Тыматы Гартан Эш

Перадапошняя рэвалюцыя

 

5 кастрычніка бялградцы захапілі будынак Скупшчыны, і ўвесь сьвет абышла карцінка: юнакі размахваюць сэрбскімі сьцягамі на бальконах палаючага парлямэнту. Тады ж, паміж 15-й і 19-й гадзінай апоўначы (людзі мэра Чачака Веліміра Іліча атрымалі заданьне пасьпець да вячэрняга выпуску навінаў у 19.30) быў захоплены і будынак дзяржаўнага тэлебачаньня, якое сэрбскія апазыцыянэры даўно называлі “ТВ-Бастыліяй”. І на першы погляд гэта выглядала як добрая старая эўрапейская рэвалюцыя: штурм Зімняга! Падзеньне Бастыліі!

Усё ж гэтая рэвалюцыя не была звычайнай. Ужо хоць бы таму, што наступным вечарам пераможаны і зьнянавідны Слабадан Мілошавіч, супраць якога гэтая рэвалюцыя і была скіраваная, ня ўцёк за мяжу і не зрабіў сабе сьмерць, як яго бязбожна заклікаў разьятраны натоўп, а зьвярнуўся па тэлебачаньні да народу з прызнаньнем сваёй паразы, няйначай пераможаны на выбарах брытанскі прэм’ер.

 

Чым была гэтая сэрбская рэвалюцыя? Відавочна, шмат яшчэ няяснага ў гэтых сэрбскіх падзеях, якія міжволі хочацца параўноўваць з польскай “самаабмежаванай рэвалюцыяй” 1980—1981 г. і з аксамітнымі рэвалюцыямі 1989 г. у Цэнтральнай Эўропе. Але на маё першае, вельмі няпэўнае ўражаньне, падзеі ў Сэрбіі былі ўнікальна складаным спалучэньнем чатырох інгрэдыентаў: больш ці менш дэмакратычныя выбары, рэвалюцыя новага, аксамітнага тыпу, якая сама сябе абмяжоўвае, кароткі рэвалюцыйны пераварот даўнейшага тыпу і рысы старамоднай балканскай змовы.

Па-першае, выбары. Шмат хто з іншаземцаў забываецца, што Сэрбія Мілошавіча ніколі не была таталітарнай краінай накшталт Румыніі Чаўшэску. Гэта адна з галоўных прычынаў таго, што і падзеньне Мілошавіча было іншым. Так, ён быў ваенным злачынцам, які прынёс жудасныя пакуты суседзям Сэрбіі па былой Югаславіі. Але ўдома ён ня быў таталітарным дыктатарам. Ягоны рэжым быў дзіўнай мяшанкай дэмакратыі і дыктатуры: “дэмакратура”.

Пры ім у Сэрбіі заўсёды была палітыка, прычым шматпартыйная. Нават сам ягоны рэжым складаўся зь дзьвюх партый: ягонай уласнай і партыі ягонай жонкі. Спрэчкі паміж ягонай посткамуністычнай Сацыялістычнай Партыяй Сэрбіі і ейнымі Аб’яднанымі Левымі Югаславіі таксама прычыніліся да развалу апірышча ягонай улады. Але апазыцыйныя партыі і палітыкі, якія прыходзяць да ўлады цяпер, улучна з Воіславам Каштуніцай, на працягу мінулага дзесяцігодзьдзя таксама бралі ўдзел у палітычным жыцьці. Так, былі рэпрэсіі паліцыі і органаў бясьпекі, ажно да палітычных забойстваў. Але былі і выбары, якія Мілошавіч стабільна выйграваў.

Чаму ён прайграў выбары 24 верасьня, якія сам прызначыў? Першая і, несумненна, найбольш прыемная частка адказу: бо іншая Сэрбія мабілізавалася, каб яго зрынуць. Зараз цяжка пераадолець дэманічны стэрэатып сэрбскае нацыі пасьля таго, што “яны” зрабілі ў Босьніі і Косаве, таму проста немагчыма перабраць меры, паўтараючы, што тая “іншая Сэрбія” заўсёды існавала. Былі сэрбы, якія выказваліся, пісалі і працавалі супраць Мілошавіча ад самага пачатку ягонага панаваньня. Іхнае змаганьне было інакшае, чым змаганьне дысыдэнтаў пад савецкім камунізмам, але ня менш складанае і небясьпечнае. Савецкія дысыдэнты рызыкавалі, што іх арыштуе КГБ. Сэрбскія дысыдэнты рызыкавалі, што іх застрэліць у цёмным завулку невядомы забойца. Іх было няшмат, але яны былі заўсёды.

