СУДЫ


АМАП супраць “Алмазу”

Крымінальная справа пра забойства амапаўца алмазаўцам можа зацягнуцца

 

Другі тыдзень у менскім гарадзкім судзе разглядаецца крымінальная справа байца “Алмазу” Фёдара Ліфанава. 25-гадовы старшы лейтэнант зь міліцэйскага спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам зьвінавачваецца ў наўмысным забойстве й злосным хуліганстве.

 

Паводле вынікаў папярэдняга сьледзтва, у ноч на 4 сакавіка Ліфанаў у нецьвярозым стане разрадзіў на дыскатэцы табэльны пісталет Макарава, забіўшы маладога супрацоўніка АМАПу Міхася Гляда й параніўшы чатырох калегаў забітага ды адну жанчыну. Трагічны выпадак адбыўся ў холе другога паверху канцэртнае залі “Менск”.

Як толькі адкрылася паседжаньне, стала ясна, што пачатку інцыдэнту, які скончыўся стралянінай, ня бачыў ніхто, акрамя ўдзельнікаў папярэдняй сваркі: самога Фёдара Ліфанава ды амапаўцаў. Усе яны ў тую ноч адзначалі дзень беларускай міліцыі, былі апранутыя ў цывільную вопратку й ня ведалі, што служаць у адным і тым жа сілавым ведамстве. Паказаньні пацярпелых і падсуднага моцна разыходзіліся: першыя паказалі, што “хлапец у чорным касьцюме” быў моцна п’яны, па-хамску сябе паводзіў, штурхаў са сцэны ў часе танцу супрацоўніка амону Адашкевіча і не супакойваўся, нягледзячы на ўсе намаганьні сяброў Адашкевіча замірыць канфлікт. Урэшце сябры пакрыўджанага павялі п’янага хлопца з залі, але калі адзін зь іх стаў пасярэдзіне з мэтай далейшага прымірэньня бакоў, то быў сьмяротна паранены. Потым амапаўцы раззбройвалі хулігана, але той аказаў шалёны супраціў і пасьпеў нанесьці нямала раненьняў.

Паводле ж падсуднага, ён сутыкнуўся з Адашкевічам сьпінамі у часе танцу, параіў таму быць асьцеражнейшым, але той, груба адказаўшы, ударыў яго нагой у пах. Сябра Адашкевіча разьвёў іх у розныя бакі, але трохі пазьней, бачачы, што Фёдар ідзе да выхаду з залі, кампанія Адашкевіча пацягнула яго далей, пры гэтым нехта моцна ўдарыў Фёдара ў скронь. Ледзь не трацячы прытомнасьць, “алмазавец” адчуў небясьпеку для жыцьця і здароўя. Маглі, кажа ён, і скрасьці пісталет — тым болей, што ўсё адбывалася ў паўцемры за сполахамі сьвятламузыкі ў такт гучным рытмам дыскатэкі. Каб прыцягнуць увагу аховы, ён стрэліў у столь, а іншага ня памятае, бо апрытомнеў тварам уніз на мармуровай падлозе. З размовы нейкіх людзей за сьпінай даведаўся, што забіты адзін і паранена пяцёра чалавек.

Сьледзтва канстатавала ў абвінаваўчым заключэньні, што не дае веры Ліфанаву, бо той проста выгароджвае сябе. Напрыклад, сьцьвярджае, што двойчы (перад стрэламі й пасьля, на падлозе) казаў, што ён працуе ў міліцыі й мае пры сабе табэльную зброю. Пакуль што суд яшчэ не пасьпеў дакладна высьветліць шэраг акалічнасьцяў — напрыклад, няясна, аддаў падсудны пісталет сам ці за яго ішла бойка. Незразумела пакуль, што дакладна рабіў таварыш Ліфанава па “Алмазе”, зь якім яны разам прыйшлі на дыскатэку. Быццам бы ён здаў свой пісталет пасьля таго, як у той дзень працаваў (ахоўваў украінскую дэлегацыю на вечарыне ў гонар міліцыі), бо, у адрозьненьне ад падсуднага, ня меў дазволу начальства на пастаяннае нашэньне зброі. Аднак і пацярпелыя, і сьведкі зь ліку амапаўцаў кажуць, што пасьля раззбраеньня “хлопца ў чорным касьцюме” ягоны сябра спрабаваў настаўляць на іх пісталет.

