Барацьба статыстаў

“Праект дзесяцігодзьдзя” надзвычай выгадны для Беларусі, але шанцаў на ягоную рэалізацыю вобмаль

У справе пабудовы газаправоду інтарэсы Беларусі і Ўкраіны сутыкнуліся. Кожная краіна хоча, каб новая труба пралягла на яе тэрыторыі. Інтарэсы Кіева абараняе Варшава, якая бачыць у гэтым стратэгічную карысьць. Пра Ўкраіну дбаюць таксама Злучаныя Штаты Амэрыкі. З Польшчай і ЗША мусяць лічыцца і на захадзе, і на ўсходзе Эўропы.

Менску паведаміла Масква, і на выбар, які будуць рабіць інвэстары, г.зн. Бэрлін, Парыж і Рым, ён ніяк уплываць ня можа. Зусім ня можа, таму што гэты выбар будзе рабіцца не ў Маскве, якая сама стаіць з працягнутай рукой, а інвэстарамі. Пагатоў таму, што лукашэнкаўскі Менск разглядаецца ў сьвеце як несамастойны суб’ект палітыкі. Мы хочам, каб “праект дзесяцігодзьдзя” ўзбагаціў нас, але нават ня вольныя падаць свае аргумэнты “за”.

Але і Ўкраіна нагадвае ў гэтай спрэчцы хутчэй бясьсільнага назіральніка, бо на шалі можа пакласьці толькі сваю геапалітычную важнасьць.

Выбар шляху, якім пройдзе газаправод, урэшце будзе залежаць ад таго, якую краіну – Украйну ці Беларусь – інвэстары палічаць больш стабільным партнэрам.

Расея называе Ўкраіну ненадзейным супольнікам, спасылаючыся на крадзяжы газу, якімі пэрыядычна займаліся над Дняпром у крытычныя для ўкраінскай гаспадаркі моманты. Галоўны аргумэнт Расеі – убогае эканамічнае становішча нашай паўднёвай суседкі, якое, пераконваюць яны, заўжды будзе вымушаць кіеўскія ўлады ісьці на махінацыі. “Ніякіх капрызаў з боку Польшчы і Ўкраіны быць не павінна!” – з чыста маскоўскай прастэчай заявіў у Парыжы віцэ-міністар замежных справаў Расеі Іван Іваноў. У якасьці косткі Расея кідае Польшчы яе частку даходаў ад эксплюатацыі газаправоду, а Ўкраіне – заказ на вытворчасьць трубаў. Польскія даходы складуць некалькі соцень мільёнаў даляраў (віцэ-прэм’ер Польшчы Е.Штэйнгоф назваў прыведзеную У.Пуціным лічбу 900 мільёнаў “нерэальнай”).

Польшча катэгарычна супраць выбару ў партнэры Беларусі, кіраванай недэмакратычным, няўстойлівым і залежным ад Расеі рэжымам. Сярод яе аргумэнтаў – нелегітымнасьць менскіх органаў улады, рашэньні якіх ня маюць поўнай сілы, юрыдычная сваволя лукашэнкаўскай адміністрацыі і яе непрадказальнасьць, а таксама драматычная сытуацыя з правамі чалавека і нацыянальных груп, якая стварае глебу для “газаправоднага тэрарызму”, што ўжо праявіўся ў 1997 годзе, калі невядомае “Беларускае Вызвольнае Войска” высадзіла ў паветра газавую трубу пад Вуздою.

Аднак рэсурс польскае нязгоды абмежаваны: Расея шантажуе палякаў пэрспэктывай пабудовы трубы ў абход Польшчы па Балтыйскім моры, а Польшчы вельмі важна, каб газаправод прайшоў па яе тэрыторыі. З расейскага дурнога газу скарыстаць хочуць усе. “Нічога пра нас бяз нас!” – патрабуе Варшава. Яна хоча мець не дарадчы, а вырашальны голас у гэтай справе.

Беларусы сядзяць і маўчаць: як бы не на нашай зямлі мае пралегчы газаправод. Вось сапраўдная вага лукашэнкаўскае Беларусі на міжнароднай арэне – нуль.

