаваную праблему з сабою ў новае тысячагодзьдзе. Нічога добрага нам гэта не абяцае”. Такім парадкам, або пацьвярджаецца быкаўская пэсымістычная канцэпцыя, або ў падтэксьце застаецца спадзеў на некага іншага, хто апраўдае “паложаныя надзеі”, сплаціць “доўг”. І чамусьці здаецца, што гэты доўг, абавязак узьняць беларускую культуру да роўню сучаснасьці мае часапіс “Arche”.

Узьняць культуру можна толькі адкінуўшы ад яе кукаль, вызваліўшы ейнае праўдзівае нутро.

Аднэй з актуальных праблемаў у сувязі з гэтым ёсьць пытаньне культурных межаў Беларусі. Андрэй Дынько ў сваёй “Найноўшай гісторыі яцьвягаў”, што распачынае нумар “Скарыны”, піша пра Берасьцейшчыну й Піншчыну –“рэгіёны, заселеныя “тутэйшым” насельніцтвам з аслабленай нацыянальнай сьвядомасьцю”. Заходняе Палесьсе – самастойная культурная вобласьць, адметнасьць якое незваротна згасае. Гэтаму згасаньню паспрыяла й чыннасьць цяпер бізнэсоўца, а раней палітычнага авантурыста Міколы Шаляговіча, які стварыў у стылі Кіра Булычова тэорыю пра яцьвягаў, якія нібыта жывуць у цяперашняй Берасьцейскай вобласьці й ёсьць асобным народам. Тэорыя гэтая мела найбольшую папулярнасьць перадусім у Менску, самі “яцьвягі” чамусьці не ўспрынялі гэтае легенды.

Адметнасьць “Скарыны” ў тым, што ён кранае ня толькі культуралягічныя праблемы. Тацяна Сьнітко на старонках часопіса апавядае пра сваё падарожжа на Каўказ, наведваньне чачэнскіх грамадаў у Грузіі і прыгоды на грузінска-чачэнскім памежжы. Нарыс высьвятляе, наколькі чачэнцы не падобныя да пашыранага стэрэатыпу, калі глядзець на іх вокам незаангажаванага чалавека, далёкага ад этнічных крыўдаў і не знаёмага з законамі вялікае вайны. Менавіта так, мабыць, і мусяць пісаць на замежнапалітычную тэматыку часопісы.

Здаецца, горы літаратуры прысьвечаны тэме беларуска-расейскага білінгвізму й трасянцы, але пасьля знаёмства зь лінгвістычным дасьледаваньнем прафэсара Генадзя Цыхуна ўсьведамляеш, што дагэтуль не было зроблена належных дасьледаваньняў гэтае зьявы. Аўтар даводзіць, што гэты “моўны гібрыд”, уласьцівы ня толькі беларускай, але і ўкраінскай мове, дзе называецца “суржыкам”, як лінгвістычны тэрмін паходзіць ад назову корму для буйное рагатае жывёлы: калі ў гаспадара не стае сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Згэтуль і трасянка. Г.Цыхун прыточвае прыклады пагардлівага стаўленьня носьбітаў трасянкі як да беларускае мовы (перадусім з боку тых, хто “з гразі ды ў князі”), гэтак і да расейскае (у сялянскім асяродзьдзі).

Робіцца ці ня першая спроба закрануць палітычныя аспэкты трасяначнае праблематыкі. Гэтта згадваецца В.Воўк-Левановіч, русафіл, які, натхнёны “органамі”, выступіў пры канцы 1929 г. у Беларускай Акадэміі навук з прапановаю замены ўжо прыжытых у беларускай літаратурнай мове слоў расейскімі адпаведнікамі (аб’яўленьне, апрэль, гасударства, знамя, случай, срэдзтва і г.д.). Г.Цыхун піша, што традыцыі В.Воўк-Левановіча ў пэўным сэнсе працягнуў (нясьведама, вядома) бард Андрэй Мельнікаў, які на адным з форумаў ТБМ заклікаў скасаваць панятак нормы і ўзаконіць як раўналежныя формам літаратурнае мовы словы: атражаць, абшчэньне ды інш. Апошні выпадак скарэй сьведчыць пра пашыранасьць зьявы нездавольнага валоданьня літаратурнаю моваю, нежаданьня вучыць яе, а таму й шуканьня спосабаў палегчыць сваё існаваньне, прымітывізуючы мову, страсяньваючы яе да роўню гутарковае, сьведама ці нясьведама пацьвярджаючы міт пра ейную “мужыцкасьць” ды “калхознасьць”. На думку Г.Цыхуна, пераход з крэалізаванае беларуска-расейскае гаворкі на літаратурную мусіць адбыцца ў кожным разе. На якой мове – чыстай расейскай ці літаратурнай беларускай – пачнуць гаварыць беларусы, залежыць найперш ад дбаньнікаў пра чысьціню беларускае мовы, безь якое – чысьціні — узьняць ды захаваць прэстыж роднае мовы нельга.

