З усёй краіны

 

Два новыя крыжы

Рэйдавая група арганізацыі "Край" і Слонімскі аддзел "Краю" ўсталявалі крыж у гонар удзельніка паўстаньня 1830—31 г. Міхала Валовіча і ягоных паплечнікаў побач зь вёскай Парэчча, што ля Слоніму. Удзельнікі акцыі прайшлі шэсьцем з крыжом празь вёскі Васілевічы і Парэчча да зруйнаванай царквы. Ля царквы паставілі крыж у гонар паўстанцаў. Уніяцкі сьвятар асьвяціў яго ды адслужыў малебен за беларускі народ. А ў Шарашове, што на Пружаншчыне, паставілі крыж на магіле Міхала Баброўскага — навукоўца, сьвятара, выкладчыка Віленскага ўнівэрсытэту. Тут таксама адслужыў малебен уніяцкі сьвятар.

 

У ААН наперад баўгараў

Беларусь хоча ўвайсьці ў склад сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН. Баўгарыя - другая прэтэндэнтка на гэтае месца. Галоўная ўмова перамогі - унёсак краіны ў захаваньне сусьветнага міру ды бясьпекі. Баўгарыя была ў Радзе бясьпекі двойчы, а мы толькі адзін раз. Апошні раз мы супернічалі за месца ў Радзе з чэхамі і прайгралі з годным лікам.

 

Лукашэнка дзякуе ФСБ

Падчас гутаркі зь Сяргеем Лебедзевым, дырэктарам Фэдэральнае службы замежнае выведкі Расеі, Лукашэнка прылюдна падзякаваў яму за «аналітычныя і апэратыўныя матэрыялы, якія рэгулярна паступаюць з Масквы» і «дазваляюць спакойна перажыць самыя сур’ёзныя падзеі». Паводле расейскіх законаў Лебедзеў мае права дакладаць адно Пуціну. Лебедзеў сумеўся. У Расеі гэтая заява Лукашэнкі выклікала скандал.

 

Страйкі настаўнікаў ды прадпрымальнікаў

Фэдэрацыя Прафсаюзаў кажа, што вялікая акцыя пратэсту супраць падзеньня ўзроўню жыцьця, хутчэй за ўсё, пройдзе ў студзені 2001 году. Настаўнікі ўжо зьбіраюць подпісы пад пратэстам супраць зьбядненьня ды кажуць пра магчымасьць спыненьня працы. А прадпрымальнікі вырашылі правесьці 23 лістапада аднадзённы папераджальны страйк.

 

Пікет каля расейскай амбасады

8 лістапада сваякі чатырох беларусаў, якія паехалі будаваць Вілюйскую ГЭС-3 у Якуціі, але ў выніку падману засталіся бяз грошай і без жытла, пікетавалі расейскую амбасаду ў Менску, бо ні расейскія, ні беларускія ўлады дапамагаць ім не жадалі. Адну з жанчын прынялі ў амбасадзе ды паабяцалі дапамагчы. Пасьля міліцыянты адвезьлі ўсіх удзельніц пікету (гэта былі спрэс жанчыны) ува ўпраўленьне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёну, дзе на трох зь іх (хто меў пры сабе плякаты) склалі пратаколы за парушэньне грамадзкага парадку - несанкцыянаванае пікетаваньне. Суд Цэнтральнага раёну вынес ім папярэджаньні.

 

Расея адмяжоўваецца

8 лістапада расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін сказаў на нарадзе ў Растове-на-Доне, што "зараз практычна няма паўнацэннай мяжы з краінамі СНД, але такая мяжа будзе". Пра нейкую асаблівую мытную ды міграцыйную палітыку ў адносінах да Беларусі Пуцін не казаў нічога.

 

Зброя для Арменіі

Беларусь і Арменія пастанавілі падпісаць пагадненьне аб узаемных пастаўках узбраеньня і вайсковай тэхнікі. Наш Саўмін ужо ўхваліў ягоны праект. У першай палове 2001 году генэрал-палкоўнік Аляксандар Чумакоў паляціць дамаўляцца ў Ерэван.

 

Абраз скралі і знайшлі

7 лістапада са Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Берасьці скралі абраз з выявай Міколы Цудатворца. А 16 гадзіне пабачылі, што ён зьнік. Пільныя бабулі ў царкве ўзгадалі падазронага незнаёмца, дапамаглі скласьці ягоны фатаробат. Празь дзьве гадзіны злодзея, які хаваў ікону пад пахай, схапілі ў месьце. Усяго з пачатку году на берасьцейскай мытні затрымалі 559 абразоў, якія везьлі за мяжу. Кантрабанду вязуць амаль выключна цягніком № 9 Масква - Варшава.

 

Грошы для пажарных

Гомельскія ўлады выдзелілі пажарным 350 мільёнаў рублёў, каб тыя набылі сабе новую тэхніку: аўтамабіль хуткага рэагаваньня, аварыйна-ратавальны аўтамабіль і вышынную лесьвіцу даўжынёй 50 мэтраў. На Гомельшчыне 114 высотных будынкаў, таму лесьвіца будзе вельмі дарэчы. Гэткую ж мае ў тым рэгіёне толькі Беларускі мэталюргічны завод.

