Не арыштавалі толькі Купалавага бюсту
9 лiстапада ў Гораднi судзiлi Пятра Анiсiмовiча i Мiколу Ворана
Быццам бы на дзень Усiх Сьвятых яны не падпарадкавалiся мiлiцыi, аблаяўшы яе мацюкамi. Суд апраўдаў абодвух. Дзеля абароны гонару мiлiцэйскiх мундзiраў, праўда, сп. Ворану далі невялiкi штраф — адну мiнiмалку.
1 лiстапада ў Гораднi адбылося абуральнае здарэньне. Мiлiцыя схапiла адразу 23 чалавек. Са словаў аднаго з затрыманых, не арыштавалi толькi помнiк. У 17.40-17.45 у цэнтры гораду перад унiвэрсытэтам каля помнiка Янку Купалу стаяла публiка з запаленымi сьвечкамi, слухаючы вершы паэта, якiя чытала адна з жанчын. Раптам адусюль наехала мiлiцыя — больш за дзесяць машын. Усiх — жанчын i маладзенькiх дзяўчат у тым лiку — пачалi хапаць i запiхваць у машыны. Усё заняло сама больш пяць хвiлiн. Аднаго з прысутных, мужчыну 58 гадоў, пяцёра мiлiцыянтаў павалiлi тварам у гразь. У той вечар у горадзе ліў моцны дождж. Пратаколы аб адмiнiстрацыйным правапарушэньнi былi складзены толькi на дваіх з затрыманых. Навошта схапiлi астатнiх, не зразумелi, відаць, нават самi мiлiцыянты.
Спачатку ў судзе разглядалi паводзiны Пятра Анiсiмовiча. Мiлiцыйны шафёр сэржант Манкевiч, якi яго схапiў удвох з напарнiкам — такiм жа шафёрам-сэржантам Лабанам, патлумачыў суду, што «Анiсiмовiч не хацеў сядаць у машыну, размахваў рукамi, хапаўся за форму. Лаяўся i зьневажаў мiлiцэйскую годнасьць».
А.Антанюк, кiраўнiк фiлii БГК: «Вы ж не прадставiлiся i за што хапаеце — не сказалi».
Мiлiцыянт: «Ён адмовiўся сядаць у машыну, упiраўся. Людзi яго хапалi за рукi, не хацелi адпускаць. Давялося сiлай запiхваць».
П.Анiсiмовiч: «А вы хоць прадставiлiся — хто вы?»
Мiлiцыянт: «А вы ў нас пыталi? Нам паступiла каманда з УУС, ад палкоўнiка Конкiна».
Д.Іваноўскi (адзiн з затрыманых, сьведка), мастак: «Я сам каталiк, а ўсе каталiкi ў гэты дзень запальваюць сьвечкi i кладуць кветкi да магiл i помнiкаў. Мы прыйшлi, каб ушанаваць памяць Янкi Купалы — сьвятога для беларусаў. А тут мiлiцыя пачала ўсiх хапаць. На пытаньне «хто i завошта?» нам адказалi — калi ўсiх пасадзяць у машыны, тады i прозьвiшчы назавуць».
Лабан: «Прысядзьце, калi ласка. Мы 5 разоў яму паўтарылi. Астатнiя грамадзяне прыселi па сваёй волi. Адмовiўся прысесьцi ў службовы аўтамабiль — непадпарадкаваньне. Артыкул 166».
У машыне ўжо не было месца, таму Анiсiмовiч запярэчыў: куды сядаць? Яго жорстка выцягнулi з машыны, начапiлi кайданкi i закiнулi назад. Справа адносна Анiсiмовiча спынена, паколькi мiлiцыянты ня здолелi давесьцi, што ён быў у чымсьцi вiнаваты. Ён нiчога не парушаў, — канстатаваў суд.
М.Ворану ў пратаколе панапiсалi ўсякага — несанкцыянаванае шэсьце, непадпарадкаваньне, ды яшчэ ён быццам бы нецэнзурна лаяўся i не рэагаваў на заўвагi. Хлусьня ўсё гэта, — сказаў у судзе сам Воран. Схапiлi за шыю, заламалi рукi, пацягнулi, як бервяно. А я iм: прадстаўляйцеся! У РАУС адмовiўся ад пратаколу на расейскай мове, каб усё — толькi па-беларуску. «Раз так — зоймемся з табою асобна», — паабяцалi. Хвiлiн праз 15 прынесьлi пазоў у суд — на ўкраiнскай мове!
