Залаты швагер

прасьпяваў “гімн ХХ стагодзьдзю”

Нарэшце скончыўся “Міжнародны музычны фэстываль “Залаты шлягер”, што цэлы тыдзень цешыў сэрцы савецкіх гражданоў. Вось жа, як у прыказцы, ды наадварот: рэтра-клоўны зьехалі, а іхны цырк застаўся.

Чымсьці ўсё ж гэтае шаблённае мерапрыемства зьдзівіла: акрамя сталых выканаўцаў, да “Швагра” ў госьці завіталі і колісь сусьветна вядомыя поп-зоркі: Тота Кутуньё ды гурт “Eruption” (“Deep Purple”, далібог, прыехаў зь іншай нагоды). Мядовагалосы італьянец наладзіў “супэршоў”, дзе ўразіў прысутных маркотнікаў сваёй надзвычайнай сымпатыяй да беларускіх дзетак: сабраў іх з паўсотні і “ў дзіцячым натоўпе перамяшчаўся па залі”, як піша “СБ”. Упершыню прыехаў на імпрэзу Бюль-Бюль аглы, што вось ужо 12 год нікому не аддае партфэль міністра культуры Азэрбайджану. Аблажалася састарэлая сэкс-зорка Сафія Ратару: пела, пела свой “Месяц”, ды раптам музыка абарвалася. Сафія прыпала на каленца, урачыста адвяла мікрафон, а “фанэра”, халера, вазьмі й заграй наноў. Во дзе Рыгоравіч прысароміў арганізатараў, мабыць... На музычную машыну часу (з адным накірункам палётаў – у сьветлае мінулае) прыехаў і расейскі гурт з аднайменным назовам: час усё-ткі прагнуўся пад цяжарам падсівелых выканаўцаў.

Каб ужо зусім не заімшэць, у “шваграву” хату завітаў і “швадрон” маладых сьпевакоў: усяго 21 вакаліст з 16 краінаў сьвету. Каб падлесьціць палітычна звышпрынцыповым Штатам, журы – ці не па падказцы – аддало Гран-пры маладога конкурсу каліфарнійцу Антоньё Мартынэсу, які вярнуў на месца эмісіі 2000 амэрыканскіх рублёў. Прэміяваная кампазыцыя звалася звышарыгінальна – “Kiss Me”: гэта вам не занюханы “Californication”. Лепшым мужчынскім голасам прызналі, аднак жа, беларуса Анатоля Алеха. Цікава, а якім голасам сьпяваў амэрыканец?

Даляры вярнуліся ў ЗША, а колішні мянчук Якаў Яўно – на Радзіму, дзе, дзякуючы прамоўшану Дунаеўскага, прасьпяваў талерантнаму насельніцтву пару-тройку жыдоўскіх лірычных песень.

Гледачы ўсё “бісіравалі” ды “бісіравалі”, а “Ahmad Tea” сваю гарбату “пэдаліраваў”: за адзін канцэрт прызвычаеныя за саветамі да халявы беларусы выжлукчвалі ажно па 20 літраў гэтага напою.

А БТ прыехала да “Швагра”, каб зьняць навагоднюю перадачу (“А мужики-то не знают!”), бралі “эксклюзыўныя” інтэрвію на фоне ўпрыгожанай ялінкі. Ялінка ялінкай, а вось “шампунем”, як пішуць, так нікога з суразмоўцаў і не пачаставалі.

На Менску з Магілёвам фэстываль, як выявілася, ня скончыцца: галя-канцэрты адбудуцца ўва ўсіх буйных местах СНД, а заключны рэтра-нумар пройдзе, дзе й мае быць – у крамлёўскім Палацы зьездаў. 19 сьнежня. А Кутуньі з “Ірапшанамі” думалі, што на тыдзень завіталі, ня болей. Не ўжо, трэба па-славянску – дзе “біс”, там і “трыс”, і “кятурыс”.

Цікава адзначыць, што наш “Швагер” шчэ зусім малады – яму толькі 6 год. Столькі ж Лукашэнка сядзіць у прэзыдэнцкім крэсьле. З гакам, праўда.

А.Уцюговіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0