З усёй краіны

 

“Адважнае сэрца” ўва ўсёй Беларусі

У выходныя 18—19 лiстапада па 20 рэгіянальных беларускіх каналах, апроч менскага, пакажуць фільм «Адважнае сэрца» на беларускай мове. Гэта данiна павагi змагарам Слуцкага збройнага чыну. Дамовiўся пра паказ Беларускi вiдэаклюб.

 

Фiльм пра Завадзкага

8 лiстапада ў сераду ў 22.10 на канале ОРТ пакажуць фiльм Паўла Шарамета “Дзiкае паляваньне”. Шарамет спрабуе разабрацца ў таямнiцы зьнiкненьня апэратара Зьмiтра Завадзкага.

 

Гарыць кастрычніцкае сена

Вечарам 31 кастрычнiка ў калгасе «Кастрычніцкі» Рудабельскага (Акцябарскага) раёну згарэла 140 т сена – амаль палова з таго, што назапасiлi на зiму. Работнiк таго калгасу кiнуў недакурак у сенасховiшча. Агулам у тых краёх ужо пайшло попелам паўтысячы тонаў сена.

 

Мiнi-мiс з Палесься

9-гадовая беларусачка Саша Шкурдоба выйграла конкурс “Мiнi-мiс сьвету”, што прайшоў у Кiеве. Жыве яна ў вёсцы Расна ля Высокага. Дзяўчынка прывезла дахаты карону са срэбра ды горнага крышталю.

 

Новы мост у Дрысе

У Дрысе пабудавалi пантонны мост даўжынёю каля 200 м праз Заходнюю Дзьвіну. Жыхары чакалi на гэтую падзею 40 год, а на працу пайшло ўсяго некалькi дзён. Будавалi яго вайскоўцы-чыгуначнiкi, а сьвяцiлi ксёндз і поп.

 

АГП – 5 гадоў

Учора Аб’яднаная Грамадзянская Партыя сьвяткавала сваё пяцігодзьдзе. Павіншаваць яе прыехаў расейскі сатырык В.Шэндзеровіч, які, як аказалася, родам з Чавусаў, але перад урачыстым канцэртам круцілі ўсё ж свойскую “Партызанскую” гурту NRM.

 

Палякi наведалi Курапаты

1 лiстапада амбасадар Польшчы ў Беларусi Марыюш Машкевіч разам зь iншымi супрацоўнiкамi амбасады ды iх сем’ямi прыехаў у Курапаты. Яны паставiлi васкоўкi ля крыжоў.

 

Улады крыўдзяць камунiстаў

Камунiстам упершыню забаранiлi прайсьцiся шэсьцем па цэнтры Менску 7 лiстапада. КПБ крыўдуе, што «антыдзяржаўнай апазыцыі» Мінгарвыканкам «дазваляе хадзіць нават у будні, а прыхільнікам палітыкі прэзыдэнта забараняюць нават у сьвяты».

 

Выбары — фарс

Мечыслаў Грыб заявiў, што падчас кастрычніцкіх выбараў адбылося каля 80 відаў парушэньняў заканадаўства. Назіральнікі зафіксавалі больш за 5 тыс. парушэньняў. Беларускi Гельсынскi Камiтэт увогуле лiчыць, што маштабы парушэньняў не дазваляюць назваць выбарамi тое, што адбывалася 15 i 29 кастрычнiка. Больш за 70 асобаў, што адказвалi за iх правядзеньне, учынiлi крымiнальныя злачынствы, уважае БГК.

 

Налёт на газэту “Шаг”

У ноч з 4 на 5 лiстапада ў Баранавiчах абрабавалi рэдакцыю незалежнай газэты “Шаг”. А 4-й ночы на дварэ сталі крычаць “Ратуйце”, вартаўнік адамкнуў, каб дапамагчы чалавеку, а тут на яго напалі, заламілі рукі, зьвязалi, уварваліся ў офіс. Зьнесьлi частку офiснай тэхнiкі. Два месяцы таму “Шаг” зрабiўся першай штодзённай рэгiянальнай газэтай у краiне. Супрацоўнiкi газэты лiчаць, што гэта было ня простае абрабаваньне – налётчыкi ня надта сьпяшалiся, забiралi ня самыя дарагiя прылады, а менавiта тыя, што забясьпечваюць працу газэты. Па сьведчаньні вартаўнiка, на адным з злодзеяў былі вайсковыя штаны ды боты.

