Адам Глёбус
Нашы тутэйшыя
1975 год. Цьвірка і мальбэрт у багажніку
Пэйзажыст Віталь Цьвірка абсталяваў свой легкавік мальбэртам. Цьвірка выяжджае за горад, дзе любуецца прыродаю. Калі краявід падабаецца, ён загадвае шафёру спыніцца, адчыняе багажнік, дзе хаваецца стацыянарны раскладны мальбэрт, і малюе эцюд. Піша Цьвірка хутка. Якая гадзіна, і твор скончаны. Між іншым, краявіды ў Віталя Цьвіркі атрымліваюцца анталягічныя.
1976 год. Гілевіч і Караткевіч
Уладзімер Караткевіч жыве на пятым паверсе й любіць ладзіць начныя баляваньні. Кватэра Ніла Гілевіча — паверхам ніжэй, і ён любіць рана класьціся спаць, каб раніцай папрацаваць. Аднойчы балявальшчыкі так дапякаюць Гілевіча, што ён бярэ малаток, узьнімаецца да Караткевічавых дзвярэй і грукае ў іх. На дзьвярах гадоў дзесяць відаць круглыя адмеціны.
1985 год. Лецка й Адамовіч
Крытык Яўген Лецка на зьезьдзе пісьменьнікаў дэманструе прыклад сапраўднай мужнасьці. Ён адзіны, хто не баіцца выступіць супроць монстра саўдэпаўскай бэлетрыстыкі Алеся Адамовіча, які прыдумаў пад сябе тэрмін-азначэньне “беларускі пісьменьнік, які піша на расійскай мове”. Лецка патлумачыў яму і ўсім прысутным — беларускі пісьменьнік піша па-беларуску, а расейскі — па-расейску. Ясьней яснага. Калі Адамовіч ня змог стаць расейскім клясыкам, дык беларускім ён таксама ня стаў. Адамовіч крыўдзіцца і ўцякае ў Маскву, здымаць непраўдзівыя фільмы пра савецкую партызанку.
1987(?) год. Атас і Някляеў
Архітэктарка-рэстаўратарка Вольга Атас едзе на камсамольска-балдзёжную тусоўку ў гатэль “Юнасьць”, што на Мінскім моры. Уночы да яе ў пакой прыходзіць п’яны паэт Някляеў і спрабуе легчы да Атас у ложак. Яна не пускае. “Дык што, мне тут на коўрыку класьціся?” “Кладзіся на коўрыку”. Нараніцу Вольга знаходзіць паэта на “коўрыку”. Некалькі гадоў камсамольская тусоўка называе Някляева “Коўрык”.
1989 год. Якубовіч і Кацюшэнка
Будучы рэдактар “савецкай Беларусі” Павал Якубовіч любіць сесьці ў фатэль і пачытаць газэту. Ён сядзіць і чытае, калі былы рэдактар “Знамені юнасьці” Міхась Кацюшэнка падыходзіць да яго й падпальвае газэту. Жарт галоўных рэдактараў. Найлепшы лёс газэты, калі яе паляць. Хто, як не галоўныя рэдактары, гэта ведае найлепш.
1990 год. Афанасьева і калготкі
Іна Афанасьева прыяжджае з Магілёва на рок-фэстываль “Тры колеры” ў Менск. Голас у Іны моцны, а рок-гурт — слабы. Ня ведаю, што здараецца ў Афанасьевай з кіраўніком гурту, але яна застаецца без калготак, а таму адмаўляецца выступаць у фінале. Тады Раінчык, той, што кіраваў усесаюзналюбімымі “Верасамі”, ляціць дахаты й прывозіць сьпявачцы калготкі сваёй жонкі, так яму Інін голас падабаецца.
1996 год. Сыс і гомасэксуалізм
Вядомасьць паэта Анатоля Сыса пачынае згортвацца, і ён вырашае падтрымаць яе эпатажнай чуткаю: маўляў, я — гомасэксуаліст, люблю радыёдыктара Валеру Будзевіча. Актор Будзевіч, як умее, падыгрывае Анатолю. Толькі я ведаю пра ілюзорнасьць Сысавых плётак, бо спаў з Анатолем у адным ложку ў кватэры паэта Някляева й ніякіх гейскіх схільнасьцяў у Сыса не назіраў.
