Адам Глёбус

Расейскія матывы

 

Што рабіць з трупам?

XIX стагодзьдзе прайшло ў расейскай культуры пад пытальнікам, пастаўленым пасьля сказу “што рабіць”. “Што рабіць?” — пытаўся Чарнышэўскі ў сваім рамане “Што рабіць?”. Герой Ганчарова лайдак Абломаў таксама шукаў адказу на невырашальнае для расейцаў пытаньне. Хоць яшчэ ў школе ўсіх без вынятку вучаць: адказ знаходзіцца ў пытаньні. Трэба рабіць. Працаваць трэба, рабіць работу. Але для расейца гэта не адказ. У іх уся работа робіцца “на шчупакова казаньне”. Калі не шчупак, дык залатая рыбка пераробіць усю чыста работу. Нават Уладзімер Ульянаў (Ленін), які вучыўся на выдатна, напісаў кніжку з назваю “Што рабіць”. А ў XX стагодзьдзі расейцы знайшлі сабе работу, і назва той рабоце — вайна. Яны так і кажуць з тэлеэкранаў: “У Чачэніі нашы салдаты робяць сваю работу”. І яны там нарабілі, і ня толькі там… Яны наработалі і пад час расейска-японскай, і на першай імпэрыялістычнай, і на савецка-фінскай, і ў другую сусьветную… Яны — расейскія мужыкі — “рабілі сваю работу”, і ў выніку ўзьнікла асноўнае пытаньне расейскай інтэлігенцыі XX стагодзьдзя: “Што рабіць з трупам?”. І не рытарычнае гэта пытаньне, не абстрактнае, яно актуальнае, сакральнае, рэальнае. Уся Расея засьцеленая трупамі, і не нябожчыкамі, што адышлі ў лепшы сьвет паводле звычайных законаў прыроды. Расея заслана трупамі ахвяраў. Ахвяры войнаў, ахвяры канцэнтрацыйных лягераў, ахвяры белага, чырвонага й зялёнага тэрору засьцілаюць Расею. Расейцы забілі свайго цара і праз 80 гадоў не змаглі яго нават пахаваць па-людзку. А ў цэнтры расейскай сталіцы, на Краснай плошчы ў Маскве ляжыць труп таго самага Леніна (Уладзімера Ульянава), які нібыта ведаў, што рабіць. А расейцы зноў ня могуць знайсьці адказ. А ён да банальнасьці просты: труп трэба закапаць. Нябожчыкаў неабходна хаваць, а не трымаць у лядоўнях па 10 гадоў. І першага, каго трэба пакласьці ў зямлю, гэта Леніна.

 

Чэхаў

Гумар і сарказм Антона Чэхава падштурхнулі мяне да пытаньня: а ці ня чэх Антон Паўлавіч? І сапраўды, Чэхаў бліжэйшы да Чапэка з Гашакам, чым да Буніна з Талстым. І каб Чэхаў напісаў раман, гэта быў бы хутчэй “Бравы салдат Швэйк”, чым “Вайна і мір”. І калі нехта напіша зноў, што А.П.Чэхаў — вялікі расейскі пісьменьнік, я не паверу. Чэхаў — выключны пісьменьнік, эўрапейскі пісьменьнік, сапраўдны апавядальнік, як і Чапэк з Гашакам. Чэхаў нармальны, а не вялікі. А нармальнасьць — тое асноўнае, чаго не ставала Расеі ні ў XIX, ні ў XX стагодзьдзях.

 

Крадуць

Існуе показка, што нібыта расейскі цар спытаў у Салтыкова-Шчадрына, як адным словам абмаляваць усю Расею. “Крадуць!” — адказаў сатырык. Падобнае апісвае Іван Бунін у сваіх дзёньніках: “Быў на млыне. Размова з Андрэем Сіманавым. Зь ягоных слоў, уся наша вёска злодзей на злодзеі!” Каб жа толькі вёска крала. А крадуць у Расеі і ў горадзе, і ў Маскоўскім крамлі.

 

Зялёнка

У расейскіх салдатаў на чачэнскай вайне ёсьць выраз “пайшла зялёнка”, тож бо зазелянелі горныя лясы, і не відаць, як зьмяняюць дыслакацыю ісламскія баевікі. Супраць гэтага выразу выступіў рэжысэр маскоўскага тэатру “На Таганцы” Любімаў. Ён расказваў пра цудоўную пару году — вясну, пра паэтычнасьць часу, калі на галінках распускаюцца пупышкі і ўзьнікаюць першыя пяшчотныя пялёсткі лісточкаў. “А тут, б-дзь, зялёнка пайшла! Якая зялёнка? Хіба так можна? Нейкі жах!” — абураўся тэатральны генэрал. Сапраўды жах. Паводле зьвестак ангельцаў, у Ічкерыі на кожнага ічкерыйца прыпадае фэдэральны вайсковец. Неразумная прапорцыя, калі слова розум можна стасаваць да ваеннай сытуацыі. Але называць вайною тое, што дзеецца на Каўказе, я не магу. Там ідзе бойка, паганая звалка ў п’яным чадзе й наркатычным дурмане. “Работалі на гранатах, а потым нажамі й зубамі”, — так распавядае малады фэдэрал пра лясны, у зялёнцы, бой. Хіба гэта вайна, калі людзі грызуць людзей? Для мяне ў каўкаскіх падзеях ёсьць яшчэ адна драматычная акалічнасьць: я не магу стаць ні на адзін з бакоў канфлікту. Я не прымаю барбарства, у якім жылі й жывуць чачэнцы, з рабамі, з публічнымі расстрэламі, з рэлігійным фанатызмам. Я не разумею фэдэралаў, якія вырашылі за ўсякую цану вырваць перамогу на Каўказе. Я не ўспрымаю патасу культурнага генэрала Любімава, які не разумее, што выраз “зялёнка пайшла” мае шмат сэнсаў. І ёсьць ня толькі зялёнка пяшчотных лісточкаў, а ёсьць і тая, што прадаецца ў аптэках. Яе нельга выпіць, як мэдыцынскі сьпірт. І ёй вельмі добра апрацоўваць раны на скуры. Разам зь зялёнкаю на гарах пайшла зялёнка па расейскай і чачэнскай скуры. І дзякаваць Богу, што ёсьць аптэчная зялёнка, якая выдатна гоіць раны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0