У ходзе працэсу пачалі ўсплываць дэталі, што ня згадваліся ў высновах папярэдняга сьледзтва. Скажам, калі Ліфанаў з 20 гадзін да гадзіны ночы выпіў 250-300 г гарэлкі й лічыўся “вельмі п’яным”, то кампанія Адашкевіча прыблізна з 12 чалавек спажыла 6-7 бутэлек на ўсіх — кожны недзе пароўну з падсудным. Калі “алмазаўцы” пранесьлі выпіўку ў залю таемна, то амапаўцы самі ня ведаюць, як, хоць разгадка “недзе блізка”: ахову на дыскатэцы несьлі якраз іхныя таварышы па службе, зь якімі пацярпелыя маюць добрыя адносіны… Часам паказаньні амапаўцаў-сьведкаў нават збліжаюцца з эпізодамі паказаньняў Ліфанава: сапраўды, калі яго ўжо вялі да “ўазіка”, каб адвезьці ў пастарунак, той ня мог сам ісьці з-за паўпрытомнага стану. Але — “у машыне пачаў падаваць прыкметы жыцьця”, нават сам улез у адсек-“сабачнік”, яму толькі акуратна дапамаглі, а зусім ня кідалі ўніз галавою, як ён кажа. Наўрад ці ў такое паверыць той, хто бачыў, як амонаўцы пхаюць у машыны мірных дэманстрантаў!

Увогуле, калі б сварка сьвяткуючых байцоў з розных спэцпадразьдзяленьняў скончылася звычайным мардабоем, а ня зьнішчаным адным жыцьцём і паламаным другім, выпадак мог бы выглядаць анэкдатычна. Падпітыя амапаўцы замовілі ў ды-джэя песьню “Атаман”— і “атаман” прыйшоў. Але пры рэальна існуючым стане рэчаў узьнікаюць іншыя пытаньні. Што насамрэч робіцца ў айчынных “органах”, якія замест злачыннасьці часта змагаюцца зь іншадумствам, а пры нагодзе скіроўваюць агрэсыўнасьць на “сваіх”? Чаму пацярпелыя на працягу чатырох допытаў сьледчымі ўвесну згадваюць усё болей дэталяў, якія абцяжарваюць віну Ліфанава і абяляюць іх саміх (спачатку амапаўцы бачаць сварку “алмазаўца” зь невядомымі людзьмі; у рэшце рэшт ён ужо ўсіх штурхае й прыстае да дзяўчыны, што танчыць разам з Адашкевічам)? Чаму агляд месца злачынства робіцца толькі ў ліпені? Ці ня можа АМАП сьведчыць гэтаксама, як ён гэта робіць у палітычных працэсах? Наколькі адбіваецца на выніках справы характэрная для сілавікоў карпаратыўная салідарнасьць, калі кожнаму, так бы мовіць, бліжшая кашуля, чым мундзір?

Дарэчы, тое, што пэўныя нацяжкі ў адносінах паміж згаданымі падразьдзяленьнямі мусяць існаваць (не на ведамасным, а на асабістым узроўні), відаць ужо з зусім рознай манеры байцоў АМАПу і “Алмазу” размаўляць з журналістамі. І з кантрасту паміж сродкамі перамяшчэньня тых і другіх (іншамаркі элітнага “Алмазу” й “Масквіч” АМАПу — здаецца, той самы, сіні, 8373 МА, у які на адным зь пікетаў спрабавалі зацягнуць Анатоля Лябедзьку).