 

Спроба ўцёкаў

1 лiстапада ў Берасьці вартаўнiкi двума стрэламі забілі засуджанага, калi той, нечакана вызвалiўшыся з кайданоў, паспрабаваў уцячы. Гэта быў грамадзянiн Расеi, якога ўжо пасадзiлi за рабаваньне ды падазравалi ў вырабе фальшывых грошай.

 

Злачынстваў паменела

З пачатку гэтага году ў Беларусi зьдзейснiлi амаль 97 тыс. злачынстваў — на 0,4% менш, чым за той самы час у 1999 г. Але раскрылi толькі 70,8% злачынстваў проці леташніх 71,6%.

 

Грып наблiжаецца

На Берасьцейшчыне ўжо зарэгiстравалi першых хворых на грып, хоць эпiдэмiю чакаюць толькi ў канцы сьнежня – пачатку студзеня. Летась эпiдэмiя таксама пачалася на Берасьцейшчыне. Сёлета ў Беларусь прыйдуць тыя самыя вiрусы — А1, А3 і B, супраць якiх маюць iмунiтэт тыя, хто хварэў у мiнулым годзе.

 

П’ем меней гарэлкі і болей чарніла

Сёлета беларусы набылi на 21% менш гарэлкi, чым летась. Але п’ем усё роўна шмат – за 9 апошнiх месяцаў прадалi 150 мільёнаў 280 тысяч паўлітровых бутэлек — па 15 бутэлек моцных напояў на кожнага жыхара. Апроч таго, на 24% болей прадалі вінаградных, пладова-ягадных і шампанскіх вінаў, на 6% — піва. Удзельная вага алькагольных напояў у агульным аб’ёме раздробнага гандлю ў студзені-верасні склала 15,5% (за гэты ж пэрыяд летась — 12,9).

Падрыхтаваў Алесь Кудрыцкi паводле інфармацыі агенцтва БелаПАН

 

Выганяюць з пасадаў за сена

Напярэдадні ў Пінску выканкам зьбіраў кіраўнікоў гарадзкіх прадпрыемстваў, каб абмеркаваць вынікі разьвіцьця гаспадаркі гораду за 9 месяцаў. Сярод іншага галоўны вэртыкальшчык паабяцаў звольніць трох дырэктараў (рачнога порту, чыгуначнай станцыі ды мясцовай філіі “Беларусбанку”) не за эканамічныя паказчыкі, а за тое, што іхныя калектывы ня выканалі пляну па нарыхтоўцы кармоў для “замацаваных” за імі калгасаў.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

British Council зачыняецца

Дырэктарка мясцовага аддзяленьня British Council спн. Натальля Дзёмчанка заявіла, што закрыцьцё сапраўды мае адбыцца (верагоднасьць – 99%) да канца гэтага фінансавага году (для Брытаніі – канец сакавіка). Структуры Брытанскае Рады скарачаюцца ня толькі ў Беларусі, а і яшчэ ў 30 краінах. Вось жа, Беларусь трапіла ў лік “менш важных” краін. Усе рэсурсы фонду застануцца на месцы і будуць перададзеныя, найверагодней, у падарунак Лінгвістычнаму Ўнівэрсытэту.

 

БПС супраць Віка

3 лістапада несанкцыянаваны пікет з пратэстам супраць заявы Г.-Г.Віка наконт мэтазгоднасьці далучэньня Беларусі да Расеі, зробленай ім у Беластоку, правяла Беларуская Партыя Свабоды. А 12-й падышла невялікая калёна БПСаўцаў на чале са сп.Высоцкім, разгарнулі нацыянальны сьцяг і транспаранты з надпісамі “Молатаў-Рыбэнтроп = Вік-Іваноў”, “Газ(свастыка)пром-Рур(савецкая зорачка)газ”.

