СПОРТ

 

Самы беларускі спорт

 

Пры канцы мінулага году я выказваў на старонках “НН” парадаксальную, здавалася б, думку: самы “беларускі” від спорту — лёгкая атлетыка. Праўда, тады такая думка не стасавалася з вынікамі апошняга чэмпіянату сьвету. І вось Вам вынікі Алімпіяды: з трох нашых залатых мэдалёў два — лёгкаатлетычныя!

Трэба паглядзець праўдзе ў вочы. Якія віды спорту, якія дысцыпліны найбольш адпавядаюць якасьцям беларусаў? Так, за саветамі было ў нас шмат зорак у самых розных відах. Але адбывалася гэта не таму, што беларусы такая ўнівэрсальная нацыя, аднолькава прыдатная да самых розных відаў спорту. Проста ў выніку нейкіх жыцьцёвых абставінаў у Беларусь прыяжджалі добрыя трэнэры або празь нейкі цуд такія трэнэры ў Беларусі зьяўляліся, у добрых умовах завязвалася школа, неўзабаве дасягаліся вынікі — бывала, што й вельмі значныя. Яскравыя прыклады — фэхтаваньне, спартовая гімнастыка. Але… не выдзяляюцца беларусы паміж іншых нацыяў сваёй каардынаванасьцю. Нашыя козыры — сіла, магутнасьць, што дае перавагу ў сілавых дысцыплінах лёгкай атлетыкі, у цяжкой атлетыцы, у цяжкіх вагавых катэгорыях грэка-рымскай барацьбы. Яшчэ адным беларускім козырам зьяўляецца непараўнальная прыгажосьць і працавітасьць нашых дзяўчат, і таму мастацкая гімнастыка заўсёды будзе “нашай”. Куды горш выглядаюць нашы шанцы ў гульнявых відах спорту. “Беларусы — нацыя індывідуалістаў”. Хаця, здаецца, гандбол — калі яму аддаць добрую ўвагу — можа ў хуткім часе зноў стаць прыемным выняткам.

Дарэчы, выдатныя сілавыя якасьці зьяўляюцца фірмовай адзнакай ня толькі адной нашай нацыі, але й цэлага рэгіёну. Пяць з шасьці залатых мэдалёў у трох найбольш сілавых дысцыплінах лёгкай атлетыкі (ядро, молат, дыск) узялі прадстаўнікі краін-спадкаемцаў Рэчы Паспалітай! Гэта выдатны вынік, якога, здаецца, ніхто дасюль не адзначыў.

…Так атрымліваецца, што й другую нашую самастойную Аліміпіяду, што да золата, “выцягваюць” выключна жанчыны. Чатыры гады таму было 1:0 на іхную карысьць, цяпер во 3:0. Што зробіш, пэўна, гэта адпавядае сучаснаму стану рэчаў у дзяржаве. На каго спадзявацца нашай, горшай палавіне? Што да мяне, дык я найбольш спадзяваўся на Дуброўшчыка. Але, пэўна, ягоны час яшчэ не прыйшоў. У мяне няма ніякага сумненьня ў тым, што ў гэтага чалавека ёсьць усе магчымасьці, каб стаць на наступныя 10–15 гадоў найлепшым дыскаболам у сьвеце. Але, нават на мой погляд дылетанта, пакуль што ён мае пэўныя праблемы з тэхнікай выкананьня кідка. Занадта рана расстаецца са снарадам, а потым яшчэ працягвае круціцца. Бездакорная тэхніка ў Эліны Зьверавай. Пусьціўшы снарад, яна стаіць як укапаная. Уся ейная энэргія перадалася снараду. Трэба ў яе павучыцца.

Астапковіч таксама дарма лічыць, што на наступнай Алімпіядзе павінен будзе “душыць, як клапоў” сваіх супернікаў нехта іншы. Мы верым у самога Ігара. Трэба, можа, меней сьвяціцца ў нейкіх прамежкавых стартах, а на наступнай Алімпіядзе “выдаць” мэтры 82–83, а ўжо ці будзе гэта “золата” — хай Бог вызначае. Так што ў Грэцыю яму абавязкова трэба зьезьдзіць — балазе й ехаць недалёка. Гэта ж будзе амаль свая, хатняя, эўрапейская Алімпіяда.