 

Найлепшы футбаліст

27-гадовага паўабаронцу нацыянальнай зборнай Беларусі і кіеўскага "Дынама" Аляксандра Хацкевіча прызналі лепшым футбалістам Беларусі 2000 г. паводле апытаньня, якое наладзіла газэта “Прэсбол”. Другое месца мае ягоны аднаклюбнік Валянцін Бялькевіч, трэцяе — нападаючы мазырскай "Славіі", лепшы бамбардзір апошняга чэмпіянату краіны Раман Васілюк.

 

Вольная вучоба ў Магілёве

6 лістапада ў Магілёве прэзэнтавалі праект "Вольная кляса". Яго ладзіць мясцовая філія Маладога Фронту сумесна з "Таварыствам філяматаў". Вядомыя навукоўцы і выкладчыкі зь Менску і Магілёва будуць выкладаць вучням старэйшых клясаў ды студэнтам гісторыю і культуру Беларусі, эканоміку, паліталёгію, права, журналістыку, экалёгію ды ангельскую мову.

Падрыхтаваў Алесь Кудрыцкі
 паводле паведамленьняў карэспандэнтаў “НН” і агенцтва БелаПАН

 

Перамены пачалі з тэатру

Магілёўскія маладафронтаўцы адзначылі ўдзел у акцыі “Пераменаў” працай на будоўлі драматычнага тэатру. Эпапэя з рэканструкцыяй больш чым стогадовага будынка дагэтуль ня скончылася. Тыдзень таму стала вядома, што заплянаванае адкрыцьцё зноў пераносіцца на наступны год. І гэта пры тым, што будуюць па найтаньнейшым праекце. У выніку тэатральныя калідоры зьбіраюцца абліцоўваць белай пліткай, больш прыдатнай для прыбіральні.

Дзесяць маладафронтаўцаў прыйшлі папрацаваць у якасьці будаўнікоў. Некаторыя з рабочых прынялі маладафронтаўцаў за цімураўцаў. Але нікога не прагналі, кожнаму знайшлося што рабіць. Хлопцы будуць тутака працаваць штосуботы да самага адкрыцьця адноўленага храму Мэльпамэны.

 

Каштаны замест таполяў

Магілёўскія эколягі распачалі акцыю “Каштан”. Вучні трох мясцовых школ разам з выкладчыкамі на заклік эколягаў сабралі амаль паўтоны каштанаў. Звычайна каштаны гніюць у лужынах ці згараюць у кучах сьмецьця. На гэты раз іх чакаў іншы лёс. Сабраныя 3 мяхі, 4 пакеты і 2 скрыні з пладамі стануць асновай для закладкі каштанавага гадавальніка. Усе ведаюць, як гарады ў нас засаджваліся таполямі, што дадало працы дворнікам, дый астматыкам і алергікам не прынесла нічога добрага. Мясцовы зелянгас прыняў сабраны ўраджай і паступова будзе замяняць таполі каштанамі.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Затрыманьні

Пазаўчора ў Менску міліцыянты схапілі пэнсіянэрку Алену Ярмошанку. 62-гадовая жанчына клеіла налепкі з заклікам прыходзіць на акцыю “Пераменаў”.

Учора ў Горадні затрымалі каля 20 удзельнікаў пікету “За перамены”. У 15.15 затрымалі Сьвятлану Нех ды Андрэя Мялешку — завадатараў. Праз колькі хвілінаў пад’ехаў аўтобус з амапаўцамі, якія пачалі хапаць усіх, хто меў плякаты ды сьцягі.

Сярод затрыманых учора ў Менску за ўдзел у акцыі “Пераменаў” Андросаў Алесь, Астапчук Сяргей, Атрошчанка Сяргей, Атрошчанкаў Цімох, Балук Антось, Бурацкі, Вітушка, Вянярскі Максім, Гетман Павал, Дзятовіч Віталь, Жарко Аляксей, Зялёткін, Каліна Аляксандар, Куніна Мара, Макееў Аўген, Мікалайчык Аляксей, Мятліцкі Павал, Савіч Павал, Севярынец Павал, Сіліцкі Антон, Старыковіч Уладзімер, Стральцоў Алесь, Філіповіч Алесь, Хоміч, Чарняўскі Зьміцер, Шаўцук Андрэй, Шмялёў Сяржук, Яроменка Дзяніс.

Сярод затрыманых – Ян Цітовіч, артыкул якога мы якраз друкуем на старонцы 6. Імёны іншых затрыманых пастараемся паведаміць у наступным нумары. На момант здачы нумару яны нам былі яшчэ невядомыя.

У суботу ў Барысаве за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце былі затрыманыя непаўналетнія Міхась Кузьняцоў, Алена і Марына Ясюк.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0