Надзвычай важным быў студэнцкі рух “Адпор”, заснаваны ў 1998 годзе як найрадыкальнейшы пераемнік студэнцкіх пратэстаў 1996 і 1997 г. Адзін з актывістаў распавёў мне, што сябры “Адпору” на сэмінарах, наладжаных заходнімі няўрадавымі арганізацыямі, вывучалі, як арганізоўваліся кампаніі па абароне правоў чалавека і акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня ў іншых краінах, ад Марціна Лютэра Кінга да леташніх падзеяў у Харватыі. Але да гэтага досьведу яны дадалі дзясяткі ўласных ідэяў. Напрыклад, яны зьяўляліся ў доўгіх чэргах па цукар і алей у футболках з надпісам “У Сэрбіі ўсё ідзе OK”.

Па-другое, трэба сказаць, што вельмі адрозныя адна ад адной апазыцыйныя партыі ўрэшце аб’ядналіся. Праўда, найбольшая з апазыцыйных партыяў, Рух Сэрбскага Абнаўленьня Вука Драшкавіча, адмовілася далучыцца да кааліцыі. Апроч таго, прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч заклікаў да байкоту выбараў, такім чынам дазволіўшы Мілошавічу фактычна забраць усе астатнія чарнагорскія галасы. І тым ня менш у Дэмакратычную Апазыцыю Сэрбіі аб’ядналіся 18 партыяў. Нашмат большай за іншыя ў кааліцыі была Дэмакратычная Партыя на чале з заслужаным, але скампрамэтаваным і непапулярным апазыцыйным лідэрам Зоранам Джынджычам.

Дык вось, трэцяй прычынай паразы Мілошавіча было тое, што Джынджыч ды іншыя здолелі прыдушыць самалюбства і звадкі і пагадзіцца на кандыдатуру Воіслава Каштуніцы, лідэра маленькай Дэмакратычнай партыі Сэрбіі, якая адкалолася ад Дэмакратычнай партыі на пачатку 1990-х. Каштуніца быў ня надта ахвочы да гэтага – ён, пакепліваючы зь сябе самога, кажа, што сам быў першым выбарцам, які сумняваўся, ісьці на выбары ці не – але выбар аказаўся бліскучы. Бо ў Каштуніцу ўнікальным чынам спалучаюцца чатыры якасьці — ён антыкамуніст, нацыяналіст, некарумпаваны і нудны.

Каштуніца ніколі ня быў сябром кампартыі. Спэцыяліст з канстытуцыйнага права і палітоляг, ён абараніў у 1970-м дысэртацыю пра ролю апазыцыі ў шматпартыйнай сыстэме. Пасьля ён перакладаў The Federalist Papers і аналізаваў творы Таквіля і Лока. Яго звольнілі зь Бялградзкага ўнівэрсытэту, бо ён выступаў супраць Тытавай канстытуцыі 1974 году як несправядлівай да сэрбаў. У адрозьненьне ад іншых лідэраў апазыцыі, ён ніколі нават не сустракаўся зь Мілошавічам – пакуль у пятніцу 6 кастрычніка генэрал Нэбойша Паўкавіч не наладзіў кароткую сустрэчу паміж былым і будучым прэзыдэнтамі. “Такім чынам, — з гордасьцю сказаў мне Каштуніца, — я ўпершыню сустрэўся зь Мілошавічам, калі ён страціў уладу”.

Ён быў памяркоўным нацыяналістам, падтрымліваў Сэрбскую Рэспубліку ў Босьніі і жорстка крытыкаваў ваеннае ўмяшаньне NATO ў Косаве. У адрозьненьне ад Драшкавіча і Джынджыча, яго ніколі ня бачылі ў прыяцельскай гутарцы з Мэдлін Олбрайт. Ён заставаўся ў Бялградзе падчас бамбаваньняў, тым часам як Джынджыч уцёк у Чарнагорыю, баючыся — магчыма, слушна — за сваё жыцьцё.

