Рыгор Пракаповіч:
“Мера пакараньня можа быць
і вышэйшая”

 

Сямён Шарэцкі ў сваёй заяве наконт кастрычніцкіх выбараў адзначыў, што супраць цяперашніх беларускіх уладаў узбуджана крымінальная справа. Карэспандэнт “НН” зьвярнуўся да Генэральнага пракурора Рэспублікі, прызначанага летась Вярхоўным Саветам, сп.Рыгора Пракаповіча з просьбай патлумачыць сэнс гэтай заявы і пракамэнтаваць абставіны ўзбуджэньня справы і ход папярэдняга сьледзтва.

 

Рыгор Пракаповіч: Так, справа ўзбуджаная, ужо каторы раз я пацьвярджаю гэты факт і заяўляю наступнае. Як вядома, на паседжаньні Вярхоўнага Савету 27 лістапада 1999 г. я быў прызначаны на пасаду Генэральнага пракурора РБ. Прыступіўшы да выкананьня сваіх службовых абавязкаў, няўхільна выконваючы патрабаваньні Канстытуцыі РБ, а таксама ў адпаведнасьці з нормамі крымінальна-працэсуальнага закону, я, як Генэральны пракурор, 1 сьнежня 1999 году ўзбудзіў сваю першую і, мабыць, самую галоўную на гэты час крымінальную справу. Яна ўзбуджана па арт. 61-І ч.2 Крымінальнага Кодэксу РБ і прадугледжвае адказнасьць за захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам (мера пакараньня паводле гэтага артыкулу можа быць нават вышэйшая).

Папярэднім сьледзтвам сабраны і зьбіраюцца факты ў адносінах да тых асоб, якія дапамагалі зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот. Трапіла ў поле зроку сьледзтва і вялікая кагорта з блізкага, можна сказаць, самага сяброўскага атачэньня Лукашэнкі — людзей, якія, прыкрываючыся сваімі пасадамі, як перад пагібельлю, цягнуць зь дзяржаўнай кішэні ў сваю ўласную грашовыя сродкі і матэрыяльныя каштоўнасьці. Закон гэта называе карупцыяй, яна заўсёды квітнее ў дзяржавах з дыктатарскім рэжымам. Ня стала выключэньнем, на жаль, і Беларусь. Але падмануць Закон нельга, і таму адказваць прыйдзецца. А каму? Гэта вырашыць час і папярэдняе сьледзтва. Сёньня рабіць якіясьці сэнсацыйныя паведамленьні — значыць парушыць тайну папярэдняга сьледзтва і ўзьдзейнічаць на яго аб’ектыўнасьць. Адно зноў магу пацьвердзіць: гэтая справа абавязкова будзе мець судовую пэрспэктыву, а вінаватыя — пакараныя.

Так званыя кастрычніцкія выбары — гэта новы крымінальны эпізод, які давядзецца расьсьледаваць у рамках названае крымінальнае справы. Але ўжо зараз ёсць падставы казаць, што ў дзеяньнях гр.Лідзіі Ярмошынай ёсьць прыкметы грамадзка небясьпечнай дзейнасьці, і калі яна працягне незаконна займаць пасаду, а таксама падводзіць вынікі так званага выбарчага фарсу, то ў яе дзеяньнях будзе і склад злачынства.

Але выснову, ці патрэбна ўзбуджаць супраць Ярмошынай, а таксама цэлага шэрагу “вэртыкальшчыкаў” і іншых задзейнічаных рэжымам у гэтых “выбарах” асобаў справу па адным з артыкулаў Крымінальнага Кодэксу РБ, які прадугледжвае адказнасьць за ўчыненьне асабліва небясьпечнага дзяржаўнага злачынства, можна будзе зрабіць толькі пасьля 29 кастрычніка 2000 году.

Гутарыў Віктар Федаровіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0