…Што непрыемна зьдзівіла мяне ў “асьвятленьні” Алімпіяды – тое, што ўсе рэпартажы з Сыднэю праз БТ рабіліся на “панятным языке”. Тое, што зашмат было неспартовага антуражу. Маючы тут $18 за месяц цяжкой працы, мы ня можам падзяліць захапленьне пэўных тэлекамэнтатараў, якім плацілі $65 за суткі, з нагоды наведваньня імі заапаркаў ды іншых выдатных месцаў Аўстраліі. Нашыя спартоўцы паехалі на край сьвету дзеля таго каб выконваць там цяжкую працу, і яны зрабілі гэта — хто на што быў здатны, нехта нават лепш, чым мы спадзяваліся. І непрыгожа было, як вядучы чыкінскай “Панарамы” з захапленьнем першаадкрывальніка паведаміў публіцы пра век нашай слаўнай Эліны Зьверавай.

Ну і зусім ужо некарэктна рабіць так, як зрабілі ў “Панараме”, падводзячы вынікі Алімпіяды. Яны прыплюсавалі мэдалі Расеі да мэдалёў Беларусі і выставілі гэтага монстра… на першую прыступку паводле колькасьці мэдалёў! Але ж у спаборніцтве “пяцёрак” па мастацкай гімнастыцы такая “каманда” магла б узяць толькі адзін мэдаль, а ня два! З нашых трох залатых мэдалістак стопрацэнтовыя шанцы паехаць у Сыднэй мела б толькі Карстэн! Ня варта многа й разважаць пра карэктнасьць такога арытмэтычнага дзеяньня. Вынікі Алімпіяды сьведчаць якраз аб адваротным: ад набыцьця самастойнасьці выйгралі ўсе новыя самастойныя дзяржавы, а болей за ўсіх іншых — Расея.

…Дарэчы, няпраўда й тое, што ўсе нашыя цудоўныя “залатыя” паненкі маюць па цэнтнэры чыстай вагі. Для тых, хто ня ведае: вага Кацярыны Карстэн складае 80 кг, што для акадэмічнага веславаньня нават замала. Непараўнальная Яначка Карольчык важыць трошкі больш за 85 кг, але гэта — “баявая” вага, якую яна мусіць адмыслова набраць перад адказнымі спаборніцтвамі. У астатні час ейныя “парамэтры” адпавядаюць самым строгім фотамадэльным запатрабаваньням.

…У цэлым жа — добрая Алімпіяда. Няма віны спартоўцаў у тым, што мы ня можам як сьлед парадавацца іхным выдатным посьпехам. Спавітыя абставінамі нашага жыцьця, мы мусім усё больш увагі скіроўваць на тое, каб элемэнтарна зарабіць сабе на “прапітаньне”. Сьледам за чалавекам “з сошкай” становіцца ўсё болей людзей “з лыжкамі”. Цяпер во нас парадавалі, што мы мусім выкормліваць яшчэ адну “вэртыкаль” — гэтым разам ужо “ідэалягічную”. Так што пакуль ня хрусьне хрыбетнік, будуць падкладаць. А можа, здолеем узьбіцца на іншыя пэрспэктывы? Тады й парадуемся, а цяпер вынікі XXVII Алімпіяды проста “прымем да ведама”.

Аляксандар Урбановіч


 

У Польшчу - за Беларусь

 

...Мы зь сябрам стаялі на менскім вакзале, купляючы квіты на электрычку да Берасьця. На душы было неспакойна, як заўжды перад далёкай вандроўкай, у якую выпраўляешся, ня маючы білетаў на дарогу назад. І ўсё ж адступаць было позна. Маючы малавата грошай у кішэнях ды багата харчу ў заплечніках, мы ехалі ў Польшчу на футбол, каб адчуць гонар за Бацькаўшчыну, штомоцы крыкнуўшы назоў свае краіны там, дзе гэта неабходна яшчэ каму-небудзь, апрача цябе самога. Мы ехалі хварэць ЗА БЕЛАРУСЬ.