2000 год. Вялюгін і Бусон
Паэт Анатоль Вялюгін мае геніяльны верш “Сьпелы бор”. Пачынаецца ён так:
З усіх сабораў ёсьць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у сьпелым лесе, сьпелы бор,
зьвіняць твае званіцы.
Жыве ў тым вершы барсук-манах. Таго барсука я чамусьці доўгі час ня дужа падабаў. Не злучаліся ў мяне манах з барсуком. І вось чытаю ў Бусона пра барсука, які перакінуўся ў манаха й перапісваў сьвятыя сутры, а калі людзі дазналіся, што манах — барсук-пярэварацень, ён скончыў жыцьцё самагубствам. Цяпер ягоная сутра лічыццца найкаштоўнейшай сьвятыняю.
Бясспрэчна, Вялюгін ня ведаў пра барсука-манаха са старажытнай Японіі, але вобраз стварыў запамінальны…
Падсочак стрэлы на ствалах,
нібы крыжы пакуты.
Сьпяшаецца барсук-манах
у цёмны свой закутак.
2000 год. Лукашэнка і партрэтысты
Больш як 6 гадоў Аляксандар Лукашэнка займае пасаду прэзыдэнта. І за гэты час я ні разу ня бачыў ні на адной выставе ягонага параднага партрэту. Такога вялікага, на поўны рост, напісанага алейнымі фарбамі на палатне. Каб партрэт зьявіўся, яго абавязкова заўважылі б і прыхільнікі Лукашэнкі, і праціўнікі. Партрэтыст займеў бы пэўную вядомасьць. Але параднага партрэту няма. Пра мастакоў-аматараў і карыкатурыстаў я тут не кажу, яны заўсёды паперадзе бацькі ў пекла лезуць. А дзе падзеліся прагматыкі ад мастацтва? Дзе акадэмічны партрэт першага прэзыдэнта? А можа, беларускія прагматыкі ад жывапісу пішуць партрэты Пуціна й Клінтана? Але й такіх партрэтаў не відаць.
2000 год. Пушкін і малаток
Наіўны мастак Алесь Пушкін не такі бяскрыўдны, як мне падаецца. Спачатку ён крычыць на вуліцы: “Беларусь без жыдоў і камуністаў!” і сядзіць у турме за хуліганства. Потым — псуе сьценапіс у магілёўскім касьцёле, а вінаватым выстаўляе кіраўніка праекту Міколу Залатуху. А цяпер расказвае, як у інстытуце разьбіваў малатком мой вітраж з выявай Дзевы Марыі. Маўляў, мастак-турыст Раманко кажа, што Адамчык зрабіў “храновенькі” вітраж, яго можна разьбіць, а шкло парэзаць на кавалкі, каб трэніравацца ў рэзцы каляровага шкла. І якія, цікава, цэрквы размалёўвае рука Пушкіна, якая разьбівала Дзеву Марыю? Зрэшты, уся хрысьціянская мараль будуецца на раскаяньні, на ператварэньні грэшніка ў сьвятога. Адзінае, што засталося яшчэ Пушкіну — пераназвацца ў Гарматава, як хрысьціянабойца Саўл, упаўшы з каня, ператварыўся ў Паўла.
2000 год. Сапач і лірыка
Паэтка Тацяна Сапач выдала ў 1991 годзе зборнік лірыкі “Восень”. Я дзясяты год чакаю, калі зьявяцца “Зіма”, “Лета”, “Вясна”. А іх няма й няма. Нібыта ў той Вільні, дзе цяперака жыве Тацяна, пануе вечная восень.
2000 год. Фядута й Вік
Шальмавальнік грамадзкае думкі Аляксандар Фядута ў лісьлівым артыкуле пра былога шэфа нямецкай выведкі Ганса-Георга Віка напісаў, што ў нас “зласьлівая й дробязная ўлада” й “мелкаводная апазыцыя”. І ў гэтых характарыстыках вымалёўваецца аўтапартрэт Фядуты, які быў зласьлівы й дробязны ва ўладзе й плыткадумны ў апазыцыі.