Ён быў некарумпаваны. Я рэдка бачыў больш спартанскі офіс, чымся ягоны. Ён жыў у маленькай кватэры разам з жонкаю і двума катамі і езьдзіў на старой машыне югаслаўскай вытворчасьці. Зноў жа, у гэтым ён востра кантраставаў зь іншымі лідэрамі апазыцыі, асабліва з Джынджычам і Драшкавічам. Гледзячы на іхныя прыгожыя гарнітуры і хуткія машыны, шмат хто меркаваў, што яны запускаюць рукі ў партыйныя касы — паводле асьвечанага стагодзьдзямі звычаю большасьці палітыкаў у постасманскім сьвеце.

На агульную думку, яму шкодзіла нуднасьць. На справе гэта нават аказалася перавагаю. Шмат разоў людзі казалі мне, што ім падабаецца ягоны павольны, цяжкаваты, флегматычны стыль. Гэта быў такі прыемны кантраст, казалі людзі, з гераічна-трагічным тэатрам Мілошавіча, але і з шмат якімі ягонымі апанэнтамі, накшталт патасна-пыхлівага Вука Драшкавіча. “Ведаеце, я хачу нуднага прэзыдэнта, — сказаў мне адзін незалежны журналіст. — І хачу жыць у нуднай краіне”.

І, урэшце, Каштуніца быў не такі ўжо і нудны. Узрушаны – а хто б ня ўзрушыўся? – ён, стаўшы на чале крыжовага паходу за вызваленьне сваёй краіны, стварыў колькі прыгожых і памятных момантаў. Ягонае “Добры вечар, вызваленая Сэрбія”, прамоўленае народу на плошчы ў ноч пасьля штурму парлямэнту і тэлевізіі, увойдзе ў падручнікі гісторыі.

Безумоўна, мы ніколі ня ўведаем усіх матываў, чаму 2,4 мільёны сэрбаў паставілі ў нядзелю 24 верасьня птушачку насупраць імя Воіслава Каштуніцы. Але мне прапанавалі два ўражальныя тлумачэньні гэтага.

Першае датычыць натаўскіх бамбаваньняў. Я пытаўся ў палітыкаў і аналітыкаў, калі, на іхную думку, пачалася рэвалюцыя. Некаторыя казалі, часта праз зубы: ну, калі шчыра, пры канцы вайны ў Косаве. У вайну і адразу па яе заканчэньні Сэрбія ў патрыятычным захапленьні аб’ядналася вакол нацыянальнага сьцягу, з чаго скарыстаў і Мілошавіч. Але абсурдна было чуць, як дзяржаўнае тэлебачаньне абвяшчала перамогаю відавочную гістарычную паразу: фактычную страту Косава, сэрбскага Ерусаліму. Эканамічнае становішча пагоршылася, і кожны заклік тужэй зацягнуць паясы ўлада тлумачыла наступствамі бамбаваньняў. Шахцёры ў калубарскіх вугальных шахтах, чый страйк даў рэвалюцыі вырашальны штуршок, казалі мне, што іхны сярэдні заробак зьменшыўся пасьля вайны ад 70 даляраў у месяц да ўсяго 30 даляраў. Гэтае памяншэньне тлумачылася патрэбамі пасьляваеннага аднаўленьня. Але яно іх разьюшыла.

Далей, як гэта фармулюе Вэран Маціч (дырэктар незалежнай радыёстанцыі В92), “Мілошавіч змагаўся на выбарах ня з намі, а з NATO”. І гэта таксама не спрацавала, бо на нейкім глыбейшым узроўні людзі думалі: “Але ж ён прайграў NATO!” Калі Маціч мае рацыю, дык Каштуніца ненаўмысна скарыстаў з бамбаваньня, якое ён сам ганьбіў. Гэтае тлумачэньне, вядома, надта спэкулятыўнае, і яго ніколі немагчыма будзе даказаць. Але гэта ня першы выпадак у гісторыі, калі вайна спараджае рэвалюцыю.

