З Горам напалам

 

Ёсьць падставы сьцьвярджаць, што прэзыдэнцкія выбары 2000 году ў ЗША будуць адны з самых напружаных за апошнія 50 гадоў, бо абодва кандыдаты маюць вельмі блізкія рэйтынгі.

Перад Злучанымі Штатамі паўстала незвычайная праблема: эканамічны росквіт. У краіне існуе не дэфіцыт, а прафіцыт бюджэту. Інакш кажучы, прыбыткі дзяржавы перавышаюць выдаткі. Прычым прафіцыт абяцае быць стабільным і дасягне ў 2010 годзе 685 мільярдаў даляраў. Пасьля 2010 году дзяржава сплоціць усе свае пазыкі і пачне назапашваць грошы. Вялізны прафіцыт ва ўмовах эканамічнага росквіту – гэта выдатны падарунак лёсу. Толькі як яго лепш скарыстаць?

У 1999 годзе амэрыканскія сем’і захавалі на банкаўскіх рахунках толькі 4,1% нацыянальнага прыбытку. Сёньня амэрыканская нацыя ня можа сама рабіць сур’ёзныя інвэстыцыі ў сваю эканоміку. Даводзіцца пазычаць на гэтую мэту з-за мяжы прыкладна 3,4% нацыянальнага прыбытку, але й гэтых грошай не стае. А што калі накіраваць прафіцытныя грошы на зьберажэньні, якія можна будзе інвэставаць у амэрыканскую эканоміку?

З аднаго боку, зьберагаць грошы можа сама дзяржава. Тады ня трэба вялікіх зьменаў у падатковай палітыцы. Зь іншага боку, назапашваць сродкі могуць самі падаткаплатнікі, калі дзяржава зьнізіць падаткі за кошт прафіцытных грошай. Тут і палягае адрозьненьне паміж эканамічнай палітыкай Буша й Гора. Першы лічыць, што захоўваць грошы павінны амэрыканцы, другі перакананы, што рэй павінна весьці дзяржава.

 

Куды падзець грошы?

Абодва кандыдаты хочуць палову прафіцыту накіраваць на падтрымку праграмаў пэнсіяў і сацыяльнай дапамогі Social Security, якой ахопленыя ўсе амэрыканцы, што маюць працу. Ейныя ўстановы маюць укласьці гэтыя грошы ў банкі. Дзякуючы спрыяльнай кан’юнктуры, амэрыканцы плоцяць сяньня падаткаў больш, чым калі-небудзь дагэтуль, а з-за таго, што беспрацоўе мінімальнае (каля 4%), сацыяльнае страхаваньне проста не пасьпявае траціць сродкі. Але гэткую ідылічную карціну можа пабурыць сыход на пэнсію пакаленьня людзей, народжаных напрыканцы 40-х — пачатку 50-х гадоў. Да іх належыць і прэзыдэнт Клінтан — у наступным годзе ён пойдзе на пэнсію разам з мільёнамі сваіх аднагодкаў. Калі ўрад ня знойдзе новых крыніцаў грошай, то Штаты гадоў празь дзесяць могуць збанкрутаваць. Як і Беларусь, дзе таксама пасьля вайны быў дэмаграфічны бум.

Палову тых грошай, што застануцца пасьля выплаты пэнсіяў, Буш хоча накіраваць на агульнае зьніжэньне падаткаў, прычым роўнае для ўсіх, а гэта значыць, што максымум карысьці ад яго атрымаюць самыя багатыя. Несправядліва, маўляў, калі людзі, што складаюць толькі 1% насельніцтва, плоцяць трэцюю частку ўсіх падаткаў. Гэта дапаможа зьліквідаваць 60% прафіцыту і рэзка падвысіць памер прыватных інвэстыцый у эканоміку.

Джордж Буш яшчэ хоча часткова прыватызаваць дзяржаўнае пэнсійнае забесьпячэньне. Інвэстыцыі ў занядбаную адукацыю павінны, на ягоную думку, ісьці не да бюракратаў, а беспасярэдна да бацькоў. Барацьбу зь беднасьцю Буш гэтаксама хоча даручыць прыватнаму сэктару, паспрыяўшы яму праз падатковыя заахвочваньні для ахвяравальнікаў. Рэлігійныя арганізацыі мусяць шырэй супрацоўнічаць з уладамі штатаў.

Сваю праграму Буш кліча Compassionate Сonservatism — “спагадны кансэрватызм”. Свае прамовы ён заканчвае заклінаньнем: “Я давяраю грамадзянам, а не фэдэральнаму ўраду”. Пакуль што рэспубліканцам ўдаецца выстаўляць свой “спагадны кансэрватызм” як гэткі здаровы скептыцызм у дачыненьні да дзяржаўных установаў.

Гор ня змог вынайсьці сабе гэткай жа складнай формулы. Ён разглядае дзяржаву як нейкае грамадзкае прадпрыемства паслугаў, што дапаможа амэрыканцам перайсьці ад грамадзтва прамысловага да інфармацыйнага.

