Цьвік у чэрапе Афрыкі

За навінамі з афрыканскай краіны Гамбіі, як і з багатага нафтаю антыльскага Трынідаду і Табага, я заўсёды сачу з падвойнай цікавасьцю, бо гэтыя краіны ў свой час ледзьве ня сталі калёніямі Вялікага Княства Літоўскага.

Калі ў сярэдзіне ХVII ст. Курляндзкае герцагства пачало сваю каляніяльную экспансію, герцаг Якаў паслаў свае караблі паміж іншым і ў Гамбію, дзе ў 1651 г. курляндзкая экспэдыцыя набыла востраў Банжул і змуравала там замак. А Курляндзкае герцагства заўсёды, ад самага свайго заснаваньня ў часе сэкулярызацыі Лівонскага ордэну, было васалам Рэчы Паспалітай. Але, на жаль, гэта ўжо былі не найлепшыя часы Вялікага Княства, якое страчвала кантроль над сваімі паўночнымі землямі. Неўзабаве наш рэгіён зноўку ахапіла вайна – прыйшлі жудасныя 1654-67 гады, калі было ўжо не да калёніяў, і Банжул прадалі галяндзкай Вэст-Індзкай кампаніі.

Калі воляю брытанскіх калянізатараў 35 гадоў таму была створаная дзяржава Гамбія, дык усе толькі падсьмейваліся і прарочылі ёй максымум пару гадоў існаваньня. Змрочныя прагнозы падмацоўваў і просты позірк на мапу, дзе гэтая краіна выглядала як клін, убіты ў Сэнэгал: паўсотні кілямэтраў акіянскага ўзьбярэжжа, рака, што дала краю назву, а па берагох — джунглі зь безьліччу мух цэцэ. Нібы вуж, яна паўзе да саванна-бамбукавай раўніны Сахелю. Вельмі хутка гэта адбілася ў мянушках, накшталт такіх: “краіна-рака”, “цьвік у афрыканскім чэрапе”. Сапраўды, межы праходзяць усяго ў 10-15 км на поўнач і поўдзень ад рэчышча, якое цягнецца кілямэтраў на 300. Бязглуздасьць гамбійскіх межаў мае тыя ж прычыны, што і абсурднасьць іншых афрыканскіх межаў. Гэты абшар адным зь першых у Заходняй Афрыцы стаў полем лоўлі нявольнікаў. Партугальскіх, брытанскіх і францускіх гандляроў людзьмі цікавіла толькі рака, па якой можна зручна сплаўляцца да акіяну і звозіць на ўзьбярэжжа нявольнікаў. Руіны старых фартоў і сяньня прыцягваюць турыстаў, якія аглядаюць там кучы аскепкаў бутэлечнага шкла – ад дэкалітраў “вогненнай вады”, выпітых каляніяльнымі войскамі.

Вайна за кантроль над Гамбіяй ішла больш за паўтара стагодзьдзя. Перамагла ў ёй урэшце Брытанія, зацьвердзіўшы сваё выключнае права на Гамбію ў Вэрсальскім трактаце 1815 г. Гэта была самая першая і самая апошняя брытанская калёнія ў Афрыцы.

Яшчэ ў ХVIII ст. брытанцы абяцалі даць вольнасьць тым нявольнікам, што далучацца да войска, якое ваюе з амэрыканскімі бунтаўнікамі (шмат хто зь іхных нашчадкаў перасяліўся на землі сёньняшняй Гамбіі і жыве тут цяпер). Тамсама, ля вусьця Гамбіі, брытанскія вадаплавы ўпершыню пачалі перасьледаваць гандляроў нявольнікамі, калі рабства было забароненае. Якраз тады брытанцы вытаргавалі ад мясцовага правадыра востраў Банжул і збудавалі там цяперашнюю сталіцу краіны.

1960-я гады прынесьлі вольнасьць амаль усёй Афрыцы, але калі вэтэрынар (адзін з рэдкіх гамбійцаў з вышэйшай адукацыяй на той час) Даўда Кайраба Джавара запатрабаваў свабоды і для Гамбіі, то брытанцы не хавалі зьдзіўленьня — нашто такая краіна, дзе ёсьць усяго адна школа, два шпіталі і ніводнай брукаванай дарогі. У ААН пачалі абмяркоўваць магчымасьць злучэньня Гамбіі з Сэнэгалам. Абедзьве краіны насяляюць афрыканцы адных і тых жа народнасьцяў (сярод іх і народ уолаф – самыя чорныя мурыны сьвету), якія ў асноўным вызнаюць іслам. Але прага Джавары стаць прэзыдэнтам і адвечнае суперніцтва Брытаніі і Францыі (Сэнэгал быў францускай калёніяй) так і не дазволілі зьдзейсьніцца аб’яднаньню. У 1965 г. Лёндан прызнаў незалежнасьць Гамбіі.