Іншае частковае тлумачэньне гучыць менш драматычна, але таксама пераканаўча і важна. Яно палягае ў тым, што вельмі шмат людзей, якія даўней галасавалі за Мілошавіча, проста рашылі, што нарэшце — годзе. Лідэр страціў сувязь з рэальнасьцю. Ён доўга кіраваў краінай, і на яго легла віна за нядолі, якія абрынуліся на Сэрбію. Цяпер настаў час пераменаў. Гэта было, як кажа Огнен Прыбічэвіч, сталы праціўнік Мілошавіча, накшталт таго, што здарылася з Маргарэт Тэтчэр ці Гельмутам Колем пасьля адпаведна адзінаццаці і шаснаццаці гадоў улады. Параўнаньне з Тэтчэр ці Колем можа падацца дзіўным, нават абразьлівым для апошніх. Але яно слушна нагадвае, што для шмат каго з сэрбскіх выбарцаў Мілошавіч ня быў ні ваенным злачынцам, ні тыранам. Ён проста быў нацыянальным лідэрам, які зрабіў нешта добрае і нешта благое, а цяпер мусіў сысьці.

Урэшце, гэтыя людзі прынесьлі Воіславу Каштуніцу галасы, патрэбныя для перамогі ў першым туры – трохі болей за 50%.

 

Спалучэньне гэтых чатырох складнікаў – выбары на грунце папярэдняй шматпартыйнай палітыкі, мірная рэвалюцыя новага тыпу, кароткі рэвалюцыйны тэатральны пераварот (coup de thйвtre, як кажуць французы) і рысы змовы – дапамагае разьвязаць галаваломку, зь якой сутыкнуліся журналісты ўсяго сьвету, што запоўнілі Бялград. Шмат тлумачыць і той факт, што розныя лідэры апазыцыі аддавалі перавагу розным спосабам дзеяньня: Каштуніца, жырандыст, заўсёды імкнуўся карыстацца мірнымі, легальнымі, канстытуцыйнымі сродкамі, дэманстратыўна пачынаючы так сама, як зьбіраецца і працягваць; Джынджыч, якабінец, схіляецца да актыўнага чыну; астатнія былі недзе пасярэдзіне.

Праз чатыры дні пасьля сэрбскага супэрчацьвярга апазыцыя, фармальна кажучы, мела ўладу толькі ў асобе прэзыдэнта. “Так, на гэты момант ёсьць толькі я”, — з прыкрасьцю зазначыў сп.Каштуніца, калі мы сядзелі ў Палацы Фэдэрацыі. Ён быў адзінаю і законнаю, і легітымнаю фігурай у краіне. Яшчэ праз два тыдні, на момант публікацыі гэтага артыкулу, апазыцыя дасягнула пагадненьня з былой урадавай партыяй, Сацыялістычнай Партыяй Мілошавіча, і з Рухам Сэрбскага Абнаўленьня Вука Драшкавіча пра стварэньне пераходнага ўраду Сэрбіі, на які прыпадае найбольшая частка рэальнай выканаўчай улады. Здаецца, ува ўрад могуць увайсьці некаторыя моцна скампрамэтаваныя прадстаўнікі старога рэжыму. Ключавыя міністэрствы, такія, як Міністэрства ўнутраных справаў, мяркуецца кантраляваць супольна. Новыя рэспубліканскія выбары прызначаны на 23 сьнежня, і гэтая дата будзе пачаткам новага, цалкам законнага і легітымнага кіраваньня Сэрбіяй.

Паўсюль паціху зьяўляюцца пярэваратні. У адным правінцыйным горадзе актывісты “Адпору” раздаюць такім пярэваратням сымбалічныя тубікі вазэліну. Але любой маладой дэмакратыі гэтыя коўзкія апартуністы патрэбныя. Людзі яшчэ баяцца вяртаньня Мілошавіча – ...вампір уздымаецца з труны... – але ўжо вядучыя сябры ягонай жа Сацыялістычнай Партыі заклікаюць да яго адстаўкі. Ягоная партыя, магчыма, мае палітычную будучыню, як посткамуністычныя сацыялістычныя партыі ў іншых краінах посткамуністычнай Эўропы, — але толькі безь яго.