 

зьнізіць падаткі

Гор хоча зьнізіць падаткі найперш для сем’яў зь сярэднім узроўнем даходаў і на ўтрая меншую суму, чым Буш. 30-ці млн. амэрыканцаў зь ніжэйшымі даходамі ён абяцае падвысіць мінімальны заробак і даць падаткавыя льготы. У школы мусіць пайсьці магутная грашовая плынь, грашовае заахвочваньне павінны атрымліваць і настаўнікі. Ільготы атрымаюць і тыя, хто ашчадна ставіцца да навакольнага асяродзьдзя, пераводзіць сваю машыну на газ або даглядае хворых ці старых сваякоў. Пэнсійную сыстэму ён мяркуе пакінуць такой, якая ёсьць, а выхад пакаленьня babyboomers на пэнсію ён спадзяецца вытрымаць дзякуючы скарачэньню прафіцыту.

Пазыцыі Гора й Буша аднолькава спрэчныя. Народ наўрад ці будзе назапашваць шмат грошай – хутчэй за ўсё, ён будзе іх траціць. Але ж і дзяржава будзе, найхутчэй, болей траціць, чым назапашваць.

 

пытаньне пра лекі

Амэрыканцы жартам кажуць, што лёс выбарчай кампаніі вырашаецца ў Флёрыдзе. Гэты штат падобны да сучаснай Амэрыкі, што старэе і засяляецца новымі эмігрантамі. У штабах абодвух кандыдатаў згодныя, што цяжка выйграць без падтрымкі Флёрыды. Пэнсіянэраў у ЗША 33 мільёны, і таму адным са спрэчных пытаньняў дэбатаў паміж Горам і Бушам было пытаньне коштаў на лекі для пэнсіянэраў. Лекі ў Амэрыцы — нешта накшталт моды. Гэтым карыстаюцца фармацэўтычныя кампаніі, якія устанаўліваюць кошты на іх зусім адвольна, у залежнасьці ад папулярнасьці. Гэта прыводзіць да неабгрунтаванай дарагоўлі, і ў выніку шырокае распаўсюджваньне атрымліваюць вандроўкі пэнсіянэраў у Мэксыку і Канаду — па лекі, што каштуюць там таньней, іншым разам на сотню даляраў. Гэтую праблему закранулі абодва кандыдаты. Буш зноў спадзяецца на самастойнасьць людзей, якія мусяць самі шукаць таньнейшыя лекі, а дзяржава будзе вяртаць ім частку грошай. Гор жа спадзяецца на бюракратыю, прызначае на гэтыя мэты ўтрая менш сродкаў і зьбіраецца пакрываць частку коштаў праз адмысловую дзяржаўную праграму.

Відавочна, што з прыходам рэспубліканцаў больш жорсткай стане замежная палітыка — ня будзе, напрыклад, ратыфікаванае пагадненьне пра забарону ядзерных выпрабаваньняў, будзе за ўсялякі кошт збудаваная, нягледзячы на пратэсты Масквы й Пэкіна, сыстэма проціракетнай абароны. Што ж да стасункаў з эўрапейскімі краінамі, то замежнапалітычная дарадчыца Буша сказала пра “пераразьмеркаваньне вайсковай адказнасьці” – гэта значыць, перадачу эўрапейцам асноўнай адказнасьці за падтрыманьне міру ў Косаве і Босьніі. Сама Амэрыка зоймецца канфліктамі ў Пэрсыдзкай затоцы ды ў Азіі.

 

Буш — ізаляцыяніст

Буш кажа, што для яго галоўнае — гэта нацыянальныя інтарэсы, і ён бы не хацеў больш пасылаць амэрыканскіх жаўнераў на гуманітарныя апэрацыі і місіі па падтрыманьні міру, Гор жа, наадварот лічыць гэта адным са складнікаў амэрыканскае замежнае палітыкі і выступае супраць ізаляцыянізму.

У гэтым годзе Амэрыку чакае яшчэ адна важная зьмена — на пэнсію пойдуць пяцёра зь дзевяці чальцоў Вярхоўнага Суду, новых судзьдзяў назаве прэзыдэнт, але зацьвярджаць іх будзе Кангрэс. Вярхоўны Суд — вельмі значная ўстанова для амэрыканскае палітычнае сыстэмы — дастаткова прыгадаць рашэньні, датычныя расавай дыскрымінацыі, сьмяротнага пакараньня, свабоды слова, фэдэральнага ладу краіны. Варта згадаць і нядаўнюю справу, калі было вырашана, што спарон — асабістая справа кожнай жанчыны. Гэтае рашэньне ўваходзіць у яўную супярэчнасьць з Бушавай праграмай. Дарэчы, настроенасьць Буша супраць абортаў якраз і можа змусіць многіх кабет аддаць свае галасы Гору. І гэта вельмі істотна, бо якраз галасы жанчын яшчэ не падзеленыя — мужчыны ж ужо збольшага вызначыліся са сваім выбарам.

А пакуль Буш апярэджвае Гора ў апытаньнях грамадзкае думкі.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0