Навіны за тыдзень

 

Саюз на саюзе саюзам паганяе

Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ня бачыць пэрспэктываў разьвіцьця СНГ. Як перадае агенцтва УНІАН, пра гэта ён заявіў 17 лістапада на сустрэчы са студэнтамі Інстытуту міжнародных адносін Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. «Калі ўнутры СНГ ствараецца столькі саюзаў, што чорт галаву зломіць, і калі ў самім саюзе ёсьць іншыя саюзы, дык якія могуць быць пэрспэктывы?» — сказаў Леанід Кучма.

 

На Менскім маторным хвалююцца

Хваляваньні рабочых назіраюцца на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў беларускай сталіцы — Менскім маторным заводзе, паведаміў БелаПАН. 16 лістапада каля будынку заводакіраўніцтва адбыўся стыхійны мітынг: рабочыя патрабавалі нармальнай аплаты сваёй працы. Нядаўна дырэкцыя зьмяніла графік выдачы зарплаты, але сама ж яго парушае. А авансы дык сталі і зусім сьмешныя – каля трох тысячаў. Выйшаўшы да рабочых, генэральны дырэктар ММЗ Мікалай Лобач заявіў аб цяжкай сытуацыі на заводзе. Рабочыя вырашылі склікаць канфэрэнцыю працоўнага калектыву ды разабрацца, адкуль тыя “цяжкасьці”. Праўда, рабочыя разумеюць, што заводзкія праблемы — вынік неразумнай эканамічнай палітыкі дзяржавы. Таму 15 лістапада рабочыя ММЗ разам з прадстаўнікамі трактарнага заводу плянавалі правесьці шэсьце і мітынг супраць зьбядненьня працоўных. Аднак Менгарвыканкам гэтую акцыю забараніў.

 

Апазыцыянэры сустрэліся з Салянам

17 лістапада лідэры аб’яднанай беларускай апазыцыі, што цяпер наведваюць эўрапейскіх кіраўнікоў, сустрэліся з генэральным сакратаром Эўразьвязу Хаўерам Салянам, паведаміла прэс-служба Партыі БНФ. Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Аляксей Кароль і Андрэй Саньнікаў наведалі Брусэль і абмеркавалі з Салянам пэрспэктывы дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Напярэдадні яны рабілі даклад у Страсбургу ў Эўрапарлямэнце і сустрэліся ў брытанскім парлямэнце з намесьнікам міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Кітам Вазам. Усе суразмоўцы пацьвердзілі, што Палата прадстаўнікоў ня будзе прызнаная, бо выбары ў яе былі сфальшаваныя.

Падрыхтаваў Алесь Кебік

 

Пракуроры забралі фільм Шарамета

Супрацоўнікі Генпракуратуры Расеі правялі на ОРТ выняцьцё касэт з запісам фільму «Дзікае паляваньне» і з фрагмэнтам перадачы «Чакай мяне», у якой удзельнічалі Павал Шарамет і маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Як паведаміў агенцтву БелаПАН сам Павал Шарамет, гэтыя дзеяньні рабіліся на запыт Пракуратуры РБ у рамках крымінальнай справы, якую беларуская пракуратура ўзбудзіла пасьля паказу «Дзікага паляваньня» па канале ОРТ. Паводле словаў Шарамета, яго ўражваюць дзеяньні Пракуратуры Беларусі, якая замест таго, каб шукаць Завадзкага, перасьледуе тых, хто асьмельваецца публічна казаць пра зьнікненьні ў Беларусі вядомых журналістаў і палітыкаў.