Сьледам за Францыяй, цяперашнім прэзыдэнтам Эўрапейскага Зьвязу і гістарычнай хаўрусьніцай Сэрбіі, увесь сьвет пасьпяшаўся зь віншаваньнямі і прапановамі дапамогі. Вядома, зараз стаіць вялізная задача адбудовы эканомікі: валавы нацыянальны прадукт Сэрбіі складае каля паловы ўзроўню 1989 году. Аднак, калі ўжыць тут эканамічны тэрмін, Сэрбія мае перавагі адсталасьці. Паколькі яна апошняя, яна можа вучыцца з усіх іншых спробаў посткамуністычных пераўтварэньняў. Младан Дзінкіч, прадстаўнік так званай групы G17 Plus — групы эканамістаў, якая рыхтавалася да дэмакратычных пераменаў — сказаў мне, што яны спалучаць шокавую тэрапію польскага тыпу з больш асьцярожнай прыватызацыяй. І яны атрымаюць вялікую дапамогу ад Захаду. Чаму? Таму што, груба кажучы, Сэрбія лічыцца малой, але небясьпечнай. (Расея небясьпечная, але занадта вялікая; Баўгарыя малая, але недастаткова небясьпечная.) У гэтым нечаканая карысьць са спадчыны Мілошавіча. Вырашальнае выпрабаваньне – як мы ведаем з досьведу іншых пераўтварэньняў – палягае у тым, ці здолеюць рэфарматары ўсталяваць вяршэнства закону ў надзвычай крыміналізаваным грамадзтве. Гэта вызначыць, ці Сэрбія стане маленькай Расеяй, ці цывілізаванай эўрапейскай краінай.

Застаюцца два вялікія пытаньні. Першае: што гэта за краіна? Каштуніца вітаў “вызваленую Сэрбію”, а пасьля быў прыведзены да прысягі як прэзыдэнт Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. Чарнагорыя не прызнала яго за югаслаўскага прэзыдэнта, і цяпер ён прапануе зьмяніць імя краіны на Сэрбію-Чарнагорыю – што надта нагадвае прапанову 1990 году пісаць Чэха-Славаччыну праз злучок, пасьля чаго хутка адбыўся “аксамітны развод” абедзьвюх палавінак дзяржавы. Пасьля наступных сэрбскіх выбараў пачнуцца перамовы пра новыя стасункі з Чарнагорыяй. Каштуніца ясна даў зразумець, што ён прыме вынік рэфэрэндуму ў Чарнагорыі – і, у гэтым выпадку, у Сэрбіі таксама, бо заставацца разам з чарнагорцамі любой цаной, у няроўнай ці бутафорскай канфэдэрацыі, сэрбы не захочуць.

Другое пытаньне: што рабіць зь мінуўшчынай? На Захадзе яно звычайна зводзіцца да пытаньня, што рабіць зь Мілошавічам. Гаага? Каштуніца некалькі разоў выключыў магчымасьць экстрадыцыі. Працэс у Сэрбіі? Гэтага жадаюць тут многія. “Галяндзкая турма была б для яго задобрая, — казаў мне адзін чалавек, — хай паспытае сэрбскай”. Ці ён проста “больш часу будзе бавіць зь сям’ёй”? “Мне сапраўды пляваць, што зь ім будзе, – кажа Зоран Джынджыч. — У нас цяпер іншыя прыярытэты”.

Але праблема мінуўшчыны нашмат большая і складанейшая, чымся проста пытаньне пра лёс Мілошавіча. Надта шмат людзей, нават некаторыя высокапастаўленыя апазыцыянэры, даўней былі прыслужнікамі рэжыму ці падтрымлівалі яго. Ёсьць яшчэ і канфлікт паміж аднабокім зрокам большасьці звычайных сэрбаў – якія бачаць сябе ахвярамі і Мілошавіча, і NATO – і амаль гэткай жа аднабокасьцю шмат каго ў замежжы, хто ўважае “сэрбаў” проста за басьнійскіх і косаўскіх злачынцаў. Перад камісіяй па сэрбскай праўдзе стаяла б неверагодна цяжкая задача.

Гэтыя і шмат якія іншыя пытаньні застаюцца адкрытымі. Але ўжо цяпер, праз два тыдні, мы можам з пэўнасьцю сказаць колькі словаў аб тым, што скончылася і што пачалося.

 

Калі рэвалюцыя “Салідарнасьці” ў Польшчы была пачаткам канца камунізму, дык цяперашняя рэвалюцыя – канец канца камунізму. У дваццацігадовым шэрагу рэвалюцыяў новага тыпу ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе кожная вучылася з досьведу папярэдніх, але і дадавала новыя складнікі і варыяцыі. І ня толькі ў Эўропе. Тут ёсьць таксама рэха Філіпінаў і Інданэзіі. І, спадзяемся, вестка для іншых краін. У цяперашняй глябалізаванай палітыцы мы прасунуліся далей за старыя рэвалюцыйныя мадэлі 1789 і 1917 гадоў. Калі гэта здарылася ў Сэрбіі, дык чаму б ня ў Бірме? Чаму не на Кубе?

