Юры Сьвірко

Калідор падсьледнага

Павал Барадзін хоча пракласьці празь Беларусь новую транзытную магістраль

 

Ужываныя (або, як кажуць расейцы, “б/у”) кіраўнікі прэзыдэнцкіх справаў памяняліся ролямі. Мясцовы заўгас Іван Ціцянкоў паехаў рабіць грошы ў Маскве, а ягоны расейскі калега па шчасьці Павал Барадзін, які стаў дзяржаўным сакратаром пакуль фантомнае саюзнае дзяржавы Беларусі ды Расеі, усё больш прыглядаецца да Менску.

“У сёлетнім бюджэце Саюзу з 2 мільярдаў 230 мільёнаў расейскіх рублёў толькі 2% пойдуць на патрэбы непасрэдна чыноўнага апарату”, — паскардзіўся беларускім журналістам у Маскве спадар Барадзін, якога такі стан рэчаў відавочна не задавальняе. Каб падправіць сваё фінансавае становішча, ён хоча пракласьці празь Беларусь новы транзытны калідор.

“Транспартны калідор, за які мяне шмат крытыкуюць і які многім здаецца фантастычным, — не мая асабістая ідэя, мне яе прапануюць сусьветна вядомыя фірмы, якія добра пралічылі ўсю выгаду праекту”, — зазначыў сп.Барадзін, на арышт якога яшчэ ў студзені 2000 году быў выдадзены ордэр жэнэўскае пракуратуры.

“Ордэр выдаў сьледчы судзьдзя Даніэль Дэво. Мы абвінавачваем Барадзіна ў адмываньні грошай тут у Жэнэве, а не ў карупцыі ў Расеі”, — распавёў мне Бэрнар Бэртуса, генэральны пракурор швайцарскага кантону Жэнэва.

Паводле ягоных словаў, швайцарскія фірмы “Mabetex” і “Мercata”, што займаліся рэканструкцыяй Крамля за панаваньня там Барыса Ельцына ды ягонага заўгаса Паўла Барадзіна, перадалі розным расейскім чыноўнікам вельмі вялікія сумы так званых камісійных.

“Пра Барадзіна мы ведаем вельмі шмат. Ён атрымаў надта вялікія сумы грошай”, — заявіў спадар Бэртуса й дадаў: “Агульная сума замарожаных сродкаў па справах фірмаў “Mabetex” і “Mercata” складае 65 мільёнаў даляраў, але я не магу ў інтарэсах сьледзтва сказаць, якая частка гэтае сумы належыць Паўлу Барадзіну”.

Аднак агенцтва “Ю.С.Ньюс” атрымала зьвесткі, што на жэнэўскіх банкаўскіх рахунках, якія кантраляваліся спадаром Барадзіным, замарожаныя 11 мільёнаў даляраў. Цікава, што саюзны дзяржсакратар абяцаў падаць на пракуратуру Жэнэвы ў суд за паклёп, але потым пра ягоную позву ніхто нічога ня чуў. Ніякае афіцыйнае рэакцыі не было й на чэрвеньскае інтэрвію Бэрнара Бэртусы, надрукаванае ў газэце “Народная воля”, дзе ён распавёў пра крымінальную справу супраць галоўнага чыноўніка саюзнае дзяржавы.

Цяпер жа спадар Барадзін пакрыўдзіўся на расейскія тэлеканалы за паведамленьні пра фінансаваньне ім ельцынскае “сям’і” ды зноў абяцае: “Я буду судзіцца наконт гэтага з НТВ ды РТР. Я не кашалёк Сям’і, я да Сям’і адносінаў ня меў, у мяне ёсьць толькі свая сям’я. Я прыйшоў у Крэмль у 93-м, тут былі бруд і смурод, а сёньняшнюю прыгажосьць вы можаце бачыць самі. І ў саюзнай дзяржаве мы пачнем такую ж будоўлю”.

Будоўля, відаць, будзе не адна, хоць нават міністар транспарту Беларусі Аляксандар Лукашоў сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што ня ведае, дзе адшукаць на будаўніцтва прапанаванага крамлёўскім летуценьнікам транспартнага калідору такія вялізныя грошы, а гаворка вядзецца пра мільярды даляраў.

Павал Барадзін падзяліўся яшчэ адным праектам стагодзьдзя – пераводам саюзнага парлямэнту ў Пецярбург. “Наконт будаўніцтва парлямэнцкага цэнтру ў Санкт-Пецярбургу на мяне выйшла дужа буйная рыэлтарская кампанія з гадавым абаротам 24 мільярды даляраў і гадавым прыбыткам 1 мільярд даляраў”, — сказаў ён. Але ў Менску Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на маё пытаньне, якія выбары ў Беларусі будуць наступнымі – прэзыдэнцкія ці ў саюзны парлямэнт, — заявіў, што менавіта прэзыдэнцкія. Значыць, саюзнага парлямэнту ня будзе прынамсі яшчэ год, хоць найбольш верагодна, што яго ня будзе ніколі.

Жэнэўская ж пракуратура гатовая расьследаваць справу былога памагатага Барыса Ельцына хоць два гады. “Але калі быць аптымістам, дык нам зусім не давядзецца займацца справай сп.Барадзіна. Калі ён будзе асуджаны ў Расеі, нам ня трэба будзе рабіць гэтага ў Швайцарыі”, — сказаў генэральны пракурор Бэрнар Бэртуса. Я спытаў яго таксама, ці лічыць ён цяперашняга дзяржсакратара беларуска-расейскае саюзнае дзяржавы міжнародным чыноўнікам з адпаведным статусам. “Мяне гэта не хвалюе. Ён ня мае тут ніякага імунітэту. Гэта мела б значэньне, калі б ён меў такі імунітэт у Швайцарыі, але тут іншы выпадак”, — адказаў спадар Бэртуса. Паводле ягоных словаў, ордэр на арышт можа дзейнічаць толькі на тэрыторыі Швайцарыі, а можа і ўва ўсёй Эўропе, і ўва ўсім сьвеце. Калі судзьдзя выдае такі ордэр, ён не раскрывае ягонага тыпу.

Цікавымі падаюцца наступныя словы галоўнага жэнэўскага пракурора: “Сьледзтва яшчэ поўнасьцю ня скончана, бо справа мае замежныя адгалінаваньні. Я не магу зараз сказаць, якія яшчэ краіны ўцягнутыя ў гэтую справу, бо пакуль мы ня маем усіх дакумэнтаў”. Магчыма, і Беларусь ужо трапіла ў сеткі крамлёўскіх рэстаўратараў. Тут я маю на ўвазе толькі былыя справы Паўла Барадзіна. Бо ў новых ягоных праектах Беларусь пакуль яшчэ фігуруе.

Праект транспартнага калідору будзе абмяркоўвацца 14 лістапада на паседжаньні саюзнага выканкаму ў Маскве. Ці будзе гэтая дата потым адзначацца як “дзень Барадзіна”? Хто ведае... Мабыць, адзначаць гэты дзень потым будуць і ў замежных пракуратурах – у новых крымінальных справах.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0