 

Гуманітарныя сьвіньні

120 жывых сьвіней раздалі жыхарам вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну ў якасьці гуманітарнай дапамогі прадстаўнікі места Дунган з Паўночнай Ірляндыі. Сьпіс тых, каму варта даць сьвіньню, дапамагалі складаць настаўнікі. Спачатку было вырашана даць сьвіней самым бедным сем’ям, затым — шматдзетным, нарэшце — тым, у каго па трое дзяцей-школьнікаў. У выніку больш за ўсё сьвіней дасталася работнікам школы. Сьвіней закупілі ў калгасе «Расія» і прывезьлі да школы. Далей іх партыямі запускалі ў школьны цір, і людзі па сьпісе заходзілі лавіць упадабаную сьвіньню. Ірляндцы здымалі ўсё гэта на відэакамэру. На наступны дзень яны наладзілі ў школе сьвята зь бясплатным пачастункам. Але многія жыхары Багданаўкі не пайшлі, каб ня быць зьнятымі на відэа. Сьвіньні ўнесьлі разлад у мірнае жыцьцё вёскі: некаторыя вяскоўцы палічылі, што разьмеркаваньне было несправядлівае, — паведамляе БелаПАН.

 

Усіх сяброў зрабіць членамі

Управа юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму не зарэгістравала Смаргонскае грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтар” і запатрабавала, каб слова “сябар” у статуце замянілі словам “член”. Зусім пацешныя сталі за Лукашэнкам чыноўнікі – “гавараць як хацяць”, а ўсё памыкаюцца кіраваць мовай ды вызначаць, якое слова адпавядае літаратурнай норме, а якое не. Мабыць, і ансамблю “Сябры” зь ягонаю назвай цяпер ніякая перарэгістрацыя ня сьвеціць.

Паводле БАРЦ

 

Крадуць карціны

З мастацкай галерэі на вул. Шапэна ў Баранавічах скралі 24 карціны мясцовых мастакоў А.Коласа, П.Сахарэвіча, З.Шчаснага, Г.Матусевіч, У.Асіповіча. Як сказаў для “НН” адзін з мастакоў, Павал Сахарэвіч, злодзеі перапілавалі краты, вынялі шыбу й трапілі ў будынак, дзе разам з галерэяй месьціцца й майстэрня згаданых мастакоў. Міліцыянты пасьля ня здолелі знайсьці ніякіх адбіткаў – відаць, “працавалі” сапраўдныя прафэсіяналы крадзяжу. У пакоі засталася толькі адна карціна, занадта вялікая, каб пралезьці праз вакно. Як мяркуюць самі мастакі, іхныя творы вывезуць зь Беларусі ў Маскву, дзе й прададуць.

Руслан Равяка

 

Дзеці зьбіваюць бацькоў

У Мсьціславе надта ж часта сваякі забіваюць сваякоў, дзеці — бацькоў. Вось і апошні выпадак: у вёсцы Картыжы Мсьціслаўскага раёну 35-цігадовы сын гэтак зьбіў свайго бацьку, што стары неўзабаве памёр. Віной таму, хутчэй за ўсё, паслужыла гарэлка, якую ў неабмежаванай колькасьці перад самым забойствам спажывалі і злачынца, і ахвяра.

Андрэй Кузьмін

 

СЬВЕТЛЫЯ ДНІ Ў ЦЁМНУЮ ЧАСІНУ

Нягледзячы на ўсе сацыяльна-эканамічныя хваробы, здараюцца на Полаччыне й сьвяты. Напрыклад, на пачатку лістапада адкрылася новая трохпавярховая цагляная школа ў вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёну. Узводзіў прыгожы, дыхтоўны будынак трэст “Полацаксельбуд”. Будоўля доўжылася крыху больш за два гады. Гэта проста касьмічная хуткасьць для нашых дзён. Напрыклад, новая чатырнаццатая школа ў Наваполацку будавалася больш за пяць гадоў. Праўда, школа ў Шпакоўшчыне невялікая — разьлічана ўсяго на 110 вучняў, рэальна ж пайшлі вучыцца ў яе толькі 70 дзяцей. У новай школе ёсьць спартовая заля, стадыён, кампутарная кляса, кацельня, цяпліца. Школу ўкамплектавалі прыгожай, сучаснай мэбляй. Праўда, школа ў Шпакоўшчыне — адзіная, пабудаваная сёлета на ўсю Віцебскую вобласьць.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0