…Да Берасьця дабраліся толькі каля восьмай гадзіны вечара ў чацьвер. Так званы «сьпіртавоз» на Тэрэспаль меўся адыходзіць праз гадзіну-другую. Таго часу нам акурат хапіла, каб набыць за 6 баксаў два квіткі, пляшку беларускай гарэлкі (ці мала што) ды прайсьці мытны кантроль. Адзін з мытнікаў, убачыўшы бел-чырвона-белы шалік, адразу ж «прасёк фішку» ды пачаў нас палохаць жахлівымі байкамі пра лодзьскіх фанаў, якія ўмомант разьбіваюць цягнікі ды наагул проста зьвяры з крыважэрнымі вачыма. Прызнацца, пра польскі футбольны фанатызм такія аповеды ходзяць часта, і размова з тым памежнікам не дадала нам аптымізму. Але ўжо нішто не магло вярнуць нас назад. Наперадзе была Польшча.

Яна сустрэла нас хітрыкамі польскіх гандляроў, якія адразу пасьля мосту цераз Буг скідалі з электрычкі валізы з гарэлкай, пабачыўшы ў кустах умоўны сыгнал ліхтарыкам (польскія мытнікі шныраць па вагонах толькі ля самага Тэрэспаля), непрыветнымі тварамі тых самых суседзкіх мытнікаў, некаторыя зь якіх апускаліся да бруднай лаянкі ды зьняважлівых выгукаў у адрас беларусаў кшталту: «Сядзь на дупу, к...ва!..» Вобраз паляка-эўрапэйца раставаў на вачах. Не дадаў аптымізму й тэрэспальскі вакзал, дзе прыйшлося начаваць у чаканьні ранішняй электрычкі на Варшаву. П’яныя польскія падлеткі білі шыбы, «мачыліся» зь мясцовымі мянтамі, палохалі беларускіх гандлярак, якія на кардонках валяліся проста на бруднай падлозе. Месцаў на вакзале практычна не было, таму хоць трохі драмануць мы спрабавалі на вулічных лаўках. Нічога не атрымалася, таму «сабака» (электрычка на жаргоне) з надпісам «Warszawa», што пад’ехала а 4-ай раніцы, падалася цягніком у рай. Крыху сагрэўшыся глытком беларускага напою «Новы век», мы ўпрыгожылі вакно электрычкі вялікім бел-чырвона-белым сьцягам ды кінулі косьці на цьвёрдыя лавы польскага 2-га клясу... Ачухаліся тады, калі электрычка, ужо напоўненая нязвыклым пшэканьнем, пад’яжджала да Варшавы…

…За паўтары гадзіны да пачатку моладзевай гульні мы выкульнуліся на невялікую плошчу мястэчка Апочна, блізкага па памерах да нашага Нясьвіжу. Ужо першы ж паляк, які паказваў нам шлях да стадыёну, кінуў наўздагон поўны самаўпэўненасьці вокліч: «Прайграеце!»