Вызваленьне – гучнае слова, асабліва для людзей, якія нават пад Мілошавічам былі напаўсвабоднымі, прычым уверсе дагэтуль застаецца шмат чаго ад старога рэжыму – і ўладныя структуры, і асобы. Але яны зараз нашмат больш свабодныя, і свабаднеюць з кожным днём. “Мы проста дыхаем вальней”, – сказаў мне адзін знаёмы. Больш за тое, яны нарэшце могуць рабіць пляны на будучыню. Паводле аднаго вызначэньня, вызваленая краіна – гэта месца, куды людзі вяртаюцца, а не зьяжджаюць адтуль. Сэрбія цяпер будзе такой краінай.

Падобна да таго, як вугорская рэвалюцыя 1956 г. трансфармавала ўяўленьне пра Вугоршчыну ў сьвеце, гэтая сэрбская рэвалюцыя зьменіць уяўленьне пра Сэрбію. У адрозьненьне ад немцаў у 1945 г., сэрбы вызвалілі сябе самі. Калі яны здолеюць самі разьвязаць праблему мінуўшчыны, іхная рэпутацыя яшчэ палепшае.

Гэта канец балканскіх войнаў. Каштуніца вельмі клапоціцца пра ўсіх сваіх братоў-сэрбаў у Харватыі (дзе іх засталося вельмі мала), у Босьніі, у Косаве (ён хоча, каб туды вярнулася больш сэрбскіх уцекачоў) і ў Чарнагорыі. Але ён мірны чалавек, і ён будзе перасьледаваць сэрбскія нацыянальныя інтарэсы шляхам перамоваў. Адзіныя, хто цяпер можа хацець вайны на Балканах, гэта альбанцы ў Косаве і Македоніі; калі NATO са сваімі шматтысячнымі аддзеламі ў Косаве ня здолее запабегчы гэтаму, дык яно з тым жа посьпехам можа ператвараца ў клюб кулінараў.

Гэта канец і сэрбскіх імпэрскіх мрояў. Я гутарыў у Бялградзе зь пісьменьнікам Добрыцам Чосічам, якога шмат хто лічыць натхняльнікам гэтых мрояў у Мэмарандуме Сэрбскай Акадэміі Навук у 1986 годзе, хоць сам ён гэтаму пярэчыць. У прэзыдыюме Сэрбскай Акадэміі ён казаў мне, што галоўная задача зараз палягае проста ў пабудове сучаснай сэрбскай нацыянальнай дзяржавы. Нават калі чарнагорцы захочуць пайсьці сваім шляхам – хоць, суха дадаў ён, Чарнагорыя — вынаходка сталінскай нацыянальнай палітыкі — хай так і будзе. Хай ідуць. Сэрбы мусяць брацца за пабудову ўласнае дзяржавы.

Калі так і будзе — а я мяркую, будзе, — дык мы наблізімся да канца даўжэйшай і большай гісторыі: двухсотгадовага, павольнага і з доўгімі пярэрвамі працэсу фармаваньня сучасных эўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў на руінах асманскай імпэрыі.

Гэта, у сваю чаргу, будзе складаным выпрабаваньнем для Захаду, але перадусім для Эўропы — і асабліва для Эўрапейскага Зьвязу. Бо пасьля падзеньня Мілошавіча няма больш ніякай вонкавай перашкоды для таго, каб збудаваць лібэральную супольнасьць не з 15, а з 30 нацыянальных дзяржаваў. Цяпер мы сапраўды маем шанец — але і найскладанейшую задачу — збудаваць тую “цэлую і свабодную Эўропу”, дух якой Джордж Буш-старэйшы так памятна прыклікаў у апошнім сутоньні халоднай вайны.

Шмат чаго можа здарыцца аднойчы ў чацьвер паміж трэцяй і сёмай гадзінай папоўдні.

Пераклаў з ангельскай мовы Алесь Пяткевіч паводле
The New York Review of Books


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0