Выбары патанулі ў фальсыфікацыях,
заяўляюць у штабе байкоту

 

Цэнтравыбаркам пасьля працяглых ваганьняў усё ж абвесьціў аб татальным удзеле беларусаў у выбарах. Афіцыйныя зьвесткі на 23 гадзіны выглядалі наступным чынам: Берасьцейская вобл. — 61%, Віцебская — 61%, Гомельская — 64%, Горадзенская — 67%, Магілёўская — 62%, Менская — 62% — апошняя лічба без уліку сталіцы, дзе на 18 гадзінаў да урнаў прыйшло 38,8% выбарцаў, а на 20 гадзінаў зьвестак не было. Напэўна, Цэнтравыбаркам вагаўся, паставіць 51 ці 52%. Агулам жа выбары паводле папярэдніх зьвестак адбыліся ў 96 з 110 акругаў.

Байкот адназначна быў падтрыманы ў вялікіх гарадах. Відавочна праваліліся выбары ў Менску, не зважаючы на тое, што а 15 гадзіне ў камісіі паступіў загад ісьці з урнамі “ў масы”. У штабе байкоту нам сказалі, што да дамоў 109 і 111 на пр.Скарыны падганялі нават аўтобусы, каб завабіць людзей у кабінкі. Асноўныя мэтады фальсыфікацыі ранейшыя, заявілі ў штабе байкоту на прэс-канфэрэнцыі ўначы зь нядзелі на панядзелак: заніжэньне агульнае колькасьці выбарцаў, зьяўленьне “мёртвых душаў”, спэкуляцыя вынікамі датэрміновага галасаваньня ды элемэнтарная падтасоўка.

У Быхаўскім раёне, як паведамілі ў Цэнтральнай каардынацыйнай радзе для назіраньня за выбарамі, зафіксавана рэкорднае зьяўленьне выбарцаў — 99,4%!У Столінскім раёне, зважыўшы на слабую актыўнасьць выбарцаў, паводле каманды з цэнтру, апэратыўна выехалі “групы забесьпячэньня воевыяўленьня народу”. Па Стаўпецкім раёне езьдзілі нейкія людзі ды прасілі бабулек паставіць свой подпіс у выбарчым рэестры: бюлетэняў на вочы там ніхто ня бачыў.

Апазыцыя заяўляе, што рэальна да урнаў прыйшло 45%, у гарадах з насельніцтвам ад 50 000 чалавек — крыху болей за 35%. Улады сьвяткуюць перамогу сваіх кандыдатаў.

Выглядае, што і байкот удаўся, і палату прызначылі.

А.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0