Украінцы кажуць, што балтыйскі варыянт – чысты блеф. Грошай на яго ня стане і ў эўрапейцаў, ня толькі што ў “Газпрому”. Зрэшты, у Кіеве ўважаюць, што і беларуска-польска-славацкі газаправод — блеф. Пабудова яго каштавала б страшных грошай, тады як украінскія транзытныя газаправоды і найбуйнейшыя ў Эўропе галіцкія газасховішчы выкарыстоўваюцца сёньня толькі на 70% прапускной магутнасьці дый лёгка паддаюцца мадэрнізацыі. Уся гэтая шуміха наконт крадзяжоў узьнятая, лічыць украінскі палітоляг Алег Соскін, каб з дапамогай эўрапейскіх краінаў дабіцца ад Кіева максымальных саступак у справе платы за транзыт, а ў ідэале – увогуле змусіць Кіеў перадаць свае газаправоды ва ўласнасьць “Газпрому”. Ці, калі не “Газпрому”, дык ускосна кантраляваным ім заходнеэўрапейскім кампаніям.

Кіеў, абцяжараны газавымі запазычанасьцямі і пастаўлены ў тупік, гатовы гарантаваць, што больш ніякіх крадзяжоў ня будзе. Найлепшай гарантыяй гэтаму быў бы ўдзел “Газпрому” ў кіраваньні ўкраінскай газаправоднай сыстэмай, падмацаваны перадачай расейцам некантрольнага пакету акцый украінскіх газавых кампаній. Тады б, уважаюць у Кіеве, размовы пра крадзяжы сьціхлі б, інакш “Газпрому” прыйшлося б прызнаць, што ён сам у сябе крадзе. А перадаць украінскія газаправоды ўва ўласнасьць “Газпрому” ў Кіеве адмаўляюцца. Дый ЗША ніколі на гэта не пагадзіліся б.

Пікантнасьць сытуацыі яшчэ і ў тым, што, як можна здагадацца па тых сьведчаньнях, якія пратачыліся ў прэсу, крадзяжы ажыцьцяўляліся зь лёгкай рукі Крамля. А даходы ад продажу “скамуніжджанага” паліва ішлі ня толькі ў кішэні кіеўскіх прыдзяржаўных алігархаў, але перадусім у “чорную касу” маскоўскіх газавікоў і ўрадоўцаў, абраных за грошы газавікоў.

Усё гэта прымушае моцна засумнявацца ў тым, што Беларусі сапраўды сьвеціць удзел у “праекце дзесяцігодзьдзя”. А мы ўжо былі паквапіліся, што на дурня станем жыць “удвая лепей”.

Зрэшты, ці паплывуць грошы за транзыт у беларускую дзяржаўную скарбонку, нават калі газ пабяжыць па нашых пясочках? Думаю, шанцаў выцыганіць іх у Беларусі не нашмат больш, чым у нейкай Смаленскай вобласьці. Слабасьць сёньняшняй беларускай улады – вось прычына. У найлепшым выпадку нам сьпішуць даўгі, якіх мы так і так ня мелі б, чым вярнуць. Так што ніякія прывалаўскія мільёны заўтра ў Беларусь не пацякуць. Хіба што Беларускаму Вызвольнаму Войску будзе дзе разьмяцца…

Усё ж выгада Беларусі ад будаўніцтва газаправоду на будучыню была б неаспрэчная.

Эканамічная: трубу будуюць адзін раз, а карыстаюцца дзесяцігодзьдзямі. І ці думала, ці знала савецкая Ўкраіна, што савецкая акупацыя пакіне ёй набытак, каштаўнейшы за вугаль Данбасу?

І геапалітычная: рэзка павысіцца зацікаўленасьць Захаду ў нашай краіне і стабільнасьці ў ёй. А.Лукашэнка наўрад ці можа разьлічваць на ўмацаваньне сваіх пазыцый з пабудовай новае трубы. Калі толькі ён не задумаў кульбіту ў сваёй палітыцы.

Выгада будзе, калі станем паўнавартаснаю нацыяй і дзяржаваю, якая будзе распараджацца сваім багацьцем.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0