Алесь Чобат

“Наш чалавек у Менску”

 

Надыходзячыя выбары прэзыдэнта ў “небольшом колхозе” прайшлі б лёгка й проста ды скончыліся б пераабраньнем “бацькі”. Бо ніхто сам не выкрэсьлівае “бацьку”, пакуль з райкаму не прывязуць новага. Аляксандар Лукашэнка перамог бы ў 1999 годзе без пытаньняў. Але пасьля пераменаў у Расеі – адыходу Ельцына і абраньня Пуціна – павярнулася іначай...

“Обновленный Союз” Пуцін і яго пецярбуржцы адклалі на сьвятое ніколі. Пуцін сядзіць пад партрэтам Пятра Вялікага – яго цікавяць караблі, ракеты і самалёты, а яго жонку – эўрапейскія музэі. Прапанова беларускага боку прыняць і карміць 300-тысячную групоўку расейскай арміі (каб не плаціць за нафту і газ!) выглядала жалосна. Бо тая армія паступова скарачаецца ажно на 600 тысяч (!), плаціць “алігархам” прыйдзецца, “пашырэньне НАТО” нікога ў Маскве не палохае, “саюзьнік Мілошавіч” пагарэў, а што да “кантролю” Беларусі за нафтавай трубой з Расеі ў Эўропу, то ўжо ёсьць праект збудаваць ажно шэсьць (!) трубаў для нафты і газу зь Ямалу проста на Фінляндыю, праз мора, Швэцыю, мора... І ў Нямеччыну! І нават тыя ганаровыя Польшча з Украінай (не гаворачы пра “небольшой колхоз”!) вылятаюць з геапалітыкі проста на сьметнік.

Прыйдзецца-такі жыць па-другому, прыйдзецца эканоміць на вечным клопаце пра калгасы, а не паразытаваць на “дружбе с Россией”, дакладней, на дамарослых ілюзіях пра Расею ды ўвесь астатні сьвет... Але гэтага нашаму “электарату” нават Лукашэнка не растлумачыць, не гаворачы пра “апазыцыю”. Беларусу ў галаву ня прыйдзе, што Расея абыдзецца безь яго. З тае прычыны, што ён сам... не абыдзецца без Расеі. Любых другіх інтарэсаў (не яго асабістых!) для беларуса не існуе. Любая дзяржава яму лішняя – тая РБ таксама. І ў 1994 годзе ён не “за Лукашэнку” галасаваў, і нават ня “супраць Беларусі” (“Дзетачкі, мне ўсё роўна!”), а за тое, каб яму вярнулі Савецкі Саюз. Леташняга сьнегу захацеў...

Так што на выбарах “не позже сентября 2001 года” (сп-ня Ярмошына) можа быць канкурэнцыя для Лукашэнкі... з боку яго “электарату”. Будуць галасаваць не “за” другога, а “супраць” яго. “Обманул”, “нет Союза – нет жизни”, “в России каждый месяц пенсии повышают” і г.д. Шанцы Лукашэнкі, зрэшты, як любога прэзыдэнта (дзеючага!) у любой краіне, усё роўна значныя (“опускание рейтинга ниже колена”, да 20%, заўжды можна паправіць), але паспрабуем знайсьці хоць якога канкурэнта на чыстым і пустым палітычным небасхіле Беларусі. “Каго хоча і каго ня хоча беларускі народ...”

 

Партрэт “нашага чалавека” ў Менску

Агульныя рысы, прывабныя для сярэднестатыстычнага беларускага выбаршчыка, мелі б выглядаць так:

— яму 40—50 гадоў;

— беларус (тут жыў, тут нарадзіўся, усе сваякі тутэйшыя);

— праваслаўны, толькі ў меру;

— не русафоб, не “фашыст” і не “нацыяналіст” (ну, паразмаўляе там на роднай мове... “если надо!”): больш таго, любіць тую Расею ды сумуе па ёй, толькі “правильную”, “такую, как раньше, но без коммунистов из номенклатуры”;

— вышэйшая адукацыя, толькі ніякіх кандыдацкіх ці доктарскіх тытулаў, тым больш кніг і публікацыяў;

— “гаспадарнік” і добры адміністратар (“всегда помогал людям” і г.д.), пры гэтым яшчэ савецкі, але ізноў ня з колішняга абкаму КПСС ды цяперашняй “апазыцыі”;

— спакойны па характары (луджанае горла больш не натхняе!);

— прыстойны на выгляд, сямейны, здаровы і г.д.;

з простым для запаміну прозьвішчам (канчаткі на “-оў” і на “-ін” не спадабаюцца “западнікам”, а канчаткі на “-іч” і на “-скі” – “васточнікам”);

— абавязкова не “вясковы дзядзька” і не абавязкова, але пажадана, каб не мянчук (ня Менск вырашыць, а правінцыя!).

 

Тактыка прэзыдэнта і тактыка канкурэнта

У Лукашэнкі галоўнае заданьне — гэта “падрасьціць” рэйтынг ад 20% ізноў да 40%. Гэта дасягаецца за два этапы. На першым пачынаецца, нарэшце, “барацьба з карупцыяй” – там, дзе хабар і блат (вышэйшая адукацыя, жыльлё, мэдыцына, гандаль і г.д.). Перад першым турам – два-тры працэсы “до 5 лет с конфискацией”. А перад другім – як вынік той барацьбы! – павышэньне пэнсіяў, стыпэндыяў, “мінімалак”.

Канкурэнту прыйдзецца расьці ад нуля. Пры гэтым няма “дэбатаў” у ВС БССР-РБ (а гэта здорава паспрыяла Лукашэнку – і ён здорава справіўся!), няма радыё з тэлебачаньнем, а “апазыцыйны” друк выглядае... слабенька і шэра. Як афіцыйны. “Вайна лістовак” і “горы кампрамату” ўжо былі і выйшлі з моды. А галоўнае, што на ўсё гэта замала часу... Так што становішча горшае, чым тыя 20%.

Спосаб на такое жыцьцё ў “небольшом колхозе” адзін. Легенда пра Збаўцу. І мае тая легенда выйсьці з простага народу – барані Божа мяшацца “партыям” і “арганізацыям”, пра “фонды” ня згадваючы. Як і каму тую легенду “падпіхнуць”, пра тое сам кандыдат мае падумаць, а не яго “штаб”... Якія ў той “апазыцыі” штабісты, ужо цэлы сьвет нагледзеўся ажно з 1988 году.

Ісьці тая легенда мае таксама сама. Бо цяпер верыць сярэднестатыстычны беларус “толькі сабе”, гэта значыць, чуткам і плёткам з тралейбусаў і гастраномаў. Дарэчы, і наконт “легенды пра прэзыдэнта” таксама трэба паклапаціцца...

Посьпехаў, таварышы і спадары.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0