Купала – вораг беларускай літаратуры, або Колькі піў Дубоўка

 

Творчыя аб’яднаньні – зьява нестабільная. Мабыць, таму, што самі творцы – у вялікай ступені індывідуалісты і індывідуальнасьці. Хаця аб’ядноўваць іх любяць. Калі аб’ядноўвае ўлада – атрымліваецца альбо “Саюз Пісьменьнікаў”, альбо камэра ў ГУЛАГу. Калі за справу бяруцца літаратуразнаўцы — пачынаюцца гаворкі пра накірункі і школы альбо сьвяткаваньні юбілеяў…

Прыкладна з такімі думкамі я ішоў на міжнародную навуковую канфэрэнцыю “Літаратура — мова — культура — ІІ”, што адбылася 5-6 кастрычніка ў Менску, у Белдзяржунівэрсытэце. Прысьвячалася яна стагодзьдзю з дня нараджэньня трох валатоўскіх постацяў нашай літаратуры — у адзін год зьявіліся на сьвет Уладзімер Дубоўка, Уладзімер Жылка і Мікалай Раманоўскі, вядомы ў літаратуры як Кузьма Чорны. Уражаньні ад канфэрэнцыі ў мяне засталіся самыя разнастайныя.

 

Мурына

На адкрыцьці высьветлілася, што дэканка філфаку Ларыса Мурына беларускай мовай валодае настолькі слаба, што пад канец свайго выступу папросту перайшла на расейскую, зрэдку ўстаўляючы ў гаворку беларускія словы — для “калярыту”, ці што? Да таго ж, як выкладчыца рыторыкі, яна, ясная рэч, выступала з паперкі. І загадкава ўсьміхалася пры гэтым. Цікава, пра што думала гэтая філфакаўская “Джаконда”? Цешылася, сустракаючы знаёмыя беларускія словы?

 

“Дырэктар літаратуры”

Мой сябра неяк сустрэў у кнізе памылку: дырэктара Інстытуту літаратуры Уладзімера Гніламёдава назвалі дырэктарам літаратуры. А можа, гэта была і не памылка? Уявіўшы сабе стан афіцыёзнай беларускай літаратуры…

А на канфэрэнцыі ён ня проста прысутнічаў, а яшчэ і выступаў. Памыліўся з вымаўленьнем слова “экзыстэнцыялізм” (праўда, адразу выправіўся), а вось слова “мартыралёг” яму ўдалося выгаварыць толькі з трэцяй спробы...

 

Макмілін

Прафэсар зь Лёндану меў зусім не брытанскае прозьвішча — Макмілін. Яно нагадвала пра шатляндзкія кілты, пра традыцыйную дуду й Роб Роя... Прафэсар зь Лёндану распавядаў пра эзопаву мову ў беларускай паэзіі 20-х гадоў. Зусім у эзопавым духу атрымалася ілюстрацыя да выступу брытанскага госьця. Калі начальства — прарэктар БДУ і дэканка філфаку — сышло з залі, Макмілін узьняў галаву ад свайго дакладу толькі на грукат дзьвярэй. “Да пабачэньня!” прагучала ўжо ў зачыненыя дзьверы...

 

Бугаёў

За што студэнты на філфаку любяць прафэсара Бугаёва, дык гэта за ягоную любоў да калялітаратурных плётак. Мала хто з выкладчыкаў устаўляе такую іх колькасьць у свае лекцыі. Вось і гэтым разам выступ сп.Дзьмітрыя нязмушана ператварыўся ўва ўспаміны пра тое, колькі й чаго менавіта ён піў разам з Дубоўкам. Пры першай сустрэчы “спакойна, лёгка агоралі бутэльку «белай». Той адной не абмежаваліся – калі пазьней мы сустракаліся, дык бралі новыя бутэлькі…”

Аднак пра літаратуру гаворка таксама ішла: пераважна пра тое, як Дубоўка пасьля вяртаньня зь Сібіры выкупляў рукапіс сваёй паэмы “Штурмуйце будучыні аванпосты…” у вядомага Лукаша Бэндэ.

 

Баршчэўскія

Імя варшаўскага прафэсара Аляксандра Баршчэўскага апошнім часам часьцей сустракаецца ў кантэксьце беларускай літаратуры, чым імя другога Баршчэўскага — Лявона. Праўда, быў яшчэ трэці Баршчэўскі — Ян, які напісаў “Шляхціца Завальню”. Янам назваў Аляксандра Баршчэўскага і прарэктар БДУ Яноўскі: бывае…

Прафэсар Баршчэўскі распавядаў пра беларускі нацыянальны асяродак у міжваеннай Францыі. Было да жудасьці цікава й нечакана пачуць, што зь беларускіх эмігрантаў у Францыі знайшлося больш за тысячу ахвотнікаў, якія падаліся ў Гішпанію ваяваць з франкістамі. Тыя, хто застаўся жывы, зазналі перасьлед пазьней — калі Францыю акупавалі немцы. Дзіўная й абсалютна невядомая старонка жыцьцяпісу нашай эміграцыі.

 

Лойка

Прафэсар Алег Лойка вырашыў зрабіць своеасаблівую правакацыю — “разьвянчаць” купалаўскі міт. Ён заявіў: “Уплыў Купалы на разьвіцьцё беларускай паэзіі ў ХХ стагодзьдзі ня толькі станоўчы”. Як высьветлілася, гаворка йшла пра Купалавы вершы 30-х гадоў, калі маральна зламаны паэт усхваляў савецкі лад: “Уся афіцыйная паэзія пайшла за Купалам”. Ах, Алежа Антонавічу, Вашыя б словы — ды ўвесьці ў вушы настаўнікам, якія ў школах дзецям распавядаюць пра “ляўкоўскі” цыкль вершаў творцы…

 

Цытаты

Самая “небясьпечная” частка, таму падаваць яе буду, не пазначаючы аўтараў: самі пазнаюць...

…Чорны ж не такі ідыёт, каб ставіць экспэрымэнты над сабой.

…Ня трэба блытаць вобраз каня і функцыю каня.

…Калі мы гаворым пра Гамэра – дык няма ўнутранай супярэчнасьці паміж тым, што ён бачыў і што адлюстраваў.

Каб жа сьляпец Гамэр паслухаў такія даклады філёлягаў, дык ён, мусіць, папрасіў бы алімпійскіх багоў, каб яны яго зрабілі ня толькі невідушчым, але й глухім.

Адась Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0