Пасьля кароткай прамовы пратэсту С.Высоцкі прадэманстраваў прысутным партрэт гэтага чалавека на вокладцы апошняга нумару “Кур’еру” і разарваў яго, пасьля чаго кінуў шматкі долу дый патаптаўся па іх. Часопіс той Высоцкі паставіў у сваёй прамове на адну паліцу зь Вікам, сказаўшы: “Вось гэты чалавек, а вось тая прэса, што аб ім піша”. Міліцыянты борзьдзенька паадбіралі у пікетоўшчыкаў плякаты (сьцяг тыя не аддалі). Ніхто з дыпляматаў да пікету ня выйшаў.

Язапат Змысла

 

Сева Янчэўскі гатовы

Цырымонiя здачы — 12 лiстапада, у 18.00 на Акадэмii Навук падчас акцыi “Пераменаў!”

Тыдзень таму лiдэры незалежных суполак моладзі (Малады Фронт, Маладая Грамада, Моладзь АГП, Маладая Салiдарнасьць, Асацыяцыя Маладых Палітыкаў, Хрысьціянска-Сацыяльны Саюз Моладзі, Асацыяцыя Маладых Прадпрымальнiкаў) заклiкалi сяброў БПСМ выходзiць з шэрагаў гэтае структуры i запрасiлi ахвотных на акцыю «Пераменаў!», якая адбудзецца 12 лiстапада ва ўсёй Беларусi.

У адным Менску ужо больш за 30 сяброў БПСМ выказалi жаданьне здацца на ласку аб’яднанага нацыянальнага руху моладзi. Каалiцыя разглядае гэтыя памкненьнi як пачатак паўсюднага разлажэньня i разбурэньня дзяржаўнага 200-тысячнага монстра БПСМ. Акт урачыстага спаленьня бэпээсэмаўскiх пасьведчаньняў i ўручэньня прызоў будзе адбывацца на пачатку вулiчнай Акцыi «Пераменаў!» 12 лiстапада, у 18.00 ля Акадэмii Навук. Кiраўнiкам райкамаў, гаркамаў, студэнцкiх i iншых камiтэтаў БПСМ Каалiцыя Моладзі гарантуе ў якасьці прызоў вiдэакасэты зь беларускамоўнай вэрсiяй блёкбастэра «Адважнае сэрца».

У пятнiцу 3 лiстапада Каалiцыя Моладзі «Пераменаў!» атрымала афiцыйны адказ на наш зварот старшынi ЦК БПСМ Усевалада Янчэўскага. Зь лiста вынiкае, што Сева ГАТОВЫ здацца i просiць толькi ўдакладнiць парамэтры турыстычнай палаткi, якую мы прапанавалi яму наўзамен пасьведчаньня пустой «палаткi прадстаўнiкоў», раён дрэйфу ў Ледавiтым Акiяне i спосаб транспартаваньня на Поўнач. Напрыканцы У.Янчэўскi ўдакладняе: «Мысленно вместе. P.S. Я сур’ёзна».

Мы таксама на поўным сур’ёзе успрынялi гэтую афiцыйную заяву. Такiм чынам, можна сьцьвярджаць, што першы дэпутат так званай палаткi разумее ўсю нiкчэмнасьць псэўдапарлямэнцкага органу i ГАТОВЫ адправiцца ў добраахвотную высылку.

Удакладняем для Ўсевалада: палатка двумясцовая, паколькi ў свой час ты як малады палiтык дрэйфаваў ад Шушкевiча да Лукашэнкi. Саму палатку i квiток да Таймыру на 12.XI.2000 мы асабiста ўручым старшынi БПСМ У.Янчэўскаму 12 лiстапада.

Тацьцяна Алесiна, Цiмох Дранчук, Кiрыл Iгнацiк, Алесь Карнiенка, Натальля Маковiк, Уладзiмер Радзiвончык,
Павал Севярынец

 

У справе Завадзкага выйшлі на Адамовіча

Паэт і журналіст Славамір Адамовіч 3 кастрычніка вярнуўся з ЗША ў Беларусь. А ўжо тыдні праз два ім зацікавіліся сьледчыя Рэспубліканскай пракуратуры. Фармальнай падставай для выкліку Адамовіча ў пракуратуру стаў факт нападу на яго двох РНЕшнікаў у красавіку 1999 году.