А вось тлумачэньнi «сьведак», якiя хапалi Ворана. Памочнiк камандзiра ўзвода старшына Сезень — «Паступiла каманда — усiм нарадам на вулiцу Ажэшкi. Каля помнiка стаялi людзi, сабраўся народ. Усiх удзельнiкаў мiтынгу — даставiць. Выбралi яго з-за атрыбутыкi — бел-чырвона-белы банцiк на грудзі… Мы прадставiлiся i прапанавалi прайсьцi. Пачаў выражацца нецэнзурнай лаянкай. Прапанавалi прэкрацiць выражацца. Было нарадаў многа. Затрымлiвалi ўсiх навокал. А ў адказ — сукi, сабакi, нецэнзурная лаянка. З горам напалам падвялi да машыны, падштурхнулi. Не сказаць, што моцна ўпiраўся, але не хацеў».
А.Антанюк: «На якой мове выражаўся?»
Мiлiцыянт: «Сукi, сабакi. Ну, як беларускi чалавек можа выражацца? Па-беларуску».
А.Антанюк: «Ну, а што вы ўбачылi каля ўнiвэрсытэту? Якiя парушэньнi парадку?»
Мiлiцыянт: «Каля помнiка — з атрыбутыкай, сьцягамi, стаяць i гутараць».
Прапаршчык Хiлько: «Паводзiўся вызываюшчэ — сабакi пазьбягалiся, нецэнзурная лаянка. Лаяўся, выражаўся. Бiўся, крычаў, на заўвагi не рэагаваў. Халуi, сабакi».
Судзьдзя: «Нецэнзурна лаяўся?»
Мiлiцыянт: «Паводзiўся нагла, вызываюшчэ. Мы паспрабавалi па-беларуску: прайдзiце ў аўтамашыну. Упiраўся, не хацеў. Крычаў — пусьцiце, не круцiце рукi!».
Суддзя: «Гэта гучала як просьба?»
Мiлiцыянт: «Чаго круцiце рукi?! i — мат».
А.Антанюк: «На якой мове?»
Мiлiцыянт: «На нашай».
А.Антанюк: «У чым была ягоная вiна? Каб не было каманды, вы б яго затрымлiвалi? Цi былi падставы?»
Мiлiцыянт: «Па-першае, быў сьцяг — недзяржаўная сiмволiка. Па-другое — бант».
Тлумачыць мiлiцыянтам, што, напрыклад, сьцяг Маладой Грамады, зь якiм прыйшла моладзь, — зарэгiстраваны, не было сэнсу. Ясна было, што каб паступiла каманда хапаць усiх лысых альбо рудых цi мужчын пад капелюшамi — хапалi б не задумваючыся. Мiжволi ўспамiнаецца падобная камiчна-злавесная сцэна з прызабытага грузiнскага фiльма «Пакаяньне».
Мiкола не хаваў свайго абурэньня: каб прыйшлi ўскладаць кветкi да помнiка якому-небудзь расейскаму паэту, мiлiцыя толькi спрыяла б. Сапраўды, праз вулiцу ўскладаюцца кветкi зь бела-чырвонымi стужкамi да помнiка А.Арэшкавай, i нiхто нiкога не хапае. Побач у парку адбываюцца падобныя мерапрыемствы зь незарэгiстраванымi чырвонымi сьцягамi, i мiлiцыя іх спакойна ўспрымае, нават удзельнiчае.
Па справе Ворана было апытана пяцёра сьведкаў. Адзiн зь iх, А.Мiхальчык, выказаўся даволi лiтаратурна: «Кiнулiся на нас, як зграя ваўкоў. На мяне асабiста, павалiўшы, селi пяць адкормленых мiлiцыянтаў — кiлаграмаў па 80». У сп.Мiхальчыка падчас гэтай акцыi зьнiк гадзiньнiк. Можа, проста раменьчык разарваўся. Сябры параiлi: пайдзi пашукай каля Купалы. Але ён сказаў: хай яны самi шукаюць — i напiсаў скаргу начальнiку РАУС.
Адносна Ворана прысуд быў даволi мудрагелiсты: мiлiцыянты дзейнiчалi незаконна, таму лаянка цалкам апраўдана. Але лаяцца ўсё адно нельга, значыцца — штраф.
Мiлiцыянты, якiх у судовай залі было каля дзесяцi, напачатку адкрыта сьмяялiся. Але пасьля першага прысуду, невыгоднага для iх, замоўклi. Бо калi людзi не вiнаватыя i нiякага непадпарадкаваньня не было, значыцца, вiнаватыя тыя, хто склаў хлусьлiвыя рапарты. Пацярпелыя будуць зьвяртацца ў гэтай справе ў пракуратуру. Карацей, сэржанты мелi магчымасьць пераканацца, што начальства iх падставiла. А можа, i начальства хто падставiў? Адзiн мiлiцыянт шэптам патлумачыў, што сапраўдная каманда зрабiць хапун паступiла ўвогуле з Канторы.
Сяргей Астраўцоў
Удакладненьне
У інфармацыі пра затрыманых у Горадні на Дзяды Ўладзімер Хільмановіч, старшыня Гарадзенскага Фонду імя Лява Сапегі, быў памылкова названы Зьмітром. Перапрашаем.