Пяцёрка па расейскай

 

Юры Сьвірко, карэспандэнт латвійскае газэты “Дыена” і Радыё Свабода, браў 15 кастрычніка інтэрвію ў А.Лукашэнкі на выбарчым участку па-расейску. Чаму не па-беларуску? – запыталася “НН”.

 

Па-першае, на ўчастку для галасаваньня ў Акадэміі фізкультуры на пр.Машэрава было шмат замежных журналістаў, якія не працуюць у Менску стала ды беларускаю моваю не валодаюць. Перакладчыка ж Лукашэнка ў штаце ня мае. Да таго ж нават мясцовыя замежныя (пераважна расейскія) журналісты ня хочуць атрымліваць адказы па-беларуску. Прыгадваю, як у часе нядаўняга пікетаваньня на месцы зьнікненьня Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага адбылася спроба затрымаць Анатоля Лябедзьку. Ён усё ж вырваўся ды, задыханы, пачаў даваць карэспандэнту радыё “Свабода” Алегу Грузьдзіловічу інтэрвію па-беларуску, але раптам зьявілася камэра ОРТ, і тэлеапэратар Сяргей Гельбах рэзка скамандаваў: “По-русскі!!!”, і Лябедзька паслухмяна перайшоў на расейскую. Таму якога адказу можна было чакаць ад Лукашэнкі, які наагул па-беларуску інтэрвію ніколі не дае? Ён толькі сказаў бы нешта накшталт: “Юра, ты чего, русский язык забыл?” – ды паспрабаваў бы зусім не адказаць, карыстаючыся падтрымкай замежных журналістаў.

 

Па-другое, неяк так сталася, што я працаваў амаль заўсёды на расейскамоўныя мэдыі, пачынаючы з агенцтва БелаПАН 1992 году (якое тады выпускала матэрыялы галоўным чынам па-расейску) і газэты “Знамя юности” ў 1992-1993 гадох, дзе я быў парлямэнцкім карэспандэнтам. Тады ж мы пазнаёміліся ў Вярхоўным Савеце з дэпутатам Лукашэнкам, зь якім разам пілі каву ў “вярхоўным буфэце” ды размаўлялі, вядома ж, па-расейску. Потым я перайшоў на РТР (“Вести” ды Радыё Расеі), для якіх таксама браў у Лукашэнкі расейскамоўныя інтэрвію. Я, дарэчы, першы выпусьціў Лукашэнку на вялікі экран, калі зрабіў зь ім інтэрвію для “Вестей” пасьля ягонае знакамітае антыкарупцыйнае справаздачы ў ВС. Тагачасная карэспандэнтка праграмы “Время” Людміла Вілюга яшчэ зрабіла мне заўвагу: “Навошта ты гэтага ідыёта паказваеш? Нельга выносіць сьмецьце з хаты”, гэта значыць, з нашае рэспублікі.

Нарэшце, агенцтва Ройтар ды карпарацыя Бі-Бі-Сі, дзе я працаваў пасьля і якія мелі расейскія службы, таксама хацелі атрымліваць цытаты з Лукашэнкі па-расейску. На жаль, беларускіх службаў гэтых брытанскіх мэдыяў пакуль не прадбачыцца. Цягам апошніх трох год, што я быў у штаце сусьветнае службы Бі-Бі-Сі ды перадаваў матэрыялы па-ангельску, па-расейску і па-ўкраінску, мне абяцалі стварыць беларускую службу. Апошні разгляд гэтага пытаньня адбыўся ў чэрвені 2000 году, і вынік быў несуцяшальны – беларускае службы Бі-Бі-Сі ня будзе. Гэта мне зноў у кастрычніку пацьвердзіў лёнданскі Форын Офіс.

Нават маё першае каханьне ў журналістыцы, якому я верны са студзеня 1992 году й дасюль – рыская газэта “Diena” – да гэтага году мела яшчэ й расейскамоўную вэрсію “Диена”, і я прызвычаіўся пісаць туды па-расейску. Навошта задаваць пытаньне па-беларуску, калі хай сабе й беларускамоўны адказ трэ будзе перакладаць на расейскую?

 

Па-трэцяе, менавіта я на прэсавай канфэрэнцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году спытаў трох ейных арганізатараў – кандыдатаў Аляксандра Дубко, Аляксандра Лукашэнку, Васіля Новікава – “Што, тут сабраліся тыя, хто беларускай моваю не валодае?”, — бо яны ўсе прамаўлялі па-расейску. Таксама толькі я на першым брыфінгу новага міністра замежных справаў Урала Латыпава спытаў яго, ці абавязкова для кіраўніка МЗС Беларусі мець беларускае грамадзянства і ведаць беларускую мову. Спадар Латыпаў абяцаў яе вывучыць. Але я ня памятаю, каб мяне публічна падтрымалі тады падобнымі ж пытаньнямі калегі, нават зь беларускамоўных выданьняў.

 

Па-чацьвертае, чытачы “Нашае Нівы”, сярод якіх ёсьць і я, цудоўна ведаюць, што бальшыня насельніцтва ставіцца да беларускай мовы як да апазыцыйнай. Я ня ведаў, што з участка Лукашэнкі будзе жывы эфір БТ, але цяпер нават рады, што задаў па-расейску пытаньне пра памыі, якія выліваў гэты “першы нацыянальны тэлеканал” на апазыцыю ў пярэдадзень галасаваньня. Рады, бо адурманены электарат, пачуўшы пытаньне па-беларуску, падумаў бы: “А, опять националист к микрофону пробрался”. А так мо хто й задумаўся над маім дыялогам з Лукашэнкам:

(Лукашэнка: ) Вы ведаеце, трэба было б паглядзець, дзе Вы гэтыя памыі бачылі...