У зьвязку з гэтым зацемлю, што дэмакратычнасьць “Arche” ў пытаньні ўжываньня дзьвюх адмен беларускае літаратурнае мовы не ідзе на карысьць замацаваньню пэўных формаў і нормаў словаўжываньня ў беларускай літаратурнай мове. Як у “наркомаўскіх”, гэтак і ў “тарашкевіцкіх” тэкстах прысутнічаюць “пазычаньні” аднаго правапісу ў другога. Як тады разумець закід у бок Алеся Аркуша, агучаны ў гэтым сама нумары “Скарыны” ў кароткай рэцэнзіі на ягоную кнігу, што “на 90 старонак – сотні граматычных, артаграфічных і іншых памылак”? Маўляў, “нішто так не атручвае ўражаньня ад кнігі, як няўменьне аўтара карыстацца той мовай, на якой яна напісана”. Мова “Скарыны” добрая й нават узорная, але ня ў пляне правапісу, дзе гэтак і не дасягнута згода ў дачыненьні да ўжываньня літары “мяккі знак” і спадарожных ёй правілаў. Наўрад ці гэта апраўданыя вольнасьці.

Тэксты пра чачэнскае падарожжа і трасянку разьдзяляе артыкул Жан-Шарля Ляльмана “Інтэграцыйная стратэгія Лукашэнкі”, поўны лічбаў і фактаў, самыя цікавыя зь якіх – бадай, тыя, што сьведчаць пра абсяг пранікненьня беларускага капіталу ў памежныя расейскія вобласьці. Артыкул быў для мяне пэўным адкрыцьцём таго, якой можа (калі ня мусіць) быць інтэлектуальная рэфлексія.

На тэму перакладаў і іхных выканаўцаў разважае Андрэй Хадановіч на падставе беларускіх вэрсій твораў Бадлера, Малярмэ й Ейтса. Зьвяртае на сябе ўвагу такі факт: прытарноўваючы беларускую моўную сытуацыю да паэзіі Малярмэ, А.Хадановіч, сам і паэт, і перакладчык, высноўвае: “У выпадку з Малярмэ моўны пурызм можа стацца кутнім камянем стратэгіі перакладу”, нагадваючы, што існуюць велізарныя пласты лексыкі, якая ня трапіла ў савецкія слоўнікі беларускае мовы. А.Хадановіч дакладна пераймае й паўтарае ідэі й прынцыпы літаратурна-мастацкага згуртаваньня “Ўзвышша”, сьцьвярджаючы, што дасягнуць вяршынь нацыянальнае літаратуры можна, ствараючы арыгінальную школу літаратурнага майстэрства праз разьвіцьцё культуры мовы, арганічнае спалучэньне рэалістычных традыцый зь сьмелым наватарствам. А.Хадановіч мае ўсе шанцы стацца адным з ідэолягаў новае беларускае літаратуры, гэткім Адамам Бабарэкам нашага часу.

Увогуле ж, чытаньне “Скарыны” дадае веры ў добрую будучыню беларускага крытычнага мысьленьня. У залежнасьці ад імпэту й высілкаў выдаўцоў, “Arche” можа ня толькі адыграць ролю “Ўзвышша”, але й дарабіць справу фармаваньня беларускае літаратурнае мовы, а значыцца, і літаратуры эўрапейскага й сусьветнага роўню. “Скарына” лепшае ад нумару да нумару, што і дае падставу думаць, што неўзабаве “Arche” ня толькі канчальна перавабіць чытачоў у старых беларускіх інтэлектуальных пэрыёдыкаў, але й заменіць узорамі “свае” аналітыкі спарахнелую каструбаватую “клясыку” крытычнага жанру, напісаную саўбелмоваю. Калі вытрымае і ня скоціцца ў самалюбаваньне, вядома. А пакуль наклад “Arche”вырас да 1300 асобнікаў. Нямала!

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0