Гаспадарка краіны грунтуецца на клясычнай каляніяльнай монакультуры. Як было выжыць краіне, адзіным багацьцем якой зьяўляюцца земляныя арэхі, даход ад продажу якіх складае тры чвэрці ўсіх прыбыткаў, а рэшта — грошы ад турызму? У Гамбію іншаземцаў прываблівалі нават ня так файныя пляжы, як стабільнасьць і бясьпека, што вылучалі краіну спаміж суседзяў, якіх скаланалі перавароты й войны. Прэзыдэнт Джавара, хаця й ня дужа турбаваўся пра сваіх падданых і дапускаў карупцыю, меў добры выгляд у вачох Захаду. Сярод іншых сваіх калегаў ён вылучаўся ўжо хоць бы тым, што не садзіў сваіх палітычных ворагаў у вязьніцу. Таму ён лёгка атрымліваў крэдыты, што на тле падвышэньня цэнаў на арэшкі і прытоку турысцкіх грошай зрабіла магчымым спакойнае й доўгае, амаль 30-гадовае кіраваньне.

Гэты спакой, відаць, і навёў сон на Джавару, які не ўбярогся ад клясычнага вайсковага перавароту. Праўда, людзі кажуць, што за 30 гадоў ён не зрабіў для краю нічога значнага, нічога не пабудаваў – ні шпіталя, ні школы, ні кавалка дарогі, дый наагул задоўга кіраваў. Таму, напэўна, ніхто і не пратэставаў, калі да ўлады прыйшло войска.

Першая няўдалая спроба перавароту адбылася ў 1981 г., калі прэзыдэнт паехаў у Лёндан, а афіцэры, падвучаныя Кадафі, паспрабавалі ўчыніць путч. Але брытанскія камандас і сэнэгальскае войска выратавалі Джавару. Загінула тады каля тысячы гамбійцаў. Гэтага крывавага лета Джавару не даравалі. Пасьля гэтага ён пачаў баяцца ўласных жаўнераў і збліжацца з сэнэгальцамі і нават упрасіў апошніх выдзеліць яму асабістую ахову. У рамках інтэграцыі з братняй краінай ён пагадзіўся на саюз з Сэнэгалам пад назвай Сэнэгамбія.

Сэнэгал — заўсёдны супернік Нігерыі за рэгіянальнае лідэрства — быў гэтым вельмі ўсьцешаны. Але праз 7 гадоў Сэнэгамбія распалася, пахаваўшы пад сабою міт пра будучую адзіную Афрыку. Інтэграцыю пахавалі мытныя непаразуменьні, бо гамбійцы, прызначыўшы меншыя мыты, нажываліся на экспарце ў Сэнэгал. Да таго ж яны адчулі, што ў гэтым няроўным хаўрусе ім наканаваная роля малодшага брата. Дакар зьвінаваціў у распадзе канфэдэрацыі Джавару і адклікаў свае войскі. Джавара запрасіў на іх месца нігерыйцаў, але дарма ён гэта зрабіў, дарма…

Гамбійскія афіцэры, ставарышаваўшыся са сваімі калегамі зь Нігерыі й Ганы, што зналіся на палітыцы й вайсковых пераваротах, парашылі, што ім таксама варта зрынуць старога і карумпаванага прэзыдэнта. Гамбійскія вайскоўцы разам са сваімі калегамі пабывалі ў 1991 г. у Лібэрыі, дзе ў складзе экспэдыцыйнага корпусу Заходнеафрыканскай супольнасьці 1991 г. спынялі тамтэйшую грамадзянскую вайну. У чэрвені 1991 г. тыя вэтэраны лібэрыйскае вайны зьявіліся пад прэзыдэнцкім палацам і зь нечуванай дзёрзкасьцю запатрабавалі выплаты грошай за службу ў місіі. Прэзыдэнт ня толькі заплаціў, але й пасадзіў у турму нялюбага войску камандуючага, а на яго месца прызначыў нігерыйца.

