Дзень сьвятога Язафата

Полацкая грэка-каталіцкая парафія яшчэ ніколі ня ладзіла такога фэсту. 11 лістапада на ўрачыстасьць сьв. Язафата Кунцэвіча ў Полацак прыехалі: з польскага Перамышля — уніяцкі мітрапаліт Ян Мартыняк, з Украіны — кіраўнік усіх супольнасьцяў манахаў студыцкага ордэну ігумен Бенядзікт (менавіта ён у сярэдзіне 90-х наладжваў у Полацку жыцьцё ўніяцкай суполкі і пабудаваў тутака царкву сьв.Параскевы Полацкай), каталіцкі біскуп Віцебскі Уладыслаў Блін, а зь Менску – архімандрыт Сяргей Гаек. На двух аўтобусах з Горадні і Менску прыехалі вернікі. Аб 11-й у царкве сьв.Параскевы Полацкай пачалося набажэнства. Скончылася яно казаньнем мітрапаліта Яна Мартыняка. На наступны дзень урачыстасьці прадоўжыліся ў Віцебску.

Рыхтуючыся да гэтага дня, полацкія грэка-каталікі зьвярнуліся да віцебскіх уладаў, каб тыя ў дзень урачыстасьцяў дазволілі ў Сафійскім саборы правесьці канцэрт гарадзенскага хору “Бацькаўшчына”. Вядома, дазволу ўніяты не атрымалі. Затое раптам у храме сьв.Сафіі 11 лістапада пажадалі наладзіць набажэнства з нагоды 2000-годзьдзя Нараджэньня Хрыстовага праваслаўныя. У горадзе пра гэта стала вядома толькі 8 лістапада. Дасюль Сафійскі сабор для рэлігійных службаў выкарыстоўваўся ўсяго пару разоў – толькі на самыя вялікія сьвяты. 11 лістапада ў праваслаўных увогуле не было ніякіх нагодаў што-кольвечы адзначаць. 2000-годзьдзе хрысьціянства ў Полацку сьвяткавалі яшчэ летам. Каб чарговы раз згадаць пра юбілей, мітрапаліт Філарэт прыехаў у Полацак з двума пасламі – Нямеччыны і Грэцыі. Праваслаўныя ярархі гэтымі днямі зноў узьнялі гучную гамонку пра вяртаньне Сафійскага сабора ўва ўлоньне БПЦ.

Васіль Кроква, Полацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0