Частка маіх знаёмых міліцыянтаў была зьдзіўленая, што суд над Ліфанавым не зрабілі закрытым для прэсы — маўляў, вельмі ўжо ён адлюстроўвае працэсы іншыя, не судовыя, а больш глыбінныя. Разьбірацца ў іх, што праўда, справа ня нашая, а саміх сілавікоў. Напасьледак жа зьвернем увагу на дзьве рэчы. Першая — узрост фігурантаў гэтае, здавалася б, цалкам “міліцэйскае” справы: тое ж пакаленьне ад 20 да 30 гадоў, што ня раз ішло сьценка на сьценку на дэманстрацыях, нашая генэрацыя, даўно акрэсьленая “страчанай” (каб не сказаць “самазьнішчальнай”). Другая рэч — заўважны рост за апошнія паўгода колькасьці “цёмных” спраў з арыштамі супрацоўнікаў “Алмазу”. Ліфанаў, потым — забойства лідэра расейскіх фашыстаў, вэрсія дачыненьня гэтай структуры да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага ў прэсе, пераплеценая з расейскім фашызмам і чачэнскім супрацівам адначасова; потым — абвінавачваньне пяці “алмазаўцаў” у забойстве азэрбайджанскай сям’і. Лягічна думаць, што альбо антытэрарыстычная структура мэтаскіравана зьнішчаецца невядомай сілай зь невядомымі мэтамі, альбо сама выкарыстоўваецца кімсьці дзеля правакацыяў, альбо людзі ў ёй (і ня толькі ў ёй) папросту зьвярэюць з-за дадзеных ім зьверху ўстановак і арыенціраў. Праўду тут могуць ведаць толькі самі тыя, хто абраў сабе гэткую прафэсію.

Што ж да канкрэтнага працэсу ў менскім гарадзкім судзе — ён ідзе даволі дынамічна, але наўрад ці скончыцца хутка. Шкада бацькоў забітага й забойцы. Дарэчы, апошні ўпарта не прызнае сваёй віны, але амаль не дапускае, што ў паўпрытомным стане ў яго маглі выцягнуць з рукі зброю й націснуць на курок.

Т.С.


 

Сэнсацыя ў судзе

Міліцыя заплоціць за незаконныя затрыманьні на леташнім Дні Волі

 

Сапраўднай сэнсацыяй скончыўся разгляд скаргі грамадзянаў Алега Міронава й Генадзя Проніна, пацярпелых ад дзеяньняў міліцыі 25 сакавіка. У мінулую пятніцу Цэнтральны райсуд Менску пасьля двухмесячнага разгляду скаргі нарэшце вынес рашэньне. Вырашана спагнаць з МУС па 50 тысяч рублёў на карысьць кожнага з падаўцоў скаргі ў якасьці кампэнсацыі за нанесеную ім у Дзень Волі маральную шкоду (незаконнае затрыманьне). Сілы правапарадку ўпершыню за чатыры з паловай гады вулічных нападаў на дэманстрантаў фактычна прызнаныя парушальнікамі закону.

На думку праваабаронцаў зь Беларускага Гельсынскага Камітэту, прадстаўнікі якога баранілі інтарэсы А.Міронава ды Г.Проніна ў судзе, судзьдзя Валеры Есьман, мабыць, вырашыў як найхутчэй закрыць грамадзянскую справу. Гэтаму спрыялі скандальныя паказаньні юрыдычных прадстаўнікоў вайсковых частак МУС, дадзеныя імі на мінулым судовым паседжаньні. Як ужо паведамлялася, міліцыянты адмаўлялі прыналежнасьць свайму ведамству аўтамабіля, на якім затрыманых 25 сакавіка развозілі па розных “ангарах”, і людзей у міліцэйскай форме з афіцэрскімі пагонамі. Кіраўнікі масавага захопу журналістаў, іншадумцаў і проста мінакоў прадстаўнікамі МУС былі названыя невядомымі бандытамі, якія маглі набыць форму нават на рынку ў Ждановічах.

Некалькі газэтаў надрукавалі фота галоўнага з гэтых самых “невядомых бандытаў”. Як высьветлілася дзякуючы добрым людзям, героем здымка аказаўся супрацоўнік МУС Юры Вахта. Імя кіраўніка падзеяў Дня Волі 13 кастрычніка было названае ў залі Цэнтральнага суду, аднак на гэты раз аспрэчыць яго сапраўднасьць не было каму – ніхто зь міліцыянтаў-адказчыкаў на паседжаньне не зьявіўся. Цікава, што пры спробе ўручыць судовую позву самому Юр’ю Вахту той, пачуўшы, у чым справа, тут жа ўцёк і разам са сваімі калегамі зачыніўся ў службовым памяшканьні...

Улічваючы колькасьць затрыманых 25 сакавіка, можна толькі ўяўляць, якія матэрыяльныя страты можа панесьці праваахоўнае ведамства, калі прыйдзецца кампэнсаваць маральную шкоду ўсім астатнім.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0