з нутраных войскаў

 

Алсу, Алеся і беларусафобія

 

Раскволеныя доўгачаканаю парыльняй, размаўляюць салдаты-вышкары, вартавыя зьняволеных ваўкавыскае калёніі: “Сягоньня на сьвіданку (на афіцыйна дазволеную сустрэчу зь вязьнем. — С.Б.) прыехала адна кабыла — вылітая Алсу”. — “Ды ну? А сьвіданка працяглая?” — “Ага!” — “Ну, то я яе шчэ пабачу”. Мае спаслужцы часта-густа апэруюць праўдзівымі і фальшывымі сымбалямі расейскае мас-культуры. Расейская сьпявуня ў гэтым пляне нашмат даражэйшая ім за тую ж Алесю. Пра існаваньне Алесі яны ведаюць, але называюць няйнакш як “вусатая”. Гледзячы зрэдку праз TV беларускія канцэрты, даводзіцца чуць такое: “Краля нічаго сабе, і цыцкі нармальныя. Толька пачэму ана па-беларускі поёт?” Гэта пра нейкую сьпявачку. А адзін той “дзед” нават быў перакананы, што шматлікія канцэртныя праграмы накшталт “Зорнай ростані” здымаюцца ў пустой залі, а ўжо для TV робіцца мантаж, дзе прыклейваюць карціну з гледачамі, каторыя пляскаюць у ладкі выканаўцам. “Ну кто попрётся слушать белорусское?” — шыпеў глуздануты “дзед”. Вышэйшасьць расейшчыны затлуміла галовы беларускіх хлопцаў аж да таго, што сваю асабовую рэалізацыю, выбудову сваёй кар’еры многія бачаць на прасторах усходняй суседкі. “Эх, был бы у меня голос, поехал бы в Россию песни петь да бабки загребать”, — уздыхаў адзін мой “чэрап”, звар’яцелы на “нестатуцыі”…

За ўсім гэтым бачыцца постаць беларусафобіі. Непрыманьне беларушчыны навідавоку: “І ў нас ёсьць такія, што гаварат: “Я выбіраю бел. мову!”. Сука, кажацца, ё…нуў бы ў зубы, штоб ваабшчэ нікакой мовы не была”. Іншы прыклад: “Пойдёшь в “увал”, купишь мне открытку. Только гляди нормальную или типа того”. Во трасца вашай матары, цяперака ж і зь “Віншую!” някепскія паштоўкі штукуюць! Але ім трэба, відзіце лі, па-расейску. Зрэшты, аднойчы белмоўную паштовачку з маёй тумбачкі сьцебанулі.

Часьцяком бываюць хвіліны, калі я проста чмурэю з таго, што сярод усяго батальёну я адзін беларусафіл, беларускі нацыяналіст. Але ж да гэтага часу я мушу, як і раней, хавацца. Хаця капэрты зь беларускімі надпісамі, адрасаваныя мне, нярэдка трапляюць сяму-таму на вочы… Маўчаць. Можа сярод гэтай гушчы ёсьць яшчэ нехта зь беларускаю арыентацыяй? Гэта як гульня ў выведку. Калі-нікалі я адмыслова насьвістваю мэлёдыі белмоўных песьняў — а раптам хтось падтрымае, азваўшыся, нібы на пароль…

Сэржанцік паказвае сьвятполіс сваёй дзяўчыны, усе глядзяць на яе, я ж між іншага кідаю позірк на інтэр’ер, дзе яна здымалася, і заўважаю аж занадта знаёмую мне налепку на дзьвярох: “Stop Luka!” Што гэта? Можа быць і яно. Зразумела, цяжка перабываць доўгім часам у варунках канцэнтраванае беларусафобіі. Цешыць толькі адно, што да гэтага часу ў нашым батальёне ані разочку не праводзілася антыбеларускае прапаганды на афіцыйным роўні. Хаця афіцэры і прапаршчыкі батальёну яўным чынам настальгуюць па СССР. “Во дзе яшчэ адна праблема!” — любіў (ды, напэўна, любіць і зараз) усклікаць мой дэкан, і меў рацыю.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0