Нашы крыніцы паведамляюць, што эпізод з нападам сьледзтва наважылася далучыць да крымінальнай справы па фактах забойства ў Беларусі вясной гэтага году азэрбайджанскай сям’і, зьнікненьня сёлета ў ліпені супрацоўніка ГРТ беларуса Зьмітра Завадзкага і забойства ў жніўні кіраўніка РНЕ ў Беларусі Глеба Самойлава. Адзін з работнікаў пракуратуры РБ заяўляе, што напад на паэта і журналіста С.Адамовіча “заказаў” нехта Валеры Ігнатовіч, былы супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня “Алмаз”, потым – член РНЕ, які ўжо знаходзіцца пад арыштам у сувязі з вышэйпададзенымі фактамі злачынстваў. Цікава, аднак, што выканаўца “заказу” нехта Кобзар, таксама РНЕшнік, знаходзіцца на волі. За зробленую “работу” ён меўся атрымаць ад Ігнатовіча 50 нямецкіх марак.

Што да лёсу Завадзкага, то ў час допыту Адамовіча з боку сьледзтва прагучала сумнае меркаваньне: шанцы на тое, што тэлеапэратар ГРТ жывы, блізкія да нуля.

Міраслаў Чантарыцкі

 

Маладафронтаўцы псуюць камуністам сьвята

Сьвята камуністам папсавалі маладафронтаўцы. 7 лістапада на камуністычным мітынгу на пл.Незалежнасьці ля помніка Леніну яны пачалі засьвістваць прамоўцаў ды скандаваць патрыятычныя лёзунгі. У гэты самы час каля помніка зьявіліся дзесяць чалавек з буйнымі літарамі на грудзёх: “Пераменаў! 12 лістапада, 18.00, Акадэмія Навук”. Яны колькі разоў выгукнулі “Пераменаў!” ды “Беларусь без камунізму!” Трафэямі маладафронтаўцаў сталіся таксама й некалькі чырвоных сьцягоў. Разгубленыя міліцыянты так і ня здолелі нікога затрымаць.

А.К.

 

Затрыманыя

1 лістапада ў Горадні падчас сьвяткаваньня «Дзядоў» міліцыя затрымала 23 чалавекі, сярод якiх: Сьвятлана Нех, Аляксандар Міхальчык, Мікола Воран, Пятро Анісімовіч, Аксана Мілюн, Вадзім Саранчукоў, Юля Дарашкевіч, Вольга Іванова, Ірына Данілоўская, Зьміцер Іваноўскі, Зьміцер Хільмановіч, Генадзь Кургун, Віктар Кірэеў, Веслаў Біруля, Раман Рамашка, Ірына Салей, Кастусь Жынь, Аляксандр Міхальчык, Сяргей Мальчык, Ігар Бабкін, Дзяніс Івашын, Уладзімер Чартапалаў, Віктар Кірэеў. Усіх адпусьцілі, будуць судзіць.

За мiнулы тыдзень за расклейваньне антыўрадавых налепак затрыманыя 11 актывістаў кааліцыі «Пераменаў», сярод якiх Раман Казакевіч, браты Вадзім і Максім Явіды, Цімох Дранчук, Алег Корбан, Міхась Царкоў, Ігар Сюльд, Алесь Атрошчанка, Лявон Юхневіч.

31 кастрычніка суд Бабруйску вынес папярэджаньне Яўгену Чапурышкіну за арганiзацыю несанкцыянаванага сходу.

 

Памёр Васіль Русак

Зусім нядаўна пайшла з жыцьця выбітная асоба беларускай дыяспары ў Амэрыцы Галіна Русак. Ранічкай 29 кастрычніка адышоў у іншы сьвет і Васіль Русак, яе муж. Не перажыў сьмерці жонкі… Пахаваньне адбылося ў той аўторак. Сьветлая памяць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0