(Карэспандэнт: ) Фільмы Азаронка ды іншае...

(Лукашэнка: ) А што, Азаронак фактаў не прыводзіў?

(Карэспандэнт: ) Якіх?

(Лукашэнка: ) Ня ведаю. Вы ж гаворыце аб Азаронку і пытаеце мяне якія. Глядзіце добра.

Калі чалавек адказвае пытаньнем на пытаньне, гэта шмат пра што кажа. Асабліва калі ён блытаецца (я тут ня маю на ўвазе, што Лукашэнка пераблытаў мяне з маім былым начальнікам Леанідам Сьвірыдавым, які быў загадчыкам карпункту РТР у Менску, а цяпер працуе карэспандэнтам РТР у Празе). Я так і ня высьветліў яшчэ адно: ці зможа – проста тэарэтычна – балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году цяперашні прэм’ер Уладзімір Ярмошын, які нарадзіўся ў Разанскай вобласьці Расеі. Папраўкі 1996 году да Канстытуцыі вызначаюць, што прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня. Ужо цяпер шмат кажуць, што Масква можа зрабіць стаўку на Ярмошына. Але калі ён ня можа стаць прэзыдэнтам, дык мо таму Лукашэнка й прызначыў яго кіраўніком ураду (які паводле ягонае Канстытуцыі ў выпадку чаго выконвае прэзыдэнцкія абавязкі)? Спадзяюся, што тыя, хто слухаў простае тэлеўключэньне з участку Лукашэнкі, задумаліся й над наступным:

(Лукашэнка: ) Пры чым тут Масква, у нас сталіца Менск. Слухай, ты пабыў у Чэхіі і, па-мойму, забыў нават сталіцу сваёй дзяржавы.

(Карэспандэнт: ) Вы мяне там ня бачылі. Я ў Чэхіі ня быў. Маё прозьвішча Сьвірко, Вы мяне са Сьвірыдавым блытаеце.

(Лукашэнка: ) Ну ў Прыбалтыцы недзе там.

(Карэспандэнт: ) Недзе там.

(Лукашэнка: ) Так, недзе там. Дык ты ж ведаеш, што Менск – сталіца Беларусі?

(Карэспандэнт: ) Але Ярмошын па нараджэньні грамадзянін ці не? Як Вы лічыце?

(Лукашэнка: ) Вы што, ня ведаеце біяграфію нашага прэм’ер-міністра?

(Карэспандэнт: ) Ведаю, таму ў Вас пытаю.

(Лукашэнка: ) Дык што пытаць, калі Вы ведаеце?

(Карэспандэнт: ) Я ня ведаю, як Вы Канстытуцыю трактуеце.

(Лукашэнка: ) Я трактую так, як напісана.

Як бачыце, зноў адказу няма. Але ж ёсьць прыемны момант: Аляксандар Лукашэнка ведае, што я рэпрэзэнтую ў Менску Балтыю, дакладней – Латвію. На жаль, ён ня ведае, што я (ды менавіта пад ягоным уплывам) пасьля некалькіх год у якасьці асобы без грамадзянства абраў грамадзянства расейскае, таму сталіца маёй дзяржавы – якраз Масква. Яшчэ як апатрыд я казаў: “Я не люблю дзяржавы Беларусі, таму ня маю ейнага грамадзянства, але вельмі люблю краіну Беларусь, таму тут жыву”. Цяпер жа я зрабіў выснову: трэба адрозьніваць дзяржаву, краіну ды народ. Мой народ – беларускі, мая краіна – Латвія, мая дзяржава – Расея.

Цудоўна, калі ўсе гэтыя паняцьці супадаюць у адным. Але я ня ведаю, што для сапраўднага беларуса горш: мець пашпарт з расейскім арлом ці з БССРаўскай “капустаю”? І ці пашпарт вызначае беларускасьць?

Вяртаючыся да пачатку свайго доўгага адказу, зазначу, па-пятае, што мая родная мова – расейская. Гэтага ўжо ня зьменіш. Як можна не любіць родную мову ці адрачыся ад яе? Аднак я ўсьведамляю, што калі б ня розныя расейскія імпэрыі, дык маёю роднаю моваю была б беларуская, як была яна роднаю для маіх продкаў. І я вельмі хачу, каб беларуская мова была роднаю для маіх дзяцей.

Лукашэнкаву родную мову таксама ня зьменіш. Нельга зьмяніць і Лукашэнку, яго можна толькі замяніць. Асабіста я мару пра прэзыдэнта Вячорку, зь якім мы ўжо цяпер размаўляем па-беларуску і па-расейску, па-ўкраінску і па-ангельску… Дарэчы, нядаўна Вінцук Вячорка абяцаў мне загаварыць па-латыску, бо пакуль можа толькі чытаць на гэтай мове.

Вось калі ў Беларусі будзе такі прэзыдэнт, я зноў стану беларускім грамадзянінам. Бо ў адрозьненьне ад сп.Ярмошына я – грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня. І пытаньняў пра мову зносінаў з кіраўніком дзяржавы “Наша Ніва” тады задаваць мне ня будзе.

Гутарыў Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0