мэханізмы фальсыфікацыі

 

“Ілюзіяністка” Ярмошына

Павелічэньне колькасьці выбарцаў шляхам скарачэньня насельніцтва

 

Каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, уладам трэ было, каб на выбары прыйшлі больш за 50% выбарцаў. На 20.00 15 кастрычніка – момант закрыцьця выбарчых участкаў – у гарадзкіх акругах скарысталіся сваім правам голасу меней за 40% выбарцаў, астатнія падтрымалі заклік дэмакратычнай апазыцыі да байкоту або праігнаравалі выбарчыя падзеі. Тады выбарчыя камісіі, каб павялічыць працэнт яўкі, пачалі “ўдакладняць” сьпісы выбарцаў, прадастаўленыя ім ЖЭСамі за месяц да выбараў, у бок памяншэньня, маўляў, за гэты час нехта памёр, нехта выехаў. У Менску за ноч падліку галасоў падначаленыя Ярмошынай такім чынам “вынішчылі” не адзін працэнт электарату. Спн.Ярмошына заяўляе, што гэта законна. Мы зьвярнуліся да вядомага юрыста, чальца маскоўскай калегіі адвакатаў Гары Паганяйлы, з пытаньнем, ці сапраўдныя, зь юрыдычнага пункту гледжаньня, вынікі парлямэнцкіх выбараў, дасягнутыя шляхам такога “ўдакладненьня сьпісаў”?

 

— Паводле сукупных зьвестак назіральнікаў, у большасьці акругаў выбары ў любым разе не адбыліся, бо колькасьць грамадзянаў, якія прыйшлі галасаваць, складала менш за 50%. Ужо толькі гэта дае падставу прызнаць, што выбары не адбыліся.

Але назіральнікі паведамляюць і пра факты грубых падтасовак вынікаў выбараў. Сярод іх і той, пра які вы кажаце, калі адвольна, без дакумэнтальнага пацьверджаньня – што незаконна — зьмяняліся сьпісы выбарцаў па ўчастках ды акругах, і гэта давала магчымасьць участковым і акружным камісіям павялічваць працэнт тых, хто прыйшоў на ўчасткі.

Іншы “фокус” камісіяў быў той, што ў выбарчыя урны пры папярэднім галасаваньні і пры галасаваньні на выезьдзе, дый на саміх участках, укідаліся фактычна незапоўненыя бюлетэні, якія потым прызнаваліся несапраўднымі. Але раз гэтыя бюлетэні апынуліся там, раз пад колькасьць укінутых бюлетэняў была падтасаваная колькасьць выбарцаў, што нібыта прыйшлі на ўчасткі, такім чынам таксама зьмянялася статыстыка, і атрымліваўся неабходны для ўчастковых камісіяў вынік, што выбары адбыліся ці, прынамсі, што мае быць другі тур. Гэта ўсё фіксавалася ў дакумэнтах участковых і акружных камісіяў. Таму Цэнтравыбаркам прызнае выбары сапраўднымі. А назіральнікі — не.

 

— Якія законы парушалі сябры выбарчых камісіяў, прадстаўнікі ўладаў?

— Усе працэдуры, зьвязаныя з ходам выбараў, у тым ліку датэрміновае ці выязное галасаваньне, выразна прапісаныя ў Выбарчым кодэксе. Натуральна, сябры камісіяў павінны ведаць і захоўваць гэты парадак. Але былі выпадкі, калі фактычна на ўчастках камандавалі ня самі сябры камісіяў, а прадстаўнікі адміністрацыі. Менавіта яны настойвалі, каб у сувязі зь недастатковай яўкай былі арганізаваны шырокія выезды, прычым шмат у якіх выпадках назіральнікам не прад’яўлялі загадзя складзеных сьпісаў выбарцаў, да якіх выяжджаюць. Таму нярэдка аказвалася, што ў гэтых урнах пасьля выязнога галасаваньня была вялікая колькасьць бюлетэняў. А каб сфальшаваць вынікі, асобна не падлічваліся бюлетэні, што былі ў урнах, напрыклад, па датэрміновым галасаваньні, у урнах з выездаў і ў стацыянарных урнах. Усё ссыпалася ў адну кучу і толькі затым праводзіўся падлік. Гэта найгрубейшае парушэньне, і чальцы камісіяў наўмысна дапускалі яго, каб схаваць фальшаваньні выбараў.

 

— Выходзіць, гэтыя людзі парушылі Выбарчы кодэкс. Але ж за гэта трэба адказваць. Якія варыянты пакараньня за такія ўчынкі прадугледжвае заканадаўства?

— Усё залежыць ад цяжкасьці правіны, зьвязанай з фальшаваньнем ці парушэньнямі Выбарчага кодэксу. Калі фальшуюцца вынікі галасаваньня, то гэта прамое злоўжываньне службовым становішчам, гэта крымінальна караны падлог. Фальшаваньне вынікаў выбараў назіральнікі расцэньваюць як крымінальныя дзеяньні, ад каго б яны ні зыходзілі — ад сяброў камісіі, ад старшыні камісіі ці прадстаўніка ўлады, які “камандаваў парадам”. Калі гэта становіцца для нас зразумелым і факты зафіксаваныя, назіральнікі Беларускага Гельсынскага Камітэту зьвяртаюцца ў органы пракуратуры для ўзбуджэньня крымінальных справаў.

 

— Ці можна параўнаць паводле ступені сфальшаванасьці гэтыя выбары з тымі, што праходзілі некалі ў Савецкім Саюзе?

— У Савецкім Саюзе былі іншыя падыходы да самой выбарчай кампаніі. За ўсё адказвала камуністычная партыя, менавіта яна накіроўвала дзейнасьць сфармаваных пад яе назіраньнем і ўплывам участковых і акруговых камісіяў. Не было такой завядзёнкі, каб выбарцы маглі не пайсьці на выбары. Сыстэма была добра адладжаная, людзей літаральна заганялі на выбарчыя ўчасткі. Вылучаўся адзін кандыдат, і за яго аддавалі галасы ўсе 99,9% выбарцаў. Вынікі былі загадзя вядомыя.

Сёньняшнія выбары сапраўды нагадваюць савецкія часы. Прэзыдэнцкая вэртыкаль жорстка выконвала каманды, што выходзілі з апарату Лукашэнкі, узначальваў выбарчы штаб сп.Мясьніковіч. Мы маем прыклады, скажам, у Ашмянскім раёне, калі кіраўнік адміністрацыі рассылаў дырэктарам прадпрыемстваў жорсткія ўказаньні пра неабходнасьць датэрміновага галасаваньня. Вось учора мы атрымалі вельмі сур’ёзны дакумэнт: старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму накіраваў усім кіраўнікам прадпрыемстваў ды ўстановаў у тых выбарчых акругах, дзе выбары павінны адбыцца ў другім туры, папярэджаньне пра асабістую адказнасьць іх за яўку падведамных ім калектываў… У сувязі з гэтым мы ўжо зьвярнуліся да генэральнага пракурора з просьбай пра ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць сп.Даўгалёва. Бо гэта жывое парушэньне канстытуцыі й выбарчага кодэксу, прынцыпу добраахвотнасьці волевыяўленьня грамадзянаў. Мы ацэньваем гэта як істотнае парушэньне. Яно дыскрэдытуе ўсю сыстэму выбараў і робіць іх недэмакратычнымі. Менавіта ў такіх умовах дапускаецца фальшаваньне выбараў.

Асабіста для мяне няма ніякага сумневу, што і ў другім туры вынікі выбараў будуць сфальшаваныя.

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0