Зразумела, войска не зьбіралася спыняцца на дасягнутым, і перапалоханы Джавара папрасіў Нігерыю прыслаць яшчэ чатыры тузіны афіцэраў. Неўзабаве на кожны тузін гамбійскіх жаўнераў (а ўсё гамбійскае войска — гэта прыкладна 800 чалавек) прыпадаў ужо адзін нігерыйскі афіцэр. Таму цяжка даць веры, што нігерыйцы нічога ня ведалі пра змову і ніяк не замяшаныя ў путчы. 28-гадовы капітан жандармэрыі Яг’я Джамэг ўзначаліў выступ супраць прэзыдэнта і разам зь іншымі кіраўнікамі перавароту паабяцаў змагацца з карупцыяй і сувора разабрацца зь міністрамі-злодзеямі. Ён таксама паабяцаў адразу пасьля ўпарадкаваньня справаў, сама больш праз 4 гады, аддаць уладу цывільным. Паспаліты люд прыхільна паставіўся да зьмены ўлады, да таго ж людзям спадабалася, што былога прэзыдэнта адпусьцілі і не расстралялі, як зрабілі б у Гане ці Нігерыі. Афрыка, звыклая да такіх падзеяў, спакойна паставілася да зьменаў у Гамбіі, і толькі паўднёваафрыканскі прэзыдэнт Нэльсан Мандэла, што толькі-толькі заступіў на пасаду, настаўнік дэмакратыі для ўсяго кантынэнту, выказаў пратэст. Сэнэгал, якому не было шкада забойцы Сэнэгамбіі, ня радавалі таксама і новыя гамбійскія ўладары. Па-першае, сэнэгальскія ўлады занепакоіліся, каб іхнае войска не ўзяло прыкладу з гамбійцаў і не занялося палітыкай. Па-другое, Сэнэгал, як і астатняя франкамоўная Афрыка, баяўся экспансіянізму ангельскамоўнай Нігерыі і ня верыў запэўніваньням генэралаў, кіраўнікоў Нігерыі, што тыя не замяшаныя ў гамбійскія падзеі. Малады Джамэг, мала дасьведчаны ў дзяржаўнай навуцы, няўдзячна паставіўся да нігерыйцаў і ў 1995 г. у адзіночку выйшаў з падпарадкаваньня Нігерыі, заступіўшыся за апазыцыйнага пісьменьніка Кена Сара-Віву, якога меліся пакараць сьмерцю. Балела галава Дакару і з-за чутак наконт сувязей Джамэга зь незалежнікамі з сэнэгальскай правінцыі Казаманка. Гэтыя паўстанцы — людзі народу джола, зь якога паходзіць гамбійскі прэзыдэнт. Хадзілі плёткі і пра тое, што асабістая ахова Джамэга набраная з казаманцаў.

Абыдзены ўвагай сьвету, новы прэзыдэнт вымушана сябраваў з усімі, хто толькі яму прапаноўваў прыязьнь — Кадафі, іранцамі, Кастра, час ад часу — зь нігерыйскімі генэраламі, а таксама кіраўнікамі Тайваню, якія за дыпляматычнае прызнаньне іхнай краіны заплацілі маладому прэзыдэнту гатоўкай. Гэта папсавала вобраз Гамбіі, які быў склаўся на Захадзе. Джамэгу не пашанцавала. Тое, што ён рабіў, можна было рабіць гадоў за дзесяць раней, і сьвет бы ўсё трываў — прыкладам гэтаму зьяўляецца чыннасьць Джэры Ролінгза ў Гане і Ёвэры Мусэвэні ўва Ўгандзе. Джамэг спрабаваў як найдакладней ісьці іхным шляхам, але час зьмяняецца нават у Афрыцы. Джамэг тады паспрабаваў зьмяніць імідж. Ягоным настаўнікам быў сам Ролінгз — вядучы шаман Заходняй Афрыкі ў галіне дэмакратыі і Realpolitik. Па прыкладзе паручніка Ролінгза ён зьмяніў мундзір на традыцыйны народны строй, каб выйграць выбары 1996 г. цывільным чалавекам, але ў Гамбіі спэктакль ня ўдаўся, і міжнародная супольнасьць назвала выбары фарсам.

Тым ня менш, Джамэг, хоць і правіў цьвёрдай рукой, але стараўся не перасьледаваць апазыцыі беспадстаўна і казаў міністрам дбаць найперш пра дабро людзей. Гамбійцам спадабалася і тое, што ён загадаў выпусьціць новыя грошы без свайго партрэту.

Новы кіраўнік робіць усё, каб прывабіць турыстаў. Ён збудаваў новае лётнішча, заасфальтаваў дарогу на Сэнэгал, будуе ў вёсках школы і клінікі. Сёньня цэлыя натоўпы эўрапейскіх турыстаў цягнуцца у Гамбію ўзімку. Але ў гэтым дачыненьні Гамбія вельмі своеасаблівая краіна кантынэнту. Гэта, пэўна, адзіны край Афрыкі, дзе, пабачыўшы белага чалавека, гукаюць па-нямецку — Wie geht’s? Alles klar? — і замест заўсёднага change money вы пачуеце wechseln. І наагул мала дзе ў Афрыцы немцаў больш, чым у Гамбіі. Праўда, тое ж можна сказаць і пра колькасьць прастытутак і жыгалё для багатых мюнхенцаў і бэрлінак. Проста няма ў Афрыцы больш спакойнага і мірнага месца, чым гэтая краіна.

Неўзабаве выбары, але прэзыдэнт не баіцца іх, і, самае галоўнае, — засьцярогся ад ваеннага перавароту: зброю цяпер ніхто цэлы дзень ня носіць – нават паліцыянты і памежнікі. Яна пад замком і выдаецца толькі на час, а ключы да сховаў маюць толькі два афіцэры з народу джола.

Сяргей Радштэйн

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0