Перад самім невялічкім стадыёнам «Цэраміка» народу было яшчэ мала. Трое нейкіх хлапцоў таўкліся ля касаў, з дакорам пазіраючы на абвестку пра кошт квіткоў у 15 злотых (крыху больш за 3 баксы). Аказаліся зь Менску. Тут жа разам на траве наладзілі беларускі супольны абед, адкрываючы перад вырачанымі вачыма польскіх хлапчукоў слоікі зь беларускімі саленьнямі ды лупячы яйкі. Са слоікамі – асобная гісторыя. Перад уваходам на стадыён (каманда выдзеліла сваім фанам бясплатныя квіткі) мясцовыя паліцыянты зрабілі ператрус нашых заплечнікаў, змусіўшы выкласьці на траўку кожны пакецік ды разьвязаць кожную торбачку. У выніку былі канфіскаваныя на час матчу некалькі бляшанак з кансэрвамі, пара вышэйзгаданых слоікаў, пустая армейская біклага ды дзьве пляшкі гарэлкі, якія хлопцы хацелі загнаць, але так і не загналі. Гэткім чынам мы прарваліся на стадыён – чацьвёра фанаў ды адзін зафаначаны журналіст. Больш беларускіх заўзятараў у Апочне не было. Аднак нават гэтыя некалькі чалавек зрабілі тое, што трэба было зрабіць – на 7-ай хвіліне гульні нарэшце праз крык польскай тарсыды прарвалася кволае, але такое патрэбнае «Беларусь, Беларусь!»… Амаль адразу ж Віталь Ледзянёў забівае першы мяч, які становіцца пачаткам разгрому…

4:0 на карысьць нашых – так скончыўся матч. Але радавацца нам было рана. За тэрыторыяй стадыёну ўжо сабралася салідная брыгада палякаў, якія жадалі адпомсьціць за сваіх. Таму, маючы на ўвазе цалкам рэальную сутычку з раззлаванымі ды, самае галоўнае, шматлікімі палякамі, мы папрасілі Юру Пунтуса, галоўнага трэнэра беларусаў, падкінуць нас да Лодзі. І вось мы ў вясёлай кампаніі моладзевай зборнай кіруем на поўнач...

…Другі па велічыні горад Польшчы сустрэў сузор’ямі вечаровых агнёў, люднымі вуліцамі ды зусім некранутым ІІ сусьветнай вайной старым местам. Абдурыўшы дзеда-адміністратара ды засеўшы ўпяцёх у двухмесцавы пакой за 60 злотых (каля 12 баксаў) – “клапоўнік”, які больш нагадваў каморку інтэрнату беларускай ВНУ, – мы ссунулі два ложкі ды леглі ўпоперак. Адному прыйшлося спаць на падлозе.

Квіткі на матч нацыянальных зборных каштавалі шалёныя грошы - нешта каля 200 злотых (45 баксаў), таму ў ход пайшлі розныя левыя шляхі. У выніку мы атрымалі за 40 баксаў 4 квіты.

У горадзе можна было сустрэць шмат п’янаватых беларусаў з чырвона-зялёнай атрыбутыкай, якія пілі ўжо ня першы дзень. Яно то можа і хай сабе, калі б ня тое, што адбылося за хвілін 20 да пачатку гульні ўжо на 12-тысячным стадыёне «Відзэв» у сэктары С1, які спэцыяльна выдзелілі для беларусаў. Калі былі разгорнутыя бел-чырвона-белыя сьцягі, гэтая чырвона-зялёная п’янь, аснову якой складалі менскія прыхільнікі «Дынама», завязала бойку. Бачачы, як беларусы б’юцца між сабой, палякі на суседніх сэктарах пляскалі ў ладкі ды рагаталі. Гульцы моладзевай зборнай, што сядзелі разам зь землякамі, ня вытрымалі ганьбы ды перайшлі на іншыя месцы… Пасьля, праўда, фанаты замірыліся ды хварэлі разам, але вельмі непрыемны асадак застаўся. Магчыма, таму нашым заўзятарам, а іх было нешта каля паўтысячы, так і не ўдалося наладзіць дружнай «шызы» за Беларусь, магчыма, таму мы прайгралі, магчыма, таму футбалісты не падбеглі да нашага сэктару, каб падзякаваць за падтрымку…

…Вярнуліся а шостай раніцы ў панядзелак. Пустыя менскія вуліцы нібы нагадвалі пра тое, што дома нічога не зьмянілася.

Багдан Арлоў,
Менск-Апочна-Лодзь-Менск

P.S. Праз 2 дні беларускія дружыны ўпэўнена перамаглі гасьцей з Арменіі 4:0 і 2:1. Будзем зімаваць з надзеяй.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0